Легенда пра "чорнага рэпарцёра"
04.05.2013
—
Новости Общества
|
Любы журналіст, які працуе не першы год, пад настрой можа прыгадаць мноства гісторый (часам вясёлых, часам — зусім наадварот), звязаных з прафесіяй, героямі матэрыялаў, калегамі. Некаторыя з такіх аповедаў становяцца агульнавядомымі, а нейкія расказваюцца толькі на сваёй "працоўнай кухні". Напярэдадні нашага прафесійнага свята хацелася б расказаць адну легенду, пачутую... У рэшце рэшт, гэта не мае значэння, ад каго. Галоўнае, пра каго. ...Гэтая гісторыя пачалася вельмі даўно. Настолькі, што нават старажылы "газетнага цэху" не могуць прыгадаць яе канкрэтную дату. Дакладна вядома толькі, што ўсё здарылася ў старым будынку Дома друку. Калі хто не ведае, калісьці ў ім на адным паверсе знаходзілася адразу некалькі рэдакцый. І вось у адну з іх у аддзел навін і рэпартажаў прыйшоў працаваць юнак, малады выпускнік. Трэба сказаць, што сваю прафесію ён вельмі любіў і літаральна прагнуў працы, гатовы быў і дняваць і начаваць у рэдакцыі. У думках яму бачыліся першапалосныя скандальныя інтэрв'ю, праблемныя рэпартажы, якія выклікалі шырокі грамадскі інтарэс і неадназначную рэакцыю калег — ад захаплення да зайздрасці. Вядома, аўтарам тых матэрыялаў быў ён, прызнаны і аўтарытэтны журналіст! Але гэта пакуль былі толькі мары... Тым не менш наш герой, уладкоўваючыся на працу ў рэдакцыю газеты, ніколькі не сумняваўся, што так будзе і наяве — дайце толькі час. Што канкрэтна здарылася потым, чаму ўсё пайшло не так, як хацелася хлопцу, — версіі разыходзяцца. Ці тое рэдакцыі яшчэ больш ушчыльнілі, ці, можа, проста перавялі якую з паверха на паверх... Хто ведае, магчыма, адны людзі сышлі, а на іх месцы прыйшлі іншыя — новыя. Можа, аддзел кадраў які пралік дапусціў... Карацей кажучы, нейкім дзіўным чынам так атрымалася, што ў мітусні будзённых спраў у адной рэдакцыі вырашылі, што малады чалавек працуе ў калег-суседзяў, а там, у сваю чаргу, думалі гэтак жа пра іх... А трэба сказаць, што, нягледзячы на амбіцыйныя планы, сам наш герой быў даволі сціплым, нават, як ні дзіўна, сарамлівым. Працаваць ён вельмі хацеў! Але турбаваць лішні раз начальства і адцягваць на сябе ўвагу сабратаў па пяры не адважваўся. Хадзіў на працу і цэлыя дні праводзіў у чаканні задання. Не сумнявайцеся: ён бы яго выканаў найлепшым чынам! Але ішоў час, дні праходзілі за днямі, а ніякіх заданняў не было. На хлопца папросту забыліся. З ім віталіся, пыталіся пра нейкія нязначныя рэчы, але ніхто ніводнага разу не прапанаваў галоўнага: зрабіць рэпартаж у нумар! Усе, напэўна, лічылі, што ён увесь час пры справе, працуе над чарговым матэрыялам. Як жа гэта было далёка ад ісціны!.. Ад усведамлення сваёй незапатрабаванасці, ад горычы, што ён не можа займацца тым, пра што марыць, ад сваіх унутраных перажыванняў малады чалавек літаральна счарнеў. Але і гэтага ў штодзённым кругавароце рэдакцыйнага жыцця ніхто не заўважыў... І аднойчы хлопец... знік. Як быццам растварыўся ў прасторы. Як многія потым здагадаліся, застаўся ў Доме друку назаўсёды. А пазней "пераехаў" у новы будынак, дзе больш за дваццаць апошніх гадоў размяшчаюцца рэдакцыі рэспубліканскіх газет. Як пра гэта стала вядома, хто першы заўважыў "Чорнага рэпарцёра" (так яго празвалі) — таксама блытаная гісторыя. Паказваецца ён не заўсёды і не кожнаму. "Чорны рэпарцёр" можа не нагадваць пра сябе доўгі час, а потым у нейкі адзін дзень мноства журналістаў па шэрагу прыкмет здагадваюцца, што ён недзе побач. ...Часам у кабінеце нечакана могуць бразнуць дзверы... Або са стала разлятаюцца паперы... А ў доўгім рэдакцыйным калідоры раптам пачынаюць варушыцца і прыўздымацца дываны... Большасць недасведчаных лічыць, што ў тым вінаватыя скразнякі. Гэта не так. Часам не так. Насамрэч гэта па паверхах Дома прэсы прагульваецца толькі па яму аднаму вядомым маршруце "Чорны рэпарцёр". Ён нікому не перашкаджае, проста (як можна здагадацца) ціхенька назірае за сваімі калегамі "па цэху", побач з якімі так і не атрымалася некалі спазнаць усе нюансы рэпарцёрскай працы. Што творыцца ў яго душы, ці шкадуе ён пра нешта?.. Гэта вядома толькі яму самому, "Чорнаму рэпарцёру". Але ён па-ранейшаму чакае задання! ...Калі вы пабачыце, як перад вамі ў калідоры на падлозе пачынае варушыцца дыван, па чарзе прыўздымаючыся і нібы перасоўваючыся вам насустрач, як быццам нехта нябачны шпацыруе па ім шырокімі крокамі — не разважайце доўга, скачыце ў цэнтр гэтага пухіра, гучна вымаўляйце: "Рэпарцёр, напішы ў нумар!" і загадвайце жаданне. "Чорны рэпарцёр", які так доўга чакаў гэтых слоў і так іх і не дачакаўся, абавязкова аддзячыць вам за тое, што звярнулі на яго ўвагу. Нехта просіць у яго павышэння па службе або вялікіх ганарараў, хтосьці — каб было паболей цікавых тэм, іншаму хацелася б атрымаць за сваю працу прэстыжную журналісцкую ўзнагароду... Праўда гэта ці не, вырашаць вам. Толькі калі прыйсці на працу вельмі рана ці затрымацца на ёй дапазна, часам у цішыні можна пачуць, як недзе нехта скокнуў і гучна звярнуўся да "Чорнага рэпарцёра". Па чутках, прыбіральшчыцы Дома прэсы часам засцігаюць за гэтым заняткам некаторых вядомых журналістаў... Усіх са святам, калегі! Сяргей РАСОЛЬКА Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Любы журналіст, які працуе не першы год, пад настрой можа прыгадаць мноства гісторый (часам вясёлых, часам — зусім наадварот), звязаных з прафесіяй, героямі... |
|