"Не вінаваты я..."
24.04.2013
—
Новости Общества
|
Праверка на дарогах Закрыюць адну фірму — будзе новая Ці можна пасажыру не плаціць за праезд? Здавалася б, пытанне недарэчнае. Як гэта — не разлічыцца за аказаную вам паслугу? Але, аказваецца, такое права ў кліента можа з'явіцца. Калі пасля заканчэння паездкі таксіст не выдасць пасажыру касавы чэк, то апошняму зусім не абавязкова плаціць. І няўжо ў такім выпадку кіроўца, які парушае правілы перавозак, выкліча на дапамогу міліцыю? Пра гэта карэспандэнт "Звязды" даведаўся ў гаспадарчым судзе Гродзенскай вобласці, дзе вельмі часта разглядаюцца розныя парушэнні ў сферы таксаматорных перавозак. Да "бамбілаў" літасці не будзе Да ведама таксістаў, што не плацяць падаткі, займаючыся падвозам без ліцэнзіі: ужо ёсць факты канфіскацыі ў іх транспартных сродкаў. І, верагодна, гэтая практыка будзе пашырацца. — На жаль, прымяненне гаспадарчымі судамі захадаў прафілактычнага характару і фінансавыя спагнанні належнага выніку не даюць. Таму нелегальныя таксісты павінны разумець, што яны самі садзейнічаюць прымяненню супраць іх больш жорсткіх мер, да якіх раней суды стараліся не звяртацца. Каб прымусіць так званых "бамбілаў" задумацца: ці варта займацца парушэннямі, якія рэальна пагражаюць стратай аўтамабіля? — папярэджвае намеснік старшыні гаспадарчага суда Гродзенскай вобласці Дзяніс ВАЛДАЙЦАЎ. Зрэшты, ёсць і другі "бок медаля". Афіцыйныя таксісты справядліва абвінавачваюць "бамбілаў" у несумленнай канкурэнцыі, але і самі дапускаюць шмат парушэнняў. Адна з такіх спраў разглядалася нядаўна гаспадарчым судом у Гродне. Апошні працэс "ФартСэрвіса" У суд былі запрошаны дырэктар прыватнага транспартнага ўнітарнага прадпрыемства "ФартСэрвіс", а таксама таксіст, "дзякуючы" якому працэс і распачаўся. Пэўна, апошні для гэтай фірмы, паколькі з 2 красавіка Міністэрства транспарту і камунікацый пазбавіла яе ліцэнзіі. За якія "грахі"? Згодна з інфармацыяй намесніка начальніка аддзела кантролю транспартнай дзейнасці філіяла транспартнай інспекцыі па Гродзенскай вобласці Вадзіма ВАСІЛЬЕВА, летась у гаспадарчы суд былі накіраваны 204 пратаколы аб грубых правапарушэннях з боку фірмаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, што аказваюць паслугі таксі. Было анулявана каля 50 ліцэнзій. Аднак законапаслухмянасці не прыбавілася: за першы квартал судом разгледжаны 44 справы і на падыходзе чарговыя. Як правіла, парушэнні датычацца непраходжання кіроўцамі перадрэйсавага медыцынскага агляду і перавозкі пасажыраў без тэхнічнага агляду аўтамабіля. Альбо выкарыстання машыны ў асабістых мэтах (без дарожнага ліста, але з плафонам і іншымі атрыбутамі таксі), калі кіроўца фактычна працуе як нелегал. Штрафныя санкцыі складаюць ад 10 да 500 базавых велічынь (50 мільёнаў рублёў), праўда, пакуль "нелегалаў" рэдка караюць па максімуме. Можа, і па гэтай прычыне некаторыя фірмы паўторна прыцягваюцца да адказнасці за ігнараванне правілаў перавозак. Некаторыя кіраўнікі ўжо ходзяць у суд амаль як на працу. Напрыклад, для "ФартСэрвіса" парушэнне, якое стала апошнім "цвіком у труну" фірмы, было ўжо дзявятым. Прычым "вызначыўся" той жа кіроўца, якога за такое ж парушэнне (непраходжанне абавязковых перадрэйсавых працэдур) затрымалі некалькі месяцаў назад. — Сваёй асабістай віны не бачу, — адразу ж заявіў у зале суда дырэктар фірмы, якая пасля заканчэння ліквідацыйных мерапрыемстваў ужо не будзе існаваць. У Віктара В., аказваецца, усё ў ажуры. Штомесячна праводзіцца інструктаж з усімі кіроўцамі наконт правілаў перавозак, у кожнага з іх ёсць службовая інструкцыя, дзе пазначаны ўсе абавязкі. Фірма заключыла дагаворы з медыкамі і механікамі ў розных месцах горада, аплачвае іх паслугі, каб у таксістаў не было праблем з праходжаннем перадрэйсавага агляду. — Але ж трапляюцца нядобрасумленныя кіроўцы. І не звольніш — сям'я, дзеці ў чалавека, працаваць трэба, — кажа дырэктар пра сваю добрую душу. Праўда, як можна трымацца за працу пры гадавым даходзе... 2,5 мільёна рублёў? Як забяспечваць сям'ю на такія грошы? Ды і хіба ж сапраўды магчыма, каб чалавек, адпрацаваўшы за месяц 17-18 дзён, зарабіў толькі 200 тысяч рублёў? Менавіта такой, калі верыць справаздачнасці фірмы, была летась зарплата таксіста. Прычым гэта не адзінкавы выпадак і характэрны ён не толькі для гэтага прадпрыемства. І тут, на думку намесніка старшыні гаспадарчага суда Гродзенскай вобласці Дзяніса Валдайцава, напрошваюцца два варыянты. Першы: кіроўцы працуюць "цішком" ад бухгалтэрыі фірмы, як той жа "бамбіла". І другі: фірма, прымаючы ад таксістаў наяўныя грошы, пазначае ў справаздачнасці несапраўдную выручку, каб плаціць менш падаткаў. Працаваць "па-чорнаму" ці "па-беламу"? Падобная "чорная" сістэма фінансавых узаемаадносін, пэўна, і з'яўляецца прычынай таго, што ў той жа фірме "ФартСэрвіс", ды і ў іншых арганізацыях таксі пры працаўладкаванні з кіроўцамі не заключаліся дагаворы аб матэрыяльнай адказнасці і вельмі рэдка спаганялі накладзеныя на прадпрыемства штрафы з канкрэтных віноўнікаў. Што дазваляе ім парушаць зноў. Заключыш падобны дагавор, і ніхто не пойдзе да такога наймальніка працаваць?.. Альбо такая "дробязь": па выніках месяца можна ўзяць звесткі з журнала дыспетчара аб колькасці заказаў, што выканаў кіроўца, і зверыць з грашовым паступленнем у касу фірмы. І ўсё становіцца зразумела, празрыста. Здавалася б, элементарна, але гэтага не робіцца: нікога не задавальняе такая празрыстасць? З улікам ранейшых парушэнняў і іншых абставін гаспадарчы суд Гродзенскай вобласці аштрафаваў фірму "ФартСэрвіс" на 200 базавых велічынь — 20 мільёнаў рублёў. Дарэчы, калі прадпрыемства-перавозчык пазбаўляецца ліцэнзіі, то на працягу года апошняя паўторна не выдаецца. Аднак можна зарэгістраваць новую фірму з іншай назвай, напрыклад, да ранейшай дадаць слова "плюс". Віктар В. аб гэтым ужо паклапаціўся — нядаўна зарэгістраваў новую фірму. Кажа, што хоча працаваць "па-беламу" і будзе вельмі сур'ёзна ставіцца да падбору кадраў. Пахвальнае імкненне. Калі такое жаданне ажыццявіцца і пацвердзіцца праверкамі на дарогах. Барыс ПРАКОПЧЫК Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Закрыюць адну фірму — будзе новая Ці можна пасажыру не плаціць за праезд? Здавалася б, пытанне недарэчнае. Як гэта — не разлічыцца за аказаную вам паслугу? Але,...
|
|