ПРАДБАЧЫЦЬ ПАСЛЯЗАЎТРА
20.02.2013
—
Новости Общества
|
Палітычны клуб "Звязды" Здольнасць Беларусі супрацьстаяць другой хвалі глабальнага крызісу залежыць ад таго, наколькі правільна вызначаны прыярытэты і вылічаны будучыя рызыкі яе эканамічнай мадэрнізацыі. Пра ўмовы паспяховай эканамічнай мадэрнізацыі разважаюць палітычны аглядальнік рэдакцыі Арсеній Сівіцкі, дырэктар кансалтынгавай кампаніі Sіnkеvісh Tесhnоlоgіеs Аляксандр Сінкевіч, старшыня Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліўна-энергетычным комплексе, транспарце і сувязі Палаты прадстаўнікоў Дзмітрый Харытончык, кіраўнік Беларускай групы развіцця Юрый Царык і дырэктар Даследчага цэнтра Інстытута прыватызацыі і менеджменту Аляксандр Чубрык. Колькі трэба грошай?
Арсеній Сівіцкі: Пад мадэрнізацыяй эканомікі, як правіла, маецца на ўвазе тэхналагічная мадэрнізацыя. Летась была прынята Праграма развіцця прамысловага комплексу Беларусі на перыяд да 2020 года, якая патрабуе фінансавых уліванняў у памеры каля $90 млрд. Аднак ці не памылкова абмяжоўвацца толькі тэхналогіямі? І ці ёсць у нас сёння неабходныя рэсурсы для комплекснай мадэрнізацыі? Аляксандр Чубрык: Сёння нам патрэбны структурныя рэформы — такія змены ў эканамічнай палітыцы, якія спрыяюць развіццю прыватнага сектара, а значыць, і эфектыўнаму размеркаванню рэсурсаў. У гэтым кантэксце трэба гаварыць пра мадэрнізацыю не выключна ў тэхнічным ці інвестыцыйным сэнсе, а пра мадэрнізацыю мадэлі эканамічнага развіцця. Сусветны банк даследаваў вытворчыя ланцужкі, калі наверсе стаіць буйны экспарцёр, эфектыўная кампанія, напрыклад, МАЗ, і існуе ланцужок кампаній, якія абслугоўваюць яго (робяць нейкія дэталі ці інш.). Атрымалася, што тыя кампаніі, якія стаялі наверсе, працавалі больш-менш па рынкавых прынцыпах, а тыя, што ніжэй, субсідаваліся і дзяржавай, і буйной кампаніяй. То бок прыватызацыя вось гэтага ланцужка дазволіла б павысіць эфектыўнасць усяго комплексу прадпрыемстваў. На мадэрнізацыю ў гэтым сэнсе грошай патрэбна не шмат. Аляксандр Сінкевіч: Гаворачы аб тым, што такое мадэрнізацыя, я зазірнуў бы глыбей, падняўшы некаторыя філасофскія аспекты гэтага пытання. Для мяне мадэрнізацыя — гэта не проста змена формаў уласнасці. Зараз глабальны крызіс прывёў да таго, што рынкі збыту звужаюцца, канкурэнцыя рэзка ўзрастае. Сусветны рынак месцамі трашчыць па швах. Чаму гэта адбываецца? Не думаю, што гэта крах капіталізму, але гэта і не звычайны цыклічны крызіс. Проста адбываецца змена тэхналагічнага ўкладу: адзін аджывае сваё, новы толькі зараджаецца. Таму мне сам тэрмін "мадэрнізацыя" не падабаецца — гэта арыентацыя на сучаснасць. Трэба казаць пра "футурызацыю" эканамічнай мадэлі, хоць гэта гучыць крыху нязвыкла. Але трэба зазіраць у будучыню, глядзець, якія тэхналогіі будуць запатрабаваны тым тэхналагічным укладам, які прыйдзе на змену цяперашняга. Для гэтага ўжо сёння неабходна закладаць асновы.Дзмітрый Харытончык: З гэтым можна толькі пагадзіцца. Зараз вельмі інтэнсіўна адбываюцца працэсы глабалізацыі, у тым ліку ў сферы бізнэсу. Нам нельга адставаць ад гэтых працэсаў, неабходна інтэнсіўна ўключацца ў іх. Сёння найбольш значнымі фактарамі эканамічнай мадэрнізацыі становяцца тэхналагічныя інавацыі і выпрацоўка эфектыўных кіраўніцкіх бізнэс-мадэляў. Юрый Царык: Калі мы гаворым пра мадэрнізацыю, размова ідзе, па сутнасці, пра дзве рэчы: пра рэзкае якаснае ўзмацненне нашых вытворчых сіл, г.зн. тэхналагічная мадэрнізацыя, і стварэнне аптымальнай сістэмы атрымання фінансава-эканамічных эфектаў ад гэтых тэхналогій, іх капіталізацыі і манетызацыі. І ў гэтым плане і формы ўласнасці, і многія іншыя інстытуцыянальныя рэчы — гэта інструменты таго, як гэта найлепшым шляхам можна рэалізаваць. Справа не толькі ў замене станкоўАрсеній Сівіцкі: Часам з'яўляецца такое адчуванне, што паняцце мадэрнізацыі падмяняюць паняццем прыватызацыі або інвестыцый, нібыта калі мы зараз рэзка правядзём прыватызацыю, гэта аўтаматычна вырашыць мадэрнізацыйныя задачы. Цалкам выпадаюць з поля зроку пытанні менеджменту, кіравання інавацыямі і тэхналагічнымі ланцужкамі, інфарматызацыі, навукова-даследчыя і доследна-канструктарскія работы. Гэта ж тычыцца канцэпцыі стварэння прамысловых кластараў, якая прадугледжваецца Стратэгіяй прыцягнення прамых замежных інвестыцый у Беларусь на 2011—2015 гады. Узнікае такое ўражанне, што гэтыя пытанні наогул ніяк не асэнсоўваюцца! Д.Х.: Сапраўды, у большасці выпадкаў пад мадэрнізацыяй у нас разумеецца простая замена станкоў на больш сучасныя, больш эфектыўныя. Але гэта абсалютна памылковае ўяўленне. Таму пагаджуся, што лепш казаць не пра мадэрнізацыю, а пра развіццё, якое мае на ўвазе не толькі замену абсталявання. Здзіўляе неразуменне патрабавання аб тым, каб кожны кіраўнік прадпрыемства меў план перспектыўнага развіцця. Але сёння многія не маюць яго і не ведаюць, як яго скласці. Цяпер ужо не праблема зрабіць тавар з пэўным сабекоштам, а праблемы ўзнікаюць пры яго рэалізацыі. А тут ужо павінна працаваць цэлая інфраструктура, якая не абмяжоўваецца толькі вытворчым прадпрыемствам: тут павінны быць і фінансавыя механізмы (сёння гэта сусветная практыка, калі прадавец прыходзіць на рынак з крэдытнымі сродкамі, якімі можа скарыстацца пакупнік), і кіраўніцкія інструменты, гэта паслугі па аказанні абслугоўвання і кансалтынгу, і г.д. Прывяду прыклад у дачыненні да БелАЗа, тэхніка якога валодае высокай канкурэнтаздольнасцю на рынку. Удзельнічаючы ў тэндары, мы прапануем лепшыя ўмовы па цане, якасці, рэсурсу машыны, але часта пры гэтым усім купляюць у нашых канкурэнтаў, таму што тыя прапануюць розныя механізмы аплаты, напрыклад, растэрміноўку плацяжу ад 4 гадоў і больш. Таму пад мадэрнізацыяй неабходна разумець не толькі замену станкоў, а падыходзіць сістэмна: ствараць і фінансавыя інструменты, і лізінгавыя кампаніі, і кіраўніцкія механізмы — гэта цэлы спектр, які неабходна развіваць. Аляксандр Чубрык: Я хацеў бы яшчэ падняць адно важнае пытанне: чым у гэтай мадэрнізацыі павінна займацца дзяржава? І адказ тут відавочны. Дзяржава мусіць спрыяць стварэнню адпаведнага бізнэс-клімату. Адсутнасць у Беларусі адпаведнага экспартна-імпартнага банка — вельмі надзённае пытанне для нашага экспарту, з якім сутыкаецца не толькі БелАЗ. Стварэнне такога банка насамрэч вельмі істотна павысіць магчымасці нашага экспарту, тым больш для яго падтрымкі можна звяртацца да сусветных фінансавых інстытутаў, напрыклад, Сусветнага банка. Але гэта толькі адзін з патрэбных крокаў. Чаму ў пытанні мадэрнізацыі вельмі істотна, хто ўласнік — дзяржава ці прыватнік? Я далёкі ад думкі, каб казаць, што прыватызацыя адразу чароўным чынам усё зменіць і пачнецца хуткі эканамічны рост. Відавочна, што дзяржава не можа кантраляваць усё: спроба такога кантролю ў Савецкім Саюзе скончылася дэфіцытам ды эканамічным крызісам. Значыць, патрэбна дэцэнтралізацыя. Прыватнік, разумеючы рынак, сам вырашае: дзе, што і куды інвеставаць. Між тым зараз Беларусь мае знешні доўг каля 60% ад валавога ўнутранага прадукту. Гэта рыса, за якой доўг робіцца цяжарам: яго трэба выплачваць і абслугоўваць. Мы мусім выплачваць па знешнім доўгу $3-4 мільярды штогод. Але ў 2013—2015 гадах мы ўжо не будзем мець такіх магчымасцяў па экспарце і рээкспарце расійскіх нафтапрадуктаў, якія мелі раней. Нават калі мы захаваем аб'ёмы 2012 года, дадатковых грошай не будзе. Больш за тое, у другой палове 2012 года наш імпарт пачаў расці вельмі хутка, прычым імпарт не энергетычны, а імпарт, звязаны з тымі ж самымі інвестыцыямі. Калі мы кажам, што патрэбны грошы на мадэрнізацыю, нават з удзелам дзяржавы, мы мусім браць да ўвагі, што нам зараз патрэбны грошы, каб, апроч іншага, разлічыцца і са знешнім доўгам, і за імпарт. Калі гэтых грошай няма, Беларусь апынаецца зноў у праблемнай сітуацыі. Бо як толькі пачнуцца праблемы з імпартам-экспартам і знешнім доўгам, будзе абясцэньвацца нацыянальная валюта. І гэта не дадае стабільнасці сітуацыі. Таму першае, пра што трэба клапаціцца, — стабілізацыя макраэканамічнай сітуацыі для таго, каб былі нармальныя ўмовы і па інфляцыі, і па валютным курсе. Пры такой інфляцыі, такіх працэнтных стаўках па крэдытах ніякай інвестыцыйнай актыўнасці таксама не будзе. І зноў усё гэта кладзецца цяжарам на бюджэт. Таму тут пытанне сродкаў вельмі істотнае. Перад тым, як пераходзіць да пытання інавацый, трэба вырашыць гэтыя базавыя праблемы. А што, калі заўтра новая тэхналагічная рэвалюцыя?Ю.Ц.: Мадэрнізацыя ў сэнсе тэхналагічнага развіцця складаецца з трох складаных рэчаў, і ў нас ёсць праблемы па ўсіх трох. Першае, прагназаванне развіцця, праектаванне рынку збыту ў аператыўным гарызонце да 30 гадоў, а ў стратэгічным — да 70-100 гадоў. Другое, калі мы вызначылі тып прадукцыі будучыні (далі заданне для канструктараў), фармулюецца заданне для інжынераў — станкі, але не цяперашняга тэхналагічнага ўкладу, а таго, які таксама будзе актуальны праз 70-100 гадоў. Трэцяе, уласна падбор станкоў пад распрацоўку новых відаў прадукцыі. У гэтым сэнсе ў нас ёсць шэраг перадавых машынабудаўнічых прадпрыемстваў, у тым ліку БелАЗ, якія імкнуцца ўтрымліваць гэтыя фокусы ўвагі. Але ў цэлым сітуацыя вельмі цяжкая. Асобная размова — кластары. У адной са стратэгій урад прапісаў стварэнне каля паўтара дзясятка кластараў. Але кластар пачынаецца з таго, што вызначаецца, які сусветны лідарскі прадукт ён будзе вырабляць. Потым — хто яго 5 асноўных канкурэнтаў, і, нарэшце, чаму ён іх абыдзе. На жаль, падобнага праектавання кластараў у нас няма. Беларуская група развіцця прапануе будаваць у Беларусі не адну, а тры АЭС, і не гнаць энергію на экспарт, а рабіць "энергетычны афшор" з вельмі таннай электраэнергіяй для тых, хто размесціць тут свае вытворчасці, плюс падатковыя льготы, і праз гэта павялічваць лакалізацыю тэхналогій і г.д. Ал.С.: Я сам з'яўляюся прадстаўніком прыватнага сектара, але, працуючы з сотнямі розных прадпрыемстваў, зрабіў выснову, што форма ўласнасці ніяк не звязана з эфектыўнасцю прадпрыемства. Тое, што прыватнік нібыта заўжды эфектыўнейшы за дзяржаўную фірму — ідэалагічны міф. Пытанне не ва ўласніку, а ў механізмах эфектыўнага кіравання бізнэсамі розных маштабаў. Напрыклад, кіраванне разнастайнай драбязой: дзяржава проста не ў стане за ўсім прасачыць і ўсё пракантраляваць. Такія сферы адназначна трэба аддаваць прыватнікам і ствараць там прывабныя ўмовы працы. У гэтым выпадку прыватныя ўласнікі стануць адэкватным механізмам кіравання, які хутка павысіць якасць і насычанасць рынку. А вось буйны бізнэс ва ўсім свеце мае аднолькавыя праблемы, незалежна ад таго, дзяржаўны ён ці прыватны: гэта нягнуткасць і замаруджанасць, а галоўнае — бюракратызацыя і карупцыя. Рашэнне гэтых праблем заўжды аднолькавае: стварэнне якаснай і празрыстай сістэмы кіравання і кантролю, для чаго існуе шмат інструментаў — рэгулярны менеджмент, кіраўнічы ўлік, аўтаматызацыя працы, унутраны аўдыт і г.д. Акрамя таго, існуюць стратэгічныя галіны (ваенна-прамысловы комплекс, сельская гаспадарка, грамадскі транспарт і інш.), страта кантролю над якімі можа ператварыцца ў выклік для нацыянальнай бяспекі. Гэтыя галіны дзяржава павінна асобна вылучыць, абараніць і падтрымаць. Менавіта так робіць Еўрасаюз, дзе ўзровень датацый для сельскай гаспадаркі ў шмат разоў большы, чым у Беларусі. Ар.С.: У нас, на жаль, няма структур, якія займаліся б стратэгічным планаваннем. У ЗША, напрыклад, распрацоўкай прарыўных тэхналагічных рашэнняў у прамысловасці займаецца Агенцтва перспектыўных абаронных і навукова-тэхнічных праектаў (DАRРА). У Беларусі, калі, напрыклад, гаворка ідзе пра стварэнне кластараў або пра стварэнне холдынга паміж МАЗам і КамАЗам, мы ўсё гаворым пра аб'яднанне актываў, але маўчым пра аб'яднанне навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, стварэнне спецыяльнай інжынірынгавай кампаніі ў структуры холдынга, якая займалася б распрацоўкай інавацыйных тэхнічных рашэнняў. Д.Х.: Сусветнай тэндэнцыяй з'яўляецца адмова прадпрыемстваў ад уласных навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, у асноўным яны выносяцца ў асобныя кампаніі. Напрыклад, я меў магчымасць пазнаёміцца з дзейнасцю фірмы Ріnіnfаrіnа S.р.А., якая займаецца праектаваннем легкавых аўтамабіляў, падборам матэрыялаў, распрацоўкай тэхналогіі, а потым продажам сваёй прадукцыі аўтамабільным кампаніям, напрыклад, Vоlkswаgеn або Аudі. Пры гэтым яны ставяць гэтыя канструктарскія рашэнні на вытворчую лінію і суправаджаюць іх на працягу паўгода-года выпуску машын. Кітай цяпер ідзе па такім жа шляху. Ар.С.: А ці існуюць планы па стварэнні падобных інжынірынгавых кампаній у Беларусі? Д.Х.: Мы толькі пачынаем рухацца ў гэтым кірунку. Вось, напрыклад, БелАЗ сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук стварылі Навукова-тэхнічны цэнтр, які займаецца фундаментальнымі і прыкладнымі даследаваннямі ў галіне машынабудавання. Ал.С.: Вылучэнне навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ у асобныя канструктарскія і дызайнерскія атэлье — гэта якраз маленькія прыватныя бізнэсы. І гэта выпадак, калі можна стварыць збалансаваную сістэму дзяржаўна-прыватнага партнёрства, пра якое ў Беларусі гавораць ужо даўно, але ніяк гэтая тэма з месца не ссунецца. Механізмаў шмат. Пазбягаючы грубага татальнага распродажу, мы ў той жа час уцягваем творчы малы бізнэс у стварэнне сумеснага прадукту. Для гэтага, акрамя дырэктыўнага, трэба ўводзіць механізмы індыкатыўнага планавання (калі эканамічныя суб'екты — і прыватныя, і дзяржаўныя — самі вызначаюць для сябе прагнозныя паказчыкі сваёй эканамічнай дзейнасці). Выразны прыклад таму Францыя. Неабходна рэформа сістэмы адукацыіАр.С.: Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай інтэграцыйных працэсаў разам з Расіяй і Казахстанам. Мы пабудавалі Мытны саюз, зараз ствараем Адзіную эканамічную прастору. У той жа час Расія ўступіла ў Сусветную гандлёвую арганізацыю, распаўсюдзіўшы правілы гэтай арганізацыі на ўвесь інтэграцыйны блок. Беларусь апынулася ў вельмі непрыемнай сітуацыі, калі, не з'яўляючыся членам СГА, мы абавязаны гуляць па гэтых правілах, не карыстаючыся яе выгадамі. У сувязі з гэтым, якія рызыкі для нашых мадэрнізацыйных працэсаў нясуць інтэграцыйныя працэсы? Ал.С.: Усё будзе залежаць ад таго, па якім сцэнарыі гэтыя інтэграцыйныя працэсы будуць развівацца далей. Ці гэта стварэнне блока на прынцыпах СГА, ці гэта спроба выбудаваць самадастатковую эканамічную прастору? Пакуль што гэтыя працэсы імкнуцца да першага сцэнарыя. Нас літаральна ўкінулі ў СГА, аднак мы да гэтага часу не пачалі рыхтаваць юрыстаў, якія былі б спецыялістамі ў галіне права СГА. Гэтую праблему неабходна хутка вырашаць. Нават з улікам таго, што мы ў Мытным саюзе, нам ужо патрэбны такія спецыялісты. А.Ч.: За апошнія 9 гадоў, калі браць буйныя таварныя групы, то толькі па малаку і мясу наша доля экспарту ў расійскім імпарце павялічылася. Усё наша машынабудаванне, дрэваапрацоўка, лёгкая прамысловасць гублялі расійскі рынак. І гэта тады, калі мы былі фактычна абаронены ад канкурэнцыі з боку трэціх краін. Цяпер Расія ўступіла ў СГА, узяла на сябе абавязацельствы спрашчаць доступ на свой рынак для вытворцаў з краін СГА. Для нас гэта адназначна выклік. І зараз адзінае, чым мы можам скарыстацца, — гэта танны газ, танная нафта, каб перабудаваць усю сістэму, каб пачаць працаваць у новых умовах. Але тут мы сутыкаемся з іншай праблемай. Наша сістэма адукацыі за гэтыя пераходныя гады ніяк не адаптавалася нават да той эканамічнай сітуацыі, якая існуе зараз, я ўжо не кажу пра адаптацыю да новых умоў у недалёкай будучыні. Таму зараз безумоўна патрэбна рэформа сістэмы адукацыі. Мне вельмі спадабаўся адзін праект, з якім я пазнаёміўся, калі працаваў у Азербайджане. Гэты праект фінансаваўся канцэрнам нафтаздабыўных кампаній, аператарам якіх была брытанская кампанія Brіtіsh Реtrоlеum. Яны падтрымліваюць адзін-два прыватныя ўніверсітэты праз распрацоўку адукацыйных праграм, якія рыхтуюць цалкам гатовыя кадры для Brіtіsh Реtrоlеum ці іншых нафтаздабыўных кампаній, якія ўваходзілі ў канцэрн. Гэта вельмі цікавы досвед, якім Беларусь можа скарыстацца. Ар.С.: Трэба сказаць і пра рызыку пераўтварэння беларускай эканомікі ў міграцыйную. Гэтыя працэсы ўжо адбываюцца: па розных ацэнках ад 600 тысяч да 1 мільёна беларусаў працуюць на тэрыторыі Расіі, і гэта ўжо не толькі людзі рабочых спецыяльнасцяў, але і менеджары, праграмісты, інжынеры і іншыя. У межах АЭП гэтыя працэсы будуць станавіцца больш інтэнсіўнымі. Паўстае задача замяшчэння той працоўнай сілы, якая будзе вымывацца з Беларусі ў будучыні. Таму што калі не будзе тых, каму працаваць, тады няма патрэбы і ў мадэрнізацыі. У нас нярэдка жартуюць, што зараз кітайцаў завязуць працаваць на нашы заводы. Тым не менш, сёння ў Кітаі сярэдняя заработная плата каля $630, г.зн. вышэй, чым у нас, і не кожны кітаец захоча працаваць на нашых заводах. А вось у Кыргызстане і Таджыкістане кошт кваліфікаванай працоўнай сілы ў 5-6 разоў ніжэйшы, чым у Кітаі. Таму па меры вымывання працоўнай сілы з Беларусі, імпарт больш таннай працоўнай сілы з Цэнтральнай Азіі мог бы стаць першым крокам па скарачэнні выдаткаў, гэта значыць, частковай аптымізацыі вытворчых працэсаў. Аднак ўжо сёння неабходна ствараць адпаведную адукацыйную і сацыяльную інфраструктуру для кіравання працоўнай міграцыяй. Ал.С.: Трэба разумець, што ў посткрызісным свеце лідарам будзе той, хто зможа прапанаваць найбольш эфектыўную сацыяльна-эканамічную мадэль, бо новы тэхналагічны ўклад будзе прадугледжваць і новы лад грамадства. Пасяджэнне "Палітычнага клуба" правёў Арсеній СІВІЦКІ. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Здольнасць Беларусі супрацьстаяць другой хвалі глабальнага крызісу залежыць ад таго, наколькі правільна вызначаны прыярытэты і вылічаны будучыя рызыкі яе...
|
|