Нефармат Святланы Яскевіч. 21.by

Нефармат Святланы Яскевіч

16.05.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Нядаўна давялося пісаць артыкулы пра рэабілітацыйны цэнтр для інвалідаў. Дагэтуль былі доўгія перамовы з яго дырэктарам па тэлефоне. Галіна Пятроўна расказвала, як стварала ўстанову, шукала памяшканне, арганізоўвала работу, потым пра тое, колькі кабінетаў абышла ў пошуках падтрымкі, калі цэнтр прыпыніў сваю дзейнасць па прычыне вострай патрэбы ў рамонце. "Вельмі энергічная дама, — падумала я. — Прабіўная, настойлівая, хуткая на пад'ём". А калі прыехала і ўбачыла яе, адчула сапраўдны шок: мяне сустрэла жанчына ў інваліднай калясцы!

Справіцца з сабой, не паказаць здзіўленне было не вельмі лёгка. А яна са шчырай усмешкай гаварыла аб тым, як добра, што нарэшце скончылася разводдзе, падсохла дарога, і можна без праблем даехаць да ўстановы, якая стала справай яе жыцця.

— Вось так і жыву, з каляскі — у машыну, з машыны — у каляску, — распавядала мая гераіня. — Муж у мяне таксама інвалід-калясачнік. У яго ў руках усё гарыць, ён механік першакласны, машыны рамантуе, шмат чаго ўмее яшчэ рабіць.

...Нам — з рукамі і нагамі — нават уявіць сабе да канца не дадзена, якіх намаганняў, якой душэўнай моцы каштуе людзям з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі не толькі сваё жыццё зрабіць паўнавартасным і цікавым, а яшчэ і другім дапамагчы. Менавіта такія падзвіжнікі і аптымісты і павінны працаваць у рэабілітацыйных цэнтрах для інвалідаў, каб усяляць надзею, выхоўваць найперш сваім прыкладам. Лепшая псіхатэрапія. Нават для здаровых. Гледзячы на гэтых людзей, абавязкова спытаеш сябе, ці на тое траціш сваё жыццё. І, вядома, згадаеш мізэрныя крыўды, нявартыя праблемы, непатрэбную мітусню, бязглуздыя канфлікты, якія нярэдка становяцца зместам нашага паўсядзённага існавання, атручваюць будні ды святы, спараджаюць стрэсы і дэпрэсіі. Тым з іх, хто загартаваў у сабе душэўную моц, не раззлаваўся на ўвесь свет, дай рукі-ногі — яны б горы перавярнулі. Бо ўмеюць вызначыць галоўнае, бачаць і адчуваюць многае лепш за нас. Не прыгадаю зараз, хто сказаў пра Ніну Мацяш: "Яе асабістае няшчасце абярнулася шчасцем для ўсёй беларускай літаратуры". Ніна пакінула для нас не толькі цудоўныя вершы, але і ўспамін пра сябе як надзвычай светлага, як цяпер кажуць, пазітыўнага чалавека.

Пазітыву нам у гэтых людзей не грэх і павучыцца. А яшчэ аддаць даўгі... Інвалідам можа стаць кожны і ў любую хвіліну. Не ўсе ж нараджаюцца пазбаўленымі магчымасці хадзіць або бачыць... Вунь колькі людзей становяцца абмежаванымі ў руху пасля траўм і аварый! А мы... Пагаворым пра безбар'ернае асяроддзе, нешта быццам бы зробім. Але, як заўсёды, не да канца. Тая ж Галіна Пятроўна, якую я згадвала ў пачатку, заўважыла, што ў пад'ездзе яе дома пандус ёсць, толькі без старонняй дапамогі яна па ім не паднімецца. Што ўжо казаць пра многія і многія ўстановы, калі нават уваходы-выхады ў жылых дамах далёка не ўсюды "безбар'ерныя" для інвалідаў. Памятаю, як у свой час намучылася з дзіцячай двухмеснай каляскай, якая не ўлазіць ні ў ліфт, ні ў дзверы панэльнага шматпавярховага дома. Тады ў думках я ўсім праекціроўшчыкам жылля жадала займець у якасці падарунку лёсу тройню. Але ж дзіцячая каляска — рэч на год—два. Не хочацца думаць, што могуць пажадаць абмежаваныя фізічна людзі астатнім, якія мала што робяць для іх. Таму што інваліды, як і ўсе, маюць права атрымаць адукацыю, потым работу, штодзень выходзіць з дому. На тое і ствараўся вышэйзгаданы цэнтр, які часова не працуе.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў нашага парламента Леанід Кавалевіч сказаў аднойчы ў размове-інтэрв'ю: "Калі ты здаровы, то на любой пасадзе павінен зрабіць нешта для людзей з абмежаванымі магчымасцямі". Леанід Мікалаевіч пацвярджае гэта і справамі. Раней, калі быў начальнікам раённай ЖКГ, — дапамагаў інвалідам, і цяпер, стаўшы "прафесійным" парламентарыем, робіць гэта. Ён мне і расказаў пра жыхара Івацэвіцкага раёна Анатоля Галушку. Паэт і мастак пазбаўлены магчымасці трымаць пэндзаль ці аловак рукой. Ён стварае свае творы, заціснуўшы інструмент зубамі. А нядаўна выйшла яго кніга "Сляды на пяску". Там ёсць такія радкі:

Дай, Божа, быць шчаслівым тым,  што маю,

Дай, Божа, аддаваць, а не прасіць.

Усмешкі слодыч, горыч слёз — прымаю:

Дай моцы злосці ў сэрцы не насіць.

Хто асмеліцца спрачацца з тым, што гэтыя "абмежаваныя" людзі падышлі да ісціны бліжэй за нас, "неабмежаваных"?..

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Пра тых, хто бліжэй да ісціны
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика