Нашчадкі волатаў
30.04.2013
—
Новости Общества
|
Як толькі абвясцілі імя зубраняці — талісмана чэмпіянату свету па хакеі, карэспандэнт “НГ” накіраваўся ў вёску Валаты на Случчыне шукаць карані старажытных асілкаў, а магчыма, і ўсіх беларусаў “Валаты — вёска ў Казловіцкім сельсавеце. Назва ад слова “волат” — дужы, вялікага росту і сілы чалавек. Вядомы этнограф М. Каспяровіч лічыў волатаў продкамі сучасных беларусаў...” Так гаворыцца ў гісторыка-дакументальнай хроніцы гарадоў і раёнаў Беларусі, прысвечанай старажытнай Слуцкай зямлі... Ці мае вывад вучонага пад сабой глебу? З гэтай думкай я і спецыяліст мясцовага сельвыканкама Святлана Баранава накіраваліся ў вёску, назва якой у апошні час набыла яшчэ і спартыўнае гучанне, — цяпер яна, лічы, “радзіма” зубраняці — талісмана чэмпіянату свету па хакеі, якое атрымала імя Волат. — Так, мне маці таксама казала, што колісь тут жыў высокі, дужы чалавек, сапраўдны волат, ад якога і пайшла назва нашай вёскі, — згаджаецца 76-гадовая Марыя Дзенісеня. Старэйшы за яе на чатыры гады Якаў Качур, сусед з дому насупраць, абдымае жанчыну, кажа, што ў маладосці і ён быў волатам, нават заляцаўся да Марыі. Дадае: калісьці яны працавалі ў мясцовым калгасе “Чырвоны волат”, які славіўся ўраджаямі. У маладзейшага насельніка вёскі іншая версія: назву вёсцы далі некалькі дубоў-волатаў, што раслі на гэтым месцы. Як бы там ні было, усё зводзіцца да аднаго: зямля гэтая, на мяжы Слуцкага і Салігорскага раёнаў, здольная надаваць магутную сілу ўсім і ўсяму, што на ёй жыве. Яскравы прыклад таму — Вольга Качур. Чаго толькі ні перажыла жанчына за свае 86 гадоў! Калектывізацыю і бандыцкія налёты, вайну і аднаўленне зруйнаванай краіны, цяжкую працу ў полі і на ферме... Аднак на свой лёс Вольга Нікіфараўна не скардзіцца. Размаўляе з гумарам. Выпісвае газету і чытае яе без акуляраў. Памятае гады, дні нараджэння не толькі дзяцей, але і дзясятка ўнукаў. Трымае дваццаць курэй. Зараз у бабулі надзённыя клопаты: прарошчвае насенне бульбы для пасадкі. Потым будзе палоць, даглядаць на радасць сабе і дзеткам... Праўда, пры сваёй гучнай назве вёска Валаты ніколі не вызначалася вялікімі памерамі. У пачатку ХХ стагоддзя ў шаснаццаці яе дварах пражывала 120 жыхароў. З усіх дзяржаўных устаноў працавала пачатковая школа, ды і яе даўным-даўно не стала. Паўтара дзясятка гадоў таму ў Валатах жылі 45 чалавек. Сёння — толькі 12 месцічаў, з якіх на зіму заставаліся ўсяго чацвёра, астатнія грэліся ў гарадскіх кватэрах дзяцей, а цяпер пакрысе вяртаюцца ў родныя сядзібы. — Але мы нікога не забываем, — расказвае паштальён Надзея Варашкевіч. — Я нашу газеты, пенсію, прымаю заказы на дастаўку неабходных тавараў. У гэтыя веснавыя дні Валаты ажывіліся шматгалоссем. У пачатку года ў вёсцы было паўсотні трусоў, шэсць дзясяткаў свіней, каля сотні гусей, курэй. Цяпер хатняй жыўнасці прыбавілася. Не толькі ў дварах пенсіянераў, што вярнуліся з “зімовых канікул”. — Паглядзіце, колькі тут гусей, курэй, а яшчэ ёсць і свінні, і трусы, — з яўным задавальненнем паказвае Святлана Баранава на дагледжаны двор. — Гэты дом купіў малады жыхар Слуцка Аляксандр Сямашка. Давёў усё да ладу, ад працы на шчодрай зямлі валатоўскай атрымлівае не толькі задавальненне, але і прыбытак. Непадалёк каля невядомага агрэгата завіхаецца мужчына. Падыходзім бліжэй. Уладзімір Васілевіч тлумачыць: здаваць на металалом стары “запарожац” пашкадаваў, паставіў яго рухавік на раму, дадаў колы і атрымаўся трактар. Цяпер можна вазіць грузы, араць агарод, які яму і жонцы Ганне дастаўся ў спадчыну ад бацькі. Уладзімір Іванавіч дапрацоўвае тэрмін, што застаўся да пенсіі, на гарадскім хлебазаводзе. Выйдзе на пенсію — і канчаткова пераедзе ў родную вёску, дзе расце добры сад, ёсць парнік. Ні на адным з чатырох дзясяткаў дамоў я не заўважыў забітых дошкамі вокнаў. Вёска, як і прырода, заціхае зімой. А з прыходам веснавых дзён сядзібы абуджаюцца галасамі дзяцей, унукаў карэнных вяскоўцаў, якія прыязджаюць са Слуцка, Салігорска, каб апрацаваць бацькоўскую зямельку, падыхаць непаўторным водарам дзяцінства... — А за чэмпіянатам свету па хакеі, што ўпершыню пройдзе ў Беларусі, сачыць будзеце? — спытаў я пры развітанні валатоўцаў. — Абавязкова, за нашу каманду перажываць будзем! — адказалі вяскоўцы. — Там жа талісман, можна сказаць, наш зямляк. А таму ён павінен даць беларускім хакеістам дадатковыя сілы...
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Як толькі абвясцілі імя зубраняці — талісмана чэмпіянату свету па хакеі, карэспандэнт “НГ” накіраваўся ў вёску Валаты на Случчыне шукаць карані старажытных...
|
|