«Падснежнікі». 21.by

«Падснежнікі»

15.03.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чаму я так назваў звычайных шэрых курапатак

...Іду на лыжах праз шырокі добра знаёмы мне луг, зараз ён укрыты тоўстымі снежнымі шатамі. Збоку ляжыць поле, дзе восенню дружна ўзялася рунь. На лузе, падсцеленым тарфянікамі, летам шугае такая высокая, густая, сакавітая трава, якую не возьме ніякая каса. Тэхніка ж тут не пойдзе: усюды канавы, ямы, густое кустоўе — словам, дзікаватая мясціна. Ісці на лыжах цяжкавата, снег глыбокі, луг перабраны купінамі, так што асабліва не разгонішся. Я і не спяшаюся, добра ведаю, што гэтая мясціна зімою надта вабіць шэрых курапатак, бо сустракаў тут восенню цэлыя вывадкі. Чалавечае жытло адсюль далекавата. Куточак надзвычай утульны і зацішны, расліннага корму ўдосталь — жыві, курапатка, і размнажайся, як аздоба роднай прыроды.

Але зараз у самай сіле зіма, і тут пуста. Раптам перада мною быццам узарвалася снежнае покрыва. Узляцела некалькі курапатак, хутка перабіраючы крыламі, яны імкліва пранесліся наперад. Праўда, недалёка, метраў дваццаць, і шуганулі ў снег. Прычым з такой сілай, што ажно ўзняўся снежны пыл.

Я спыніўся і цікую там, дзе селі курапаткі: ніякіх рухаў, яны прытаіліся і, мабыць, чакаюць, куды я пайду, што буду рабіць далей.

Стаю ўтрапнёны ад такой нечаканай сустрэчы. Разглядаю ўважліва ямкі, дзе толькі што сядзелі курапаткі. Яны даволі вялікія, іх краі асыпаліся. Усё зразумела, калі птушкі ў маёй асобе адчулі блізкую небяспеку, дык часу на «роздум» у іх не заставалася, трэба было хутчэй ратавацца. Прызнаюся, надта стала мне няёмка, што ўспудзіў гэтых добрых птушак. Ды не толькі добрых, але і карысных, бо знішчаюць шкодных насякомых, у тым ліку каларадскіх жукоў.

У Беларусі два віды курапатак, найбольш пашыраны шэрыя, якія зараз і задалі мне задачу. Ім даспадобы палі, асвоеныя тарфянікі, вялікія лясныя высечкі — такіх прывабных мясцін багата ў нашай рэспубліцы. Гнёзды майструюць у траве, пад кустамі, ды так умела і скрытна, што зусім няпроста іх заўважыць. Курапаткі вельмі дбаюць пра свой «род». Кожная нясе па 9—24 яйкі ў другой палавіне красавіка—ліпені. З канца мая выводзяцца птушаняты, і восенню ўжо лётаюць жвавыя птушкі з шэравата-бурым апярэннем, з вохрыстай верхняй часткай шыі, на брушку — каштанавая пляма. Забаўныя птушкі, што і казаць.

Усё гэта добра, але ж як быць мне? Зразумела, што з-за мяне курапаткі вымушаны пакінуць сваю «кватэру» пад снегам. А дзень ужо на схіле. Ці ж паспеюць знайсці і падрыхтаваць сабе другое жытло? Дый мароз цісне. Паколькі курапаткі схаваліся ў снезе зусім блізка ад лыжні, па якой мне трэба ісці далей, вырашаю так. Крыху збочу ад лыжні, канешне, давядзецца ісці па снежнай цаліне, але ж, можа, не патурбую птушак.

Так і раблю. Паціху рушыў, прайшоў некалькі метраў — і зноў у тым месцы, дзе апусціліся курапаткі, узвіхрыўся снег. Тая самая чародка зноў праляцела нізка над зямлёй і бухнула ў снег. Прычым недалёка ад лыжні. Я сцяміў: курапаткі, канешне, вельмі занепакоены маёй тут прысутнасцю, іх слых насцярожаны, і як толькі пачулі шоргат лыжаў па снезе — хутчэй з небяспечнага месца.

І я разварочваюся на 180 градусаў, іду назад. Прайшоўшы метраў сто, кірую напрасткі да дарогі. У глыбокім снезе пракладваю лыжню, ужо стаміўся. Спыніўся, паглядзеў туды, дзе селі курапаткі. Там было ціха і спакойна, і я з палёгкай уздыхнуў.

Зусім не дзівакі тыя курапаткі, якіх я ўспудзіў, а вопытныя практыкі. У «кватэрах», што робяць пад снегам, не толькі цёпла, але і спакойна.

Паколькі птушкі падаюць у снег з лёту, значыць, і няма слядоў да гэтага сховішча, і знайсці яго небяспечным драпежнікам нялёгка. Што і казаць, застаць тую ж самую курапатку ў яе снежнай нары амаль немагчыма. Лічы, цябе напаткала ўдача — стаць сведкам такога выпадку, калі курапаткі вылецелі са свёй «кватэры» ну амаль ля самых тваіх ног, як гэта надарылася са мною.

Расказаў пра ўсё Сямёну Леваму, арнітолагу грамадскай арганізацыі «Ахова птушак Бацькаўшчыны».

— Гэта вельмі цікавая з’ява, я ўжо займаюся птушкамі 20 гадоў, а такога не бачыў ні разу, — гаворыць ён. — Так што вам проста пашанцавала, дый годзе. Чаму курапаткі апынуліся пад снегам? Яны там начуюць, у такіх норах значна цяплей, бо тэмпература паветра вышэй, чым на паверхні. Птушкі падаюць на вялікай хуткасці ў снег, прабіваюць яго, і атрымліваецца нешта падобнае на камеры, вецер не задзімае ніколькі, начуй сабе на здароўе, набірайся сіл.

Так гэтыя разумныя птушкі прыстасоўваюцца да зімовага надвор’я, асабліва калі вельмі холадна, пры завірухах і злых маразах.

Адзіны небяспечны момант — калі адтае снег. Вечарам курапаткі спакойна ўладкуюцца ў сваёй «кватэры», а ноччу снег зацвяр-дзее. У такім выпадку птушкам цяжка выбрацца наверх, і яны могуць загінуць. Але ж, у прынцыпе, я такога не бачыў ніколі. Што ж датычыць корму, то курапаткі шукаюць рэшткі раслін на зямлі, тут сур’ёзных праблем няма.

— А якая ў Беларусі цяпер сітуацыя з гэтымі птушкамі?

— На жаль, іх становіцца менш. Раней шэрыя курапаткі нават трымаліся ў гарадах, цяпер пакінулі іх. Пакуль гэта яшчэ не знікаючы від птушак, але малой колькасці, іх папуляцыя скарачаецца. Так што вы тады вельмі правільна зрабілі, калі не сталі больш турбаваць курапатак і пакінулі тое месца.

А я пра што?! Хаця і давялося доўга мучыцца на глыбокай і некранутай снежнай цаліне, пракладваючы лыжню, але ж пойдзеш і не на тое, калі любіш птушак...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Раптам снежнае покрыва перада мною быццам узарвалася...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика