Аўтобусны білет — і той праз інтэрнэт
29.01.2013
—
Новости Общества
|
Каб напісаць для "Звязды" аб магчымасцях мясцовай "Электроннай Швецыі", я выехала са Стакгольма ў невялічкі гарадок Упсала і распытала пра іх у студэнта мясцовага ўніверсітэта Адама Хубарга. — Памятаеш час, калі пачаў самастойна "хадзіць" у інтэрнэт? — Здаецца, гэта было дзесьці ў 12 ці 13 гадоў, цяпер мне 26. Мне тады было цікава, што гэта ўвогуле такое. Рабіў розныя запыты ў пашукавіках накшталт таго, як выглядае тая ці іншая жывёліна, шукаў розныя мелодыі. Зразумеў, што інтэрнэт не цацка, ён можа вучыць і дапамагаць пазнаваць свет. Цяпер выкарыстоўваю яго выключна для працы, а кантактаваць з сябрамі і блізкімі людзьмі стараюся асабіста. — Якімі паслугамі ты можаш карыстацца пры дапамозе інтэрнэту ў сваім горадзе? — У Швецыі сёння праз інтэрнэт можна зрабіць усе, што пажадаеш. Аплаціць любыя паслугі, купіць тавары, запісацца на спартыўныя секцыі. Аднак замяніць саму трэніроўку інтэрнэт, зразумела, не зможа — тут я мушу ісці ў залу і трэніравацца сам. — Наколькі ён у вас даступны? Ці шмат грошай ідзе на яго аплату? — Уся інтэрнэт-інфраструктура тут — дзяржаўная, але існуе каля дзясятка правайдараў, якія "прадаюць" інтэрнэт. Я плачу дзесьці 250 крон у месяц (каля 30 еўра) і лічу, што гэта дорага. І не разумею, за што павінен плаціць такія грошы правайдару: за тое, што кабель падвялі да камп'ютара? Існуе агульнаўніверсітэцкі бясплатны вайфай, але ён марудны, бо адначасова шмат студэнтаў ім карыстаюцца. Таму я вымушаны быў падключацца дома. — А калі табе трэба будзе звярнуцца да ўлад з якім-небудзь пытаннем ці, напрыклад, адкрыць свой бізнэс — гэта таксама можна зрабіць праз інтэрнэт? — Так, у Швецыі гэта можна зрабіць анлайн. Я думаю, калі мне спатрэбіцца адкрыць бізнэс, то накірую заяўку ў Skаttеvеrkеt (гэта арганізацыя, якая займаецца пытаннямі падаткаў, рэгістрацыі насельніцтва, маёмасці). А калі спатрэбіцца яго закрыць — безумоўна ж, зраблю тое самае. Хадзіць сам у офіс я не буду. Але ёсць у нас даволі значная катэгорыя людзей, напрыклад, старэйшага пакалення, для якіх авалоданне інтэрнэтам з'яўляецца справай складанай. Яны па-ранейшаму могуць выкарыстоўваць звычайную пошту ці прыйсці ў кантору асабіста падаваць паперы. Але такіх людзей тут усё меней. — Атрымліваецца, што краіна амаль перайшла на электронны дакументазварот. Якія абставіны паспрыялі гэтаму? — Жыць і працаваць без папер прасцей і зручней. Мае землякі гэта добра ўсвядомілі. Напрыклад, калі я саджуся ў гарадскі аўтобус, я пасылаю sms і мне на мабільнік прыходзіць электронны білет. Грошы за білет спішуцца з майго рахунку. Кантралёру я пакажу атрыманае sms на тэлефоне — і будзе дастаткова. Гэта вельмі зручна. Калі казаць пра больш глабальныя прычыны, "электранізацыі" спрыялі, па-першае, экалагічныя клопаты. Мы любім нашу прыроду і стараемся яе берагчы. А вытворчасць паперы — гэта знішчэнне лесу. Па-другое, для кампаній гэта спосаб эканоміць паперу, а для людзей, прадпрыемстваў і арганізацый — берагчы свой час. Яшчэ гэта шанц знізіць затраты на персанал, бо калі чалавек сам можа абслугоўваць сябе праз розныя электронныя навацыі, тады прадаўцы, касіры, розныя справавытворцы будуць менш патрэбны. — Дзе-небудзь у далёкай вёсцы ў вас таксама можна спаўна карыстацца вось гэтымі магчымасцямі электроннай цывілізацыі? — Так. Гэтыя паслугі прысутнічаюць у поўным аб'ёме і там, нягледзячы на аддаленасць. У нас недзе каля 90% насельніцтва мае выхад у "сусветную павуціну". На стварэнне гэтай інфраструктуры выдаткоўваліся вялікія грошы. Затое інтэрнэт прыйшоў практычна ў кожную хату. Можа, хуткасць яго на хутары за Палярным кругам будзе крыху меншай за тую, што маем у вялікіх гарадах. Але дастатковай для карыстання ўсімі сучаснымі паслугамі, якія прапаноўваюцца і ў сталіцы. Кожны мае аднолькавыя правы на карыстанне сучаснымі камунікацыямі. Я развіталася з Адамам і рушыла да чыгуначнай станцыі. І якраз у гэты момант на мой мабільны тэлефон прыйшло sms-паведамленне. Прозвішча. Упсала — Стакгольм, 17:10, без спазненняў... Гэта і быў мой электронны білет, які я купіла праз інтэрнэт — ніякай паперы. Важна толькі дакладна знайсці свой цягнік і сваё месца. Калі што пераблытаеш — і са звычайным, і з sms-квітком у чужым вагоне будзеш лічыцца звычайным "зайцам" з усімі наступствамі. Лізавета НАВОШЧЫК. Стакгольм — Мінск. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Каб напісаць для "Звязды" аб магчымасцях мясцовай "Электроннай Швецыі", я выехала са Стакгольма ў невялічкі гарадок Упсала і распытала пра іх у студэнта... |
|