“Хлеб – ён святы!.. Хлеб нібы жывы!..”
16.02.2013
—
Новости Общества
|
ІМЯ Сцепаніды ЛУПАЧ нядаўна стала вядомым усёй краіне. І прычынай таму — хлеб. Яна не толькі зберагла традыцыю выпечкі аржанога хлеба, але і перадае свае набыткі нашчадкам. У мінулым месяцы аржаны хлеб Сцепаніды Лупач быў занесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь!
Залог шчасця і благаславення Пра хлеб Сцепаніда Лупач можа гаварыць дзень і ноч. Хлеб лічыўся асноўным прадуктам харчавання. З яго пачыналася і заканчвалася ежа. Ён спадарожнічаў членам сям’і ў полі. З ім сустракалі і праводзілі гасцей, ішлі ў сваты, на вяселле, сустракалі маладых. Абавязкова ён свянціўся на Вялікдзень. Бралі свянцоны хлеб на ніву ў час, калі зажыналі першы і апошні сноп, на будаўніцтва дома, калі закладвалі фундамент і калі першы раз уваходзілі ў новую хату. Ні ў якім разе хлеб не скормлівалі жывёле. Але ў час першага выгану ў поле каровам давалі свянцоны хлеб. З хлебам спажывалі многія стравы, таму адсутнасць яго на стале лічылася прыкметай вялікай беднасці сям’і. Як бы мала ні было хлеба ў хаце, яго заўсёды пазычалі. А вось дзяжу давалі неахвотна, таму што кожная гаспадыня рашчыняла хлеб па-свойму, магла запарыць дзяжу, у выніку чаго прападала кісля. Калі адразалі першую лусту — хрысціліся. Ні ў якім разе да выпечкі хлеба Сцепаніда Лупач не прыступае ў дрэнным настроі, хаця трэба заўважыць, ці бывае ён у яе, бо заўсёды вясёлая і добразычлівая. Ну а сам працэс прыгатавання жанчынай жытняга хлеба нагадвае ўрачысты рытуал з захаваннем народных традыцый: — Мой хлябок дзён восем не чарсцвее, — зазначае Сцепаніда Аляксандраўна. — А сакрэт у тым, што я ведаю, як прапорцыю прадуктаў захаваць. Якога памолу муку ўзяць, як зрабіць закваску і як лепей вымесіць! З прыбіральшчыцы — у начальнікі! Канечне, мажліва, чытачу хочацца трохі ведаць, хто ж такая Сцепаніда Лупач? Адкуль у яе ўсё гэта пайшло? Родам яна з Палесся, з хутара Паўлава, што на Берасцейшчыне. У бацькоў было шасцёра дзяцей. У пошуках лепшай долі падаліся ажно на Урал, але неўзабаве вярнуліся. Праўду кажуць, што добра там, дзе нас няма. У вёску Дзеркаўшчына, што на Глыбоччыне, Сцепаніда прыехала да дваюраднай сястры, ды і засталася тут. Працавала ў свой час на цагельным заводзе, прадаўцом, рахункаводам у сельскім Савеце, поварам у школе, прыбіральшчыцай у сельскім клубе. Справа ішла пад пенсію. Некаторыя лічаць, што гэтая пара — ледзь не канец жыцця. Для Лупач жа яно сапраўднае толькі і пачалося. Памяркуйце самі: з прыбіральшчыцы Заварацкага клуба яна становіцца адразу яго… загадчыцай. З гэтым даволі нечаканым прызначэннем змянілася і жыццё жыхароў навакольных вёсак. Традыцыйнымі сталі вячоркі, выставы творчасці народных майстроў, канцэрты мастацкай самадзейнасці на розных святах. Праўда ці не, але гавораць, што заспявалі нават тыя, хто ніколі ў жыцці не спяваў. Яшчэ два гады Сцепаніда працавала ў Дзеркаўшчынскай бібліятэцы. Яна не чакала чытачоў у цёплым пакоі, а сама ішла да іх з сумкай, напоўненай кнігамі, у самыя аддаленыя вёскі: Альховікі, Сазонаўшчыну, Волкаўшчыну. Яна была іх інфарматарам аб жыцці ў гаспадарцы і раёне ці проста добрым спагадлівым дарадчыкам, чалавекам, які заўсёды адгукнецца на чужую бяду. І не дзіўна, што менавіта Сцепаніда Лупач стала ініцыятарам, а потым і галоўным арганізатарам будаўніцтва царквы Святога Панцеляймона ў Дзеркаўшчыне: збірала грошы, даставала будаўнічыя матэрыялы, дамаўлялася з рабочымі. На адкрыццё царквы прыехаў сам Уладыка Полацкі і Глыбоцкі архіепіскап Феадосій, які выказаў жанчыне асаблівую падзяку. Ну і вядома, чым бы Сцепаніда Аляксандраўна ні займалася, ніколі не забывалася пра сваё хобі — выпечку хлеба. — Шаснаццаць год, як я на пенсіі, — кажа яна, — але гэтай справе ніякі ўзрост не перашкаджае. Я з маладосці захапілася ёй. Ад маці перадалося. Дзяцей было многа, і маці часта пякла нам булкі, пончыкі. Ну а хлеб у яе быў самы смачны. У маці я навучылася зачыняць цеста, мясіць яго. Калі сваю сям’ю займела, таксама захацелася дзяцей смачнай выпечкай парадаваць. Далей — болей. Пачала пячы для вясельных сталоў, для раённых свят, прыёму дэлегацый. Хлебнай справе Сцепаніда Лупач навучыла сваіх дачок, настаўніцу Галіну Баброўскую і прадаўца Валянціну Гіголу, а таксама ўнукаў — студэнтку Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта Наталлю Баброўскую, студэнтку Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М. Танка Яну Баброўскую і вучня Дзеркаўшчынскай СШ Аляксандра Баброўскага. Майстар шчодра дзеліцца сваімі сакрэтамі з вучнямі мясцовай школы, настаўнікамі, работнікамі культуры. У Дзеркаўшчынскім цэнтры культуры і раённым метадычным цэнтры сабраны багаты фота- і відэаматэрыял па старадаўніх рэцэптах, якія выкарыстоўвае Сцепаніда для прыгатавання хлеба, булак, артуса, раўгені, квасу. Сцепаніда Лупач з’яўляецца актыўнай удзельніцай міжнародных, рэспубліканскіх, абласных і раённых мерапрыемстваў: «Квітней, Глыбоччына», беларускай нацыянальнай кухні «Беларускія прысмакі», фестывалю «Славянскі базар», Дзён культуры Віцебскай вобласці ў Мінску. Яе хлеб вазілі ў Ерусалім, клалі да гроба Гасподня. Потым гэты хлеб дзялілі і раздавалі паломнікам. …Работнік раённага метадычнага цэнтра Наталля Нікіфаровіч, якая рыхтавала паперы для прадстаўлення выпечкі аржанога хлеба Сцепанідай Лупач на камісію Міністэрства культуры і не адзін дзень правяла побач з майстрам, прыгадвае: — Нараджэнне хлеба — заўсёды цуд! Галоўнае, мець цярпенне і любоў да справы, якую пачынаеш. Разам са Сцепанідай Аляксандраўнай мы рашчынялі рашчыну, замешвалі цеста, раскладвалі ў формы і ставілі ў печ. А потым з нецярпеннем чакалі, калі будзе гатовы. І вось — ён! Па ўсёй хаце разносіцца пах: нейкі незвычайны і таямнічы. Сцепаніда Аляксандраўна закрывае ручніком, каб астыў. Хлеб — святы!.. Хлеб нібы жывы!.. Уладзімір САУЛІЧ, «БН» Фота Наталлі НІКІФАРОВІЧ Рэцэпт ад майстра Выпечка жытняга хлеба складаецца з некалькіх стадый: прыгатаванне квасніка (закваскі), квасу, на якім рашчыняецца хлеб, замескі і непасрэдна выпечкі хлеба.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ІМЯ Сцепаніды ЛУПАЧ нядаўна стала вядомым усёй краіне. І прычынай таму — хлеб. Яна не толькі зберагла традыцыю выпечкі аржанога хлеба, але і перадае свае набыткі...
|
|