Дакрананне да гiсторыi
25.04.2013
—
Новости Общества
|
"Фэст экскурсаводаў-2013" пабіў усе рэкорды У адным толькі Мінску бясплатныя экскурсіі наведалі каля 2 тысяч чалавек. Сёлета штогадовая акцыя "Фэст экскурсаводаў" праходзіла ў пяты раз і стала рэкорднай як па колькасці экскурсій, так і па колькасці наведвальнікаў. Жыхары і госці сталіцы маглі выбіраць з 57 прапанаваных маршрутаў. Сярод іх былі як ужо "класічныя" ("Плошча Незалежнасці", "Дубрава Чапскага", "Мінск Татарскі"), так і новыя (экскурсія па мясцінах Станіслава Манюшкі з завяршальным міні-канцэртам ад гурта Dоuх Sоuvеnіr, "Светапіс": дзяцінства мінскай фатаграфіі" — па адрасах фотамайстэрняў ХІХ—ХХ стагоддзяў, агляд архітэктуры мінскага "сталінскага ампіру" і іншыя). Сёлета фэст разгарнуўся не на жарт, прапанаваўшы ахвотным экскурсіі на любы густ: пешаходныя, веласіпедныя, тэматычныя, інтэрактыўныя, аглядныя, храмавыя, на замежных мовах... Упершыню была арганізавана нават экскурсія ў электрычцы па маршруце Мінск — Заслаўе. Спецыяльна былі распрацаваны тры экскурсіі для дзяцей: па бібліятэцы імя Астроўскага, па Траецкім прадмесці і Лошыцкім парку. Вялікім крокам падчас фэсту стала правядзенне экскурсій для людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Прадстаўнік праекта "Дотык да Мінска" Людміла Скрадаль распавяла, што ў Беларусі практыкі правядзення экскурсій для людзей з абмежаванымі магчымасцямі няма, і таму распрацоўваць усё даводзіцца літаральна на хаду. Адной з такіх распрацовак сталі спецыяльна створаныя барэльефы з макетамі мінскіх будынкаў для невідушчых. Таксама ў фэсце ўпершыню змаглі ўзяць удзел інваліды на калясках, для якіх вялікай праблемай з'яўляецца адсутнасць безбар'ернага асяроддзя. "Пасля экскурсіі пасыпаліся водгукі, што мы вывелі першых інвалідаў на вуліцу і даказалі, што гэта магчыма", — падзялілася Людміла Скрадаль. Самай жа масавай сёлета стала экскурсія па парку валуноў, якую праводзіў Зміцер Скварчэўскі. Пазнаёміцца з сакральнай традыцыяй у камені прыйшло больш за 160 ахвотных. Да пятага "Фэсту экскурсаводаў" актыўна далучыліся і рэгіёны (гарады, мястэчкі і нават вёскі!), дзе сёлета адбыліся 53 экскурсіі. У Гродне, Полацку, Брэсце з'явіліся свае міні-аргкамітэты фэсту. Дарэчы, менавіта Брэст праявіў ініцыятыву велапрабегу з экскурсіяй па фартах Брэсцкай крэпасці, у якой узялі ўдзел амаль 300 чалавек. Галоўны каардынатар "Фэсту экскурсаводаў" Цімафей Акудовіч адзначыў, што ў гэтым годзе да экскурсій па мікрараёнах актыўна далучыліся мясцовыя жыхары. Для некаторых такіх экскурсій былі надрукаваны лістоўкі-анонсы, якія валанцёры расклеівалі на месцах. Такім чынам, фэст атрымаўся не толькі для абмежаванага кола людзей, але і для тых, хто не валодае шырокай інфармацыяй, але пабачыў яе ў сваім раёне, зацікавіўся і прыйшоў. Бо адна з галоўных мэт "Фэсту экскурсаводаў" — паказаць людзям, што мясціны, у якіх яны жывуць і якія ведаюць, таксама могуць быць цікавымі і адметнымі. "У нас пакуль што ёсць пэўныя праблемы з аховай гістарычных помнікаў. І адна з прычын гэтага — тое, што самі людзі недаацэньваюць гэтыя помнікі. Бо ніхто не спрачаецца, што Мірскі замак — гэта помнік. А вось што будынкі ў раёне Трактарнага завода маюць нейкую каштоўнасць, мала хто ведае. І нам вельмі важна, каб гэтае разуменне адрадзілася," — падкрэсліў Цімафей. Нягледзячы на тое, што арганізатары фэсту дасягнулі пастаўленай мэты, вынікі акцыі аказаліся нечаканымі нават для іх саміх. "Сёлета мы павялічылі не толькі колькасць экскурсій, але і рэкламу. Чакалі, што будзе шмат людзей, і ўсім будзе зручна і камфортна. Але нашыя чаканні крыху не спраўдзіліся: людзей прыйшло больш, чым мы думалі, таму экскурсіі былі масавымі. Я ўсё ж спадзяюся, што тыя, хто хацеў, змаглі пачуць цікавую для сябе інфармацыю", — падзяліўся Цімох Акудовіч. Акцыя "Фэст экскурсаводаў" развіваецца з кожным годам, пастаянна з'яўляюцца новыя маршруты і неардынарныя тэмы. За гэтыя пяць гадоў вырасла некалькі прафесійных экскурсаводаў, стартавай пляцоўкай для якіх стаў менавіта фэст. Кампанія не перастае пашырацца, а гэта значыць, што з кожным годам нас будуць чакаць усё новыя цікавыя звесткі з гісторыі такой роднай і такой незнаёмай Беларусі. Дзіяна СЕРАДЗЮК Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
"Фэст экскурсаводаў-2013" пабіў усе рэкорды У адным толькі Мінску бясплатныя экскурсіі наведалі каля 2 тысяч чалавек. Сёлета штогадовая акцыя "Фэст... |
|