Лямпачка Iльіча, керагаз і Антосевы штаны
26.01.2013
—
Новости Общества
|
Здаўна вядома: пэўная частка людзей заўсёды насцярожана, а то і наогул адмоўна ставіцца да ўсяго новага ды нязвыклага. А вось мой дзядзька любыя навацыі ўспрымаў з энтузіязмам і захапленнем. Ён і ў калгас уступіў у ліку першых, і працаваў там самааддана за пустапарожнія працадні... А калі ў 1959 годзе пачалася электрыфікацыя нашай вёскі, дзядзька першым падключыўся да электралініі. «Во да чаго дажылі сялянскія дзеці: націснуў на кнопку — і сонца ў хаце!» — гаварыў ён. Я не раз успамінаў тыя дзядзькавы словы. І калі ў маім вясковым доме з’явіліся вада і цэнтральнае ацяпленне, тэлефон звычайны і тэлефон мабільны, нарэшце, камп’ютар і Інтэрнэт... На жаль, да гэтага цуду дзядзька не дажыў. А вось мая суседка баба Наста ў 1959 годзе ад лямпачкі Ільіча адмовілася наадрэз. На пытанне вяскоўцаў, чаму яна не праводзіць у сваю хату «электрыку», рашуча адказвала: «Газавай лямпай я ў кожным куточку пасвяціць магу, а электрычную яны прывяжуць да столі, і што тады рабіць?» Цяпер і я разумею, як цяжка ў сталым узросце мяняць свае звычкі. Узяць хоць бы дзеда Антося, яшчэ аднаго майго аднавяскоўца. Ён круглы год хадзіў у ватных штанах, нядзіўна, што за некалькі гадоў яны сталі чорнымі і бліскучымі, нібыта са скуры. І так камфортна дзед Антось адчуваў сябе ў гэтых штанах, што ніякія жончыны ўгаворы і кпіны на яго не дзейнічалі. Ішоў час, дабрабыт вяскоўцаў мяняўся, людзі сталі лепш апранацца, і баба Зося, жонка дзеда Антося, вырашыла канчаткова змяніць ягоны, як цяпер кажуць, імідж. У краме купіла новыя баваўняныя штаны, бліскучыя — надзейна схавала, каб зімой непрыкметна спаліць у печы. Дзед Антось новыя штаны надзеў, але хадзіў змрочны і ўсё крахтаў і стагнаў, нібыта ад цяжкай хваробы. «А праз некалькі дзён, — расказвае баба Зося, — чую, бармоча мой Антось: «Ешчэ Польска не згінэла». Заходжу ў хату, а ён аж свеціцца ад шчасця, а на ім — ватныя бліскучыя штаны. Знайшоў, каб яго пранцы!» Дарэчы, баба Наста, наведваючы сусе-дзяў, хутка пераканалася ў перавагах электрычнасці, асабліва калі з’явіліся першыя тэлевізары, і праз некаторы час «падключыла сваю хату да прагрэсу». Толькі вось замяніць керагаз на газавую пліту не пагадзілася: ён здаваўся ёй больш надзейным і бяспечным. ...Новыя людзі, якія купілі хату бабы Насты, калі яна пераехала да дачкі ў Рыгу, вынеслі керагаз на гарышча. Там ён і стаіць дагэтуль разам з іншымі сімваламі мiнулай эпохі: калаўротам, кроснамі, хлебнай лапатай і драўлянай ступай. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Мой дзядзька навацыі ўспрымаў з энтузіязмам і захапленнем...
|
|