А вы хацелі б пасадзіць дрэва ў белай вясельнай сукенцы?
26.10.2013
—
Новости Общества
|
Сёння ў Маладзечне высадзілі ліпавую алею і ўсталявалі памятны знак да 75-годдзя Мінскай вобласці. На пасадку дрэў сабраўся цэлы натоўп: сямейная пара, што адзначыла залатое вяселле, маладыя, што, пасадзіўшы дрэва, адразу паехалі ў ЗАГС, прадстаўнікі Таварыства Чырвонага Крыжа, ветэраны, навучэнцы музкаледжа ды прафесійна-тэхнічнага каледжа, настаўнікі ды школьнікі, па шэсць вучняў ад кожнай школы. Апошнія, праўда, не садзілі дрэвы, а ўвесь час стаялі ды чакалі, пакуль напрыканцы збору можна будзе запусціць у неба шарыкі разам з галубамі. Дарэчы, як сказала адна з настаўніц, што суправаджала сваіх вучняў, шарыкі школы набывалі самі. Прыкладна па дваццаць кожная. Ну і плацілі за іх таксама самі: 15 шароў – 150 тысяч рублёў. Большасць жа ўдзельнікаў усё ж адправіліся садзіць дрэвы. Хто на абцасах, хто ў сукенцы, хто ў касцюме ды белай кашулі – усе ўзялі рыдлёўкі ды зладжана працавалі. Галоўнае дрэва ўсёй алеі – дуб – увогуле садзілі цэлай групай маладзечанскія і абласныя чыноўнікі. Назвалі яго “дрэвам міру, сяброўства і згоды”. У каго 75-годдзе, а ў каго – вяселле Для маладых Кацярыны і Цімафея дрэва, якое яны пасадзілі, будзе не абласным, а сямейным сімвалам. – Ну, калі пазвалі, дык дрэва будзе сімвалам нашай жаніцьбы, – кажа жаніх Цімафей. – Будзе азначаць стварэнне нашай сям’і, – дадае нявеста Кацярына. – Потым будзем сюды сваіх дзяцей вадзіць, назіраць за тым, як расце. Зараз тут з намі і госці. Хутка разам паедзем у ЗАГС. Уся вясельная кампанія відавочна была падрыхтаваная да іншага мерапрыемства: высокія абцасы дзяўчатам потым давялося чысціць і ад зямлі, і ад лісця. Аднак гора не бяда, галоўнае – ёсць фота на памяць. Настасся РОЎДА. Фота Ірыны ЦІПКО. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Сёння ў Маладзечне высадзілі ліпавую алею і ўсталявалі памятны знак да 75-годдзя Мінскай вобласці.
|
|