Божыя слядкі
30.05.2013
—
Новости Общества
|
На Лагойшчыне ўмеюць выклікаць дождж і лячыць «нябеснай» вадой Што звычайна робяць падчас засухі, каб выратаваць будучы ўраджай? Адны цягаюць ваду з калодзежа ды паліваюць агарод. Другія, склаўшы рукі, проста спадзяюцца на лепшае і чакаюць падарунка з неба. А трэція, тыя, што жывуць у Крамянцы Лагойскага раёна, спяшаюцца ў лес за вёску. І зусім не дзеля таго, каб выратавацца ад спякоты, а каб здзейсніць абрад... выклікання дажджу. Святы камень Месца, да якога ідуць вяскоўцы, не так і проста адшукаць, ступаючы па зарослых лясных сцежках і праз густое кустоўе. Затое, калі трапляеш сюды, не шкадуеш ні пра што. Шэсцьсот метраў ад Крамянца — і ты побач з тым, да чаго ўжо сотні, калі не тысячы гадоў запар ідуць з просьбамі, малітвамі, ахвярамі. Перад вачамі — дзіўны каменны прышэлец з часоў бронзавага веку (камень узяты пад ахову дзяржавы як камень-следавік). Яго называюць па-рознаму — Святы камень, Дажбог, Цудатворны камень, Божыя слядкі... Апошняя назва, дарэчы, выдатна адлюстроўвае яго знешнія адметнасці. На плоскай паверхні каменя ёсць некалькі паглыбленняў, падобных на слядкі. Мясцовыя жыхары вераць, што іх пакінуў Бог, спусціўшыся з неба: «Апусціўся, пастаяў, падняўся і зноў пайшоў, адкуль прыйшоў. А сляды засталіся». Слядкі гэтыя амаль заўсёды напоўненыя дажджавой вадой, нават у гарачыню. Лічыцца, што вада гэтая мае лекавыя ўласцівасці, асабліва добра дапамагае ад хваробаў вачэй. Таму перш-наперш, прыйшоўшы сюды, крамянёўцы хрысцяцца, цалуюць камень і абмываюць вадой са слядкоў твар. А яшчэ абавязкова чытаюць «Ойча наш». Ходзяць да каменя як да хрысціянскай святыні. Праваслаўныя, і каталікі. — У нас акрамя яго і няма нічога. Ні царквы, ні капліцы, — расказвае жыхарка вёскі Наталля Мардас 35-га года нараджэння. — Жанчына я набожная, Бога люблю. Пастаянна хаджу да каменя, прыбіраю яго. Веру, што ён святы. Да каменя прыязджае святар, каб асвяціць яго, заходзяць паломнікі, што ідуць у Будслаў на фэст у гонар Маці Божай Будслаўскай. Некалькі гадоў таму мясцовыя жыхары папрасілі бацюшку паставіць каля яго крыж. Цукеркі з кветкамі ў ахвяру Ідучы да каменя прыбіраюцца, як у царкву. Ходзяць да яго раніцай у першы дзень Вялікадня, на Сёмуху, Яблычны Спас, Пакроў... І заўсёды прыносяць дары. На Вялікдзень нясуць асвячоныя булкі і чырвоныя яйкі, на Спас — яблыкі. Маладыя наведваюць камень на другі дзень вяселля — лічыцца, што ён прыносіць шчасце і дабрабыт. Наведваюць камень і пры іншых сямейных урачыстасцях, прыносячы цукеркі, печыва, хлеб, кветкі, ягады. Заходзяць і ў несвяточныя дні, ідучы ў лес ці з лесу, просяць дапамагчы назбіраць шмат грыбоў і ягад ды не заблукаць у гушчары. Тады ахвяруюць кветкі, грыбы, ягады, яблыкі, жытнія каласы, грошы. — Гэтыя грошы — на агульнае. Прынясу іх, раскладу на стале, каб прасохлі, потым нясу ў царкву ў Лагойск, — расказвае Наталля Мардас. Калі чалавек сам не можа прыйсці да валуна, то перадае ахвяраванне таму, хто ідзе, і той кладзе перададзенае, прамаўляючы, ад каго і што просіць. Любоў Леановіч, якая ходзіць да каменя з маленства, расказала, што просіць у валуна здароўя, шчасця і жыцця без вайны. Аліна Таўстушка распавяла пра суседку, якая кожную раніцу ходзіць да каменя прасіць здароўя свайму хвораму мужу. А Яніна Рогач прызналася, што вітаецца і развітваецца з камянём, прыязджаючы ўвесну ў Крамянец і ад’язджаючы ў Мінск на зіму: Дожджык, пайдзі Стагоддзямі служыў камень крамянёўцам, прыносячы ім, як вераць вяскоўцы, дабрабыт, шчасце... і дождж у сухое надвор’е. Калі здараецца засуха, дзевяць жанчын, абавязкова ўдоў, ідуць да каменя і, адкаціўшы з-пад каменя невялікія каменьчыкі, падважваюць яго драўлянымі калкамі ў рост чалавека. Калкі так і пакідаюць уторкнутымі ў зямлю пад каменем. Да таго часу, пакуль не пойдзе дождж. А пайсці ён павінен не пазней як на трэці дзень. Калі дождж ужо не патрэбны — калы вымаюць і дробныя каменьчыкі падкочваюць на месца пад камень. — Ходзім да каменя не толькі тады, калі засуха, але і калі дождж ідзе моцна, — расказваюць мясцовыя сакрэты бабулі. — Тады тыя каменьчыкі, што падклалі, вымаем з-пад каменя, каб апусціць яго на тое месца, на якім ён ляжаў. Апошнія гады выклікалі дождж меншай колькасцю ўдоў, часам запрашалі мужчын-удаўцоў, бо ў вёсцы, якая драбнее на вачах, немагчыма было назбіраць дзевяць жанчын-удоў. І толькі летась да Святога каменя прыйшла неабходная колькасць удоў, і рытуал удалося правесці так, як гэта рабілі ў Крамянцы стагоддзі запар. Абрад гэты ўнікальны. Падобнага не сустрэнеш не толькі ў Беларусі, але і ў суседніх народаў. Традыцыя прэтэндуе на ўключэнне ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі як аб’ект нематэрыяльнай спадчыны. — Мясцовыя жыхары вераць, што гэта дапаможа захаваць іх каменны цуд ад дрэнных людзей. Яны не супраць, каб добрыя людзі ездзілі да яго, лячыліся, але каб не рабілі шкоды і не здзекваліся з іх веры, — расказвае спецыяліст па ахове спадчыны Лагойскага краязнаўчага музея Наталля Говель, якая займаецца вывучэннем абраду. Напрыклад, знайшліся сатаністы, якія праваслаўны крыж, што стаяў ля каменя, вырвалі з зямлі і ўваткнулі ў яго грудзі сякеру. Мясцовыя жыхары бачылі, як яны і рытуал нейкі ладзілі ля каменя. Такія адносіны асобных людзей да мясцовай святыні не могуць не турбаваць захавальнікаў даўняй традыцыі. Праўда, вераць крамянёўцы, камень і сам здольны абараніць сябе ад розных замахаў. Сам сабе абаронца І сёння ходзяць у народзе легенды пра тое, што камень нельга пераносіць у іншае месца, бо гэта можа выклікаць патоп, хваробы і няшчасці. Расказваюць, як аднойчы Святы камень вырашылі пакласці ў фундамент капліцы, якая будавалася на могілках. Святы камень везлі да будоўлі на чатырох парках коней! Паклалі ў фундамент... і пайшоў такі дождж, што словамі не апісаць. Тады аднаму з жыхароў вёскі прысніўся сон, у якім камень гаварыў, што дождж будзе ісці да таго часу, пакуль ён цалкам не схаваецца ў ваду. А могілкі знаходзіліся высока на гары. Можна ўявіць сабе, які патоп чакаў вяскоўцаў! Камень завезлі назад — толькі адной парай коней. І дождж сціх. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
На Лагойшчыне ўмеюць выклікаць дождж і лячыць «нябеснай» вадой |
|