Калі вы апошні раз наведвалі бібліятэку?. 21.by

Калі вы апошні раз наведвалі бібліятэку?

29.01.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Зоя Курдзюк, кіраўнік праектаў студыі вэб-дызайну "Nіnеsеvеn", Мінск:

— У бібліятэцы я бываю толькі ў сваёй роднай Маларыце. Там у мяне маці працуе дырэктарам, таму з 4 гадоў я — іх пастаянны чытач. Чытаю шмат, але кнігі часцей за ўсё купляю. А ўсё астатняе шукаю пераважна ў інтэрнэце, бо з-за працы не хапае часу наведваць бібліятэкі. Чытаць анлайн альбо набыць кніжку мне прасцей, бо не трэба задумвацца яшчэ і пра тое, што сёння кнігі ўзяла, а потым іх трэба вяртаць. Зараз амаль у кожнага ёсць камп'ютар альбо мабільны тэлефон з доступам да інтэрнэту, што дазваляе за лічаныя хвіліны знайсці патрэбную інфармацыю. У нейкай ступені, безумоўна, такая даступнасць інфармацыі — гэта добра, але самім бібліятэкам яна стварае пэўныя праблемы. Бо ім трэба адпавядаць патрабаванням часу. Добра было б, каб бібліятэкі мелі сайт, дзе чытачы маглі б замаўляць кнігі — можа, нават з дастаўкай. Бо бачу на прыкладзе бібліятэкі ў маім родным горадзе, дзе ладзіцца многа розных сустрэч, выстаў і ёсць розныя платныя паслугі: усё роўна па кнігі прыходзяць адны і тыя ж чытачы.

  Яўген Варакса, журналіст, г. Івянец:

— Я вельмі люблю чытаць, але гарадскую бібліятэку не наведваў ужо больш за год. Гучыць абсурдна, але ў рэальнасці па-іншаму не атрымліваецца. Калі ўзнікае жаданне пачытаць нешта з сучасных аўтараў, то імкнуся купіць кнігу. Класічнай літаратуры хапае ў дамашняй бібліятэцы. А ўсё астатняе чытаю ў электронным выглядзе. На паходы ў бібліятэку проста не застаецца часу. На жаль, і там не так часта сустрэнеш новыя кнігі. Часам складваецца ўражанне, што час у нашым гарадскім кнігасховішчы спыніўся ў сярэдзіне 1990-х. Для масавага чытача будучае, безумоўна, за электроннымі кнігамі. Бо гэта зручна і больш даступна па кошце. Але папяровая кніга нікуды не знікне. Ці можна ўявіць сабе нешта больш камфортнае, чым магчымасць пасядзець халодным зімовым вечарам пад пледам з томікам Умберта Эка?..

        Ганна Косава, студэнтка факультэта права Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта:

— Я вельмі любіла літаратуру і шмат чытала ў школе. Апошнім часам у бібліятэцы часта бывала па вучобе. Мастацкую літаратуру на факультэце брала недзе год таму. Падрыхтоўка да семінараў і напісанне курсавых заўсёды забірае шмат часу. Калі не хапае інфармацыі, то звычайна спачатку шукаю ў інтэрнэце, а толькі пасля гэтага іду ў бібліятэку, каб знайсці ўсё ў першакрыніцах, якія можна адсканаваць ці сфатаграфаваць. Хаця ў інтэрнэце і шмат інфармацыі, але часам даводзіцца сумнявацца ў яе дакладнасці. Калі ж з'яўляецца вольная хвілінка, каб пачытаць што-небудзь для душы, то мне дастаткова зазірнуць у хатнюю бібліятэку маіх бацькоў альбо сяброў. Зусім нядаўна менавіта ў сябра знайшла кнігу Тэадора Драйзера "Стоік", якую ўжо даўно хацела прачытаць.

Падрыхтавала Алена ДРАПКО.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Яўген Варакса, журналіст, г. Івянец: "Я вельмі люблю чытаць, але гарадскую бібліятэку не наведваў ужо больш за год. Гучыць абсурдна, але ў рэальнасці па-іншаму не...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика