Нашчадкі памораў. 21.by

Нашчадкі памораў

17.12.2013 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Стараверы Кіраўскага раёна сёння жывуць па законах сваіх продкаў

Крыху больш за пяць кіламетраў ад райцэнтра — і ты трапляеш у іншае вымярэнне. Дамы вакол доўгай вуліцы ўпрыгожаны драўлянымі фігуркамі пеўняў. Два абавязковыя акны на мансардзе будынкаў — здаецца, што подых часу Капусціна абмінуў. І вёска, нягледзячы на тое, што на календары пачатак XXI стагоддзя, па-ранейшаму захоўвае свой патрыярхальны ўклад.




Кацапы — гэта хто?

Пенсіянерка Фёкла Лапухіна нечаканых гасцей сустракае з радасцю. Нягледзячы на сталы ўзрост — як-ніяк сем¬дзясят пяць! — гаспадыня нібы толькі генеральную ўборку зрабіла. Навокал — ні пылінкі. Печ радуе свежай фарбай, падлога — яркімі дыванамі. У чырвоным куце — ікона Божай маці. Толькі абрамляе яе не ручнік, а штучныя кветкі.

— У нас, у старавераў, так прынята, — тлумачыць Фёкла Агапаўна. І прызнаецца: хаця ў свой час у школе была сакратаром камсамольскай арганізацыі, душа ўсё роўна цягнулася да веры.

— Яна толькі добраму вучыць! — сцвярджае жанчына. — Нагадвае маладым, што старасць трэба паважаць. Мужчынам — што трэба быць ветлівымі з жанчынай. Каб хлопец сказаў дзяўчыне дрэннае слова? Аб гэтым і падумаць нельга! А самы вялікі грэх для старавера, калі ён пакрыўдзіў чалавека так, што той заплакаў.

Самі таксама стараюцца ні на каго не крыўдзіцца. Нават тады, калі кацапамі называюць. «Кацапы — гэта значыць рускія», — удакладніла Лапухіна.

Аднак у Міхаіла Белаглазава, настаяцеля малельнага дома з суседняга аграгарадка Скрыпліца, іншая версія. «На ўкраінскай мове калісьці гэта гучала «як цап». Калі прадоўжыць выраз, то можна дадаць: «за бараду», — гаворыць Міхаіл Германавіч. — Неяк гэтае слова дайшло і да нас. Напэўна, таму, што дзяды і прадзеды старавераў, сапраўды, бароды мелі».

«Вялікаму перасяленню» — больш за дзвесце гадоў

…А прыйшлі яны на магілёўскую зямлю ў XVIII стагоддзі з узбярэжжа Белага мора — пасля таго, як на Русі імператар Пётр І пачаў устанаўліваць у праваслаўнай царкве новыя парадкі. Месцы па тым часе выбіралі самыя глухія, секлі лес, будавалі дамы, абжываліся. Толькі ў Кіраўскім раёне сёння захавалася дзесяць вёсак старавераў, і ўсе — непадалёк адна ад другой.

Калі дамы і двары нашчадкаў памораў можна адрозніць па яркіх фарбах, то іх саміх — па імёнах. «Сярод іх не толькі старадаўнія накшталт Аксінні, Матроны ці Агафона, але нярэдка і двайныя. Па пашпарце можа быць адно, а сяляне называюць інакш. Кажуць, гэта своеасаблівая абарона ад розных бед і хвароб», — падзяліўся сваімі назіраннямі кіраўскі краявед Уладзімір Каралёў. Праўда, стараверы з гэтым не згаджаюцца. «Спачатку бацькі даюць імя свайму дзіцяці. Калі ж прыходзіць час немаўля хрысціць — а па нашым законам гэта не раней чым праз шэсць тыдняў пасля з’яўлення чалавека на свет! — то яно з царкоўным і не супадае» — так тлумачаць яны гэтую асаблівасць.

Якая з версій больш дакладная? Можна толькі здагадвацца. Але тое, што стараверы вось ужо якое стагоддзе прытрымліваюцца сваіх законаў, правіл і традыцый, — факт. Напрыклад, у час вяселля маладыя абавязкова павінны былі праехацца па акрузе ў карэце. «Быў такі конюх у нашым калгасе — Восіп. Ён карэту сваімі рукамі зрабіў і даваў «напракат». Каня таксама ў яго бралі, упрыгожвалі званочкамі, каб свята адчувалася, каб усе ведалі: жаніх і нявеста едуць», — распавядае Фёкла Лапухіна.

Жаніліся на «сваіх»

— Як дзеўкай была, то ў Гарбацэвічы, што ў Бабруйскім раёне, ездзіла — да сваякоў. Сястра там свой лёс знайшла, і я вырашыла пагасціць, — успамінае Надзея Юдзіна з вёскі Віктараўка.

— А я толькі дэмабілізаваўся. Іду па вуліцы, тут дзяўчына — ды якая прыгожая! Разгаварыліся, а сэрца ёкнула: яна, — прадоўжыў расповед жонкі Іван Трафімавіч.

Прызнаўся: яшчэ ў арміі сны сніў-думаў — як сваё жыццё ўладкаваць? Трэба ж таму здарыцца, што нарачоная сама яго знайшла! Ці выпадковай была тая сустрэча, ці то радня жаніха «падказала» прайсціся ў патрэбны час у патрэбным месцы? Гаспадар — ну зусім трошкі! — нешта недагаворвае, толькі хітра пасміхаецца. Ну як жа без яго, без сакрэту? Затое жонка адкрывае завесу таямніцы: знайсці свае палавінкі «кацапам» нярэдка дапамагала сватаўство. Бо інакш як выканаць адну з галоўных умоў: жаніцца на «сваіх»?

— Тады бацькі нас трымалі ў строгасці. Мода на змешаныя шлюбы — павеў апошніх гадоў. Вось і нашы дзеці парадніліся з беларусамі, —кажа Надзея Дарафееўна.

У вёсках моладзь таксама не застаецца, часцей шукае сабе месца ў шумных гарадах. А там — якія традыцыі? Аднак старэйшае пакаленне нават у кароткія сустрэчы лічыць за важнае нагадаць пра спрадвечныя ісціны. Напрыклад, аб тым, што раз у год трэба абавязкова прыйсці на споведзь.

Лестаўка — шлях да неба

— Бо без гэтага нават адпець чалавека нельга, — канстатуе Міхаіл Белаглазаў.

Немагчыма ўявіць жыццё старавера і без лестаўкі, якая ўвасабляе сабой «лесвіцу» да неба. Гэтая стужка з тканіны, на якой зроблены зарубкі, патрэбная на кожны дзень — каб не памыліцца, калі б’еш паклоны. Новую лестаўку бяруць з сабой стараверы і ў іншае жыццё.

Провады нябожчыка ў іх наогул вельмі важны рытуал. Крыж на магілку ставяць у нагах. Лічыцца, што ў такім выпадку той, хто тут пахаваны, можа яго бачыць. На могілкі — а яны асобныя, таксама толькі для «сваіх»! — ідуць на Сёмуху.

Вераць у цуды. Напрыклад, Фёкла Агапаўна не сумняваецца: сам Бог ёй дапамог пазбавіцца ад страху. «Калі муж памёр, адна вельмі баялася заставацца ў цемры — у літаральным, а не пераносным, сэнсе. Стаяла перад абразамі, прасіла: няхай я буду, як іншыя людзі. Пасля малітвы выключыла святло і легла адпачываць — як рукой усё зняло!» — успамінае пенсіянерка.

А старажытны абраз Багародзіцы, які захоўвае жанчына, цудатворным лічыць уся вёска. Гэта рэліквія перадаецца ў сям’і Лапухінай з пакалення ў пакаленне. Кажуць, што аднойчы, калі непадалёк гарэла хата і вецер падзьмуў на вёску, гэты абраз памог пазбавіцца ад агню.

З бульбы можна нават чыпсы зрабіць


Святы ў старавераў таксама ў пашане. Адны з самых любімых і шчодрых — Каляды. Праўда, напярэдадні — строгі пост і ніякіх пагулянак.

— Але ж у пост таксама любілі і ўмелі гатаваць добрыя стравы, — падзялілася Фёкла Лапухіна. — Напрыклад, мясцовыя «чыпсы».

На мове старавераў іх называюць «сачэнь». Рэцэпт няхітры: бульбу трэба зварыць у мундзірах, патаўчы. І з гэтага «цеста» зрабіць нешта накшталт бліноў. Падсушыць у печы — і смачней ласунку няма! Моладзь, само сабой, марнаваць час на такую справу не будзе. Ды і не паўторыш гэты цуд у гарадскіх умовах. Але калі старэйшыя зробяць, то ўсе з’ядуць, прычым з вя¬лікай ахвотай.

Сачэнь можа быць з капустай, тварагом, яблыкамі — тады ён ператворыцца ў пірог. Да гэтага часу пякуць у Капусціне і акрузе пышкі з макам і мёдам, робяць хатняе жэле з клубнічнага кампоту. «Вёску нашу можна назваць клубнічным раем, — удакладнілі сялянкі. — На многіх падворках расцілі гэтую капрызную ягаду, а потым прадавалі ў Кіраўску ці Бабруйску. Заробкі былі большымі, чым на асноўнай рабоце. Толькі не лянуйся!»

Градкі з клубніцамі ў кожным агародзе ёсць і сёння. Толькі маштабы не тыя: проста каб унукам ды праўнукам было чым паласавацца.

— Для нас іх прыезд — самае вялікае свята, — адзначылі Надзея і Іван Юдзіны. — Калі ўсе збіраюцца разам, то здаецца, што і вялікая некалі хата становіцца цеснаватай. Але гэта толькі радуе.

Так, кажуць, жывуць сёння ўсе суседзі — незалежна ад веры і нацыянальнасці. Бо важна што? Каб ніхто не хварэў ды ўсё ладзілася. А хто якому Богу моліцца — дык гэта асабістая справа кожнага. Запаведзі Усявышняга — яны, па сутнасці, нічым не адрозніваюцца. Галоўнае, каб людзі іх выконвалі.

Святлана МАРКАВА, «Р»


На здымках: Надзея і Іван ЮДЗІНЫ больш чым паўстагоддзя разам; царкву ў Капусціне аднавілі звыш дваццаці гадоў таму.

Фота аўтара
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Стараверы Кіраўскага раёна сёння жывуць па законах сваіх продкаў
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика