Ігар Герасіменка: "Будуючы вялікі дом, архітэктар мусіць трымаць у галаве драўляную хатку!"
08.12.2012 16:54
—
Новости Общества
|
Ігар Герасіменка: “Будуючы вялікі дом, архітэктар мусіць трымаць у галаве драўляную хатку!” Ігара Герасіменку называюць “бацькам беларускага дызайну”. 13 снежня Ігар Якаўлевіч прычытае публічную лекцыю "Нацыянальна стыль: міф ці реальнасць".
Адбудзецца гэта ў межах цыклу лекцый Urbi et Orbi (“Гораду і Свету”). Месца правядзення – галерэя “Новы дзень” (Няміга, 36 -- уваход праз рэстарацыю NEWMAN), пачатак а 18.30, уваход вольны! А пакуль – гутарка з Ігарам Герасіменкам пра тое, што такое нацыянальны стыль, ці адпавядае хоць адзін мінскі будынак гэтаму панятку, пра вынаходніцтва Герасіменкам матацыкла-самалёта, дзвярэй для Ё-мабіля ды пра шмат што іншае. “Маё перакананне – чалавек мусіць жыць з тэхнікай, не заўважаючы яе” Внимание! У вас отключен JavaScript, ваш браузер не поддерживает HTML5, или установлена старая версия проигрывателя Adobe Flash Player. Ігар Якаўлевіч, старшыня Беларускага саюза дызайнераў Зміцер Сурскі распавядае гісторыю, як Вы вынайшлі матацыкл-самалёт – а потым нейкі аўстраліец запазычыў гэтую ідэю, вырабіў такі агрэгат і паспяхова на ім ганяе. Гэта праўда? Ігар Герасіменка: Гэта няпраўда, бо акурат я паглядзеў, як выглядае аўстралійскі самалёт (на жаль, яго канструктар памёр маладым) – ён мне вельмі спадабаўся! І я прыдумаў проста, як яго скласці, калі ён заязджае ў горад. Так што я фактычна вынайшаў спосаб складвання гэтага самалёціка. У мяне гэта ёсць у анімацыі – на жаль, гэты праект не рэалізаваны. А спадар Сурскі проста хацеў сказаць пра мяне яшчэ лепш, чым я заслугоўваю. Вашыя іншыя вынаходніцтвы – ветравое шкло асаблівай формы, аўтамабіль для прагулак, дзверы, якія ссоўваюцца набок – гэта ўсё таксама застаецца на ўзроўні канцэптаў? Ігар Герасіменка: На ўзроўні канцэптаў застаецца абсалютная большасць… І толькі ў мінулым годзе кампанія “Ё-мабіль” скарысталася гэтым маім вынаходніцтвам – дзвярыма, якія ссоўваюцца і сустракаюцца ззаду аўтамабіля. А машыну ў форме банана па Вашым праекце яшчэ не запускаюць на канвеер? Ігар Герасіменка: Не, на жаль. Я думаю, што гэта яшчэ доўга не будзе рэалізавана. Бо масавы спажывец – ён з устойлівымі поглядамі. Ён спачатку падлічвае, колькі месцаў у аўтамабілі… …потым – колькі мяхоў бульбы ўлезе ў багажнік… Ігар Герасіменка: Так! Потым – колькі бензіна есць гэтая машына… Хоць у мяне іншыя крытэры. Найперш – агляднасць, каб яна была як мага бліжэйшая да 180 градусаў. І – уваход і выхад з аўтамабіля. Бо маё перакананне – чалавек мусіць жыць з тэхнікай, не заўважаючы яе. Я мушу пачынаць выходзіць з аўтамабіля, як толькі дзверы пачалі адчыняцца. Так павінна быць. “Нашым дызайнерам кажуць: вось, ёсць замежныя ўзоры, мы хочам прадаваць такое самае” Ігар Якаўлевіч, калі Вы гаворыце пра нацыянальны стыль, у прыватнасці, у архітэктуры – складаецца ўражанне, што арнаменты і драўляныя хаты Вы проста адмятаеце… Ігар Герасіменка: Ні ў якім разе! Я вельмі люблю нацыянальную архітэктуру! Я толькі хачу сказаць, што яна нам непасрэднымі элементамі і дэталямі нічым не дапаможа… А вось духам нейкім… Магчыма, апынецца, што ў беларускай архітэктуры нейкае сваё разуменне прасторы – тады, вядома, гэта можна ўжыць. Што датычна арнамента – то не ён фармуе архітэктуру. Ён можа быць ужыты там, дзе архітэктар лічыць патрэбным – але сапраўдны архітэктар мысліць не арнаментальнымі формамі! Калі сёння будуецца кавярня, якую задумалі зрабіць “у нацыянальным стылі” – то задача даволі лёгкая: збудуй у выглядзе хаты, начыні яе старымі рэчамі… А калі архітэктар мусіць стварыць нейкі вялікі па памерах аб’ект – на што яму арыентавацца, калі раней такога проста не будавалі? Ігар Герасіменка: Ён можа арыентавацца на свой густ і сваё адчуванне, на свой такт і разуменне нацыянальнай архітэктуры. Можна ставіць агромністыя будынкі, вялікія формы – і трымаць увесь час у галаве тую драўляную хатку. Гэта калі вельмі спрошчана казаць. А ў шырокім сэнсе – трымаць у галаве ўсю архітэктуру, створаную тут да яго. Бо кожны будынак – гэта не толькі сукупнасць цэглы, дахоўкі, камянёў – гэта яшчэ і ўплыў гэтага будынка на асяроддзя. Дык будзьце ж ласкавыя думаць пра гэта – так, як думалі раней, бліскуча ўпісваючы сядзібы, саборы і грамадзянскія пабудовы нашыя продкі. Вось тады вы будзеце адпавядаць асновам нацыянальнай архітэктуры. Ведаеце, мне вельмі спадабаўся ход літоўскіх архітэктараў, які я пабачыў у Вільні. Яны стваралі банк паводле шведскага праекту. Усе матэрыялы таксама былі замежныя, формы будынка –абсалютна “нелітоўскія”. А што робяць літоўцы – яны ставяць гэты банк упоперак пешаходнай вуліцы, і прапускаюць вуліцу скрозь першы паверх гэтага банка! “Архітэктура, структура – ваша, а вуліца ж нашая!” І тады гэтая архітэктура робіцца нацыянальнай! Нядаўна я пачуў проста цудоўны вобраз ад аднаго з крыэйтараў у Львове. Што сучасная архітэктура ды мастацтва і нацыянальнае мастацтва – гэта як дзве чыгуначныя рэйкі аднаго і таго ж шляху, якія ніколі не перакрыжуюцца, але яны абавязаныя ісці побач! Здорава! Ігар Якаўлевіч, мы тут з Вамі пра архітэктуру ды пра архітэктуру. Але ж на лекцыі Вы будзеце казаць пра нацыянальны стыль і ў іншых рэчах?.. Ігар Герасіменка: Натуральна! З пункту гледжання дызайну нацыянальны стыль мусіць быць ва ўсім! Напрыклад, мэбля. Я лічу, што гэта – самая неразвітая, самая цёмная галіна нашай прамысловасці. Ведаеце, якое даюць заданне дызайнеру на мэблевай вытворчасці? Кажуць: вось, ёсць замежныя ўзоры, перавядзіце іх на нашыя рэйкі, мы хочам прадаваць такое самае. Гэта проста мярзотна! Яшчэ лепш – раскруцяць замежную канапу, паглядзяць – і зробяць гэткую ж. Вось нас у выніку і “не заўважаюць”… “Нашае барока – гэта Італія, наш мадэрн – гэта Польшча, наш праспект – гэта расійская архітэктура…” Ігар Якаўлевіч, што для Вас ёсць маркерамі нацыянальнага стылю? На што арыентуецеся, калі глядзіце на будынак – і кажаце: гэты нацыянальны, а гэты не? Ігар Герасіменка: Гэта надзвычай складанае пытанне, я баюся тут памыліцца. Магчыма, таму, што з’яўляецца беларускай архітэктурай, я раптам бянтэжуся, бо знаходжу, што нашае барока – гэта Італія, наш мадэрн – гэта Польшча, наш праспект – гэта расійская архітэктура. І таму, калі мне задаюць такое пытанне, я вельмі баюся спаслацца на нейкі канкрэтны касцёл, а ён апынецца “італьянскі”!.. Таму звычайна я мяркую так. Беларуская нацыя мае абсалютна пэўны менталітэт. Гэта дастаткова тонкія людзі, у іх мягкі гумар, яны неяк асабліва ставяцца адно да аднаго (не так, як рускія ці ўкраінцы, хоць гэта ўсё славянскія нацыі). І вось гэтая мяккасць, адчувальнасць – яна змякчае ўсе пабудовы, незалежна, будаваў іх італьянец, расеец ці паляк. Таму калі абмяркоўваць нацыянальную архітэктуру, я скажу так – не бойцеся, будуйце! Нават самы сучасны будынак – толькі не пераймайце слепа заходнія формы, рабіце “ад сябе”! Пакуль ён будзе ўзводзіцца, удзельнікі гэтай будоўлі, нават канкрэтныя выканаўцы – неяк змякчаць гэты будынак, нададуць яму нейкія рысы, якія будуць пазнавацца менавіта як “нашыя”. Рабіце сваю працу, спадарства архітэктары! Ігар Якаўлевіч, але чаму тады дом “Трайпла” ў Траецкім прадмесці так і не “змякчыўся”? Ігар Герасіменка: Тут няма нічога дзіўнага, бо я даўно сказаў, што сёння мы жывем у чужародным для Беларусі асяроддзі. Так яно атрымлівалася часта і ў мінулым. А ўся гэтая нямецкая, французская, італьянская ды іншая архітэктура, што стваралі тут замежныя архітэктары, яна беларуская ці “панадзёрганая”? Ігар Герасіменка: Калі народ прыняў яе ўсёй душою – то яна ўжо беларуская, нацыянальная. Калі людзі лічаць яе сваёй. Вось, напрыклад, галоўпаштамт у пачатку праспекта стаіць на месцы дома, які збудаваў у свой час французскі архітэктар Андрэ Люрса. І калі Уладзімір Адамавіч Кароль аднойчы сустрэўся за мяжою з Андрэ Люрса, то Уладзіміру Адамавічу давялося праяўляць такт і далікатнасць, каб не сказаць, што ён замест ягонага дома паставіў Палац Пошты. Бо паштамт – такая класіка, якая не асабліва крытычна асэнсоўвае нават нейкія класічныя каноны. Нашыя архітэктары не шукаюць сваю мову… Менавіта так: сваю мову! Гэта самае галоўнае!.. “Рабі сваё – вось што трэба!..” Часам можна чуць апраўданні, што гэта інвестары дыктуюць ім, каб будавалі такія гмахі са шкла і бетона. Іншае апраўданне – што чыноўнікі не прапускаюць смелыя праекты. Дык колькі залежыць ад саміх архітэктараў? Ігар Герасіменка: Ад іх залежыць усё менш і менш. Але яны не робяць нават таго, што ад іх залежыць! Яны проста разглядаюць нейкія замежныя часопісы – і хочуць “зрабіць не горш”. Гэта не шлях – горш ці лепш. Рабі сваё – вось што трэба!.. Што тычыцца перашкодаў ад чыноўнікаў, то чыноўнікі любую працу тармозяць, ва ўсіх дзяржавах. Не выпадкова ж Мао Цзэдун напусціў на іх некалі хунвэйбінаў. Чыноўнік заўжды думае толькі пра сваё крэсла і бясхмарнасць свайго існавання. Ігар Якаўлевіч, і ўсё-ткі не губляю надзеі дабіцца ад Вас прыкладу. У горадзе-героі Мінску ці ёсць будынак, гледзячы на які, Вы можаце сказаць: “Гэта – нацыянальная беларуская архітэктура!” Ігар Герасіменка: Калі б такія прыклады былі, вы пачулі б пра гэта ў пачатку гутаркі… А ўвогуле, у пару глабалізацыі ці можа выжыць нацыянальная архітэктура? Ці прасцей прыняць адразу, што хмарачос са шкла і бетону – гэта наша ўсё? Ігар Герасіменка: Менавіта цяпер, калі ідзе такі кірунак, трэба мець свой твар у архітэктуры як вялікай форме. Іначай – нацыі не будзе! Прыпамінаю, як наш прэзідэнт сказаў такую фразу: “Нас, беларусаў, ніхто не заўважае”. А потым у КВЗ яе абыгралі: адчыняліся са скрыпам дзверы, адтуль ніхто не выходзіць, а потым гучыць гэтая самая фраза. Разумееце, нацыі не будзе, калі яна не заяўляе пра сябе яркімі мастацкімі артэфактамі! Чаму панятак “нацыянальнага стылю” часта зводзіцца да ўзроўню батлейкі: набылі ў ГУМе кашуляў з машыннай вышыўкай ды саламяных брылёў, надзелі хлопцаў і дзяўчат: глядзіце – нацыянальны стыль! Тое самае са штампамі: бусел, зубр… Ігар Герасіменка: Усе гэтыя штампы – літаратурныя. Яны абавязаныя жыць, і яны нікуды не падзенуцца. А мы павінны перавесці літаратурныя паняткі на мову дызайну! Няхай капелюшы жывуць сваім жыццём! Гэта будзе тая самая рэйка, якая будзе ісці паралельна і нікуды не зварочваць! Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ігара Герасіменку называюць "бацькам беларускага дызайну". 13 снежня Ігар Якаўлевіч прычытае публічную лекцыю "Нацыянальна стыль: міф ці реальнасць".
|
|