На што хварэе расійская глыбінка?. 21.by

На што хварэе расійская глыбінка?

10.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Агульныя карані славянскіх культур шукалі і знаходзілі журналісты Беларусі і Расіі падчас чарговага прэс-тура па рускіх гарадах, арганізаванага Пастаянным камітэтам Саюзнай дзяржавы і агенцтва "РІА Навіны". Ды разам з агульнымі каранямі знайшлі нямала адрозненняў.

Знаёмячыся з асобнымі народнымі промысламі Расіі, раз-пораз нібы "чапляешся": здавалася б, нешта такога кшталту ёсць і ў нас, у Беларусі, аднак жа называецца яно, хутчэй, дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, ці народнымі рамёствамі, і да ўзроўню промыслаў не дарастае. Асобны мастак, майстар можа стварыць выраб дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, у суседзяў гэта лічаць як мінімум адыходам ад традыцыі, а ў некаторых выпадках і ўвогуле падробкай. Таму прыклады промыслаў, з якімі знаёмілі нас, — фабрыкі, мануфактуры, майстэрні: Паўлавапасадская хустачная мануфактура, фабрыка "Каўроўская гліняная цацка", майстэрні іканапісу і мініяцюры горада Палех, прадпрыемства мастацкіх промыслаў "Вытокі" (вышывальны промысел), фабрыка "Гарадзецкі роспіс", фабрыка "Хахламскі роспіс".

Гаспадары распавядалі і падкрэслівалі: сапраўднае толькі ў нас. Вядома, нельга не пагадзіцца, што ўсе гэтыя прадпрыемствы маюць багатую гісторыю і традыцыі, якія больш-менш захоўваюцца і сёння (калі параўноўваць з Беларуссю, самы яркі прыклад, бадай, — аднаўленне вытворчасці слуцкіх паясоў). Таму і многіх майстроў вучаць не ў сталічных навучальных установах, а тут, на месцы.

Хустачная мануфактура горада Паўлаўскі Пасад вядома не толькі беларускім пакупнікам больш старэйшага пакалення, для якіх за гонар было мець сапраўдны паўлавапасадскі шаль, але і малодшым — у першую чаргу дзякуючы наладжаным пастаянным выстаўкам-продажам, што трэці год праводзяцца ў Мінску і абласных цэнтрах. На жаль, спецыялізаваных крам пакуль няма, аднак гэта пытанне часу. Вырашыць праблему набыцця шаля пакуль можа дапамагчы новая паслуга — шалі поштай.


Сёння на мануфактуры вырабляюцца традыцыйныя набіўныя хусткі, зусім невялікія шыйныя, шалі, абрусы — усё з натуральных тканін: бавоўна, шоўк, воўна, лён. Упрыгожваюць хусткі тымі ж малюнкамі, што падабаліся і нашым бабулям: многія з узораў паўтараюцца і карыстаюцца нязменным поспехам у пакупніц вось ужо больш як сто гадоў. Новыя малюнкі, створаныя мастакамі мануфактуры, таксама ў стылі ранейшых. Як распавядае намеснік дырэктара Вячаслаў Даўгоў, былі спробы ў пэўнай ступені адмовіцца ад традыцыі і звярнуцца да сучасных тэндэнцый: маладыя мастакі-практыканты прапанавалі свае ўзоры, вельмі сучасныя. Спярша яны зацікавілі пакупнікоў, але хутка модніцы вярнуліся да ўсё тых жа кветак і арнаментаў. Таму і не дзіўна, што выпускнікоў, якія атрымліваюць спецыяльнасць мастака, пасля размеркавання вучаць непасрэдна на мануфактуры вопытная майстры. І пройдзе не адзін год, пакуль яны створаць свой першы самастойны ўзор, які пасля ўпрыгожыць паўлавапасадскія шаль ці хустку.

Усяго ў калекцыі мануфактуры больш як тысяча малюнкаў, што ў розны час былі ўвасоблены на вырабах, аднак у вытворчасці значна менш. Тут ужо дыктуе свае ўмовы рынак: што падабаецца пакупнікам, тое і вырабляюць.

Ёсць меркаванне, што наша, славянскае, сёння часцей купляюць замежнікі. У Паўлавапасадскай хустачнай мануфактуры гэта не так: закупкі замежнікаў у параўнанні з аб'ёмамі вытворчасці не вельмі значныя. Куды больш набываюць славяне, якім узоры шаляў вельмі родныя і блізкія.

Такая цікавасць да агульных славянскіх каранёў заканамерна вылілася ў беларуска-расійскі праект. Мастакі мануфактуры разам з беларускай майстрыхай Нінай Бабровіч стварылі калекцыю "Букет для славянкі", якая складаецца з дзвюх частак: хусткі і адзенне беларуска-расійскага памежжа, на якім паўтараюцца матывы паўлавапасадскіх узораў. Упрыгожаць калекцыю шалі з прыгожымі мілагучнымі назвамі "Малінаўка", "Журавушка", "Славянка" і флагман праекта "Русь" — усе яны адлюстроўваюць і беларускую сімволіку. "Славянка", напрыклад, гэта напамін пра тыя невялічкія букецікі валошак, што прадаваліся раней на вуліцах святочнага Віцебска падчас "Славянскага базару".

Беларуска-расійскі праект, дарэчы, будзе прапанаваны на прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва 2013-2014 гадоў.

Яшчэ адзін цікавы прыклад беларуска-расійскага супрацоўніцтва — Палехская іканапісная майстэрня. Мастакі яе распісвалі ў тым ліку і Кафедральны сабор у Мінску, рабілі іканастас храма прападобнай Сафіі Слуцкай у Дудутках. Цяпер працуюць над іканастасам мінскага храма Усіх Святых. А ўвогуле супрацоўніцтва з беларусамі мае свае традыцыі і доўжыцца вось ужо тры гады.

Што да самой майстэрні, працуюць тут у асноўным выпускнікі мясцовага мастацкага вучылішча імя М. Горкага, якія вывучаюць традыцыйнае майстэрства іканапісу і мініяцюры. Яшчэ сто гадоў таму ў горадзе працавалі майстэрні, а ў 1925-м нават была створана арцель, дзе з пакалення ў пакаленне перадавалася майстэрства. Цяпер тут адкрыта і працуе навучальная ўстанова — і тыя, хто некалі вучыўся ў майстэрнях, сёння ў новых ўмовах выкладаюць моладзі. Навучэнцаў няшмат: штогод выпуск складае 14-15 чалавек.

Зрэшты, у горадзе некалькі майстэрняў, і кожная, калі можна так сказаць, мае сваю спецыялізацыю. Яшчэ адна, да прыкладу, займаецца роспісам шкатулак і ёлачных шароў. Што ўразіла, дык гэта кошт, які не зусім стасуецца з прапановай, агучанай падчас выніковага пасяджэння "круглага стала": трэба папулярызаваць народныя промыслы, і адпаведныя вырабы павінны быць у кожным рускім (чытаем: славянскім) доме. Дык вось кошт набору з пяці шкляных ёлачных цацак (неверагоднай прыгажосці) — 25 тысяч расійскіх рублёў. Майстрыха, якая іх распісвае, у месяц зарабляе... адзін шар. Тая ж праблема, як падалося, ёсць і ў горадзе Пучэж: вышываныя кашулі з сарафанамі і пінжакамі каштуюць часам да 13—14 тысяч рублёў. Дырэктар на нашу заўвагу абураецца: калі вы пытаецеся, чаму так дорага, вы нічога не ведаеце пра ручную работу. Прадавец у краме запэўнівае: у нас купляюць адзенне і мясцовыя прыгажуні. Ці не маскоўскія заробкі яны атрымліваюць?

Каментуючы такую сітуацыю, намеснік міністра культуры Расійскай Федэрацыі Андрэй Бусыгін назваў яе хваробай. А хваробы, як вядома, маюць звычку праходзіць ці вылечвацца. Што ж, будзем спадзявацца.

Нельга не сказаць, што рэчы насамрэч прыгожыя. Ды тое, як гэта ўсё падаецца, вымушае калі не сысці, дык засумнявацца, незадаволена (нават нам, беларусам, не асабліва разбэшчаным высокім узроўнем сэрвісу) пахмурыцца: самі крамы век рамонту не бачылі і нагадваюць вясковыя магазіны, якімі тыя былі гадоў пятнаццаць таму.

Распавядаць пра народныя промыслы выключна ў кантэксце культуры не выпадае: сёння, як і раней, яны з'яўляюцца неад'емнай часткай эканомікі і рынку. Трэба шукаць пакупнікоў, арыентавацца на іх запыты — захоўваючы традыцыі, быць запатрабаваным і сёння. Да прыкладу, хахламскі роспіс, якім славіцца горад Сямёнаў, выйшаў за межы матрошкі ды посуду.

Пакуль мы бачылі знаёмых з савецкіх часоў матрошак, што хаваюцца адна ў адну (самая вялікая "серыя" складаецца з 16 — ад 40-сантыметровай да крыху большай за сантыметр), посуд з сунічкамі і лісцікамі, распісныя дзіцячыя столікі, усё было так, як і чакалі. Ды пасля — зялёны з ландышамі сервіз, выраблены па замове спявачкі Людмілы Зыкінай (свае любімыя кветкі яна захацела ўбачыць у традыцыйнай хахламе). Распісны фарфор. Клавіятуры, мышкі і флэшкі для камп'ютара — ужо мінулагодняе вынаходніцтва. З самага апошняга — канькі (іх яшчэ толькі рыхтуюць да продажу, кошт, хутчэй за ўсё, будзе больш як 5 тысяч рублёў). Замовіце партрэт з хахламской рамкай — мастакі напішуць з фотаздымка (з аднаго з іх на нас глядзіць маладая дзяўчына. Кажуць, хлопец падарунак рыхтуе — каля 16 тысяч). "А калі хто-небудзь прыйдзе і папросіць, да прыкладу, аўтамабіль распісаць?" — пытаемся, употайкі спадзеючыся паставіць мастакоў у тупік і намацаць мяжу іх магчымасцяў. "Калі ласка!" — усміхаюцца яны, гатовыя да новага задання.

Аднак жа вялікіх грошай на гэтым не заробіш. Як зазначае дырэктар фабрыкі, эканамічнае становішча прадпрыемства цяжкае: каля 60% сабекошту складае праца работнікаў, у сістэме падаткаабкладання ніякіх ільгот, а заробак за апошнія некалькі гадоў нават крыху знізіўся. Усе спадзяюцца на змены.

Наслухаўшыся-нагледзеўшыся на цікавыя эксперыменты, мы рушым у краму — па драўляныя місачкі ды лыжкі. Кажуць, капусная салата з іх асабліва смачная.

Прадставіць сваё майстэрства — асобная справа, часам не менш, а, можа, нават і больш складаная за задачу захаваць традыцыі. Горад Каўроў, да прыкладу, вядомы і глінянай цацкай, якая тут мае свае адметнасці — вялікая колькасць дробных дэталяў, вырабіць якія дазваляе асаблівы сорт гліны (блакітная, ці белая, як яе называюць. Пры гэтым цацкі вельмі трывалыя), тонкая работа мастакоў. Да таго ж цацкі вясёлыя. Маючы на мэце пазнаёміцца менавіта з народнымі промысламі горада, на сустрэчы з адміністрацыяй чуем здзіўленне: "Вас цікавяць гліняныя цацкі? Дык у нас жа горад воінскай славы!" І пасля нам шмат распавядаюць пра матацыклы, аўтаматы і гісторыка-мемарыяльныя комплексы. Падаецца выпадковай згадка пра дакументальны фільм, прысвечаны якраз гліняным цацкам.

Гарадзец на беразе Волгі, хутчэй за ўсё, выкліча шмат пытанняў і нараканняў у людзей дасведчаных, аднак для шараговага турыста (асабліва замежнага) будзе цікавым. У невялічкім горадзе, дзе пражывае каля 34 тысяч жыхароў, больш як 15 музеяў, распрацаваны 14 турыстычных маршрутаў — ёсць асобныя для дзяцей. Горад майстроў на самым беразе Волгі — навадзел. Пабудаваны тры гады таму, ён прадстаўляе традыцыйную архітэктуру, пачынаючы з канца ХVІ стагоддзя (хутчэй — агульнае пра яе ўяўленне). Унутры пабудовы наведвальнікаў чакае падарожжа па майстэрнях — разбяроў, вышывальшчыкаў, ганчароў, знаёмства з народнымі промысламі, майстар-класы і забаўляльная праграма з гарбатай і пернікамі. Улады маюць намер не спыняцца на зробленым і пашырыць "горад", уключыўшы ў яго рэстаран і гасцініцу.

Калі адысці далей ад берага і паглыбіцца ў вулачкі з чароўнымі разнымі налічнікамі на хатах, можна трапіць у дом графіні Панінай, музей пернікаў, музей дабра, наведаць фабрыку "Гарадзецкі роспіс", што спецыялізуецца на драўляных прадметах побыту і вытворчасці мэблі. Парадуе гасцей і старая частка горада — разам з савецкімі назвамі вуліц у дужачках пазначаны былыя.

Кіраўніцтва вобласці і горада ўпэўнена, што турызм будзе справай прыбытковай. Тым больш што яго развіццю спрыяюць некалькі ўмоў: наяўнасць традыцыйных народных промыслаў, добрая транспартная сувязь, у тым ліку і водная (цеплаходны круіз Самара — Растоў), прыгожыя краявіды Волгі і г. д. Не хапае, праўда, месцаў для начлегу — гасцініц і турыстычных баз, а таксама спецыялістаў, якія б маглі прасоўваць прадукцыю мясцовых майстроў. Вырашэнне гэтых пытанняў — задача на бліжэйшы час.

***

Выніковае пасяджэнне "круглага стала" "Народныя промыслы: як захаваць, развіць і прымножыць?" да пытанняў, што ўзніклі падчас падарожжа і знаёмства з народнымі промысламі Расіі, дадало новыя. І акрэсліла шэраг праблем, якія, улічваючы выключную ролю промыслаў (намеснік дэкана гістарычнага факультэта МДУ імя М. Ламаносава Аксана Солапава назвала іх індыкатарамі нацыі: калі ёсць народныя промыслы, нацыя жыве), трэба тэрмінова вырашаць. Сярод самых хвалюючых — наяўнасць падробак і адсутнасць кантролю за мастацкай вартасцю зробленага; адсутнасць пунктаў продажу; складаная сістэма падаткаабкладання і адсутнасць ільгот. Сёння спадзевы — на папраўкі да Федэральнага закона "Аб народных мастацкіх промыслах", прынятага дэпутатамі Дзяржаўнай думы Расіі 11 снежня.

Калі звярнуцца да тэмы вандроўкі і пошуку агульных каранёў, варта згадаць і адну цікавую прапанову, выказаную начальнікам аддзела сацыяльнай палітыкі і інфармацыйнага забеспячэння Пастаяннага камітэта Саюзнай дзяржавы Івана Яновіча, якая абавязкова павінна быць рэалізавана: сумесная беларуска-расійская выстаўка-ярмарка, тэматычная канферэнцыя, арганізаваныя пры падтрымцы Пастаяннага камітэта.

Таццяна Кузнячэнкава.

Фота Уладзіміра Пехцерава

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Агульныя карані славянскіх культур шукалі і знаходзілі журналісты Беларусі і Расіі падчас чарговага прэс-тура па рускіх гарадах, арганізаванага Пастаянным...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика