Вясковая настальгія. 21.by

Вясковая настальгія

08.08.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Яна вярэдзіць думкі і сэрцы некаторых нашых сялян, як шчымлівая памяць пра нешта вельмі добрае і важнае ў іх жыцці

З таго боку, дзе суседняя вёска, раптам данеслася: “Му-му, му-му”. “Няўжо карова?” — здзівіўся я. Адкуль жа ёй узяцца, калі ніякіх сялянскіх статкаў у аколіцы даўно няма. Прыслухоўваюся і чакаю. Ад тае вёскі плыве густы, раўнамерны гул камбайнаў і машын, у разгары жніво, ды і на палетках шмат іншай работы.

І вось зноў праз гэтае гудзенне прабіваецца такое знаёмае мне ў далёкім дзяцінстве “му-му, му-му”. Быццам жывое рэха з тае нялёгкай, але ўсё ж шчаслівай у нашым жыцці пары, калі вясковае жыццё і наша маленства нельга было ўявіць без статкаў. У нашай вёсцы пасля вайны іх было, здаецца, ажно чатыры, іх з ранняй вясны да позняй восені пасвілі мы, сялянскія хлапчукі.

Яшчэ некалькі гадоў назад у вёсках, што побач з нашай дачай, некаторыя сяляне трымалі кароў. Пашы хапала, тут яшчэ тры вялізныя сажалкі, уздоўж якіх ляжалі шырокія, надзвычай маляўнічыя лугі. Разнатраўе на дзіва багатае, бо мясціны нізкія і хапала вільгаці. Сялянскім статкам тут было такое прыволле, што лепшага і не трэба. Сакавітая трава, побач вада, куды ў летнюю спякоту каровы забіраліся да самых жыватоў і стаялі там падоўгу. А калі “прыпякалі” назойлівыя авадні, паратунак быў таксама побач. Каровы пускаліся ў кусты, іх галіны хлёстка “лупцавалі” аваднёў, сляпнёў ды іншых злых крывасмокаў.

Гэтыя лугі цягнуліся ўздоўж сажалак дзесьці больш за кіламетр. Статак паволі дабіраўся ў адзін канец, пастух заварочваў яго назад. Каровы скублі траву і былі зусім паслухмяныя, бо добра вывучылі гэты “маршрут”. Так што для пастуха са статкам ніякіх клопатаў, яму было крыху нават сумнавата. Праўда, калі хацеў, меў практычны занятак: у пералесках, на палянках, што былі побач, надта радзілі ягады, а з пачатку ліпеня і грыбы. Першымі высыпалі сыраежкі, лісічкі. Пад восень жа радавалі вока баравікі, падасінавікі, падбярозавікі. Трэба было толькі ведаць патаемныя мясціны, а іх тут шмат, і не толькі на ўцеху пастуху, але і дачнікам…

І калі статак вяртаўся лугам назад, то ўжо браўся надвячорак, — значыць, канец працоўнага дня для пастуха. Усё было спрадвеку вызначана, адладжана, як і ў іншых беларускіх вёсках, жыло ў цеснай гармоніі, якую тварылі людзі і прырода.

Другая суседняя вёска мела сваю пашу, яна пачыналася адразу за сялянскімі сядзібамі, цягнулася да лесу і тут пераходзіла ў луг, дзе летам трава стаяла чалавеку па грудзі. Асабліва вабілі кароў шматлікія зялёныя “латачкі” сярод кустоў. Тут табе ніякіх машын, пешаходаў, ніхто травы не топча. Яна расла ў самых натуральных умовах і ўсё лета была надзвычай сакавітая і свежая, бо праз густыя кусты і вершаліны дрэў да яе не маглі прабіцца гарачыя сонечныя промні.

Але вось адбылося тое, што часта здараецца ў наш вірлівы час з прыродай. Тыя самыя сажалкі і лугі аблюбавалі для адпачынку жыхары Мінска, а з горада дасюль усяго кіламетраў дваццаць. Летам у выхадныя дні лугі вельмі нагадвалі шумны і неспакойны цыганскі табар, толькі замест коней ды вазоў усюды стаялі машыны. Канешне, у пагодлівы дзень цягне гараджан на прыроду, і — калі ласка, адпачывайце на здароўе. Толькі ж паводзіць тут сябе трэба прыстойна, каб уся гэтая жывая прыгажосць не знікла ад чалавечай неахайнасці, бяздушша.

Дзе там! Гараджане, прыязджаючы сюды, ставілі свае машыны дзе ім уздумалася. Разбівалі свае стаянкі, як хацелася. Разводзілі вогнішчы там, дзе ім падабалася. Увесь дзень тут гучала дзікая музыка. А калі пад вечар шумныя кампаніі ад’язджалі дамоў, што ж пакідалі ў гэтых мясцінах? Вытаптаныя травы, сарваныя кветкі, забруджаныя берагі сажалак, зламаныя кусты, чорныя сляды ад вогнішчаў, усюды параскіданыя шкляны і пластмасавы посуд, брудная папера, рознае смецце… Ды што тут апісваць — малюнак такі ж, як і ў любым іншым месцы, дзе пабывалі, скажам прама, варвары, для каго прырода — нішто, маўляў, яна агульная, яе шмат…

Такое адбываецца ўжо доўгі час, і цяпер гэтыя раней квітнеючыя лугі маюць такі непрывабны выгляд, што аж цяжка становіцца. Паволі звяліся ў вёсцы і каровы, бо не стала чыстай, сакавітай пашы. Не хачу сказаць, што галоўная прычына менавіта ў гэтых амаль ліквідаваных лугах. У вёсцы засталіся старыя, нямоглыя людзі, куды ім трымаць кароў, з якімі столькі клопатаў. Ды і няма асаблівай патрэбы — у мясцовым магазіне спажыўкааперацыі самы шырокі выбар малочнай прадукцыі, купляй, што па душы і дазваляе твой кашалёк. А ў нашу вёску, дзе ў асноўным трывала замацаваліся і абжыліся дачнікі, займеўшы пустуючыя раней зямельныя ўчасткі, два разы на тыдзень прыязджае аўталаўка. Прывозіць усё, што трэба да абедзенага стала, прычым свежае і высокай якасці. Нават марожанае — ах, як чакаюць яго дзеці, якія праводзяць у вёсцы летнія канікулы!

Пры такой сітуацыі карова ўжо не стала бадай галоўнай жывёлінай на сялянскім падворку, як было раней. І ўсё ж старыя людзі з-за гэтага быццам абяднелі.

Няўжо аўтар шкадуе тое, што назаўсёды адышло з сялянскага жыцця, бо цяпер зусім незапатрабаванае, падумаюць, можа, некаторыя чытачы. Не такі я наіўны, зразумела, ніхто цяпер не будзе разводзіць у вёсках тую самую свойскую жывёлу. Але ж — настальгія, якая так і засталася ў сэрцы многіх старых вяскоўцаў. Апошняя карова ў суседняй вёсцы была на падворку цёткі Марыі. Яна жыве адна, гадоў мае шмат, а здароўе зусім слабае. Мы куплялі ў яе малако, вельмі тлустае і надзвычай смачнае, крыху саладкаватае.

— Мая кароўка пародзістая, малака дае многа, мне адной столькі не трэба, — гаварыла цётка. — Усе, хто бярэ яго, вельмі хваляць. Мне прыемна, што людзі задаволены. Ну і нейкая грашовая прыбаўка да маёй сціплай пенсіі.

Але ж адбылося самае цяжкае для гэтай працавітай сялянкі, сапраўднай гаспадыні, на якіх шмат у чым трымалася беларуская вёска. Цётка Марыя зразумела, што трымаць уласную карову далей ёй не пад сілу.

— Усё жыццё старанна працавала ў калгасе, — успамінала яна. — І свая гаспадарка заўсёды была ў добрым парадку, і кароўка ў нас — самая вялікая радасць. Як ні цяжка іншы год даводзілася з сенам, але ж кароўка не галадала ніколі. Мы яе даглядалі, бераглі і любілі, наколькі хапала нашых сіл, бо як жа было пражыць сям’і без малака, асабліва ў ранейшы час. А цяпер вось звяду кароўку, не магу ж сама накасіць сена, а дапамагчы няма каму. Вельмі крыўдна. Вы, гарадскія, не можаце нават сабе і ўявіць, як мне шкада кароўку, падворак без яе апусцее, я гэта адчуваю, таму і гавару. Але што зробіш, ніхто ў нашай вёсцы скаціну ўжо не трымае, у мяне яна была больш часу, чым у каго іншага. Вось і плачу, вы прабачце мяне…

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
З таго боку, дзе суседняя вёска, раптам данеслася: «Му-му»...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика