Працоўны кодэкс для пакалення "Ай—Ці". 21.by

Працоўны кодэкс для пакалення "Ай—Ці"

19.05.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Учора дэпутаты ніжняй палаты парламента разгледзелі ў першым чытанні змены і дапаўненні ў Працоўны кодэкс. Як заўважылі самі заканадаўцы, абноўлены звод законаў у сферы працоўных адносін у большай ступені будзе разлічаны на пакаленне, якому менш за 40 гадоў.

Даць магчымасць зарабіць

Узяць тую ж надомную працу. У савецкія часы ёю займаліся пераважна пенсіянеры: напрыклад, плялі гаспадарчыя авоські з баваўняных нітак. Цяпер, як заўважыла міністр працы і сацыяльнай абароны Марыяна Шчоткіна, для таго, каб працаваць дома, дастаткова мець інтэрнэт і пэўны набор камп'ютарных праграм. Тое ж тычыцца і камандзіровачных пасведчанняў: новае пакаленне адмаўляецца ад лішніх папер. Ды і сам прынцып, якім кіраваліся распрацоўшчыкі закона, ссунуўшы прыярытэт ад асобнага чалавека ў бок вытворчасці, усё менш нагадвае савецкія гарантыі з усімі іх плюсамі і мінусамі. Разам з тым беларуская дзяржава застаецца па-ранейшаму сацыяльна арыентаванай. Таму інтарэсы работнікаў, простых людзей закана-творцы таксама стараліся абараніць.

— Законапраект уносіць змены ў 170 артыкулаў Працоўнага кодэкса, пры гэтым ні канцэпцыя, ні структура дзейнага кодэкса не змяняюцца, — расказала журналістам Ларыса БАГДАНОВІЧ, намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па працы і сацыяльных пытаннях. — Згодна з рэалізацыяй рашэння Канстытуцыйнага суда, прапануецца забараніць дыскрымінацыю ў сферы працоўных адносін на падставе ўзросту або месца жыхарства.

Гэта значыць, што, пасля прыняцця змен у Кодэкс, грамадзянін зможа звярнуцца ў суд і выйграць справу, калі яму было адмоўлена ў працаўладкаванні на падставе яго ўзросту, нейкага сацыяльнага становішча альбо месца жыхарства.

Змены ў Кодэкс змяшчаюць палажэнне аб выплаце дапамогі па доглядзе дзіцяці да 3 гадоў не толькі маці і бацьку, але таксама мачысе і айчыму.

Што тычыцца надомнай працы, то законапраект, у адрозненне ад дзейнага закона, дазваляе "надомніку" працаваць на ўласным абсталяванні, уласнымі інструментамі і матэрыяламі і неабавязкова ва ўласным памяшканні.

З улікам практыкі прымянення ўносяцца змены ў рэгуляванне працы па сумяшчальніцтве. Зараз закон дазваляе працаваць па сумяшчальніцтве толькі ў адной арганізацыі, працоўны дзень пры гэтым не павінен перавышаць 12 гадзін. Праект закона прадугледжвае дазвол на работу па сумяшчальніцтве ў выхадныя дні, падчас вымушанага прастою прадпрыемства, увогуле ў любы свабодны час, прычым адразу ў некалькіх арганізацыях.

Плануецца таксама ліквідаваць абмежаванні на працу па сумяшчальніцтве для пэўнай катэгорыі кіраўнікоў, што павінна вырашыць, у прыватнасці, праблему недахопу старшынь будаўнічых кааператываў.

— Дыскусійнай сёння з'яўляецца норма аб заключэнні тэрміновых працоўных дагавораў мікраарганізацыямі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі, — сказала Ларыса Багдановіч. — Норма існуе, але ёю карыстаюцца мала. Аднак яна з'яўляецца гарантыяй для работніка, бо часта, калі работнік уладкоўваецца, яму абяцаюць пэўны заробак. Ён, напрыклад, адпраўляецца ў доўгі рэйс, а калі вяртаецца, абяцаны заробак не выплачваецца. Працоўныя адносіны яго не аформлены, а значыць, ён нічога не можа і патрабаваць.

Справа — перш за ўсё

Наступныя змены ў большай ступені адпавядаюць інтарэсам наймальніка. Гэта і пераход на пагадзінную аплату звышурочнай работы на прадпрыемствах рознай формы ўласнасці (пакуль што такая кампенсацыя прадугледжана за цэлы дзень, нават калі работнік працаваў у выхадны толькі 4 гадзіны), і спрашчэнне працэдуры ўзгаднення графіка працоўных адпачынкаў (прыярытэтнымі названы інтарэсы прадпрыемства)...

Прагрэсіўным крокам заканадаўцы назвалі норму, якая робіць неабавязковымі камандзіровачныя пасведчанні. Для бухгалтарскай справаздачы дастаткова будзе загада наймальніка і дакументаў аб праездзе і пражыванні, для кіраўніцтва прадпрыемства — дасягненне мэты камандзіроўкі. Пры гэтым рашэнне аб захаванні камандзіровачных пасведчанняў або адмове ад іх кожнае прадпрыемства будзе прымаць самастойна.

Вельмі запатрабаванай з'яўляецца норма, якая пашырае магчымасці атрымання дадатковай адукацыі супрацоўнікамі. З улікам патрэб і фінансавых магчымасцяў прадпрыемства, згодна з абноўленым кодэксам, кіраўнік самастойна зможа прымаць рашэнне аб накіраванні на навучанне сваіх спецыялістаў.

Спорт як работа

Адной з самых важных навацый праекта закона міністр працы і сацыяльнай абароны назвала дапаўненне Працоўнага кодэкса асобным раздзелам, які рэгулюе працоўныя адносіны ў прафесійным спорце.

— Гэты раздзел рэгулюе пытанні заключэння, скасавання і тэрміны дзеяння працоўных дагавораў паміж спартсменамі і трэнерамі, падставы для часовага пераводу спартсменаў ад аднаго наймальніка да іншага, — патлумачыла міністр. — Напрыклад, наймальніку дадзена права ў выпадку, калі ён не мае магчымасці забяспечыць удзел спартсменаў у спартыўных мерапрыемствах, пераводзіць спартсменаў і трэнераў, з іх пісьмовай згоды, да іншага наймальніка.

Праект закона вызначае асаблівасці працы жанчын-спартсменаў і спартсменаў ва ўзросце да 18 гадоў, працы трэнераў па сумяшчальніцтве, асаблівасці скасавання працоўнага дагавора са спартсменам і трэнерам.

Альбо прыватызацыя, альбо арэнда

Другім пытаннем у парадку дня пасяджэння сесіі быў законапраект аб унясенні змен і дапаўненняў у некаторыя заканадаўчыя акты па пытаннях жыллёвай палітыкі. Аднак не столькі гэты законапраект, колькі сам Жыллёвы кодэкс, які больш за два месяцы таму ўступіў у сілу, выклікаў пытанні дэпутатаў да міністра ЖКГ Андрэя Шорца.

Адказваючы на пытанні дэпутатаў, міністр пацвердзіў, што цяпер практычна распрацаваны, узгоднены і рыхтуецца да накіравання Прэзідэнту праект указа аб пераводзе жылых памяшканняў, прадастаўленых грамадзянам па дагаворы найму, у разрад камерцыйнага жылля. Акрамя таго, прадугледжваецца і перавод службовых жылых памяшканняў у разрад жылля камерцыйнага выкарыстання.

У Жыллёвым кодэксе Беларусі, які пачаў дзейнічаць з сакавіка гэтага года, ёсць палажэнні, нагадаў Андрэй Шорац, якія прадугледжваюць увядзенне платы за карыстанне памяшканнямі дзяржаўнага жыллёвага фонду, прадастаўленыя па дагаворы найму. І сёння ў Беларусі такога жылля налічваецца 392 тыс. кватэр, або 14 працэнтаў ад агульнай колькасці жылля. Гэтае жыллё грамадзяне маюць права прыватызаваць. Міністр адзначыў, што 182 тыс. грамадзян маюць на руках чэкі "Жыллё", якія яны могуць накіраваць на яго прыватызацыю.

— Праектам указа прадугледжана, што на працягу года з моманту прыняцця гэтага дакумента грамадзянін мае права на прыватызацыю такога віду жылля, — сказаў міністр. — Калі грамадзяне адмаўляюцца або па нейкіх прычынах не могуць яго прыватызаваць, то гэтае жыллё пераводзіцца ў ранг арэнднага, гэта значыць жылля камерцыйнага карыстання. Калі людзі не гатовы ні прыватызаваць, ні плаціць за карыстанне такімі кватэрамі, то гэтае жыллё па заяве грамадзяніна прадугледжваецца перавесці ў жыллё сацыяльнага карыстання, без яго магчымай прыватызацыі.

Учора ў Палаце прадстаўнікоў таксама ў першым чытанні былі прыняты законапраекты "Аб мытным рэгуляванні ў Рэспубліцы Беларусь", "Аб унясенні змен і дапаўненняў у некаторыя кодэксы Рэспублікі Беларусь па пытаннях удасканалення гаспадарчай судавытворчасці" і "Аб патэнтах на сарты новых раслін". Дэпутаты адразу ў двух чытаннях прынялі законапраект аб прызнанні страціўшай сілу Пастановы Прэзідыума Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь "Аб межах Дзяржаўнага біялагічнага заказніка "Тырвовічы", а праект закона "Аб дзяржаўным рэгуляванні вытворчасці і абарачэння алкагольнай, нехарчовай прадукцыі, якая змяшчае спірт, і нехарчовага этылавага спірту" — у другім чытанні.

Акрамя таго, заканадаўцы ратыфікавалі шэраг міжнародных дагавораў.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Учора дэпутаты ніжняй палаты парламента разгледзелі ў першым чытанні змены і дапаўненні ў Працоўны кодэкс. Як заўважылі самі заканадаўцы, абноўлены звод законаў у...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика