АЛЁ, Народ на провадзе
26.01.2013
—
Новости Общества
|
Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца!
Дзяцінства маё прайшло на пінскім Палессі, у вёсцы, што ў двух кіламетрах ад Прыпяці. Рэчка гэта вядомая сваёй прыгажосцю, сваёй рыбалкай, а яшчэ — сваімі паводкамі. Некалі, прынамсі, былі вёсны, калі вада ў ёй разлівалася так, што "гуляла" ў нас па вуліцы, хвалямі біла ў сцены дамоў. І тады вяскоўцы ўжо не хадзілі, яны... плавалі. Да таго ж на лодках перавозілася ўсё — ад розных гаспадарчых рэчаў да свойскай жывёлы. У маіх бацькоў, напрыклад, апроч іншага, было не то сем, не то восем авечак, якіх штодзень трэба было вывозіць на пашу. З дому ды на першую зялёную траўку яшчэ палова бяды: лодку можна падагнаць як мага бліжэй да хлява, потым адчыніць дзверы... Няпраўду кажуць: "Дурны, як авечка". Сведчу: яны не дурныя, бо мусіць жа разумелі, што паедуць пасвіцца — самі з ахвотай заходзілі ў лодку. Але ж потым, здаралася, плывеш з імі па вадзе, а яны пачнуць дурэць, створаць нейкую мітусню. Пасля чаго не адна, дык другая возьме ды зваліцца за борт. Паспрабуй іх, мокрых, выцягнуць... І прычаліш да берага — таксама не палягчэе, бо авечкі з лодкі павыскокваюць — і гайда на прастор, да зялёнага корму. Ведама ж, сена за зіму надакучыла! А ты глядзі іх, пасі... Аднак самае складанае пачыналася потым: перад захадам сонца авечак трэба было сабраць у кучу і загнаць у лодку. Каб зрабіць гэта, даводзілася добра пакрычаць, пагойсаць па полі.Сцямнее, пакуль управішся, а трэба ж яшчэ даплыць... І за шчасце — калі без прыгод. Карацей, толькі, дабраўшыся дадому і загнаўшы авечак у хлеў, можна было з палёгкай уздыхнуць, можна было нарэшце адпачыць, каб... Каб назаўтра тую ж самую "песню" пачаць спачатку. Ці не таму нам, дзецям, так хацелася... пайсці ў школу? Л.А. Палхоўскі, г. Брэст. Сябры маіх сяброўПра тое, што язык да Кіева давядзе, ведаюць усе. А вось як з таго ж Кіева выбрацца?.. Чароўная, калядная, можна сказаць, гісторыя. У 70-х гадах мінулага стагоддзя служыў я ў войску. Ва Украіне. І менавіта ў гэты ж час двум братам маім прыспічыла жаніцца. Мне б на вяселле... Служба ёсць служба: да аднаго брата не трапіў — не пусцілі. Колькі там часу прайшло — запрашае другі... Зноў іду да бацькоў-камандзіраў, і зноў ледзьве не плачу: напрамілы Бог, адпусціце! Што вы думаеце — на гэты раз пашчасціла, пачулі яны: дазволілі з'ездзіць дамоў. Аж на цэлых сем дзён! Аднак аднаго дазволу мала: патрэбны былі дакументы на праезд і, вядома ж, грошы. У мяне — ні таго, ні другога. Хлопцы-саслужыўцы выручылі: усёй казармай мне грошы сабралі. Хто рубель пазычыў, хто два, старшына дык нават дзясятку даў. Палічылі. Прыкінулі, што на білет павінна хапіць, а без ежы можна і абысціся. Так нават лепш: на вяселле ж еду. Да Кіева дабраўся хутка. Гляджу: народу на вакзале (справа была напярэдадні кастрычніцкіх свят) — макаваму зернетку не ўпасці! Чэргі да кас аж на вуліцу стаяць... Заняў. І гадзіны тры адстаяў, каб пачуць, што няма білетаў — ні на той дзень, ні на наступны. І вечар на дварэ, кішкі марш іграюць, начаваць няма дзе... Выйшаў на перон — бачу, непадалёк нейкі мужчына стаіць. І мяне ну як магнітам да яго прыцягвае! Падышоў, усё як ёсць расказаў — першаму сустрэчнаму... Не дзіва, што той выслухаў. Дзіва, што кажа: "Я дапамагу"... Вось толькі аўтобус на Мінск гадзіны праз дзве будзе. Трэба, маўляў, пачакаць. Можна, каб час не марнаваць, Кіеў паглядзець, па Крашчаціку прайсціся. Я, вядома ж, згадзіўся — рушылі. А тут гастраном па дарозе. Мой спадарожнік адразу туды — і ў гарэлачны аддзел. Дастаў з кішэні свае грошы, у мяне рубель папрасіў. Я без шкадавання даў... Купіў ён бутэльку, пачак пячэння. Прапанаваў мне выпіць. Ад віна я адмовіўся (хапіла розуму), а вось пячэнне з’еў... Ну вельмі смачнае было! Нацянькі ад таго гастранома да вакзала зусім блізка было. І аўтобус на Мінск на платформе — поўным ходам пасадка ішла. Я рушыў было да кіроўцы — прасіцца, каб падвёз, але мой новы знаёмы мяне спыніў: падышоў сам, павітаўся, папрасіў: "Падкінь майго сябра да Мінска". Той толькі зірнуў на мяне: "Добра". Я, вядома, рады, але: "Колькі плаціць?" — пытаюся, бо грошай жа кот наплакаў. "Сябра майго сябра, — усміхаецца той, — я давязу бясплатна. Займай там месца". ...Вось так я выехаў з Кіева. Язык выручыў? Магчыма. Але ж найперш — добрыя людзі: Бог, кажуць, заўсёды пасылае іх, калі хоча дапамагчы. Іван Курсевіч, в. Суботнікі, Іўеўскі раён. Насі і не кашляй!"Усё цячэ. Усё мяняецца", — сцвярджаў грэчаскі філосаф-матэрыяліст Геракліт. І сапраўды. Цяпер вось спецыялісты кажуць, што найлепшае адзенне — з натуральных тканін: з лёну, віскозы, з бавоўны. Яно, маўляў, і моднае, і для здароўя найлепшае. А вось некалі... У Мінску на галоўным праспекце вялікая крама была з гучнай назвай "Сінтэтыка". І чэргі ля яе стаялі не меншыя, а часам, можа, і большыя, чым каля "Лянка", ГУМа ці ЦУМа. Аднак тут і цяпер не пра нашу сінтэтыку. У шасцідзясятых гадах мінулага стагоддзя паехаў я ў камандзіроўку ў Маскву. Яна тады была сталіцай СССР, а ўяўлялася яшчэ і пачынальніцай усяго самага лепшага, самага перадавога, дыктавала моду ўсім сваім рэспублікам... Дык вось. Парабіў я там усе неабходныя справы і ў вольную часіну пайшоў гуляць па горадзе, а заадно заходзіў у крамы. У адной з іх — з парога ўбачыў, бо літары з аршын — надпіс "Лечебное бельё". Я падобнага не толькі ніколі не бачыў, нават не чуў, што бывае. Таму, вядома ж, зацікавіўся, падышоў бліжэй. Гляджу: там жа, але меншым шрыфтам напісана, што гэтая бялізна не толькі засцерагае ад прастудных захворванняў, яна і лечыць ад іх — з дапамогай электрычных разрадаў. Пастаяў я, пачухаў патыліцу: трэба, думаю, узяць. Справа ў тым, што я тады вельмі часта прастуджваўся. Ведама, моладзь. Яна, мусіць, ва ўсе часы не любіць цёпла апранацца. І цяпер, як пагляджу, у многіх нават у лютыя маразы куртачкі канчаюцца вышэй, чым пачынаюцца джынсы. Спіны голыя. Дык адкуль яму быць — здароўю?! ...Карацей — раскашэліўся я на той камплект "лекавай бялізны". Цвёрда рашыў, што ўсё — няма дурных: буду насіць. Вярнуўшыся з камандзіроўкі, адразу ж дастаў абноўку з пакета і найперш страсянуў — у пакоі аж павіднела ад іскраў!.. Значыць, думаю, не падманулі масквічы: бялізна сапраўды лекавая, сапраўды "выпрацоўвае" электрычнасць! Я быў вельмі задаволены і бялізну тую насіў... Аднак хварэць, на жаль, менш не стаў. Чаму? Цяпер мы пра гэта ведаем. Уладзімір Шулякоўскі, г. Мінск Бог усё бачыцьУ час любімых калядных святаў пашчасціла мне пабываць на рэдкай бяседзе — пасядзець за адным сталом са святарамі. Вось ад іх і пачуў я гэтую гісторыю. ...Неяк два бацюшкі (адзін за рулём, другі побач) на асабістай машыне вярталіся з Магілёва. Дадому спяшаліся, таму не дзіва, што хуткасць крыху перавысілі. І трэба ж — як на тое ліха, даішнікі на дарозе стаяць, спыняюць іх сваімі паласатымі палкамі, збіраюцца штраф выпісваць. Ну што тут будзеш рабіць? Плаціць яно ж нікому не хочацца, але куды ты дзенешся, калі правініўся. Таму кіроўца нейкіх паблажак прасіць не стаў, палез у кішэню, выцягнуў грошы, адлічыў названую суму. Толькі аддаваць — другі святар за руку яго цоп. Пачакай, кажа, не спяшайся. Гэтыя ж хлопцы (паказвае на даішнікаў) не бедныя: ім на дарозе грошай "насвістаць" — што тры разы плюнуць. Не тое, што нам з табой: з прыхаджан па капейцы збіраць, каб царкву закончыць... — Дык вы што — святары? — насцярожыліся інспектары. — Так. — А чым дакажаце? Пераглянуліся айцы: ну сапраўды, чым? Вопратка на іх цывільная... — Дык бароды ж, — выказвае здагадку адзін. — Ну і што? Знайшлі чым здзівіць, — кажуць хлопцы ў пагонах. — Цяпер шмат хто галіцца не хоча: з бародамі і маляры, і махляры — многія ходзяць. Так што гэта не доказ. Тут божыя служкі яшчэ пераглянуліся — і як "грымнуць": на дарозе, у чыстым полі ды ў два барытоны: "Царю Небесный, Утешителю, душе истинный...". Даішнікі знячэўку аж шапкі пазнімалі. І нават больш за тое! Ужо яны дастаюць з кішэняў грошы і... працягваюць парушальнікам. — Гэта, — кажуць, — вам ад нас... Хай не вялікія, але ж ахвяры... На будаўніцтва храмаў. — Ад каго? За каго маліцца нам? — спыталі ўзрадаваныя айцы. — Як вашы імёны? — Не трэба імёнаў. Бог жа ўсё бачыць і ўсё ведае, — адказалі сціплыя супрацоўнікі ДАІ і, пажадаўшы святарам шчаслівай дарогі, пайшлі працаваць далей. В.М., г. Магілёў Рубрыку вядзе Валянціна Доўнар. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вучыцца, вучыцца і яшчэ раз вучыцца! Дзяцінства маё прайшло на пінскім Палессі, у вёсцы, што ў двух кіламетрах ад Прыпяці. Рэчка гэта вядомая сваёй прыгажосцю, сваёй...
|
|