Што перашкаджае беларусам ездзіць у Еўрасаюз без візы. 21.by

Што перашкаджае беларусам ездзіць у Еўрасаюз без візы

26.07.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларусь – адзіная з краін-удзельніц Усходняга партнёрства – ні на крок не прасунулася ў абмеркаванні пытання аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрапейскім саюзам.

Якія “пернікі” для чыноўнікаў дапамогуць беларусам пазбавіцца ад візаў?

– Малдова ўжо знаходзіцца на фінальным этапе, трохі адстае Украіна. А Беларусь да гэтага часу не адказала на прапановы Еўрасаюза аб дыялогу, дасланыя яшчэ ў 2011 годзе, – канстатуе эксперт Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў (BISS) Андрэй Елісееў.

Адкрываць “заходні шлюз” не ў інтарэсах беларускага кіраўніцтва?

Пераадоленне візавага бар’ера – двухэтапны працэс. І спыніўся ён з-за таго, што паміж Беларуссю і Еўрасаюзам не заключаны дагаворы аб рэадмісіі (згодзе дзяржавы на прыём назад на сваю тэрыторыю сваіх грамадзян, якія падлягаюць дэпартацыі) і візавай фасілітацыі (спрашчэнні візавага рэжыму).

– Спачатку краіна падпісвае з Еўрасаюзам дагавор аб спрашчэнні візавага рэжыму, – тлумачыць старшы аналітык BISS Дзяніс Мельянцоў. – Гэта памяншае візавы збор з 60 да 35 еўра, палягчае саму працэдуру атрымання віз і пашырае катэгорыю грамадзян, якія могуць разлічваць на бясплатныя шматразовыя візы.

Другі этап – гэта калі ў рамках дыялога аб бязвізавым рэжыме краіна выконвае план дзеянняў, прапанаваны ЕС, і гэта вядзе да поўнай адмены віз.

Чаму афіцыйны Мінск не адказвае на прапановы ЕС пачаць перамовы?

Адна з прычын – ЕС праводзіць санкцыйную палітыку, абмяжоўвае ўезд на сваю тэрыторыю беларускіх чыноўнікаў і ў той самы час разлічвае на кантакты з беларускім грамадствам.

– Беларускія ўлады не хочуць падыгрываць ЕС у такой сітуацыі і не адказваюць на яго запрашэнне, – лічыць Андрэй Елісееў.

Ёсць і ўнутрыпалітычныя прычыны.

– Некаторыя даследаванні паказваюць, што павелічэнне колькасці часу знаходжання ў ЕС павялічвае праеўрапейскія настроі сярод насельніцтва, што не зусім адпавядае палітычнаму парадку уладаў, – падкрэслівае Андрэй Елісееў.

Але больш за ўсё, на думку эксперта, беларускія ўлады асцерагаюцца, што дамова з Еўропай аб рэадмісіі абавяжа Беларусь прымаць нелегалаў.

Андрэй Елісееў лічыць гэтыя асцярогі моцна перабольшанымі:

– Напярэдадні падпісання аналагічнага пагаднення некаторыя палітыкі ва Украіне выказвалі апасенні пра тысячы нелегальных мігрантаў. Аднак на працягу 2011 года ва Украіну былі рэадмісіраваныя толькі 240 грамадзян трэціх краін, – адзначае эксперт.

Расія з 1 кастрычніка 2010 года да 29 сакавіка 2013 задаволіла толькі 26 хадайніцтваў аб рэадмісіі грамадзян трэціх краін.

Тысячы беларусаў хутка стануць у чаргу за расійскім грамадзянствам

У той жа час шараговыя беларусы хацелі б выдаткоўваць менш грошай, часу і нерваў, каб падарожнічаць у краіны Еўрасаюза. На пытанне аб асабістых чаканнях ад паляпшэння адносін Беларусі і ЕС 37,7% рэспандэнтаў у канцы 2009 года выбралі адказ “Каб беларусы змаглі свабодна ездзіць у еўрапейскія краіны на вучобу і працу”.

Па прагнозах экспертаў, вельмі хутка можа быць падпісанае пагадненне па аблягчэнні візавага рэжыму Еўрасаюза і Расійскай Федэрацыі. Бакам засталося ўдакладніць тэхнічныя дэталі. Паралельна, як адзначае Андрэй Елісееў, расійскія органы разглядаюць пытанне радыкальнага спрашчэння ўмоў атрымання расійскага грамадзянства.

– Калі адпаведныя папраўкі ў расійскі Закон “Аб грамадзянстве” будуць прынятыя, то атрымаць яго грамадзянам іншых краін можна будзе на працягу паўгода. Можна меркаваць, што тысячы беларусаў чыста з рацыянальных меркаванняў могуць хлынуць за расейскім грамадзянствам, каб атрымаць магчымасць лёгка ездзіць у краіны ЕС, – прагназуе эксперт BISS.

Нямецкі эксперт: і больш не спатрэбяцца канферэнцыі па інвестыцыях 

Асабліва настойваюць на спрашчэнні і наступнай адмене візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕС бізнесмены.

– Візавы бар’ер стрымлівае магчымасці дзелавога супрацоўніцтва. Яго ўхіленне – эканамічна выгадна і для беларускай дзяржавы, якая цяпер губляе грошы за кошт стрымлівання інвестыцый і турыстычных патокаў з заходніх краін, – перакананы Уладзімір Карагін, кіраўнік саюза юрыдычных асоб “Рэспубліканская канфедэрацыя прадпрымальніцтва”.

Член праўлення нямецка-беларускага эканамічнага клуба Гаральд Тэлеман называе візу перажыткам мінулага. Ужо больш за дваццаць гадоў Гаральд жыве ў нашай краіне і мае тут свой бізнес.

– Віза – гэта вялікія страты для партнёраў беларускага бізнесу – маленькіх і сярэдніх прадпрыемстваў у Германіі. У іх няма лішняга сакратара, які б займаўся афармленнем такой вялікай колькасці папер, і часу, каб чакаць, пакуль будзе прынятае станоўчае рашэнне аб выдачы візы, – кажа нямецкі эксперт.

Ён заклікае беларускіх службоўцаў пасля адмены на месяц візавага рэжыму для заўзятараў Чэмпіянату свету па хакеі, які пройдзе ў Беларусі ў 2014 годзе, зрабіць яшчэ адзін рашучы крок – у аднабаковым парадку наогул адмяніць візы для замежнікаў.

Беларусь далёка адстала ад Украіны і Малдовы, якія ўжо пераадолелі этап спрашчэння візавага рэжыму. Зрэшты, такая ініцыятыва, як “Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю”, дае нашай краіне шанец скарыстацца досведам суседзяў.

– Падштурхнуць сам працэс перамоў па візавым пытанні “Дыялог аб мадэрнізацыі” наўрад ці зможа. Аднак эксперты могуць, вывучыўшы канкрэтны досвед іншых краін, прапанаваць свае рэкамендацыі па змяненні заканадаўства, падрыхтаваць “дарожныя карты” для чыноўнікаў. Хоць зусім не абавязкова, што гэтыя прапановы будуць запатрабаваныя на ўзроўні стасункаў афіцыйнага Мінска і Бруселя, – адзначае палітолаг Дзяніс Мельянцоў. – Усе тэхнічныя пытанні могуць вырашацца толькі пасля таго, як будзе дадзены палітычны старт.

Не перашкодзіла б і якаснае даследаванне, якое дазволіла б ацаніць эканамічныя выгады для ЕС, лічыць старшы навуковы супрацоўнік па міграцыі і візавых пытаннях польскага Цэнтра ўсходніх даследаванняў Марта Ярашэвіч.

– Напрыклад, даследаванне аб тым, як малы памежны рух уплывае на эканоміку прыгранічных раёнаў Польшчы, паказала, што гэта дазваляе прыцягнуць толькі за адзін квартал два мільёны еўра, – распавядае эксперт. – Гэта няшмат для Польшчы, як для краіны, але вельмі адчувальна для прыгранічных раёнаў. І гэта важны аргумент для ЕС.

Замежныя эксперты прапануюць беларусам выкарыстоўваць і такі аргумент, як нізкі ўзровень адмоў у атрыманні віз, які лічыцца своеасаблівым крытэрыем бяспекі дзяржавы.

Сярод краін-суседзяў у беларусаў ён самы нізкі. У 2012 годзе працэнт адмоў беларусам склаў 0,5%, у той час у грамадзян Расіі – 0,98%, Украіны – 2,03%.

Мяч знаходзіцца на беларускім баку

– Сапраўды, маючы адбыцца чэмпіянат свету па хакеі – гэта стымул для таго, каб разарваць заганны візавы круг, – згаджаецца старшыня Савета дырэктараў грамадскага аб’яднання “Цэнтр сацыяльных інавацый” Леанід Каліценя. На яго думку, гэта пытанне не вырашыць без грамадзянскай супольнасці.

– Шэнгенская візавая сістэма – досыць складаны збалансаваны механізм. Ён не здольны працаваць у інтарэсах адной адзіна ўзятай краіны, – падкрэслівае эксперт.

Таццяна АТРОШЧАНКА,

”Заўтра тваёй краіны”.

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Беларусь – адзіная з краін-удзельніц Усходняга партнёрства – ні на крок не прасунулася ў абмеркаванні пытання аб спрашчэнні візавага рэжыму з Еўрапейскім саюзам.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика