Выбіраем бяспечную цацку для дзіцяці. 21.by

Выбіраем бяспечную цацку для дзіцяці

27.12.2012 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Рэгіянальны праект “Таксічныя металы ў таварах для дзяцей” распачаўся ў Беларусі і некаторых іншых дзяржавах СНД.

Яго вынікі прымушаюць задумацца – каля чвэрці цацак, якія можна набыць у гэтых краінах, маюць у сваім складзе цяжкія металы.
У Беларусі праект праходзіць у межах кампаніі “Бяспечныя цацкі”. Падчас яго спецыялісты набывалі цацкі і ў крамах, і на рынку. У 18% тавараў для дзяцей, якія пратэставалі падчас праекта, утрымліваецца свінец – адзін з самых таксічных металаў. Акрамя свінцу ў складзе некаторых цацак знайшлі мыш’як, ртуць, кадмій і хром.

“Цяжкія металы ў цацках – гэта непрымальна”

За каментарыямі карэспандэнт “РГ” звярнулася да Яўгена Лабанава, намесніка дырэктара па праграмнай дзейнасці Цэнтра экалагічных рашэнняў (Мінск).

– З якой мэтай праводзілася даследаванне цацак?
– Мы хацелі звярнуць увагу на праблему, паказаць, што яна існуе. Цяпер беларускі рынак дзіцячых тавараў хутка расце. Асабліва шмат тавару прыходзіць з краін Азіі. Большасць з іх, каля 70%, цалкам бяспечная. У астатніх выяўленыя парушэнні. Прычым нормамі для выяўлення парушэнняў былі абраныя досыць жорсткія стандарты – тыя, якія выкарыстоўваюцца для праверкі глебы на цяжкія металы.

– Чым такія цацкі небяспечныя для дзяцей?
–  Ад таго, што ў дзіцяці будзе адна цацка з павышаным утрыманнем металаў, наўрад ці ўзнікне небяспека. Нават калі і з’явяцца праблемы са здароўем, складана даказаць іх узаемасувязь з цацкамі. Але непрымальны сам факт таго, што тавары для дзяцей могуць мець у сваім складзе цяжкія металы.

Даследаванне паказала, што таксічнасць цацак не заўсёды залежыць ад іх кошту, вытворцы ці віду тавару.

Калі казаць пра ўздзеянне на арганізм дзіцяці таго ж свінцу, але ў большых маштабах, то яно можа праявіцца ў тармажэнні разумовага развіцця, з’яўленні анкалагічных захворванняў. Усё залежыць ад канцэнтрацыі. Нават невялікія дозы свінцу пры пападанні ў арганізм дзіцяці могуць выклікаць агрэсію, змены ў паводзінах, зніжаюць інтэлект. 

– Якіх цацак парушэнні датычацца ў першую чаргу?
– Найперш гаворка ідзе пра пластыкавыя цацкі. Часта для іх афарбоўкі выкарыстоўваюць яркія фарбы, якія і могуць быць небяспечнымі. Дзеці бяруць цацкі ў рот, пры гэтым кавалачкі фарбы могуць адлуплівацца.
Да таго ж ёсць дзіцячыя тавары, якія не трапляюць пад дзеянне тэхнічнага рэгламенту Мытнага саюза “Аб бяспецы дзіцячых цацак”. Напрыклад,  дзіцячая біжутэрыя, спартыўны інвентар, прыстасаванні для плавання, дакладныя копіі агнястрэльнай зброі. Такія тавары не лічацца цацкамі, але часта трапляюць у рукі да дзяцей. Сярод іх таксама сустракаліся парушэнні. 

Чытайце на гэтую ж тэму: Якую машынку набыць беларускаму хлопчыку: "Polizei" ці "ДПС"?

– Ці ёсць на цацках спецыяльная пазнака, якая гарантуе якасць тавару?
– Ёсць пазнака, якая гаворыць, што цацка прайшла праверку і павінна быць бяспечнай. Але такое пазначэнне толькі нядаўна пачало ўжывацца. Пазнакі аб тым, што ў склад цацкі не ўваходзяць таксічныя металы, не існуе.
Усе тавары, якія ідуць на беларускі рынак,  праходзяць абавязковую сертыфікацыю. Лабараторныя даследаванні асобных цацак з партыі праходзяць і ў Беларусі, і ў Расіі, і ў Казахстане. Паводле ўмоў Мытнага саюза, Беларусь прызнае расійскія і казахскія сертыфікаты.

– Тады якім чынам небяспечныя цацкі ўсё ж трапляюць на наш рынак?
– Па-першае, трэба браць пад улік “шэры” рынак тавараў. Некаторыя партыі могуць трапляць у краіну, мінуючы сістэму сертыфікацыі. Па-другое, варта перагледзець тыя сістэмы кантролю, якія ўжо існуюць. Іх трэба зрабіць больш жорсткімі, каб прадухіліць небяспеку для дзяцей.
Калі ўлічыць тую вялікую колькасць цацак, якая сёння ідзе на продаж, гэта асабліва актуальна. Існуючыя метады праверкі проста не дазваляюць праверыць кожную цацку. 

Чытайце на гэтую ж тэму:Літоўскі досвед: дзеці могуць абыходзіцца танна

– Калі ў бацькоў з’явіцца жаданне праверыць на цяжкія металы канкрэтную цацку, як гэта можна зрабіць?
– Для гэтага трэба звярнуцца ў мясцовы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Загадзя трэба даведацца, ці існуе такі від паслугі канкрэтна ў вашым раёне. Але падчас даследавання цацка будзе разбураная і ў любым выпадку да дзіцяці не вернецца.

– Ці заўсёды высокі кошт на цацку – гарантыя якасці?
– Адназначнага адказу на пытанне няма. Усё залежыць ад канкрэтнага выпадку. Ва ўсякім разе да выбару цацак трэба ставіцца адказна. Напрыклад, набываючы камп’ютар, мы доўга выбіраем, чытаем водгукі, шукаем дадатковую інфармацыю. А цацкі часта набываем па прынцыпе “купілі і забылі”.  Пры іх выбары трэба памятаць пра бяспеку для дзіцяці.

У паўсядзённым жыцці не варта акружаць дзіця толькі пластыкавымі цацкамі.


На што трэба звяртаць увагу, набываючы цацкі

Месца продажу
Лепш набываць цацкі не на рынку, а ў крамах. Гэта павысіць верагоднасць таго, што вам у рукі патрапіць бяспечны тавар.

Сертыфікат
Кожная партыя цацак, якая трапляе ў краму, павінна мець сертыфікат якасці. Пры вашым патрабаванні прадавец мусіць яго паказаць.

Упакоўка
На ўпакоўцы абавязкова павінна быць уся неабходная інфармацыя аб тавары: матэрыял, тэрмін прыдатнасці, узрост дзяцей, на якіх ён разлічаны. Тэкст мусіць быць напісаны на рускай ці беларускай мове без памылак. Пераклад з памылкамі – ускосная прыкмета таго, што цацка можа быць з “шэрага” рынку. 

Пах
Перад набыццём цацку заўсёды лепш панюхаць. Непрыемны, рэзкі, сінтэтычны пах – дрэнная прыкмета. 

Умовы захоўвання
Варта звярнуць увагу на тое, дзе і як захоўваюцца цацкі. Калі партыя ляжыць на падлозе ў моцныя маразы ці, наадварот,  у спёку – гэта можа адбіцца на якасці тавару.

Пакрыццё
Цацкі павінны быць пафарбаваныя раўнамерна. Тавар з расколінамі і сколамі ў пакрыцці лепш не набываць.

Аляксандра ПАРАХНЯ.

Фота www.sok.by і Зоі ХРУЦКАЙ.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Рэгіянальны праект “Таксічныя металы ў таварах для дзяцей” распачаўся ў Беларусі і некаторых іншых дзяржавах СНД.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика