Цуд ад трох пакаленняў селекцыянераў. 21.by

Цуд ад трох пакаленняў селекцыянераў

25.07.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

ЗВЫЧАЙНА для таго, каб елка стала таварнай, патрабуецца 80—100 год. Вельмі ж доўга. Нават аднаго чалавечага жыцця не хапае, каб пакарыстацца лясным ураджаем. А ці можна скараціць саспяванне дрэва? Дапусцім, са 100 год да 50, напалову? Як бы гэта ні гучала фантастычна, але ў ДЛГУ «Дзвінская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу Нацыянальнай акадэміі навук» дадзены станоўчы адказ. Тут елку вырошчваюць нават хутчэй: усяго за 40 год!

Разам з галоўным ляснічым базы Віктарам Піскуновічам едзем у Прошкаўскае лясніцтва на плантацыю Арленкі, дзе і адбыўся такі цуд.

— Глядзіце, — паказвае Віктар Піскуновіч,— вось побач два ўчасткі елкі. Што можаце сказаць для параўнання: дзе лес старэйшы?

— Тут і параўноўваць няма чаго: і так бачна, што на адным ствалы тонкія, маладняк, а на другім — спелае дрэва. Можна пускаць у прамысловасць.

— Правільна, — згаджаецца ляснічы. — Дыяметр ствала дрэў на першым участку 16—20 сантыметраў, а на другім — 40—50. А між тым высаджвалі елку на абодвух участках адначасова, пяцьдзясят год таму назад.

— Як жа такое магло адбыцца? Мо падсыпалі якія невядомыя ўгнаенні для росту ці асаблівы сорт елкі?

— Ні тое, ні другое, — адмятае здагадкі Віктар Піскуновіч. — Адзінае — спосаб пасадкі: 4 метры на 4. Гэта значыць, кожнаму дрэву адвялі цэлых 16 квадратных метраў зямлі. Плюс — падбор глебы. Вось і ўсё.

Трэба абавязкова зазначыць, што ў гэтым эксперыменце прымалі ўдзел ажно тры пакаленні селекцыянераў. Пачынала яго ў 1960-м Яўгенія Арленка, па прозвішчу якой і названы эксперымент, працягнула Зінаіда Паджарава і заканчваў Аляксандр Кавалевіч.

Нельга не сказаць добрых слоў і ў адрас былога дырэктара эксперыментальнай базы кандыдата сельскагаспадарчых навук Анатоля Пальчанкі. У многім дзякуючы яму забяспечана чысціня эксперыменту. Чаго толькі каштавала яму выратаваць плантацыі елак ад караеда.

Само сабой напрошваецца пытанне аб практычным прымяненні дасягнутага ў эксперыменце. Спецыялісты ў сваіх прагнозах асцярожныя. Елка, якая хутка набрала біямасу, не надта трывалая. Для будаўнічых мэт яе лепш не выкарыстоўваць. А вось для цэлюлознай прамысловасці — ідэальная сыравіна!

Паскоранае вырошчванне елкі — гэта далёка не адзіны эксперымент, які праводзіцца ў Дзвінскай эксперыментальнай базе лесу. Як паведаў яе дырэктар Эдуард Длужнеўскі, сёння ў рабоце каля сотні навуковых аб’ектаў па самых розных напрамках. Гэта ў першую чаргу барацьба з засмечанасцю лясных гадаваль- нікаў з дапамогай гербіцыдаў. Вырошчвалі тут паспяхова нават корань жэньшэню. Навінкай з’явілася і закладка плантацый буякоў амерыканскіх сартоў «нордланд», «патрыёт» і новазеландскіх «рэка» і «пуру».

Аднак асноўны накірунак работы калектыву базы — захаванне і стварэнне высока- прадуктыўных, якасных, бія- лагічна ўстойлівых лясоў, якія б адпавядалі экалагічным, сацыяльным і эканамічным запатрабаванням нашага грамадства. Плошча ДЛГУ «Дзвінская эксперыментальная лясная база Інстытута лесу Нацынальнай акадэміі навук Беларусі» — амаль 16 тысяч гектараў. У яе ўваходзяць тры лясніцтвы: Падсвільскае, Прошкаўскае і Псуеўскае.

Супрацоўнікі навуковага аддзела базы падтрымліваюць цесныя сувязі з вучонымі Расіі і Украіны.

Глыбоцкі раён

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
ЗВЫЧАЙНА для таго, каб елка стала таварнай, патрабуецца 80—100 год. Вельмі ж доўга. Нават аднаго чалавечага жыцця не хапае, каб пакарыстацца лясным ураджаем. А ці...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика