Аперацыя "Прызнанне" пад грыфам "сакрэтна"
23.02.2013
—
Новости Общества
|
Скажу шчыра: не часта даводзіцца прызнавацца мужчынам у каханні. Можа, таму, што мая "палавінка" — мужчына — яшчэ недзе ў дарозе. Ды і прызнацца ў пачуццях услых, як па мне, не заўсёды лёгка. Але рэдакцыйныя заданні не абмяркоўваюцца: калі трэба патэлефанаваць незнаёмым мужчынам і прызнацца ў каханні — значыць, трэба... Тэлефаную першаму прэтэндэнту — лідару музычнага гурта "Dа Vіnсі" Дзянісу Дудзінскаму. Як толькі са мной павіталіся, я не доўга думаючы выпальваю: "Дзяніс, ведаеш, я доўга думала. Здаецца, я цябе кахаю". Пасля майго не самага рамантычнага прызнання суразмоўца просіць назвацца. "Ірына!" — адказваю. І разумею, што губляюся, бо Дзяніс пачынае высвятляць, адкуль я яго ведаю, дзе адбылося наша знаёмства. Спасылаючыся на хваляванне, пачынаю прыдумваць, быццам мы сустракаліся нядаўна ў гандлёвым цэнтры. Відаць, супаставіўшы мае непраўдападобныя "ўспаміны" з рэальнасцю, Дзяніс адказвае: "Не бачу сэнсу працягваць гэтую размову. Калі ласка, больш не тэлефануйце, Ірына". І я чую кароткія гудкі. Узяўшы на заметку сваю першую няўдачу, набіраю нумар Уладзіміра Максімкава. Вядомы прадзюсар і рэжысёр лічыцца зайздросным жаніхом. Вырашыла: паколькі першы блін атрымаўся камяком, больш ніякіх выдуманых імёнаў і гісторый. Буду на гэты раз шчырай. Вітаюся, і пакуль яшчэ ўдаецца стрымліваць хваляванне, прашу Уладзіміра выслухаць мяне і не перабіваць. Маўляў, дайце слова смелай жанчыне, а потым вырашайце яе лёс. <І>"Ты мог бы мне сниться и реже, Ведь часто встречаемся мы..." дэкламую адзін з маіх любімых вершаў Ганны Ахматавай, і раптам: "Ого!. І?" Спрабую не разгубіцца і ўдакладняю: "Гэта маё прызнанне ў каханні". Яго Уладзімір ацэньвае як "вельмі рамантычнае". "Няўжо зусім не прабіла на пачуцці?" — не супакойваюся я. "Дык прабіла так, што ўстаць не магу". Перавожу размову ў звычайнае рэчышча, непакоюся: можа, ад працы чалавека адрываю? Нарэшце задаю нечаканае нават для сябе пытанне: "Ты ж мяне пазнаў?" Чую адмоўны адказ. Узгадваю нашы "сустрэчы" ў ліфце (мы і насамрэч аднойчы сустрэліся там, але не пазнаёміліся), потым расказваю, як цішком назірала за такім цікавым мужчынам. Уладзімір спрабуе даведацца, дзе дакладна той ліфт знаходзіцца, (напэўна, спадзяецца ўспомніць твар сваёй прыхільніцы?). Я выказваю меркаванне, што такому чалавеку, мабыць, часта прызнаюцца ў каханні. "Можаш мне не верыць, але так гэта робяць упершыню", — чую ў адказ. Такая рэакцыя мяне бянтэжыць, але ж я ведаю, што мужчыны — яшчэ тыя акцёры. Хутчэй за ўсё, такія сітуацыі ўспрымаюцца імі як прыемныя моманты, не больш. Спадзяюся, што Уладзімір быў шчырым, ацаніўшы маё прызнанне не толькі як "рамантычнае", але і як "нечаканае, прыгожае і арыгінальнае". Потым ён зноў робіць спробу высветліць падрабязнасці пра таямнічы ліфт, але я какетліва заўважаю, што хацелася б застацца незнаёмкай. І націскаю на "выхад". Пасля гэтай размовы маё пачуццё страху змяняецца зацікаўленасцю. Спадзяюся, пазітыўныя эмоцыі ад размовы засталіся і ў майго субяседніка. Як аказваецца, прызнавацца мужчынам у каханні хоць і страшна, але вельмі прыемна. Шукаю ў нататніку нумар наступнай "ахвяры", паралельна абдумваю, што ж скажу на гэты раз. Здаецца, прыдумала! Успамінаю, што зусім нядаўна занатавала прыгожую цытату з Пастарнака. "Усе людзі, якія пасылаюцца нам, — гэта наша адлюстраванне. І пасылаюцца яны нам для таго, каб, гледзячы на іх, мы выпраўлялі свае памылкі... Я не хачу, каб мы страчвалі адно аднаго, і хачу сказаць табе, што кахаю цябе!" Мой кароткі маналог Зміцер Колас (узначальвае "Выдавецтва Зміцера Коласа") цярпліва выслухоўвае. Пасля таго, як мой "каханы" не пазнае мяне, раблю выгляд, што наблытала з нумарам, і прашу прабачэння. А потым, карыстаючыся нагодай, цікаўлюся, ці правільна гэта — жанчыне рабіць першы крок пасля сваркі? І можа, я памылілася нумарам не проста так? "Мне складана адказаць, бо кожны выпадак адрозніваецца ад іншых. Слухайце сябе, тут вам ніхто не падкажа..." — чую ў адказ. Як высвятляецца, мой суразмоўца на момант майго тэлефанавання рэдагаваў кнігу для дзяцей па філасофіі, дзе каханне вызначаецца як адна з сіл, што яднае і рухае... Дзякуй Зміцеру за "прасвятленне". Працягваю эксперымент. Тэлефаную Алегу Коцу, акцёру Рускага тэатра імя М. Горкага. За акном ужо сцямнела, таму мне дакладна пашчасціць. Нездарма ж кажуць, што цемра — сябра моладзі. І праз некалькі імгненняў мне адказвае мужчына з ноткамі пяшчоты ў голасе. Гэта выклікае ў мяне ўсмешку і... супакойвае. Але ж трэба трымаць марку! Я ўсё ж дзяўчына, якая асмелілася расказаць пра свае пачуцці першай!— Алег, у цябе знойдзецца зараз пара хвілінак, каб пагаварыць са мной? — пасля таго як атрымліваю станоўчы адказ, іду ў наступленне. — Ведаеш, проста хацела сказаць, што ў адносінах да цябе я адчуваю нешта светлае і цёплае. Не ведаю, ці можна гэта назваць каханнем, але, здаецца, гэта менавіта яно. Чакаю адказу. — Нечакана! Мне прыемна, што такія пачуцці ў вас узніклі, але не думаю, што магу адказаць на іх узаемнасцю. Я жанаты чалавек. Вось як бывае! Раблю выгляд, быццам зразумела, што размаўляю не з тым. Пачынаю прасіць прабачэння і ўжо збіраюся развітвацца, але... — Нічога, я думаю, што ваш Алег — добры чалавек і заслугоўвае кахання. Беражыце свае пачуцці. Калі яны ў вас ёсць, іх трэба агучваць. Бо нават калі вам не адкажуць узаемнасцю, каханне не знікне. Не варта баяцца раскрыцца перад мужчынам. Падзякаваўшы за параду, развітваюся. Тэлефаную беларускаму пісьменніку Зміцеру Вішнёву, вырашыўшы пабыць у вобразе прыхільніцы яго творчасці. Вясёлая мелодыя ў тэлефоне настройвае на пазітыўны лад... — Добры дзень. Гэта Зміцер? Мне трэба паведаміць вам нешта важнае. Атрымаўшы дазвол, чытаю верш Яўгеніі Янішчыц "Дазвольце мне думаць пра Вас"... У адказ чую ад Зміцера падзяку, а потым на мяне абрушваецца шквал пытанняў: "Чаму вырашыла прачытаць гэты верш? Ці знаёмыя мы? Хто я?" — Навошта псаваць прыгожы момант такой колькасцю пытанняў? Я, можна сказаць, вам у каханні прызнаюся, — спрабую я адступіць, бо памятаю: "рассакрэчвацца" нельга. Развітваючыся, абяцаю, што абавязкова адкрыюся яму, калі прыйдзе час... Дарагі Зміцер і астатнія мужчыны! Калі вы чытаеце гэтыя радкі, то пра ўсё ўжо здагадаліся. Ведаеце, калі я бралася за гэты эксперымент, то вельмі баялася, што магу пачуць у адказ... нешта непрыстойнае. Але вы мяне здзівілі, падтрымалі сваімі парадамі, падарылі мне добры настрой! І за гэта я вам вельмі ўдзячна. Няхай з вамі заўсёды будуць побач жанчыны, якія шчырасцю сваіх пачуццяў зробяць кожны ваш дзень непаўторным. І няхай ва ўсім вас чакае ўзаемнасць. Са святам вас! Алена ДРАПКО. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Скажу шчыра: не часта даводзіцца прызнавацца мужчынам у каханні. Можа, таму, што мая "палавінка" — мужчына — яшчэ недзе ў дарозе. Ды і прызнацца ў пачуццях... |
|