Беларускае добраахвотнае таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры (БДТАПГК) зноў звяртаецца да Генеральнай пракуратуры з патрабаваннем правесці праверку на будаўніцтве па вуліцы Ракаўская, 16б у Мінску і прыцягнуць да крымінальнай адказнасці вінаватых у шматлікіх парушэннях заканадаўства.
Аб’ект на Ракаўскай — гэта адміністратыўная прыбудова да ўжо існуючага будынка. Адным з будучых арандатараў будзе прадстаўніцтва Еўрасаюза. Будаўніцтва вядзе кампанія “Будэнэрга”, якая сцвярджае, што прыбудова ўзводзіцца згодна з нормамі заканадаўства.
На думку членаў таварыства аховы помнікаў, шасціпавярховая прыбудова адміністрацыйнага прызначэння, якую ўзводзіць ЗАТ “Будэнерга”, “змяняе гістарычную аб'ёмна-планіровачную структуру і спосаб забудовы гісторыка-культурнай каштоўнасці “Гістарычны цэнтр Мінска”, стварае новую горадабудаўнічую сітуацыю, якая пазбаўляе гісторыка-культурную каштоўнасць яе якасных характарыстык і не дазваляе праводзіць далейшыя працы ў адпаведнасці з методыкамі і матэрыяламі комплексных навуковых вышуканняў”, у чым прасочваюцца парушэнні пунктаў закона “Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны”.
Як нагадаў старшыня БДТАПГК Антон Астаповіч, арганізацыя ўжо двойчы звярталася па гэтым пытанні да генеральнага пракурора Аляксандра Канюка і прасіла спыніць працы па ўзвядзенню прыбудовы да будынка па вул. Ракаўскай, 16б, “скасаваць узгадненні праектна-каштарыснай дакументацыі, атрыманыя па-за межамі дзеючага заканадаўства, ажыццявіць праверку парадку ўзгаднення навукова-праектнай дакументацыі спецыялістамі Міністэрства культуры і членамі Беларускай рэспубліканскай навукова-метадычнай рады па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь”.
На другі зварот быў атрыманы адказ, у якім, за подпісам начальніка аддзела па нагляду за выкананнем прыродаахоўнага і зямельнага заканадаўства Р.А. Шостака, паведамлялася аб адмене ў 2012 г. папярэдніх узгадненняў праектнай дакументацыі з боку Міністэрства культуры і Мінскага гарадскога камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва, аб адкліканні экспертнага заключэння па праектна-каштарыснай дакументацыі і аб адкліканні дазволу на выкананне будаўніча-мантажных прац. У адказе з Генпракуратуры паведамлялася, што Міністэрства культуры абмежавала вышыню прыбудовы трыма паверхамі.
Аднак, нягледзячы на забароны і абмежаванні, будаўніцтва па-ранейшаму вядзецца з парушэннямі, а органы пракурорскага нагляду “не прадпрымаюць аніякіх дзеянняў па спыненні самавольства прадпрыемства-забудоўшчыка і яго кіраўніка”.
“Можа, у нас ужо адменены законы, — задаецца Антон Астаповіч пытаннем у лісце да генеральнага пракурора, — іншыя нарматыўна-прававыя дакументы, якія рэгулююць і павінны рэгуляваць жыццядзейнасць ва ўсіх сферах жыцця, а краіна жыве па жаданнях і апетытах пэўнай групоўкі бізнесменаў, якія непрыкрыта насміхаюцца над прававой сістэмай нашай дзяржавы?”.
Аўтары звароту спадзяюцца, што Генпракуратура правядзе праверку, пасля якой будаўніцтва будзе прыпынена, вінаватыя — прыцягнуты да адказнасці за самаўпраўства, а лішнія паверхі спрэчнай прыбудовы — дэмантаваныя.
Як патлумачыла адвакат ЗАТ “Будэнэрга” Алена Халецкая, спрэчная будоўля на вуліцы Ракаўскай — гэта будучы офіс прадстаўніцтва Еўрасаюза, і “Будэнерга” імкнецца зрабіць будынак прыгожым і зручным для гэтай міжнароднай арганізацыі, “тварам нашай краіны”.
Наконт нелігітымных паверхаў будынку Алена Халецкая адзначыла, што офіс будзе пяціпавярховым з мансардай. Што тычыцца абмежавання ў тры паверхі, адвакат будаўнічай кампаніі настойвае, што ніякага паўторнага заключэння Міністэрства культуры па праектнай дакументацыі не існуе.
“У нас ёсць праектна-каштарысная дакументацыя, — кажа Халецкая, — у якой ўзаконена будаўніцтва шасціпавярховага будынка, дзе шосты паверх — мансарда. Яшчэ ў 2011 годзе мы атрымалі ад Міністэрства культуры дазвол на будаўніцтва па Ракаўскай, 16б. Аднак умяшаўся чалавечы фактар, і ў гэтым дазволе было дапісана, што будынак павінен быць не вышэйшы за пяць паверхаў. Менавіта гэта і дало некаторым грамадскім дзеячам падставу крычаць на кожным куце, што па Ракаўскай, 16б парушаецца заканадаўства аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны. Між тым мы працуем згодна з нормамі заканадаўства”.
Старшыня БДТАПГК Антон Астаповіч, са свайго боку, падкрэслівае, што згодна з будаўнічым заканадаўствам мансарда — гэта паўнавартасны паверх, а дакументы, узгаданыя ў адкрытым лісце, існуюць насамрэч.
На гэта, дарэчы, звяртаюць увагу і жыхары суседняга дома № 16а, для якіх будоўля стала сапраўдным галаўным болем. Раней “Будэнерга”, калі будаваў офісны дом № 16б, абяцаў мясцовым жыхарам зрабіць дзіцячую пляцоўку, а замест гэтага наогул пазбавіў іх дваравой тэрыторыі.
Тыя самыя пяць паверхаў ужо пабудаваны, але зараз працы ў новым будынку прадстаўніцтва Еўрасаюза па рашэнні “Будэнэрга” прыпынены — для, як адзначыла Алена Халецкая, “урэгулявання гэтага нюансу з Міністэрствам культуры, бо дазвол усё ж такі даваўся на пяць паверхаў”.
Адвакат будаўнічай кампаніі кажа, што хутка вырашыць “гэтю нюанс” не атрымаецца, у тым ліку таму, што да вышэйзгаданага будаўніцтва з-за шума ў СМІ цяпер пільная увага з боку кантралюючых органаў.
У любым выпадку, у Мінску, у цэнтры перш за ўсё, масава ідзе будаўніцтва, якое кардынальна змяняе наш горад. Улады так актыўна рыхтуюцца да чэмпіяната свету па хакею, што забудоўваюць амаль кожны квадратны метр. Але госці раз’едуцца, мы застанемся. Пытанне — з чым?
Ужо сёння грамадскасць у шоку ад з’яўлення жудасных будынкаў у гістарычных месцах — накшталт гатэля “Кемпінскі”, што будуецца каля цырка. Ад гэтага будаўніцтва пацярпеў не толькі парк Горкага і плошча Перамогі, але і ўвесь архітэктурны ансамбль праспекта Незалежнасці, які калісьці хацелі прапанаваць для ўнясення ў спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА. Адбываецца інтэрвенцыя грошай. Калі будаўніцтва будзе ісці ў такім тэмпе і стылі надалей, горад мы хутка не пазнаем.