Адкрытае сэрца. 21.by

Адкрытае сэрца

15.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Сэнс міласэрнасці для Віталя Кульпекшы заключаецца ў простай формуле: аддаваць ці дапамагаць трэба з радасцю, не задумваючыся пра ўзнагароду

Перад самымі Калядамі ў віцебскі офіс каталіцкай дабрачыннай арганізацыі “Карытас” дазванілася жанчына і расказала, што ў вёсцы на Аршаншчыне пражываюць муж з жонкай, якім вельмі патрэбныя цёплае зімовае адзенне і абутак. Жанчына моцна хварэе, так што ўсе грошы ідуць на лекі, а зарплата мужа невялікая. Супрацоўнікі місіі адразу адгукнуліся на патрэбы людзей, знайшлі тое, што ім патрэбна.

Не хапала толькі яшчэ цёплай мужчынскай курткі. Тады Віталь Кульпекша, кіраўнік віцебскага аддзялення “Карытас”, і вырашыў аддаць сваю. Літаральна зняў з плячэй. Маўляў, абыйдуся і без яе...

 Прэмію “За духоўнае адраджэнне” Віталь Генадзьевіч Кульпекша, дырэктар рэлігійнай місіі “Дабрачыннае каталіцкае таварыства ”Карытас” Віцебскай дыяцэзіі Рымска-каталіцкага касцёла ў Рэспубліцы Беларусь, атрымаў за актыўную дзейнасць у гуманітарнай галіне, захаванне і распаўсюджванне традыцый дабрачыннасці і міласэрнасці ў беларускім грамадстве.

Місіянераў у вёсцы сустрэлі як самых доўгачаканых гасцей, частавалі вясковымі стравамі. І за размовай Віталь зразумеў: людзям нават больш за матэрыяльную дапамогу патрэбна духоўная. Ім важна пагаварыць пра жыццёвыя праблемы, штодзённыя клопаты. Чалавек шчаслівы, калі адчувае ўвагу да сябе.

Ці часта мы знаходзім час, каб наведаць хворага сябра ці састарэлага суседа? У мітусні будзённасці мы паступова страчваем важныя чалавечыя якасці, заснаваныя на хрысціянскім запавеце любові да бліжняга.

Аддаць жыццё

Віталь Кульпекша нарадзіўся ў Навагрудку. Малым хлопчыкам яго прывяла ў касцёл бабуля Баляслава. Пабожная жанчына вельмі хацела, каб унук вырас годным хрысціянінам, адкрыў для сябе евангельскую навуку.

— Галоўнае выхаванне чалавек атрымлівае ў сям’і, — гаворыць Віталь Генадзьевіч. — Я ў адносінах да веры жыву па бабуліным прыкладзе.

У 1980-я гады пробашчам Фарнага касцёла ў Навагрудку быў айцец Антоні Дзям’янка (зараз біскуп Пінскай дыяцэзіі). Да дзятвы ён ставіўся з асаблівай прыхільнасцю, і малыя хадзілі за ксяндзом чарадой. Маленькі Віталька ўвесь вольны час “прападаў” у касцёле. Яму было цікава дапамагаць ксяндзу падчас літургіі, слухаць яго расповед пра Крыжовы шлях ці пра Нараджэнне Хрыста. Ксёндз збіраў моладзь у пілігрымкі ці паходы.

Аднойчы айцец Антоні павёў дзяцей у бярозавы гай, на месца, дзе ў ваенны 1943 год былі расстраляны адзінаццаць сясцёр Ордэна Святой Сям’і з Назарэта. Сёстры свядома прынялі пакутніцкую смерць дзеля жыцця іншых жыхароў Навагрудка. Іх прыклад моцна ўразіў юнакоў і дзяўчат. Тады ж вернікі вырашылі добраўпарадкаваць месца расстрэлу, паставіць вялікі памятны крыж. Такім чынам, з дзіцячых гадоў Віталь Кульпекша пазнаваў сэнс сапраўднай міласэрнасці на  карысць іншага чалавека.

— Я хацеў працаваць у касцёле, — прызнаецца ён. — Калі скончыў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт, у Віцебску маладая каталіцкая епархія шукала супрацоўнікаў. Біскуп Уладзіслаў Блін запрасіў мяне на працу.
З 2003 года і закруціліся справы віцебскай “Карытас”, якія з часам пачалі прыносіць свой плён.

Размаўляць пра светлае

У 2003 годзе “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі зрабіў першы крок у кірунку сацыяльнай адаптацыі і інтэграцыі ў грамадства маладых людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Ірына стала інвалідам пасля перанесенага інсульту. Мікалай хварэе з дзяцінства. У абодвух малыя пенсіі, каб знайсці сродкі на свае захапленні. Мікалай таленавіты чалавек. За што ні возьмецца — усё ў яго атрымаецца. Неяк сябар прывёў яго на заняткі ў цэнтр “Карытас”. Коля навучыўся бісерапляценню і цяпер робіць прыгожыя сувеніры. Оля Макарава цудоўна вяжа дыванкі. Саша Сніпава прыходзіць у “Карытас”, каб пашырыць кола знаёмых, а ў святочныя дні патанчыць з сябрамі. Кожны з іх прызнаецца, што ў жыцці самае страшнае — не хвароба, а адзінота. Калі ты вяртаешся ў пустую кватэру і застаешся сам-насам з тэлевізарам, калі няма з кім пагаварыць.

Тут жа, у цэнтры “Карытас”, людзі з абмежаванымі магчымасцямі пачалі пячы булачкі для бяздомных. У зімовы час пры касцёле Святога Антонія ў Віцебску адчынена сталовая для тых, хто не мае прытулку. “Карытас” закупляе аднаразовы посуд для гэтых людзей, дапамагае з прадуктамі і адзеннем. Новы праект місіі “Любоў да бліжняга” рэалізуецца адразу ў некалькіх псіхіятрычных бальніцах і дамах-інтэрнатах для псіханеўралагічных хворых.

— Сёння ў грамадстве пашыраецца валанцёрскі рух. Быць валанцёрам становіцца модна, — лічыць Віталь Кульпекша. — Не істотна, дзе ты працуеш ці вучышся, колькі табе гадоў. Ад цябе не чакаюць матэрыяльнай падтрымкі. Табе проста трэба знайсці час для іншага чалавека, які апынуўся ў цяжкай сітуацыі. Невыпадкова валанцёрская дзейнасць лічыцца самай цяжкай.

Мінулы год стаў часам рэалізацыі многіх праектаў “Карытас” Віцебскай дыяцэзіі. Тут упэўненыя: усе праекты роўныя па сваёй значнасці, яны не дзеляцца на важныя і не вельмі. Калі зрабілі рамонт у дзіцячым аддзяленні Віцебскай абласной клінічнай псіхіятрычнай бальніцы, закупілі новую мэблю, само сабой сталася, што да маленькіх пацыентаў трэба накіроўваць валанцёраў. У аддзяленні шмат дзяцей з праблемных сем’яў, дзе бацькі не надаюць належнай увагі іх выхаванню.

З маленькімі пацыентамі можна пачытаць казкі, пагуляць ці навучыць іх маляваць.

— Летам у нас стартаваў праект “Чароўная Польшча, чароўная Беларусь”, — расказвае Віталь Кульпекша. — Валанцёры Віцебскай дыяцэзіі аб’ядналіся з валанцёрамі польскага дабрачыннага фонду Ave і на байдарках прайшлі па водным шляху найпрыгажэйшых мясцін дзвюх суседніх краін. Вандроўка па ўзбярэжжы Балтыйскага мора, а потым — па Браслаўскіх азёрах пакінула найлепшыя ўспаміны і, зразумела, зацікавіла моладзь у валанцёрскім руху.

Наспеў час змяніць прыярытэты: не браць, а самім даваць.  Вера без учынкаў мёртвая. “Карытас” заўсёды гатовы прыйсці на дапамогу.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сэнс міласэрнасці для Віталя Кульпекшы заключаецца ў простай формуле: аддаваць ці дапамагаць трэба з радасцю, не задумваючыся пра ўзнагароду
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика