На рэтрацягніку ў Парэчча і назад у Гродна. 21.by

На рэтрацягніку ў Парэчча і назад у Гродна

05.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чыгуначная станцыя Парэчча сёння найбольш вядомая, пэўна, шматлікім грыбнікам, якія ў сезон ужо традыцыйна едуць у навакольныя лясныя масівы, а таксама наведвальнікам тутэйшых санаторыяў і дзіцячых аздараўленчых лагераў. Але неўзабаве можа з'явіцца і яшчэ адна "фішка" — падарожжа на рэтрацягніку па 32-кіламетровым участку Гродна — Парэчча, які стаў першынцам чыгуначнай магістралі на беларускіх землях. Чым жа можна зацікавіць турыстаў? Першы крок у гэтым кірунку, як раней паведамляла "Звязда", быў зроблены 27 снежня 2012 года — менавіта ў той дзень, калі Беларуская чыгунка адзначала свой 150-гадовы юбілей.

Рэтрападарожжа пачынаецца на станцыі ў Гродне, дзе ветэранаў і цяперашніх работнікаў чыгункі, журналістаў чакаў святочны цягнік на паравознай цязе, а таксама аркестр, гудкі, машыніст Уладзімір Пракаповіч і яго памочнік Яўген Клімец у форменным адзенні ХІХ стагоддзя. Кандуктар у касцюме, які быў таксама спецыяльна пашыты да юбілейных мерапрыемстваў у швейным цэху Баранавіцкага аддзялення беларускай магістралі, пытае ў пасажыраў, ці ўсе з білетамі. Білет — са штампам Санкт-Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі. Паездка ў вагоне першага класа, між іншым, каштуе 70 капеек срэбрам.


Цягнік на ўсім шляху да Парэчча вітае гудкамі прыпыначныя пункты (яны былі адрамантаваны да юбілею Беларускай чыгункі) і людзей, якія там знаходзіліся. А экскурсавод тым часам узгадвае старонкі з гісторыі магістралі і яе першага ўчастка.

Чаму менавіта Парэччу выпаў гонар сярод першых трапіць на чыгуначную "карту"? Перавагай стала яго зручнае геаграфічнае становішча: 32 кіламетры ад Гродна, 17 — ад Друскенікаў, 775 — ад Санкт-Пецярбурга, 270 — ад Варшавы. Царскім урадам улічвалася, верагодна, і тое, што ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя тут размяшчаўся даволі буйны па тых часах лесапільны завод (пастаўка драўніны ў Еўропу была даходнай справай). У цэлым жа галоўным матывам будаўніцтва гэтай чыгункі з'яўлялася ўмацаванне ваенна-палітычнага ўплыву расійскага самадзяржаўя ў Каралеўстве Польскім і заходніх губернях імперыі.

Будаўніцтва Санкт-Пецярбургска-Варшаўскай чыгункі, згодна з царскім указам, распачалося ў 1852 годзе і доўжылася 10 гадоў. Ужо ў наступным годзе па ёй было перавезена 1 мільён 254 тысячы пасажыраў, а грузаў — 18 мільёнаў 240 тысяч пудоў. Паводле тагачаснага разліку эфектыўнасці работы, даход перавысіў расход на 72 працэнты. Чыгунка паслужыла ў Прынямонні развіццю тэкстыльнай, тытунёвай прамысловасці, будаўніцтву шкляных і іншых заводаў.

Вагоны для першых цягнікоў па маршруце Санкт-Пецярбург — Варшава былі зроблены ў Англіі і іншых еўрапейскіх краінах і вельмі істотна адрозніваліся па ўзроўні сэрвісу. Найбольш камфартабельнымі з'яўляліся вагоны першага класа — з мяккімі сядзеннямі, задрапіраванымі тканінай сценамі купэ і зашклёнымі вокнамі. Кожнае было разлічана на восем пасажыраў, прычым яны выходзілі на перон адразу з купэ. У купэ другога класа размяшчалася дзесяць чалавек, трэці клас — гэта драўляныя сядзенні і незашклёныя вокны. А ў вагоне чацвёртага класа адстутнічаў... дах, і пасажыры сядзелі на падлозе альбо прымацаваных да яе лаўках. Адпаведна ўмовам — і кошт праезду. Напрыклад, за падарожжа ад Гродна да Варшавы ў вагоне першага класа трэба было заплаціць 9 рублёў 2 капейкі, што было супастаўна з коштам... дзвюх кароў. А ў Санкт-Пецярбург можна было даехаць у "першакласным" вагоне за 30 рублёў 19 капеек. Зразумела, што такі білет маглі сабе дазволіць толькі даволі багатыя людзі — чыноўнікі, афіцэры альбо інтэлігенцыя. Потым з'явіліся экспрэсныя цягнікі са спальнымі вагонамі, паштовыя цягнікі...

...Наш цягнік прыбывае на станцыю Парэчча. Каля гістарычнага будынка аднаго са старэйшых у Беларусі вакзалаў шматлюдна. Мясцовыя жыхары, як і тады, напрыканцы 1862 года, у чаканні свята. Навокал вакзала — мачтавыя асвятляльныя ліхтары ў стылі ХІХ стагоддзя, на пероне — жанчыны і мужчыны ў тагачасным адзенні, а тутэйшыя хлопчыкі раздаюць газету "Губернскія ведамасці", дзе галоўная тэма — адкрыццё ўчастка чыгункі паміж Гродна і Парэччам.

Праходзіць некалькі хвілін — і вось яны, галоўныя дзеючыя асобы ўрачыстасці: у "гістарычным цягніку" з адным, стылізаваным пад даўніну вагонам на станцыю прыбываюць афіцыйныя асобы з Санкт-Пецярбурга (артысты Гродзенскага абласнога тэатра).

Найбольш уплывовая персона сярод іх — гэта ўпраўляючы шляхоў зносін і публічных будынкаў, генерал-маёр Герстфельд, які кіраваў работамі па будаўніцтве гэтай магістралі. Ён засведчыў, што ўчастак дарогі Гродна — Парэчча ў цэлым гатовы да эксплуатацыі, але, разам з тым, адзначыў і шэраг недахопаў. У прыватнасці, дрэнна арганізавана харчаванне ўдзельнікаў будаўніцтва, выяўлена раскраданне прадуктаў харчавання, за што з нядбайных чыноўнікаў загадана спагнаць па месячнай зарплаце. У адваротным выпадку, прыгразіў Герстфельд, гэтыя чыноўнікі будуць пушчаны па этапе ў ссылку. Гэта цяпер, калі адбываецца інсцэніроўка, такая пагроза можа выклікаць усмешку. А паўтара стагоддзя таму было, мусіць, зусім не да жартаў.

У гонар 150-годдзя пастаяннага чыгуначнага руху на ўчастку Парэчча — Гродна на станцыі ўстаноўлены памятны знак і макет паравоза, а ў будынку вакзала арганізавалі выставу і музейную экспазіцыю па гісторыі Беларускай чыгункі. Усё гэта, трэба спадзявацца, цяпер убачаць не толькі грыбнікі, што прыязджаюць у Парэчча, але і пасажыры рэтрацягніка, які мяркуецца задзейнічаць не толькі па святах.

Барыс ПРАКОПЧЫК.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чыгуначная станцыя Парэчча сёння найбольш вядомая, пэўна, шматлікім грыбнікам, якія ў сезон ужо традыцыйна едуць у навакольныя лясныя масівы, а таксама...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика