ЕС: нявызначанасць перспектыў
07.05.2013
—
Новости Общества
|
Непрыемныя навіны, якія хоць і чакалі, прыйшлі ў красавіку—маі з Еўрасаюза. У чарговым зборніку Еўракамісіі "Еўрапейскі эканамічны прагноз" аказалася нашмат больш негатыву, чым пазітыву. Дзяржаўны доўг краін — членаў ЕС узрос амаль на тры працэнты за мінулы год, дасягнуўшы 85,3%. Найбольшую трывогу выклікае імклівы рост дзярждоўгу Італіі, які павялічыўся да 127% ВУП супраць 120,8% на год раней. А да 2014 года чакаецца рост доўгу да 132,2%. Нягледзячы на тое, што гэта менш у працэнтным выражэнні, чым у лідара па дзярждоўгу — Грэцыі, галоўная небяспека заключаецца ў тым, што, калі Італія паўторыць лёс Грэцыі, празмерна нарасціўшы свой дзярждоўг, парай соцень мільярдаў еўра дапамогі яе праблемы не вырашыць, паколькі італьянская эканоміка — адна з самых буйных у ЕС. Спатрэбяцца трыльёны еўра. Справа можа дайсці і да краху ўсяго Еўрасаюза. Невыпадкова ў прагнозе Еўракамісіі інфармацыя аб Італіі названа наступным чынам: "высокая нявызначанасць перспектыў аздараўлення". У 2012 годзе італьянская эканоміка, акрамя імклівага росту дзярждоўгу, упала на 2,4%. Да 2013 года перспектывы таксама змрочныя: чакаецца падзенне на 1,3%. Узровень беспрацоўя таксама павысіўся з 8,4% у 2011 годзе да 10,7% у 2012, а ў 2013 годзе чакаецца яго рост да 11,8%. У іншых буйных эканоміках Еўрасаюза таксама мала аптымізму. У найбуйнейшых з іх — Германіі, па выніках 2012 года рост склаў усяго 0,7%. У 2013 годзе чакаецца далейшае замаруджванне росту да 0,4%. Гэта важна для ўсяго ЕС, улічваючы тое, якую значную ролю адыгрывае Германія ў эканоміцы Еўрасаюза. З пазітыву можна назваць скарачэнне беспрацоўя і чаканні экспертаў ЕС, што ў 2014 годзе Германія зможа забяспечыць рост эканомікі ў памеры 1,8%. Праўда, тут ужо ўзнікае іншае пытанне: як паўплывае такі рост эканомікі ў 2014 годзе на больш слабыя краіны — члены ЕС? Як паказвае практыка, рост нямецкага экспарту ў слабыя краіны ЕС памяншае іх здольнасць самастойна вырабляць тавары з высокай дабаўленай вартасцю, тым самым узмацняючы праблемы з аднаўленнем эканомікі і беспрацоўем, якія існуюць. Нядрэнна было б, калі б нямецкай эканоміцы ўдалося павялічыць тэмпы росту ў 2014 годзе, нарошчваючы экспарт не ў слабыя краіны ЕС, а за яго межы. Калі гэта не будзе зроблена (а такая работа цяпер практычна не вядзецца), павелічэнне росту эканомікі Германіі прывядзе да новых праблем у не здольных канкурыраваць з ёй краінах ЕС. Францыя ўжо другі год балансуе паміж падзеннем і ростам эканомікі. Яе дзяржаўны доўг таксама значна расце (калі ў 2010 годзе ён складаў 82,4%, то па выніках 2013 года чакаецца ў памеры 94% ад ВУП). Насцярожвае і пастаянны рост беспрацоўя: калі ў 2010 годзе ў статусе беспрацоўных знаходзілася 9,7% грамадзян Францыі працаздольнага ўзросту, то па выніках 2013 года чакаецца рост гэтага паказчыка да 10,6%. Не ўдаецца ўраду выканаць свае задачы і па скарачэнні дэфіцыту бюджэту. Вялікабрытанія, нягледзячы на невялікі рост эканомікі (0,3% па выніках 2012 года, і 0,6% чакаецца па выніках 2013 года), таксама не можа пазбавіцца праблем. Калі дзярждоўг па выніках 2010 года складае 79,4%, то да канца 2013 года чакаецца яго рост да 95,5%. Працягвае расці і беспрацоўе: да канца 2013 года чакаецца ўзрастанне гэтага паказчыка да 8%. Вельмі трывожнай застаецца і сітуацыя ў адной з самых населеных эканомік ЕС — Іспаніі. ВУП гэтай краіны знізіўся на 1,4% у 2012 годзе і, як чакаецца, знізіцца яшчэ ў 2013 годзе. Беспрацоўе з шакіруючай лічбы ў 25% па выніках 2012 года ў 2013 годзе мае намер пабіць рэкорд, павялічыўшыся да 27%. Асабліва цяжка яно ўплывае на моладзь, якая, ужо проста адчаяўшыся знайсці любую працу, усё часцей прымае рашэнне эміграваць. Дзяржаўны доўг Іспаніі таксама значна расце (калі ў 2010 годзе ён складаў 61,5%, то па выніках 2013 года чакаецца ў памеры 91,3% ад ВУП). Усё часцей фінансавыя аналітыкі ўздымаюць пытанне, як у такой цяжкай эканамічнай сітуацыі краіна зможа абслугоўваць доўг, які ўсё павялічваецца, і пасля праходжання пэўнага парогу чакання Іспанія можа спікіраваць у тую ж бездань, у якую ў 2012—2013 гадах трапіў Кіпр. Што цягне за сабой гэтая сітуацыя з нарастаннем беспрацоўя, ростам дзяржаўнага доўгу, слабым эканамічным ростам або падзеннем самых сур'ёзных эканомік ЕС для Беларусі? Яна стварае сур'ёзныя праблемы для нашых спроб выйсці на высокія тэмпы росту, уласцівыя беларускай эканоміцы да сусветнага фінансавага крызісу. Пакуль найбуйнейшы рынак збыту для тавараў з Беларусі — Еўрасаюз — знаходзіцца ў такім сумным становішчы, беларускай эканоміцы цяжка працаваць на поўную сілу. Многія нашы тавары, якія паспяхова прадаваліся ў лепшыя часы, цяпер там не запатрабаваны або не могуць быць прададзены за цэны, якія нас задавальняюць. Не дазваляе становішча песімізму, які пануе ў ЕС, рэалізаваць і ўсе выгады ад еўразійскай інтэграцыі, якая рухаецца ў еўрапейскім кірунку. Адным з нямногіх плюсоў для Беларусі з'яўляецца тое, што тры суседнія краіны, якія ўваходзяць у ЕС — Польшча, Літва і Латвія — усё ж дэманструюць эканамічны рост, а Літва і Латвія — нават здольнасць некалькі скарачаць былыя высокія лічбы беспрацоўя. Нядзіўна, што менавіта з імі беларускі тавараабарот б'е былыя рэкорды. Сяргей КІЗІМА, загадчык кафедры міжнародных адносін Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь, доктар палітычных навук Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Непрыемныя навіны, якія хоць і чакалі, прыйшлі ў красавіку—маі з Еўрасаюза. У чарговым зборніку Еўракамісіі "Еўрапейскі эканамічны прагноз" аказалася нашмат...
|
|