АЛЁ, Народ на провадзе. 21.by

АЛЁ, Народ на провадзе

19.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Самая смачная гарбата

Гэтая гісторыя здарылася ў той незабыўны час, калі мы, дзве маладыя настаўніцы, пасля ўніверсітэта пачыналі працаваць у вёсцы, жылі на кватэры, прычым проста ў раскошы (у параўнанні з іншымі), бо ваду з калодзежа не насілі — яна з крана цякла (хай сабе і толькі халодная), на вуліцу ў прыбіральню не бегалі...

Але ж да пары. Аднойчы, узімку, у маразы здарылася страшнае: парвала недзе трубу, у нашым доме знікла вада. І знікла, трэба разумець, надоўга, бо ад райцэнтра да вёскі аж 25 кіламетраў. Пакуль тыя рамонтнікі прыедуць, пакуль разбяруцца што да чаго, пакуль нешта зробяць...

Сталі думаць: што ж рабіць нам?

З аднаго боку, усё як быццам проста: вада — у калонцы. Але ж да яе, найбліжэйшай, метраў трыста ісці — не меней. З пустым вядром — палова бяды, а з поўным, ды па наледзі... Ваду тую можна і не данесці: бразнешся так, што піць не захочацца.

Пакуль жа — хацелася. Нават вельмі: нязменным атрыбутам нашых вячорак была гарбата. Яна сагравала, схіляла да шчырых размоў, да ўспамінаў... Дзеля іх чаго толькі не зробіш!

Мы з каляжанкай узялі вялікую балею, якая мелася ў гаспадыні, і пайшлі ў двор: міскамі зачэрпвалі снег і ссыпалі яго ў пасудзіну. Паўнюткую потым прыцягнулі дадому, паставілі ў кухні і сталі чакаць, калі той снег "паплыве".

Аднак ён — нічога падобнага — ляжаў, як на вуліцы, раставаць не збіраўся! Тады мы нагрэлі ў чайніку рэшткі вады, і плюхнулі ў балею. У выніку ў адным месцы снег трохі падтаў. І прадыктаваў нам цэлы тэхналагічны працэс. Запамінайце, можа, каму спатрэбіцца: кубкам чэрпаеш тое, што растала, выліваеш у чайнік, туды ж, даверху, набіваеш снегу, нясеш на пліту і грэеш. Вяртаешся назад, выліваеш у балею. Далей — усё паўтараецца.

Такім вось чынам, не менш чым за гадзіну мы атрымалі... трохлітровік вады, працадзілі яе праз марлечку, загатавалі, заварылі гарбату. І не абы якую, а найсмачнейшую ў свеце! Бо з цукеркамі!

А зрэшты... Такой добрай на смак яна, магчыма, падалася таму, што ніколі дагэтуль нам не даводзілася столькі працаваць, каб здабыць той літр вады.

Вольга Данэйка, г. Беразіно.

Прывычка...

Да 50—60-х гадоў мінулага стагоддзя ўсіх вяскоўцаў у нашай мясцовасці сагналі ў калгасы. Аднаасобнік толькі адзін застаўся. Казалі, чаго толькі не вырабляў, каб адчапіліся, нават вар'ятам прыкідваўся.

Але ж і выгаду потым меў. Ну вось да прыкладу. Хоча нехта каня ў калгасе ўзяць, каб агарод узараць, дроў прывезці ці сена якога. Кліча брыгадзіра ў хату, частуе, просіць. Ён жа — у залежнасці ад таго, з якой нагі ўстаў, — можа ласку зрабіць, даць таго каня, а можа і не даць. І тады ўжо хоць сам у плуг запрагайся! Альбо...

Альтэрнатыва была ў асобе ўсё таго ж дзядзькі Івана. Ён, маючы ўласнага каня, усё, што трэба, рабіў — і сабе, і іншым. Не за так, вядома ж: часам (калі рабіў штось у настаўнікаў альбо ў медыкаў) нават жывую капейку атрымліваў. Не тое што калгаснікі: дзень пры дні шчыравалі, а ўсяго і мелі, што пэўную колькасць працадзён (а папросту — палачак), за якія ў канцы года маглі мех-другі зерня выдаць...

У Івана ўсю бухгалтэрыю вяла жонка. Яна ў яго і старэйшая была, і ў сям'і галоўная. "Нарады" мужыку выпісвала, устанаўлівала расцэнкі, з ёю ж і разлікі потым вяліся. Івану заставалася самае цяжкае і самае прыемнае: працаваць амаль штодня ў так званых наймальнікаў, смачна палуднаваць ды дадому вяртацца калі з песнямі, а калі і з танцамі.

Вось так чалавек і жыў. Трэба сказаць, добразычлівым быў, паслухмяным, таму вяскоўцы яго паважалі. І шкадавалі, бо абрынулася на Івана гора: памерла яго распарадчыца, яго жонка! Удавец пасля гэтага як атручаны стаў хадзіць: па-ранейшаму трымаў гаспадарку, садзіў бульбу... Але ж як вольная гадзіна — гайда з дому, з падворка, да людзей, каб з некім пагаварыць, а то і чарку выпіць. Толькі з ёю Іван весялеў. І смялеў.

Па суседстве з ім, у сям'і дачкі, жыла тады адна бабуля, прыкладна такая ж па ўзросце. Зачасціў да яе ўдавец. А неяк, пасмялелы, уваліўся ў хату і...

Нездарма людзі кажуць: што ў цвярозага ў галаве, тое ў п'янога на языку. "Зося, выходзь за мяне замуж", — прапануе бабулі. У той ад неспадзеўкі аж дух заняло: "Ты што, Іван, з глузду з'ехаў? — пытаецца. — Які замуж? Я ж хворая зусім, старая... Я ж рабіць нічога не магу". "А нічога і не трэба, Зоська, — перапыніў яе Іван. — Я сам усё параблю! А ты... Ты толькі ў хаце будзь і мною камандуй!".

...Вось такім сфарміраваўся ў чалавека характар: не мог ён жыць самастойна — душа прасілася ў рабства.

Ірына Рудкоўская,

в. Хатынічы, Ганцавіцкі раён.

Хацела як лепей

...Божухна, якімі ж доўгімі бываюць вечары ў самотных вясковых пенсіянераў! На вуліцу выйшаў бы — там анікога, спаць бы лёг — дык сон хоць вяроўкамі цягні. Адзінае выйсце — сабрацца ў некага ў хаце. І ўжо тады паплывуць успаміны пра даўно мінулае: як сядзелі некалі за калаўротамі ды кроснамі, як ткалі, як пралі, як шылі і вышывалі, якія цудоўныя выраблялі посцілкі, абрусы, ручнікі! Як доўга, як добра яны служылі — у тым ліку і на вяселлях: ручнікамі, як вядома, павязвалі сватоў, абрусамі засцілалі сталы... А ў нас — яшчэ і дзежкі пры сустрэчы нявесты.

— Той абрус як сёння я бачу, — успамінала адна з нашых кабет. — Цётка Акуліна яго і ткала, і вышывала. Ружы на ім як жывыя былі — вачэй не адвесці... А чаму мне ў памяці? Акуліна тая ўдавой была, адна дзяцей гадавала, адна і вяселлі ім правіла. Ну, вядома ж, старалася, як ні цяжка было, усё прадумаць, зрабіць, прадугледзець...

Тады яна сына жаніла. З усім як быццам справілася. Чуе з вуліцы: "Едуць!", "Едуць!"... Гэта дзятва на ўсю вёску галёкае. І званочкі звіняць у коней пад дугамі.

Спыняюцца ля Акулінінай хаты. Малады саскоквае на зямлю, падае рукі сваёй абранніцы: злазь, маўляў. А яна, прыгожая, маладзейшая за яго на дванаццаць гадоў, пяюха на ўсё сяло, на зямлю ўніз паглядзела, нагою тупнула і як фыркне: "Не буду... Тут дзежкі няма". "Ды навошта яна? — пытае жаніх. — Я цябе і так зніму. Давай рукі!" "І не падумаю! — капрызіць ганарліўка. — Дзежку падавайце!.. Новым абрусам пакрытую". (Менавіта так сустракалі ў нас цнатлівых нявест)... "А божачка, а мілы мой! — спахапілася Акуліна. — А як жа я забылася?".. Куляй у хату. Дастае там з шафы найлепшы, новы абрус, выносіць з каморы дзяжу, перакульвае яе ўверх дном каля воза, засцілае... Усё, можна ступаць! Маладая і рада: адной рукой абаперлася на жаніха і — з гонарам за сваю перамогу — гоп на дзяжу... Аж дзвюма нагамі...

Цяжка сказаць: ці то пасудзіна была стараватая, ці то маладуха цяжкаватая... Але ж дно не вытрымала — правалілася. А следам — і дзеўка.

Рогату было — на ўсю вуліцу!.. Слоў усялякіх таксама. Першыя — самыя крыўдныя: маўляў, "чапаная", мусіць, дзеўка бракаваная...

Той, беднай, хоць скрозь зямлю праваліся, бо Богу ж душой не вінаватая! Ну хіба ў сваім ганарліўстве?

Схіліла яна твар да грудзей жаніха, той на рукі яе — і ў хату панёс.

...Вёска пасля гэтага, вядома ж, пашумела: нехта шкадаваў маладуху, нехта казаў, што гэта спецыяльна падстроілі, каб форс з яе збіць, хтось прадказваў маладым нядоўгае сумеснае жыццё. Але ж побач з сужэнцамі была працавітая і мудрая Акуліна. Дапамагала, чым магла, дзяцей гадавала, з хаты на чужыя языкі нічога не выносіла. Таму гэтая пара жыве і цяпер — праўнукаў у згодзе гадуе.

Л. Н.,Бярэзінскі раён.

Зявай, але рот... не разявай

Пра тое, што гучны смех ды пазяханне — прыкметы нявыхаванасці, вядома ўсім. А вось пра тое, што яны ж небяспеку тояць, баюся, не...

То непадалёк ад нас быў хутар. Жылі на ім баба Марыся і дзядуля Павел, гаспадарку трымалі, штосуботку чакалі гасцей — сваіх сыноў з сем'ямі. Тыя не ленаваліся ва ўсім дапамагаць ды і проста прыехаць любілі, пагасціць на малой радзімцы...

Так павялося, што жыццём там кіравала баба Марыся. Уставала яшчэ зацемна...

Вось і ў той раз прачнулася, пацягнулася на ложку, села, соладка пазяхнула і...

Нешта зрабілася: рот не закрываецца!

Яна да дзеда. Той прабудзіўся, вочы вырачыў, зразумець не можа, што гэта з бабай зрабілася? А тая, бедная, ужо да дзяцей у паніцы: неапранутая, растрапаная (ведама, толькі з ложка) — знай сабе мычыць, разявіўшыся ды пальцамі на рот паказвае.

Дзякаваць Богу, здагадаліся дзеці, што трэба яе да доктара везці. Мужчыны кінуліся на двор — каня запрагаць, маладухі-нявесткі ўпохапкі — адна з аднаго боку, другая — з другога, давай апранаць матулю, давай абуваць ды хустку завязваць...

Яшчэ і не развіднела як след, хворая ўжо ў бальніцы была — балазе, яна недалёка ад хутара ды і конік добры. Сядзяць у калідоры — чакаюць доктара. Той хворую ўбачыў — аж аслупянеў... Але ж сцяміў, у чым тут справа. Да бабулі падышоў і... кулаком ёй — у сківіцу. Сыны як усхопяцца... А ў маці — глядзяць — рот... закрыўся: валасы прыгладжвае, хустку папраўляе ды нявестак бэсціць: "Гэта ж падумаць, як яны мяне апранулі! У чым з хаты адправілі. І куды? Да доктара!".

Той аж не вытрымаў: "Цішэй трохі, цётачка, моцна крычаць я б вам не раіў — зноў можа сківіца выскачыць".

Карацей, дарога дамоў была ўжо куды весялейшая...

А там і жыццё пайшло сваім ходам. Вось толькі Марыся з той пары больш ніколі моцна не разяўлялася, гучна не крычала, нават размаўляць стала трохі цішэй, бо што: нездарма ж людзі кажуць, што сцеражонага Бог сцеражэ?

Л. Вішнева, Іўеўскі раён.

Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Самая смачная гарбата Гэтая гісторыя здарылася ў той незабыўны час, калі мы, дзве маладыя настаўніцы, пасля ўніверсітэта пачыналі працаваць у вёсцы, жылі на...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика