Ва ўдзельнікаў дарожнага руху штосьці з... самаацэнкай. 21.by

Ва ўдзельнікаў дарожнага руху штосьці з... самаацэнкай

21.03.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У бліжэйшым часе плануецца прыняць закон, які прадугледжвае больш жорсткае, чым раней, пакаранне за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага або наркатычнага ап'янення. Калі закон будзе прыняты, істотна павялічацца не толькі тэрміны пакарання па крымінальных справах, але больш адчувальнымі стануць памеры штрафаў за падобныя правапарушэнні. Праект вышэйзгаданага дакумента прапануе і канфіскацыю транспартнага сродку ў тых вадзіцеляў, якія паўторна на працягу аднаго года селі за руль у нецвярозым стане. Калі п'яны вадзіцель трапіць у поле зроку ДАІ першы раз, яго аўтамабіль будзе размешчаны на стаянку, якая ахоўваецца, да моманту поўнай аплаты штрафу.

Транспартны сродак не пакіне стаянку, пакуль штраф не будзе выплачаны. Адначасова з гэтай адміністрацыйнай мерай ніхто не адмяняе і пазбаўленне кіроўцы вадзіцельскіх правоў на тры гады. Дзяржаўтаінспекцыя цалкам гатова да такіх новаўвядзенняў. Падобная практыка адпрацавана ў многіх кранах свету, так што нам застаецца толькі пераймаць вопыт.

Вышэйадзначаная тэма досыць актыўна абмяркоўваецца ў СМІ. З другога боку, што пакуль гаварыць, калі закон яшчэ не прыняты? І вашы званкі, шаноўныя чытачы, паказалі, што вас пакуль хвалююць сітуацыі іншага кшталту. Шэраг вашых пытанняў указаў на адзін цікавы, важны момант. Нам усім з вамі трэба быць больш адказнымі, свядомымі, дысцыплінаванымі і сумленнымі, у рэшце рэшт адзначаў начальнік упраўлення Дзяржаўтаінспекцыі Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь Юрый ЛІТВІН, якога мы запрасілі ў рэдакцыю, каб прадаставіць магчымасць усім, хто дазвоніцца, вырашыць свае набалелыя пытанні. "Прамая лінія" адназначна паказала: калі б усе разам і кожны паасобку былі менавіта больш... адказнымі, свядомымі, дысцыплінаванымі, сумленнымі, то многія пытанні адпалі б самі сабой.

— Мінск, Вольга. Як вы лічыце, ці ёсць і віна ДАІ ў тым, што каля адной з мінскіх школ не так даўно загінула дзіця? Як атрымліваецца, што спачатку ў нас не знаходзяцца грошы на той жа шлагбаум, а як нешта здарыцца, то знаходзяцца? Ці правільна ўсё ж такі былі расстаўлены знакі на тэрыторыі той школы?

— Гэта пытанне ў першую чаргу — да мясцовых органаў улады. Аб'язныя, пад'язныя шляхі — гэта ўсё ў іх кампетэнцыі... Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дарожным руху" ўскладае адпаведныя абавязкі менавіта на мясцовую ўладу. Таму пытанне лепш адрасаваць камітэту па адукацыі Фрунзенскага райвыканкама або Мінгарвыканкама... Як вядома, крымінальная справа зараз разглядаецца ў судзе, знаходзіцца на стадыі абскарджання, таму маё асабістае меркаванне пакуль павінна застацца са мной.

Знакі каля вышэйзгаданай навучальнай установы размешчаны абсалютна правільна, і ніякіх праблем у гэтым сэнсе быць не магло. Справа ў іншым... Нашы грамадзяне, і тыя ж бацькі, не жадаюць усведамляць самыя простыя рэчы. Можна, вядома, патрабаваць нечага ад некага, прыдзірацца да знакаў, адсутнасці шлагбаума і г.д... Але найперш варта ўсё ж такі больш патрабавальна ставіцца да сябе. Кожнаму вадзіцелю трэба быць больш адказным, пільным... Толькі з-за адсутнасці гэтай элементарнай пільнасці ў пэўным месцы пры пэўных абставінах і ўзнікла падобная крытычная сітуацыя.

Бацькам-вадзіцелям трэба быць наогул абсалютна ўважлівымі. Заўсёды і паўсюль. Разам з тым, кожны чалавек, любы вадзіцель, незалежна нават ад таго, ці ёсць пры ім дзеці, павінен быць надзвычай абачлівым у так званых месцах прыцягнення людзей — на грамадскім транспарце, на стадыёне, у магазіне, тэатры, каля школы і г.д. Паўсюль павінен спрацоўваць элементарны інстынкт самазахавання. Вадзіцелі павінны быць пільнымі не толькі да ўласнага аўто, але і да іншых вадзіцеляў, пешаходаў. Трэба памятаць і аб тым, што ва ўсіх нас розны адукацыйны ўзровень, розны ўзровень стаўлення да бяспекі. І каб не трапіць у непрыемную сітуацыю, трэба вельмі высокія патрабаванні прад'яўляць у першую чаргу да сябе.

— Якім наогул можа быць "алгарытм дзеянняў" бацькоў, якія пажадаюць паўдзельнічаць у будаўніцтве, скажам, паркоўкі каля школы? Куды ім трэба звяртацца?

— Як я ужо сказаў, Закон Рэспублікі Беларусь "Аб дарожным руху" абавязвае мясцовыя органы ўлады клапаціцца ў тым ліку пра месцы для паркоўкі аўтамабіляў. Значыць, трэба звяртацца ў адміністрацыю таго раёна, дзе размешчана школа. Калі з такой прапановай нехта будзе звяртацца ў Дзяржаўтаінспекцыю, мы ўсё роўна будзем вымушаны перадаць зварот мясцовым органам улады. Каб не губляць час, лепш вырашаць такія пытанні з дапамогай адпаведнай пісьмовай заявы.

— У сталічную СШ № 4, што па вуліцы Камуністычнай, з'язджаюцца дзеці з самых розных раёнаў. Аднак гэта тое месца, дзе, у прынцыпе, раніцай заняты ўсе навакольныя паркоўкі. Бацькі, якія падвозяць дзяцей на асабістым аўтатранспарце, вымушаны заязджаць на зялёную зону. Што, як вы лічыце, тут можна зрабіць?

— Калі вас хвалюе, чаму мы не штрафуем тых, хто заязджае на зялёную зону, то магу сказаць наступнае: для таго, каб штрафаваць усіх, хто ў нашым горадзе заязджае на зялёную зону, неабходна каля кожнай такой зоны выставіць пост ДАІ. Нерэальна нават каля кожнага месца прыцягнення людзей паставіць супрацоўніка ДАІ. Зноў жа, можна звяртацца толькі да свядомасці тых грамадзян, якія пад'язджаюць да школы. Яны павінны быць сапраўднымі і бацькамі, і вадзіцелямі. Калі яны сваімі дзеяннямі не проста няправільна паркуюцца, але ствараюць пры гэтым аварыйныя сітуацыі, то мы ўмяшаемся.

***

— Мінск, Кацярына Яўгенаўна. Гімназія-каледж мастацтваў размяшчаецца побач з адным з мінскіх хлебазаводаў. Прыкладна ў той час, калі бацькі падвозяць сваіх дзяцей на заняткі да вучэбнай установы, па той жа дарозе едуць і машыны хлебазавода. Дарога ж вельмі вузкая. Рух, можна сказаць, аварыйны... Ці можа быць тут нейкае выйсце?

— Што я магу прапанаваць у такой сітуацыі? Закрыць хлебазавод? Або гімназію? Самае простае, што можна прапанаваць, — скарыстацца грамадскім транспартам. Бо калі чалавек няўпэўнена адчувае сябе за рулём, то, мабыць, і не варта садзіцца за руль. Нельга праграмаваць сябе на нейкую аварыйную сітуацыю, дарожна-транспартнае здарэнне. Аўтамабіль — сродак павышанай небяспекі. І тут трэба сувымяраць свае магчымасці ў дачыненні да таго, наколькі небяспечным будзе ваша ваджэнне для вас і навакольных. Калі ёсць сумненні — калі ласка, у нас добра развіты грамадскі транспарт.

***

— Віцебская вобласць, Андрэй. Дапусцім, вадзіцель даўно не ездзіў. Можа быць, проста на працягу зімы, а можа быць, і на працягу, скажам, года. І вось ён выехаў і трапіў у аварыю. Ці будзе мець значэнне той момант, што вадзіцель у пэўнай ступені страціў навыкі ваджэння? Што вы параіце такім вадзіцелям?


— Калі ласка, у нас ёсць і прыватныя аўташколы, і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія з задавальненнем дадуць некалькі ўрокаў па аднаўленні навыкаў, страчаных за зіму або за некалькі гадоў. У рэшце рэшт, можна патрэніравацца хоць бы проста на якой-небудзь закрытай тэрыторыі. Закон, вядома, не абавязвае гэта рабіць. Аднак зноў жа — аб чым ідзе размова? Аб нашай уласнай бяспецы, адказнасці і свядомасці. Наогул навыкі ваджэння аднаўляюцца ў розных людзей па-рознаму. Увогуле можна сказаць, што, хутчэй, яны аднаўляюцца ў больш маладым узросце. Людзі сталага веку могуць патраціць больш часу.

Наогул жа калі чалавек страціў навыкі і трапіў у аварыю, мы расследуем сітуацыю толькі з пункту гледжання парушэння правілаў дарожнага руху. Стаж не ўлічваецца. Для статыстыкі гэта іграе пэўную ролю, мы збіраем такія звесткі, аднак на самім вадзіцелю гэта ніяк не адбіваецца.

***

— Калінкавічы, Вераніка. Неяк мы з сяброўкай ішлі на мясцовую дыскатэку. Да нас пад'ехала машына ДАІ, і супрацоўнікі ветліва пацікавіліся адсутнасцю ў нас флікераў. Нам пагражаў штраф, аднак работнікі ДАІ усё ж такі абмежаваліся прафілактычнай размовай. На адваротным шляху дадому я пачала звяртаць увагу на наяўнасць у іншай моладзі флікераў. І заўважыла, што мы з сяброўкай далёка не адны, у каго іх няма. Якім жа чынам тут праводзіцца работа? Штрафы накладаюцца выбарачна, у межах пэўных акцый або ўсё ж такі кожны парушальнік павінен прыцягвацца да адміністрацыйнай адказнасці?

— Адразу хачу заўважыць, што ў нас у апошнія гады даволі вялікая колькасць дарослага насельніцтва карыстаецца флікерамі. І пешаходы, і веласіпедысты ў сельскай мясцовасці клапоцяцца пра гэта. Паверце, я вельмі і вельмі шкадую, што вы з сяброўкай у цёмны час сутак ходзіце без флікераў. Асабліва ў сельскай мясцовасці. Проста я ведаю рэальную пагрозу і рэальную сітуацыю, звязаную з адсутнасцю флікераў у пешаходаў. Наогул абавязковае нашэнне флікераў у цёмны час сутак прапісана ў нашым заканадаўстве. Так што калі супрацоўнікі ДАІ прад'явілі вам пэўныя прэтэнзіі, то яны цалкам абгрунтаваныя. Закон таксама прадастаўляе супрацоўнікам ДАІ права штрафаваць або не. Супрацоўнік ДАІ можа абмежавацца і папярэджваннем, а можа і выпісаць штраф — у залежнасці ад таго, наколькі грубым было парушэнне... У асобным артыкуле прадугледжаны ўсе абставіны, якія змякчаюць ці абцяжарваюць падобныя сітуацыі.

Мы ўзялі на ўзбраенне вельмі добры сусветны вопыт. З 2007 года мы знізілі аварыйнасць па віне і пры ўдзеле пешаходаў дзесьці на 35 працэнтаў. У рэшце рэшт, спытайце ў саміх вадзіцеляў, якія знаходзяцца за рулём, ці дапамагае ім наяўнасць флікера ў пешахода або веласіпедыста? Пешаход проста не можа ўявіць, як цяжка вадзіцелю рухацца ў цёмны час сутак, у тумане. Калі пешаход рухаецца ў сельскай мясцовасці па ўзбочыне дарогі, ён дзеля самога сябе павінен абазначыць сябе флікерам. Або няхай гэта будзе адзенне са святлоадбівальнай палоскай. Або хоць бы ліхтарык...

Нават у горадзе, дзе дастатковага штучнага асвятлення, неабходна ўлічваць сваю ўласную бяспеку. Мяне добра відаць на гэтай вуліцы? Гэта будзе вырашальным момантам. Мне здаецца, няма ніякай праблемы ў тым, каб выкарыстоўваць калі не флікер, то хоць бы адзенне са святлоадбівальнымі элементамі. Канцэрн "Беллегпрам" выпускае зараз і адзенне, і абутак з такімі элементамі. І за гэта ім — асобная падзяка. Каля пяці-шасці гадоў таму мы выступілі з такой ініцыятывай, і яна была паспяхова падтрымана прадпрыемствамі канцэрна.

***

— Глыбоцкі раён, Георгій Андрэевіч. Вось мы амаль не карыстаемся матацыкламі зімой — некалькі месяцаў, а тэхагляд трэба праходзіць штогод. Можа, хоць бы раз у два гады было б дастаткова?

— Справа ў тым, што значная колькасць матацыклістаў працягвае ездзіць у любы сезон, некаторыя ўхітраюцца не прапусціць нават умовы снегападу. Што да тэхагляду, то Дзяржаўтаінспекцыя з 2005 года не займаецца дзяржаўным тэхнічным аглядам. Гэтае пытанне трэба адрасаваць непасрэдна Міністэрству транспарту і камунікацый. Можаце напісаць ліст у гэтае міністэрства.

— Ганцавічы, Дыяна. Мой брат вадзіцель, аднак дакладна не ведае, ці можна пачынаць рух, калі пешаход прайшоў толькі частку дарогі?

— Такі момант не абазначаны правіламі дарожнага руху. Такім чынам, вы можаце арыентавацца на той момант, які вы палічыце бяспечным у першую чаргу для пешахода.

***

— Мінск, Анатоль Мікалаевіч. Зараз вадзіцелі досыць актыўна пачалі карыстацца відэарэгістратарамі. Самыя розныя парушэнні свабодна выкладваюцца на сайце ГУУС "Перахват". На падставе гэтых доказаў ДАІ высылае вадзіцелям ці пешаходам паведамленні аб накладанні штрафу. А наколькі гэта законна?

— Так, адна з опцый сайта ГУУС — прыём такой інфармацыі. Але шмат заяў паступае і адразу ў ДАІ... Любы доказ з'яўляецца законным. Адміністрацыйны кодэкс не забараняе ўлік такіх даных. У кодэксе, вядома, няма слова "відэарэгістратар", аднак там сказана, што любыя доказы бяруцца да ўвагі, аналізуюцца, і мы з задавальненнем карыстаемся такімі відэазапісамі. Калі перад намі канкрэтны фактычны матэрыял, то вынесці рашэнне значна прасцей, чым па паказаннях тых жа вадзіцеляў. Тым больш, некаторыя вадзіцелі любяць сабе ўнушыць, што праўда на іх баку, а пасля даказваць гэта на ўсіх узроўнях і ва ўсіх інстанцыях... А тут — паказанні без эмоцый, яны ўспрымаюцца куды лягчэй.

— У Расіі зараз вядуцца размовы аб тым, каб забараніць выкарыстанне відэарэгістратараў. У тым ліку і з-за таго, што на лабавым шкле не павінна быць ніякіх старонніх прадметаў. Што ў гэтым сэнсе плануецца ў нас?

— Не магу сказаць, што там у Расіі ў гэтым сэнсе... Калі ласка, калі некаму не падабаецца — можаце не карыстацца. А ўвогуле я б выступаў за тое, каб усе аўтасродкі былі аснашчаны падобнай сістэмай. Відэарэгістратар адназначна дысцыплінуе як самога вадзіцеля, які карыстаецца такім прыстасаваннем у сваім аўтамабілі, так і іншых удзельнікаў дарожнага руху. Я магу сказаць больш: шэраг падраздзяленняў Дзяржаўтаінспекцыі фактычна на 100 працэнтаў абсталяваны відэарэгістратарамі.

***

— Мінск, Сяргей Генадзьевіч. Падкажыце, калі ласка, дзе ў горадзе зараз будуюцца паркінгі? У якіх раёнах, на якіх вуліцах? Якія работы праводзяцца перад тым, як пачаць узвядзенне наземных аб'ектаў? Ці ёсць цяжкасці з тым, каб больш будаваць падземных?

— Будаўніцтвам парковак для вадзіцеляў займаюцца мясцовыя распарадчыя органы ўлады. Я дакладна ведаю толькі тое, што сёння актыўнае будаўніцтва і стаянак, і паркінгаў вядзецца ва ўсіх раёнах горада. Да 2014 года горад абяцае прадаставіць да некалькіх соцень тысяч месцаў. Я думаю, падрабязны адказ можна атрымаць на сайце адміністрацыі вашага раёна ці на гарадскім сайце.

Святлана БАРЫСЕНКА.

(Заканчэнне будзе.)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У бліжэйшым часе плануецца прыняць закон, які прадугледжвае больш жорсткае, чым раней, пакаранне за кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага або наркатычнага...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика