Дома сумна. Падарожжа шаснаццатае. Юравічы
16.10.2013 09:19
—
Новости Общества
|
♦ Юравічы (Калінкавіцкі раён) — неверагоднае мястэчка, па-сучаснаму абазванае «аграгарадок». Вёска ўжо перасягнула 500-годдзе, яна мае сваю ўнікальную гісторыю і помнікі даўніны. Святое гэта месца, я вам кажу. Тут можна пакланяцца ўсім і ўсяму, чаго толькі твая душа жадае. Тут была першая стаянка чалавека. Вось тут, дзе жоўтае лісце, дзе дрэвы зараз, і прыступкі наверх, да базілікі. Каму ж пакланяцца тут? Калі верыш у маці-зямлю — можна пакланіцца першай стаянцы чалавека ранняга жалезнага веку, курганным могільнікам, селішчам палеаліту і неаліту, косткам, зубам і біўням мамантаў, якіх тут шмат у школьным музеі. Калі ты хрысціянін-каталік — то прыедзь ды пакланіся старажытнай копіі абразу Маці Божай Юравіцкай (Міласэрнай). Калі хрысціянін-праваслаўны — таксама, бо зараз у старажытным кляштары езуітаў — праваслаўны мужчынскі кляштар. Тым часам мы пайшлі паглядзець на Маці Божую Юравіцкую, цудатворны абраз (наш, каталіцкі!) якой захоўваецца зараз праваслаўнымі. Арыгінал, які славіўся на ўсё наша ВКЛ, захоўваецца зараз у Кракаве. Упершыню абраз успамінаецца ў гістарычных хроніках у 1630 годзе. Належыў ён польскаму палкаводцу Станіславу Канцапольскаму. Затым — айцу Марціну Тырноўскаму. Затым абраз трапіў (разам з айцом Марцінам Тырноўскім) у Юравічы, дзе і знаходзіўся і славіўся шматлікімі цудамі. Затым у Юравічах была пабудаваная велічная неверагодна-прыгожая базіліка. А абраз Маці Божай Юравіцкай лічыўся не меншай святыняй, чым абраз Маці Божай Вастрабрамскай — галоўнай іконай ВКЛ. Два стагоддзі абраз Маці Божай заступаўся за жыхароў Палесся, ды і не толькі. Потым было паўстанне 1863-1864, потым касцёл быў зачынены і перададзены праваслаўным. А ікону схавала жонка рэчыцкага маршалка Габрыэла Гарват. Затым яна перадала цудатворны абраз у Кракаў, езуітам, пры ўмове, што калі базыліка ў Юравічах будзе адноўлена, то абраз трэба вярнуць сюды, на радзіму яго. Кажуць, што абраз, пакуль ён знаходзіцца ў Кракаве, не дапамагаў цудамі людзям. А калі быў тут, у Юравічах, цудаў хапіла на цэлую кнігу. Можа, калі і вернецца Маці Божая наша Юравіцкая на радзіму. Пакуль жа базіліка як быццам на рэстраўрацыі. Але на сённяшні дзень працы спынены. Няма грошай! У кляштары нагадалі, што нядаўна ж «Дажынкі» прайшлі — дык адкуль жа грошы на базіліку? Там, на «Дажынках», маўляў, грошы-то ўсе і аселі. Ходзяць па двары самотныя козы ды казлы, шукаюць нечага ў кучах друзу. Дарэчы, у Юравічах у многіх дварах трымаюць коз. У вёсцы выдатная сучасная школа, прынамсі, і дзіцячы садок таксама. А школьнікі — ветлівыя, добразычлівыя і працавітыя. Сам дырэктар школы разам з выхавальнікамі зграбаў лісце! «А як інакш? Як дзяцей вучыць любіць працу, як не ўласным прыкладам?», — заўважыў дырэктар. У школе ёсць музей, дзе захоўваюцца косткі, біўні, зубы мамантаў, чучалы зуброў, ласёў, рысяў, зайцоў, розных птушак. Размешчана ў музеі і калекцыя ступ, якія, напэўна, засталіся ад Баб-Ёг, якія жылі тут раней, да людзей. Ці нават пры людзях, не саромеючыся, ляталі туды-сюды. Акрамя ступ, захоўваецца ў музеі і макет маўзалею таго Леніна, што стаіць на пагорку. Жыве ў Юравічах ветэран апошняй (спадзяёмся) вайны Анастасія Іванаўна Гарчанка. Ёй 91 год, але добра памятае жанчына падзеі 40-х гадоў, залітыя горам, пакутамі і крывёй нашых людзей. Шмат салдатаў вынесла яна з поля бою, ратавала ў шпіталях, вяртала да жыцця. За што мае Анастасія Іванаўна шмат медалёў і ордэнаў. Пагутарылі мы і з пенсіянерам-геолагам Уладзімірам Міхайлавічам Вяргеенка, які падзяліўся з намі бачаннем сучаснай сацыяльна-эканамічнай сітуацыі ў вёсцы. Хочацца адзначыць, што жыхары Юравічаў — своеасаблівыя. Адрозніваюцца ж яны такімі якасцямі, як супакой, разважлівасць у словах і ўчынках, ветлівасць, прыязнасць, дасягнуты жыццёвы дзэн, добразычлівасць і чалавечнасць. Можа, уплывае на іх такія рысы характару блізасць святыняў? Алена ГЕРМАНОВІЧ Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Тут можна пакланяцца ўсім і ўсяму, чаго толькі твая душа жадае. Тут была першая стаянка чалавека…
|
|