Гарачы глінтвейн пад “Купалінку”
28.12.2012
—
Новости Общества
|
Ці маюць беларускія калядныя кірмашы штосьці агульнае са святочнымі еўрапейскімі базарчыкамі? Пах смажаных каўбасак, водар гарачага глінтвейну, гукі жывой музыкі і Санта, што гуляе між гандлёвых радоў, частуючы шчырай усмешкай і імбірным пячэннем... Ах, гэтая цудоўная еўрапейская традыцыя калядных кірмашоў! Варта трапіць на іх хоць на пару хвілін, каб стварыць сабе святочны настрой на некалькі тыдняў наперад. Нарадзіўшыся ў Германіі, яны хутка заваявалі любоў і ў іншых еўрапейскіх краінах — Францыі, Італіі, Чэхіі, Літве. Дакацілася хваля папулярнасці святочных базарчыкаў і да Беларусі. Натхніўшыся каляднымі кірмашамі ў Берліне (яшчэ ў канцы лістапада!), карэспандэнт “НГ” вырашыла наведаць іх аналагі ў Мінску і праверыць, наколькі ўдала атрымалася ў нас пераняць еўрапейскую традыцыю. Калядныя разыначкі Драўляныя хаткі, упрыгожаныя срэбным дожджыкам і гірляндамі, упершыню з’явіліся на сталічных пляцоўках яшчэ ў мінулым годзе. Але, шчыра кажучы, леташнія калядныя базарчыкі — некалькі хатак-палатак з небагатым ды банальным асартыментам тавараў — мяне ўразілі слаба. Але на што скардзіцца? Калядныя кірмашы не наша традыцыя — еўрапейская. Бліноў напячы на Масленіцу ці куццю зварыць — гэта беларусы з заплюшчанымі вачамі здолеюць. А тут павучыцца яшчэ трэба. І ведаеце што — беларусы хутка вучацца. На сёлетніх калядных кірмашах, якія працуюць на буйных гарадскіх плошчах з 15 снежня па 15 студзеня, удалося знайсці такія разыначкі, якіх нават у Берліне не ўбачыла. Да прыкладу, дзіцячы глінтвейн. Так-так, безалкагольнае віно коштам усяго толькі 2200 беларускіх рублёў (200 мл). Дарэчы, добрае рашэнне і для дарослых, якія трымаюцца посту, але таксама не супраць сагрэцца гарачым напоем у марозны дзень. “Дарослы” глінтвейн крыху даражэйшы — 2550 рублёў (50 мл). Гарачых каўбасак, такіх папулярных у немцаў, на мінскіх пляцоўках я не ўбачыла. Але падмацавацца тут таксама ёсць чым. На прылаўках — пончыкі, пірожныя, бутэрброды з вяндлінай, чырвонай рыбай і многае іншае. Сёлета з’явіліся і месцы пад стылізаваным драўляным навесам, дзе можна перакусіць ці выпіць гарачага віна — няхай сабе не з фірменных кубкаў, якія ў Германіі ці Італіі можна ўзяць з сабой на памяць, а з простых пластыкавых шклянак. Аднак беларусаў, для якіх падобныя кірмашы навінка, гэта абсалютна не бянтэжыць. Зубраня ля ёлкі Акрамя пачастункаў у драўляных хатках-палатках, якія сёлета, дарэчы, вельмі добра ўпрыгожаныя (гірляндамі, мяккімі цацкамі, каляндарыкамі, сімваламі Новага года, галінкамі ёлак і іншым), можна знайсці шмат іншых карысных, асабліва падчас святаў, рэчаў. Да прыкладу, бенгальскія агні ці хлапушкі коштам ад пяці тысяч рублёў, святочныя вянкі на дзверы (самыя дарагія — каля ста тысяч рублёў), магніты с сімваламі года ад шасці тысяч беларускіх рублёў, рознага кшталту сувеніры і ёлачныя цацкі. Асабліва расказала прадавец Алена, карыстаюцца ў пакупнікоў попытам шкляныя цацкі. А ва Уладзіміра, прадаўца забаўляльных цацак і прыколаў, найчасцей, як ён прызнаўся, купляюць рознакаляровыя парыкі. Коштам 50 тысяч рублёў, яны могуць замяніць цэлы навагодні касцюм. “Ой, а мне будзе пасаваць?” — пытаецца, прымяраючы на сябе пышныя зялёныя валасы вадзяніка, ужо сталы лысаваты мужчына. “Анягож!” — усміхаецца ў адказ Уладзімір. Акрамя ўласна тавараў калядныя кірмашы радуюць, асабліва дзяцей, забаўляльнымі праграмамі. Зноў жа, гэта вам не катальныя снежныя горкі ці лядовыя пляцоўкі для гульні ў кёрлінг, якія бачыла ў Берліне. Але чаму б не пакатаць сваіх дзетак на поні ці сфатаграфаваць іх з Дзедам Марозам і Снягуркай ці іншымі казачнымі персанажамі, якіх можна сустрэць на беларускіх кірмашыках? Персанажы, дарэчы, як і музыка, якая гучыць на базарчыках, з нацыянальным каларытам — Бобрык і Зубраня. Можа, не зусім удалося пераняць беларусам еўрапейскую традыцыю, але дадаць ёй нацыянальнага каларыту — дакладна. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Ці маюць беларускія калядныя кірмашы штосьці агульнае са святочнымі еўрапейскімі базарчыкамі? |
|