Мядзельскія гімназісты спаборнічалі разам з украінцамі і палякамі. 21.by

Мядзельскія гімназісты спаборнічалі разам з украінцамі і палякамі

07.10.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:


Напрыканцы верасня ля Львова праходзіў фінал конкурсу “Творчасць не ведае межаў”. Адбываўся ён у межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Польшча–Беларусь–Украіна на 2007-2013 гады.

Усяго ў конкурсе прынялі ўдзел 94 школ і гімназій з трох краін. На фінальныя спаборніцтвы запрасілі 17 камандаў – найлепшых у сваіх рэгіёнах. Сярод іх была каманда гімназіі-інтэрната Мядзела, якаяпрадстаўляла Мінскую вобласць. Гутарым з кіраўніком каманды і гуртка “Адлюстраванне” навучальнай установы Кацярынай Якубоўскай:

– Што ўключаў сабе конкурс?

– Напачатку трэба было выканаць розныя заданні. Неабходна было прадставіць фотаздымак ці малюнак, які адлюстроўвае трансгранічнае супрацоўніцтва. Зрабілі фатаграфію, на якой беларус, полька і ўкраінка ў нацыянальных строях трымаюць на руках глобус. Прыдумалі дэвіз – “Будуем будучыню разам”. Прапанавалі тры гульні, у якія маглі б гуляць змешаныя каманды. Таксама нам прапаноўвалі шэраг праектаў, якія будуць рэалізоўвацца ў рамках трансгранічнага супрацоўніцтва. Трэба было выбраць тры з іх, якія нам здаюцца найбольш цікавымі і неабходнымі, абгрунтаваць свой выбар. Выканалі ўсе гэтыя заданні, і ў лютым даслалі на конкурс. Праз некалькі месяцаў паведамілі, што мы сталі лепшымі ў вобласці і трапілі ў фінал.

– На ваш погляд, чаму выбралі працу гімназіі?

 – Лічу, што спадабаліся абгрунтаванне праектаў і нашы гульні – у адну з іх у фінале гулялі каманды.

– Хто, апроч Вас, быў у складзе каманды?

– Пяць гімназістаў узростам 14-16 год, удзельнікі гуртка “Адлюстраванне” – яго праца накіравана на развіццё лідэрскіх якасцяў.

– Якія ўражанні засталіся ад фіналу?

Атмасфера, у якую мы трапілі, незабыўная. Фінал праходзіў на тэрыторыі комплексу адпачынку і забаў “Бухта Вікінга” непадалёку ад Львова. І для спаборніцтваў, і для адпачынку дзяцей там былі створаны ўсе ўмовы.  

– Што ж было ў фінале?

– Арганізавалі змешаныя каманды – у кожнай беларусы, украінцы і палякі, для іх прапанавалі шэраг конкурсаў. Дзеці спявалі, танцавалі, вызначалі па партрэтах знакамітых людзей, адказвалі на пытанні па гісторыі трох краін, называлі найбольшую колькасць нацыянальны страў. Словам, былі цікавыя конкурсы, накіраваныя на згуртаванне каманд. А ў вольны час, напрыклад, маглі развучыць украінскі народны танец – і на закрыцці свята паказвалі, чаму навучыліся.

Па выніках конкурсаў узнагародзілі абсалютна ўсіх удзельнікаў: кожнаму падаравалі самакаты, флэш-карты, прысмакі, набор для спартыўных гульняў. А для каманды, якая набрала найбольш балаў, прызоў было яшчэ больш.

У заключны дзень для ўсіх дэлегацый арганізавалі экскурсію па Львове.  Потым яшчэ беларуская дэлегацыя наведала Брэсцкую крэпасць.

–Што дае ўдзел у падобным праекце?

– Дае магчымасць падлеткам пазнаёміцца з гісторыяй і культурай, традыцыямі суседніх дзяржаў. Гэта мерапрыемства паказала, што, сапраўды, межаў для зносін дзяцей не існуе. Патрэбна было бачыць, як яны кантактавалі паміж сабой: на розных мовах, дзесьці жэстамі спрабавалі паразумецца.

– На якой мове збольшага кантактавалі?

– З украінцамі – у асноўным на беларускай, з палякамі – і на беларускай, і на англійскай спрабавалі. Я даўно не чула, каб столькі людзей гаварылі па-беларуску. Аказваецца, і нашы вучні добра валодаюць роднай мовай. Гэта было вельмі прыемна.

Алесь ВЫСОЦКІ.

 Фота забяспечана Кацярынай Якубоўскай.

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Напрыканцы верасня ля Львова праходзіў фінал конкурсу “Творчасць не ведае межаў”. Адбываўся ён у межах праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика