"Бусел" павінен утрымлівацца ў чысціні
23.05.2013
—
Новости Общества
|
Наш даўні чытач мінчанін Сяргей Жукаў на майскія святы быў у Пружанскім раёне. Праязджаючы з боку Пружан на Ружаны ён з кампаніяй спыніўся на месцы адпачынку "Бусел". Што здзівіла нашага заяўніка, дык гэта адсутнасць тут кантэйнераў для смецця. Гэта пры тым, што ахвотнікаў адпачыць было вельмі шмат. "Мы сваё смецце сабралі і выкінулі пазней, калі выпала магчымасць. Але ж не ўсе, на жаль, так рабілі. Непрыемна ўразіла, што засмечаным на пляцоўцы адпачынку быў нават дэкаратыўны калодзеж. Спрабавалі на месцы высветліць, чаму няма кантэйнераў для смецця, але нічога зразумелага не пачулі". Забягаючы наперад, зазначым, што на пляцоўцы адпачынку "Бусел" кантэйнеры для смецця з'явіліся. Гэта нам пацвердзіў, у прыватнасці, і Сяргей Жукаў, які яшчэ раз патэлефанаваў у рэдакцыю, каб падзякаваць за дапамогу ў вырашэнні праблемы. Што ж, вельмі добра. Праўда, па шчырасці, да канца высветліць, хто ж гаспадар гэтых кантэйнераў і як часта і кім яны павінны вызваляцца ад смецця, не атрымалася: у кожнага з бакоў былі свае аргументы. Пляцоўка адпачынку "Бусел" замацавана за Бярозаўскім лясніцтвам Пружанскага лясгаса. Яго прадстаўнікі распавялі журналісту "Звязды" ў тэлефоннай гутарцы, што іх тэрыторыя — гэта лясны фонд, за які яны адказваюць. А за кантэйнеры для смецця і пляцоўку павінны адказваць дарожнікі. "Мы пайшлі ім насустрач — устанавілі альтанкі. Усе іншае — у іх кампетэнцыі". Дарожнікі і паставілі нядаўна скрыню для смецця, і цяпер памочнік ляснічага і ляснік сочаць, каб на пляцоўцы было чыста. "Хаця ёсць распараджэнне Пружанскага райвыканкама ад 20 красавіка аб устанаўленні на пляцоўцы адпачынку трох кантэйнераў для асобнага збору смецця". У вытворчым аддзеле філіяла ДЭУ-25 РУП "Брэсаўтадар", у сваю чаргу, спаслаліся на распараджэнні Пружанскага раённага выканаўчага камітэта яшчэ ад 07.07.2005 года і 02.04.2009 года. У апошнім, у прыватнасці, гаворыцца аб замацаванні за Пружанскім лясгасам пляцоўкі адпачынку "Бусел" (аўтадарога Р-85 Слонім — Высокае, км 60+553 права) на пастаяннай аснове "для ўтрымання на іх у належным стане эстэтычным і санітарным стане малых архітэктурных формаў, крыніц пітной вады, прыбіральняў, прылеглых тэрыторый". З іншага боку, у абодвух распараджэннях словазлучэнне "санітарны стан" не расшыфроўваецца, прынамсі, адсутнічае прамая прывязка да кантэйнераў для смецця. Тым не менш, чытаем далей афіцыйны адказ на адрас рэдакцыі з філіяла ДЭУ-25 РУП "Брэстаўтадар": "ДЭУ-25 па меры неабходнасці падмятае асфальтабетоннае пакрыццё, прыбірае смецце з пляцоўкі і ўздоўж бартавога каменя, акрамя таго, па ўзгадненні з раённымі службамі была устаноўлена скрыня для збору смецця 13.05.2013 г.". Наконт тэрмінаў, на якія спасылаліся з распараджэння райвыканкама прадстаўнікі лясніцтва, спецыялісты вытворчага аддзела ў тэлефоннай размове дадаткова коратка паведамілі, што патрэбен быў час для замовы патрэбнага. І, у сваю чаргу, выказалі агульную прэтэнзію не столькі да адпачывальнікаў, колькі да жыхароў прылеглых да дарог населеных пунктаў: маўляў, як толькі недзе з'яўляецца кантэйнер для збору бытавога смецця, у ім хутка можна знайсці і будаўнічае... Можна было б скончыць штампам пра тое, што чыста не там, дзе прыбіраюць, а там, дзе не смецяць (хоць гэта і насамрэч так). Аднак абавязкова трэба ўлічваць і тое, што згаданая пляцоўка адпачынку даволі папулярная, побач ажыўлены рух (як было, напрыклад, падчас майскіх святаў, пра што расказаў наш чытач Сяргей Жукаў). Можна меркаваць, што кантэйнеры будуць запаўняцца смеццем хутка, значыць, каб не было нараканняў, трэба арганізаваць сістэматычны яго вываз. Натуральна, гэта і людзі, і тэхніка. Таму, думаецца, тут важна знайсці кампраміс: і паміж выдаткамі і санітарным станам, і паміж бакамі, якія маюць дачыненне да ўтрымання пляцоўкі адпачынку... Сяргей РАСОЛЬКА. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Наш даўні чытач мінчанін Сяргей Жукаў на майскія святы быў у Пружанскім раёне. Праязджаючы з боку Пружан на Ружаны ён з кампаніяй спыніўся на месцы адпачынку...
|
|