Начлег на лясным хутары. 21.by

Начлег на лясным хутары

04.10.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Ён падараваў украінцу нешта вельмі дарагое і хвалюючае — дружбу з добрымі і гасціннымі беларускімі сялянамі

Цягне рыбалка

Так здарылася, што ў адной кампаніі некалькі дзён праводзілі чатыры мужчыны. І былі сярод іх расіянін, украінец, беларус. Першыя двое жывуць у нашай рэспубліцы даўно. Маюць дзяцей, унукаў, шмат родзічаў, сяброў — словам, пусцілі тут моцныя карані. «Іншага месца нам і не трэба, бо, як кажуць, ад дабра дабра не шукаюць, — разважалі мае новыя суседзі. — Беларусы — людзі вельмі добрыя, сардэчныя, і парадак тут, і прырода цудоўная, і песні вы спяваеце прыгожыя, і на стале заўсёды ёсць хлеб і да хлеба…»

Як дасціпны журналіст, усё ж дапытваюся ў іх, што найперш прываблівае ў характары беларусаў. Прашу расказаць на гэты конт цікавую гісторыю, мо, нейкую бываліцу. Украінец Васіль, чалавек гаваркі і з багатым жыццёвым вопытам, ахвотна на маю прапанову адгукаецца.

— Я вельмі люблю ездзіць у ягады, па грыбы, позняй восенню — за паспелай рабінай, — пачынае ён. — Але самае жаданае і прывабнае — рыбалка. Якое шчасце пасядзець з вудай некалькі гадзін на беразе возера ці ракі, адысці ад гарадской мітусні. Таму летам чакаю выхадных, як добрага свята, рыбалка для мяне — найлепшы адпачынак, дае натхненне, вось як. Не палічыце, што галоўная мая мэта — добры ўлоў, каб вярнуцца дамоў і прывезці жонцы ўдосталь рыбы і для юшкі, і падсмажыць.

У той мясцовасці ва Украіне, дзе я раней жыў, лясоў няма. А ў Беларусі іх столькі, і такія розныя, і ўсе прыгожыя, і мноства цудоўных мясцін для рыбалкі. Якое багацце, якая радасць і асалода для душы! Прырода не церпіць неахайнасці, у гэтым я пераканаўся даўно, таму люблю парадак на тым месцы, куды прыехаў адпачываць. У мяне свая машына, абавязкова бяру на рыбалку гатовыя дровы, каб без лішніх клопатаў раскласці агонь. Калі ад’язджаю дамоў, пасля сябе не пакіну ніводнай, нават маленькай, паперкі або, крый божа, пустой бляшанкі ці бутэлькі — усё акуратна зарыю ў густым, непралазным кустоўі, куды не ступіць чалавек. Так, месца на беразе возера або ўтульны ўзлесак чыста прыбраныя, тут прыгожа, як і да майго прыезду.

Палатка ля возера

— Аднойчы знайшоў такую мясціну, — працягваў Васіль, — што яна запаланіла маё сэрца, і як толькі надыходзіць лета, так і стаіць перад вачыма, так і цягне мяне туды. Гэта на поўначы Беларусі. Вялікае возера, з аднаго боку да яго падыходзяць шырокія лугі, з другога — густы змешаны лес. І тут — паўвостраў, такі падарунак прыроды, што хочацца сказаць ёй за гэта шчырае дзякуй. Ён даволі шырокі і на дзіва маляўнічы: прасторна растуць маладыя дубы, дружнымі сямейкамі трымаюцца кучаравыя бярозы, дзе-нідзе гонкія сосны. А там, дзе востраў падступае да самай вады, — непралазныя, бы тыя джунглі, кусты.

Прыязджаю сюды, разбіваю невялічную палатку, па-гаспадарску прыладжваю кожную рэч, бяру сваю лёгкую лодачку (яна на аднаго чалавека, і важу яе свабодна на машыне) — і хутчэй на возера. Закідваю вуды і апыняюся зусім у іншым свеце, чым той, дзе знаходзіўся некалькі гадзін назад. Дзівосная гармонія лесу і вады, гаючае паветра, водар разагрэтай зямлі, траў, кве¬так ды ў меру птушыныя галасы — што яшчэ трэба такому чалавеку, як я, улюбёнаму ў прыроду.

Адзін у ціхім куточку

Праўда, рыба клявала не надта, але ж у мяне наперадзе было паўдня сёння і цэлы дзень заўтра. Да таго ж — начлег у палатцы, сярод гэтага хараства. І зусім адзін, што самае галоўнае ў такой сітуацыі і чым я вельмі быў тады ўсцешаны. Рыбалка — зусім не вясёлая, шумная кампанія, так лічу. Сапраўднае задавальненне, калі ты адзін, ніхто табе не перашкаджае, паводзіш сябе так, як трэба сярод прыроды, каб яна цябе радавала, падымала настрой. Таму, як правіла, і езджу на рыбалку без знаёмых. «Ну і што ты будзеш рабіць у лесе адзін? — кожны раз здзіўляюцца мае дамашнія. — Няўжо табе не сумотна, няўжо не боязна?» Звычайна адказваю, што ў мае рыбныя мясціны прыедзе яшчэ хто-небудзь. Так што сумаваць не буду. А сам мару: толькі б не прыехалі, толькі б пасядзець у ціхім куточку аднаму.

Але ж тады выпала зусім іншая нагода, якая пазбавіла мяне такога чаканага начлегу ў палатцы ля возера. Пад вечар на маё месца прыйшоў мужык. Ветліва павітаўся, спытаў, які клёў, уважліва агледзеў усё наваколле. «Ну, тут у вас парадак. Няма да чаго прыдрацца, — сказаў. — Што, любіце лес?» — «Вельмі», — адказваю. «Гэта і бачна. І месца для рыбалкі выбралі надта прыдатнае. Мабыць, вырашылі тут і заначаваць?»

— «А чаму ж не? Зараз лета, цёпла, дый палатка ў мяне вельмі ўтульная. Такі начлег — адно задавальненне для гараджаніна».

Нечаканае запрашэнне

Мужык памаўчаў. Потым прапанаваў такое, чаму я надта здзівіўся і спачатку аж разгубіўся.

— Недалёка адсюль мая хата, — кажа. — Ну і сядзіба, як мае быць. Лясны хутар, якіх цяпер мала, тут мы і жывём. Запрашаю вас пераначаваць у нас.

— Дзякую, але ж гэта зусім лішняе, — адказваю. — Навошта вам з-за мяне клопаты.

— Дык мы ж прывыклі, — тлумачыць мужык. — Кожнага рыбака, які прыязджае на гэтае месца, дзе атабарыліся вы, абавязкова запрашаем да сябе на начлег. Такі ў нас звычай, і прашу вас яго не парушаць. Так што парыбачце яшчэ колькі вам хочацца і скажыце, праз які час прыйсці за вамі. І ніякіх пярэчанняў.

Ну што мне заставалася. Мужык, бачу, сур’ёзны, памяркоўны, ніякіх падазрэнняў не выклікае. І, адчуваю, не адстане ад мяне. Нягожа адмаўляцца ад такой гасціннасці, думаю. А чаму і не паглядзець, як у XXI стагоддзі жывуць беларусы на хутары? Цікава ж, праўда?

І я пачаў збірацца. Зняў сваю палатку. Усё паклаў у машыну. І калі праз нейкі час мужык прыйшоў сюды зноў, я быў гатовы...

Сялянская вячэра

На ўсё жыццё буду ўдзячны лёсу, які прывёў мяне на тое возера і ў тую мясціну, бо ў маім жыцці з’явіліся зусім простыя, але ж на дзіва добрыя, шчырыя, сардэчныя людзі. Гаспадары таго казачнага хутара мяне сустрэлі як жаданага госця. І гэта зусім не знаёмага ім чалавека! Якраз надышла вячэра, і гаспадары адразу ж запрасілі мяне да стала.

— Павячэраем, што маем са свайго падворка і агарода і што Бог паслаў, — задаволена казалі яны. — У нас ежа простая, наша сялянская, мо, вам пасля горада і не да смаку. Затое ўсё чыстае, ніякай хіміі, здаровае і моцнае ад зямных сокаў. Частуйцеся без ніякага сумнення.

І ўсё ж спачатку мне было ніякавата. Праўда, прыйшоў не з пустымі рукамі: выставіў на стол амаль усе свае гарадскія прыпасы, якія ўзяў на рыбалку. «Не трэба, — дружна запярэчылі гаспадары. — Мы не бедныя, ёсць чым пачаставаць добрага чалавека...»

І сапраўды, не можа магазі¬нная кілбаса канкурыраваць з сялянскай «пальцам пханай». Або масла — жоўтае, як кавалачак сонца. Поўная міска маладой бульбы са свежым кропам — і прыгожа, і смачна. Да бульбачкі — маласольныя агуркі, толькі што з градкі, яны ўвабралі ў сябе поўны і непаўторны водар летняга агарода. Звычайна да маладой бульбы ў сялянскай хаце ставяць патэльню са скваркамі — таксама арыгінальна. Шмат чаго ёсць летам на сялянскім абедзенным стале, калі гаспадары не абібокі, а добрасумленныя рупліўцы, якія могуць і ўмеюць браць ад роднай зямлі-карміцелькі многа рознага дабра. Аўтар гэтых радкоў і сам даволі часта меў добрае шчасце пасядзець за такім сталом, пакаштаваць простыя, здаровыя сялянскія стравы, якія для іншых гараджан, як незвычайныя прысмакі.

«Давай сюды вясло»

Для нашага ж суразмоўцы той начлег на лясным хутары стаў маленькай, але такой нечаканай і хвалюючай прыгодай. Вечарам сядзелі доўга, гаманілі пра жыццё-быццё. Раніцай Васіль паспяшаўся на рыбалку яшчэ прыцемкам. Сабіраўся ціха, асцярожна, баяўся разбудзіць гаспадароў. Але яны ўжо не спалі і прапанавалі госцю лёгкі сняданак.

— Я, канешне, падзякаваў і адмовіўся, — працягваў Васіль. — Рана яшчэ для сняданка, дый так карцела на возера. Хутка наладзіў лодку, адплыў метраў дваццаць ад берага, і пачалося: сяджу ціха, сачу ўважліва, не зводжу вачэй з паплаўка. Клявала так сабе. Раптам бачу — з кустоў выходзіць на бераг той самы мужык. «Плыві сюды,— кажа. — Я сняданне табе прынёс». Вось дык клапатлівыя людзі, думаю, і ціха кірую лодку да берага. «Стоп! — камандуе мужык. — З лодкі не вылазь, усю рыбу перапалохаеш. Працягвай сюды вясло». Раблю так, як загадвае. Мужык кладзе на вясло полі¬этыленавы пакет. «Тут табе крыху выпіць і пад’есці, — кажа. Неяк схамянуўся і ўдакладняе: — Наконт выпіўкі сам мяркуй, калі чэсна, я б не раіў. Ты ж на вадзе, наперадзе — цэлы дзень. Ну, браце, добрага табе ўлову, удзень прыйду яшчэ, а зараз гаспадарка мяне чакае».

Ад чаго пабагацелі

Слушную параду мужыка я тады прыняў: паснедаў вельмі смачна, з апетытам, без грама моцнага напою. Дый зусім неахвочы я да выпівак. З тае сустрэчы я пасябраваў з гэтымі хутаранамі. Заўсёды, калі прыязджаў туды на рыбалку, прывозіў ім нешта з горада, некалькі разоў сур’ёзна дапамог гэтым сціплым, добрым людзям. Яны ж адказвалі такой сардэчнасцю, шчырасцю, гасціннасцю, што мне станаві¬лася нават няёмка. Ну чым я заслужыў такія да мяне адносіны? А цяпер усё разумею: дабрыня не толькі ў характары беларускіх сялян, але і ў іх чалавечай сутнасці.

Разважаю над гэтым аповедам Васіля і думаю: пад словам «бываліца» мы ў першую чаргу разумеем нешта выключнае, часам нават небяспечнае. Ну, сустрэчу з мядзведзем або тыграм, складаную сітуацыю і так далей. А тут бываліца зусім простая і жыццёвая — чалавек пераначаваў на лясным хутары. І стаў багацейшым не толькі ён, але і гаспадары, такія гасцінныя беларусы. Ад чаго пабагацелі? Ад шчырай, сардэчнай дружбы, якой, на вялікі жаль, стала малавата ў наш вірлівы час. Дзякуй табе за гэта, прыветны беларускі хутарок, жыві шчасліва і доўга ў цудоўным зялёным лесе ля прыгожага сіняга возера...

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Начлег падараваў украінцу нешта вельмі дарагое і хвалюючае
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика