Скарбы традыцыйнай культуры
19.05.2013
—
Новости Общества
|
У прасторнай сонечнай зале — стылізаваная беларуская вясковая хата: у калысцы ляжыць немаўля, ложак у вышываных падушках, на покуці — абраз з набожнікамі, стол з беларускімі прысмакамі, старыя бытавыя рэчы, на лавах — саматканыя тканіны, на сценах — ручнікі з прыгожымі ўзорамі. У кожным фрагменце арнаменту ёсць свой сэнс. Майстрыхі Клічаўскага і Кіраўскага раёнаў прадстаўляюць свае лепшыя творы ўдзельнікам міжнароднага форуму "Традыцыйная культура як стратэгічны рэсурс устойлівага развіцця грамадства". "Матчын ручнік — крыніца лёсу" — так называецца тэматычная кампазіцыя. За кроснамі сядзіць Марыя Іванаўна Салановіч — 74-гадовая жыхарка аграгарадка Любонічы Кіраўскага раёна. Марыя Іванаўна працавала паштальёнам, а ткаць і вышываць навучылася ад сваёй маці. Цяпер яна вядомая майстрыха, і госці форуму бесперапынна здымаюць жанчыну і яе вырабы на ўсе віды камер. "Залатыя рукі!" — захапляецца публіка. — Гэта вышываны каляровымі кветкамі ручнік, з якім я выходзіла замуж, — расказвае Марыя Іванаўна. — А вось гэты фартух і андарак належалі яшчэ маёй прабабулі, ім дакладна болей за сотню гадоў. Цяпер маладыя людзі цікавяцца маім майстэрствам, і я перадаю ім свае веды. Галандцы спяваюць па-беларуску Менавіта захаванне культурнай спадчыны — тэма міжнароднага форуму. Яго другі раз арганізуе Магілёўскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы пры падтрымцы Міністэрства культуры Беларусі. Мерапрыемства набірае папулярнасць: сёлета ў Магілёў прыехалі ўдзельнікі з 13 краін — летась — з 5-ці. Таму нездарма на адкрыцці форуму вядучыя гаварылі па-беларуску, па-руску і рабілі пераклад на англійскую мову. На сцэне стаялі разам беларусы, эстонцы, азербайджанцы, галандцы, туркі, славакі і іншыя. "Не трэба вывучаць генетыку, а проста прыглядзецца, каб зразумець: у нас ёсць культурная роднасць", — сказаў намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Валерый Малашка. Усіх, безумоўна, парадавала выступленне аматарскага творчага калектыву "Заранка" з Галандыі. Мужчыны выйшлі ў шырокіх чорных штанах са шлейкамі і шыракаполых капелюшах, жанчыны — у старадаўніх сукенках і белых каптурах. Галандцы спявалі на роднай мове, а таксама праспявалі беларускую песню "Ой, ляцелі гусі". Удзельнікі "Заранкі" запланавалі выступіць таксама і ў сельскіх клубах Магілёўшчыны. Навука пра Мікольскую свячу Форум — гэта не толькі яркія акцыі і маляўнічыя шоу. Яго цэнтрам з'яўляецца навукова-практычная канферэнцыя, дзе абмяркоўваецца спалучэнне каштоўнасцяў традыцыйнай культуры з міжнароднымі іміджавымі стратэгіямі. Тут з дакладамі і нефармальнымі расповедамі выступаюць сур'ёзныя навукоўцы. — Можа, гэта прагучыць банальна, але сапраўды без мінулага няма будучыні, — сказаў дырэктар Магілёўскага цэнтра народнай творчасці і культурна-асветніцкай працы Алег Хмялькоў. — У іншых краінах ганарацца сваёй спадчынай, і нам трэба. Нашы дзеці і ўнукі павінны ведаць традыцыі беларускага народа. Гэта таксама і частка іміджу краіны: без культуры, звычаяў, народных рамёстваў і промыслаў яго проста не будзе. У межах форуму таксама адбылася важная падзея: прэзентацыя кнігі "Мікольская свяча", аўтары якой — вядомыя этнографы і фалькларысты Янка Крук і Аксана Катовіч, знаёмыя чытачам "Звязды" па цікавых публікацыях. Гэтае навуковае даследаванне, прысвечанае абраду свячы ў вёсцы Наркі Шклоўскага раёна. — Кніга выйшла ў свет літаральна днямі, і наш цэнтр пры падтрымцы абласнога ўпраўлення культуры бярэцца зрабіць наклад для рэгіёна, — пракаментаваў Алег Хмялькоў. — Кнігу ўбачаць чытачы нашых бібліятэк. Ажыятажны попыт на валёнкі і лапці Кіраўнік упраўлення культуры Магілёўскага аблвыканкама Анатоль Сінкавец ганарыцца, што культурныя традыцыі вобласці — адны з самых багатых, і да таго ж яны перадаюцца маладому пакаленню. Напрыклад, фальклорны калектыў з вёскі Галавенчыцы Чавускага раёна "Незабудкі" прызнаны нематэрыяльнай спадчынай Беларусі: жанчыны сталага ўзросту цяпер вучаць спяваць дзяцей. — Калі мы будзем перадаваць нашы традыцыі, то наша культура будзе здабыткам не толькі нашай нацыі, але і стане вядомай ва ўсім свеце, — перакананы Анатоль Сінкавец. — Гэта вялікая навука — захоўваць і перадаваць традыцыі. Гэтаму і прысвечаны форум. У Шклове гасцям форуму прапануюць пацікавіцца тэатралізаванай дзеяй "Свята шклоўскага агурка" і народным гуляннем "Зялёныя святкі". У Дрыбіне прадстаўляюць фрагмент фестывалю-кірмашу "Дрыбінскія таржкі". У Дрыбінскім раёне гасцей чакае таксама знаёмства з мясцовымі майстрамі. Тутэйшыя шапавалы даўно пераканалі, што іх тавар для цяперашніх зім — гэта тое, што трэба. Але, аказалася, што і спецыялісты па пляценні лапцяў не маюць праблем са збытам: лапці партыямі набываюць немцы і галандцы. Завершыцца вандроўка па сельскіх раёнах Магілёўшчыны для ўдзельнікаў міжнароднага форуму вогнішчам мары і яднання "Жывіца". Ілона Іванова Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У прасторнай сонечнай зале — стылізаваная беларуская вясковая хата: у калысцы ляжыць немаўля, ложак у вышываных падушках, на покуці — абраз з набожнікамі, стол з... |
|