Быў ды "сплыў"?. 21.by

Быў ды "сплыў"?

06.04.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Чаму "знікаюць" помнікі археалогіі?

Статус і катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці на Гродзеншчыне прысвоены 725 аб’ектам, сярод якіх 297 помнікаў архітэктуры, 327 — археалогіі, 96 — гісторыі (у асноўным брацкія магілы), 4 — мастацтва і 1 — горадабудаўніцтва. Разам з тым, адсутнічае зацверджаная рэгіянальная праграма па ахове гісторыка-культурнай спадчыны. На гэта звярнуў увагу Камітэт дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці.

У Зэльвенскім раёне падчас інвентарызацыі помнікаў археалогіі не выяўлены (г.зн. фізічна не захаваны) і летась пададзены ў Міністэрства культуры для выключэння са спісаў гісторыка-культурнай спадчыны чатыры аб'екты. У Ашмянскім раёне не выяўлены ("зніклі") два аб'екты, у Астравецкім — тры, у Дзятлаўскім — чатыры, у Ваўкавыскім і Воранаўскім — па сем, у Гродзенскім — чатырнаццаць. Увогуле летась па выніках інвентарызацыі помнікаў археалогіі пададзены дакументы на выключэнне з Дзяржаўнага спіса 66 аб'ектаў Гродзеншчыны.

Пры гэтым уносяцца прапановы аб уключэнні ў Дзяржаўны спіс новых аб'ектаў. У 2011-м і 2012-м гадах гэта зроблена толькі па чатырнаццаці аб'ектах гісторыка-культурнай спадчыны. Хаця іх у вобласці значна больш. Напрыклад, у Смаргонскім раёне на ўключэнне ў спіс могуць прэтэндаваць сем аб'ектаў: свіран аграгарадка Кушляны, царква ў гонар абраза Божай Маці "Усіх Засмучаных Радасць" вёскі Кеўлы, царква Пакрова Прасвятой Багародзіцы вёскі Міхневічы, капліца Маці Божай Суцяшальніцы Засмучаных вёскі Выгаляненты, капліца вёскі Алянец, помнік гісторыка-культурнай спадчыны "Фамільнае пахаванне І.Ходзькі ХІХ ст., аграгарадок Войстам, сядзіба Цыцына (ХІХ — пач. ХХ ст.). Аднак за апошнія пяць гадоў у Дзяржаўны спіс ад раёна ўключаны толькі адзін аб'ект гісторыка-культурнай спадчыны — касцёл св. Міхаіла Архангела ХVІ — пачатку ХVІІ ст. у Смаргоні.

На Зэльвеншчыне ўключэння ў Дзяржаўны спіс заслугоўваюць 22 аб'екты. Сярод іх — млын ХІХ ст. у вёсцы Дзярэчын, магіла генерал-маёра Гампера (вайна 1812 года), яўрэйскія мураваныя могілкі, мемарыяльны абеліск у вёсцы Алексічы, сядзіба ў в. Александрыя (ХІХ ст.) і іншыя. Тым не менш у 2008-2012 гадах у Зэльвенскім раёне ніводны аб'ект не быў унесены ў спіс гісторыка-культурнай спадчыны.

У Свіслацкім раёне на ўключэнне ў спіс могуць прэтэндаваць 9, у Шчучынскім — 25 аб'ектаў. Дадатковай увагі ў Воранаўскім і Мастоўскім раёнах патрабуюць па адным аб'екце, у Лідскім — тры, у Ваўкавыскім — чатыры, у Ашмянскім, Слонімскім, Іўеўскім, Астравецкім і Бераставіцкім — па пяць, у Гродзенскім — шэсць, у Навагрудскім — сем, у Дзятлаўскім — дзевяць, у Карэліцкім — васямнаццаць аб'ектаў.

На сённяшні дзень упраўленнем культуры Гродзенскага аблвыканкама падрыхтаваны прапановы на разгляд рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па 56 аб'ектах (у тым ліку часткова згаданых вышэй). Разам з тым па стане на пачатак лютага гэтага года ва ўласнікаў аб'ектаў адсутнічае 75 пашпартоў гісторыка-культурнай каштоўнасці, 24 ахоўныя дошкі, 66 уліковых картак на аб'екты археалогіі і столькі ж ахоўных абавязацельстваў па валоданні і выкарыстанні гісторыка-культурных аб'ектаў. Гэтым парушаны патрабаванні Закона "Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны Рэспублікі Беларусь".

— Наколькі тыповыя парушэнні выяўлены Камітэтам дзяржкантролю? — пацікавілася "Звязда" ў загадчыка кафедрай грамадзянскага права і працэса ГрДУ імя Янкі Купалы, кандыдата юрыдычных навук Ігара МАРТЫНЕНКІ.

— Ужо шмат гадоў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы праводзіцца маніторынг выканання заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны, прычым не толькі ў Беларусі, але і ў іншых краінах СНД. Таму можна з упэўненасцю сказаць, што падобныя парушэнні выяўляюцца ўвесь час. Прынамсі, для мяне вынікі праверкі не сталі нечаканасцю. На невыкананне патрабаванняў дзяржаўнага ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў звярталася ўвага і на навуковых канферэнцыях, і ў друку, а таксама ў актах пракурорскага рэагавання, накіраваных у 2010- 2012 гадах на адрас Міністэрства культуры і мясцовых органаў улады. Як аказалася, сітуацыя з аховай помнікаў гісторыі і культуры мала змянілася. І гэта выклікае трывогу: працягваецца безгаспадарчае стаўленне да ўтрымання помнікаў.

Але самае абуральнае парушэнне — знікненне помнікаў археалогіі. Удумайцеся: у Дзяржаўным спісе, які зацверджаны Міністэрствам культуры, помнікі археалогіі ўказаны, а насамрэч, фізічна, іх няма.

Атрымліваецца, што Дзяржаўны спіс фарміраваўся фармальна, без праверкі наяўнасці і стану помнікаў. Гэта па-першае. А па-другое, ніводзін упаўнаважаны дзяржаўны орган на працягу многіх гадоў іх не правяраў, не ахоўваў, не клапаціўся пра іх захаванасць. Значыць, дзяржаўны кантроль ажыццяўляўся таксама фармальна. І цяпер толькі на Гродзеншчыне трэба выключыць з гэтага дзяржаўнага спіса 66 помнікаў, бо іх ужо даўно няма. Падобная сітуацыя склалася і ў іншых абласцях.

Але ж для зацвярджэння спіса была прадугледжана цэлая працэдура, у якой задзейнічаны і Міністэрства культуры, і органы мясцовай улады. Праведзена гэтая працэдура, як аказалася, таксама фармальна. З аднаго спіса помнікаў, зацверджанага яшчэ ў савецкі час, аб'екты "перакінулі" ў іншы, які пасля прыняцця адпаведнага закона стаў называцца Дзяржаўным спісам гісторыка-культурных каштоўнасцяў. Затым гэты спіс дапаўняўся, змяняўся... У 2009 годзе быў выдадзены даведнік "Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь", які фактычна адразу страціў сваю актуальнасць: размешчаная ў ім інфармацыя не супадала з рэчаіснасцю, а зніклыя помнікі туды ўключылі як існуючыя. Ці ж гэта не сведчанне фармальнага падыходу?

— Як жа пазбегнуць паўтарэння падобных парушэнняў?

— Грубае парушэнне заканадаўства павінна цягнуць за сабой строгую адказнасць, — лічыць Ігар Мартыненка, — паколькі адназначна сведчыць пра сістэмныя памылкі ў арганізацыі дзяржаўнага ўліку гісторыка-культурных каштоўнасцяў, у дадзеным выпадку помнікаў археалогіі. Паводле закона, адказным за вядзенне Дзяржаўнага спіса гісторыка-культурных каштоўнасцяў Рэспублікі Беларусь з'яўляецца Міністэрства культуры. І на мясцовым узроўні ёсць вялікія пралікі ў гэтай сферы: помнікі шмат гадоў ніхто не правяраў, іх захаванасць не забяспечвалася. Замест гэтага — фармальная справаздачнасць.

Таму, каб навесці парадак з дзяржаўным улікам гісторыка-культурных каштоўнасцяў, іх спіс неабходна абавязкова надрукаваць, зрабіць даступным і для спецыялістаў, і для краязнаўцаў, і для работнікаў кантрольных органаў. Тады мы нарэшце зможам адказаць на пытанне, колькі ж у Беларусі помнікаў.

Ігар Мартыненка прытрымліваецца пазіцыі, што ў сферы арганізацыі аховы гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі даўно наспелі перамены. Прычым гэта не проста словы, — ён грунтуецца на шматгадовым пракурорскім вопыце нагляду ў гэтай сферы, а таксама вывучэнні адпаведнай практыкі ва ўсіх краінах СНД. Таму лічыць мэтазгодным стварыць самастойную дзяржаўную інспекцыю па ахове гісторыка-культурнай спадчыны, якая павінна быць незалежнай у вырашэнні гэтых задач. І тады з'явяцца іскі аб кампенсацыі страт, прычыненых гісторыка-культурных каштоўнасцям, адабранні ва ўласнікаў помнікаў, якія безгаспадарча ўтрымліваюцца, будуць заведзены крымінальныя справы за іх знішчэнне альбо пашкоджанне.

Барыс ПРАКОПЧЫК

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Чаму "знікаюць" помнікі археалогіі? Статус і катэгорыя гісторыка-культурнай каштоўнасці на Гродзеншчыне прысвоены 725 аб’ектам, сярод якіх 297 помнікаў...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика