Жыццё пасля раку. Жана Лашкевіч: Мяне трымае дом. 21.by

Жыццё пасля раку. Жана Лашкевіч: Мяне трымае дом

08.01.2014 15:16 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

10 гадоў таму драматург, сцэнарыст, тэатральны крытык Жана Лашкевіч перажыла анкалагічную аперацыю. Лічыць, што хвароба паспрыяла якасным зменам у яе жыцці. Што дапамагло ня страціць веру ў сябе?



Жана Лашкевіч расказвае, што "дыягнаставаў" ушчыльненне там, дзе яго быць не павінна, на той час 15-гадовы сын Браніслаў. І каб не яго пільнасць, хвароба, відаць, самацёкам набліжалася б да стану, пры якім наўрад ці нават лекары змаглі б дапамагчы хутка і якасна:

"Сын, можна сказаць, першы дыягностыцы і паспрыяў. Ён вучыўся ў хіміка-экалягічнам класе (там біялогія - ці не на першым месцы) і на той час займаўся ўшу, заўважыў ува мне нейкую нязграбнасць, нягнуткасць і адразу насцярожыўся: а што з табой? Кажу, нешта тут пабалела, там пабалела, але прайшло.. Але сын у мяне вельмі сістэматызаваны: гэта не адказ, сядзь і скажы - калі, як забалела? І ўвогуле збіраешся і ідзеш да доктара. Я паслухалася дзіця, з гэтага ўсё і пачалося. Далі накіраванне, трапляю ў першую анкалагічную паліклініку. А там лекар Эдуард Лінкевіч канстатуе: ну, што ж, трэба зараз жа аперыраваць. Кажу, што зараз не магу, бо я новы праект пачынаю - сталася так, што якраз мяняла працу. Ну, тады паспрабуйце дамовіцца з Ім (і лекар выразна глядзіць на столь), можа Ён таксама пачакае? Давялося разам з праектам для праграмы "Наше утро" на АНТ аперыравацца. Уласна два тыдні за мяне адпрацавала дзяўчына, якая ездзіла на здымкі як журналістка".

Жана Лашкевіч нарадзілася ў Мінску ў 1960 годзе. Як удакладняе сама, у мамачкі, якая на той час была студэнткай Інстытуту замежных моваў. З дзяцінства існавала ў шматмоўным асяроддзі, бо маці няблага ведала французскую, нямецкую, польскую мовы. Задаткі паліглота перадаліся і дачцэ. Большы час гадавалася ў дзядулі і бабулі, якія выхавалі любоў і павагу да беларускай мовы.

Пасля школы вучылася на філалагічным факультэце БДУ, паралельна працавала ў аддзеле культуры газеты "Знамя юности". З удзячнасцю згадвае першых настаўнікаў - Валеры Холада і Леаніда Паўлючыка. Потым была "Беларуская энцыклапедыя", дзе падыходу, як з дробнага зрабіць вялікае і як вялікае раскласці на дробнае, навучыў выдатны рэдактар Васіль Семенякоў.

Наступныя 11 гадоў - у аддзеле тэатру, кіно і тэлебачання тыднёвіка "Літаратура і мастацтва". Гэта быў пік папулярнасці выдання - спачатку пад кіраўніцтвам Анатоля Вярцінскага, а потым Міколы Гіля. Адсюль на пасаду загліту ў Купалаўскі тэатар выпраўляў яе Ўладзімер Някляеў.

Праз два гады перайшла ў фірму "Каўчэг", якая спецыялізавалася на выданні беларускай музыкі і кніжак. Увесь гэты час паралельна працавала на тэлебачанні, куды яшчэ на пачатку 1990-х яе запрасілі кансультаваць перадачы па тэатры, а потым і ў якасці вядучай. На момант канстатацыі анкалогіі рыхтавала культурніцкія праграмы для каналу АНТ.

Ад 2006 году - загадчыца літаратурна-драматургічнай часткі Рэспубліканскага тэатра юнага гледача, з якім у якасці тэатральнага крытыка шчыльна супрацоўнічала і дагэтуль. Так, дачасна памерлы мастацкі кіраўнік і галоўны рэжысер Андрэй Андросік - яе ўлюбёны рэжысер-педагог, а колішні загадчык літаратурнай часткі Артур Вольскі пераканаў пісаць ня толькі тэатральную аналітыку, але і п'есы.

Жанна Лашкевіч не выключае, што менавіта адыход у іншы свет дарагіх і любімых людзей спрычыніўся да страшнага захворвання:

"2003 год. Спачатку ў лютым памірае Андрэй Андросік. Для мне гэта быў страшэнны ўдар, я доўга плакала, мама мяне суцяшала. А літаральна 12 ліпеня таго ж году памірае мая мама. Каб вам быў зразумелы памер страты… Натуральна, калі ў чалавека ёсць мама, у кожнага з ёй свае стасункі. Мы менш за ўсё былі проста мамай і дачкой. Гэта быў паплечнік, дарадца. Адным словам, гэта быў чалавек, без якога да сённяшняга дня мне жыць цяжка... Праўда, за такі кароткі час, усяго за год, такая хвароба не развіваецца. Гэта ўплыў шмат якіх падзеяў... ".

Жана кажа, што ёй пашанцавала ад першага дня - доктар Эдуард Лінкевіч быў нядрэнна абазнаны, што адбываецца ў беларускай літаратуры і мастацтве, таму пазнаў амаль адразу. Адпаведнае было і стаўленне. І фактычна спадару Лінкевічу дала слова, што абавязкова вернецца ў тэатар:

"Эдуард Эдуардавіч ставіў мяне да сцяны, я ўпіралася ў яе локцямі. Швы заміналі, але трэба распрацоўваць руку. Казаў: прыхініцеся да сцяны і пакажыце ўсім, на што здольны чалавек, якому вельмі трэба на працу. Мы ўсе смяяліся: па-першае, доктар дасціпны, па-другое, я многае са шпітальных прыгодаў для сябе вынесла. Калі да гэтага ставішся з пэўнай доляй гумару, іроніі, то яно дапамагае. Ну, вось ляжаць кабеты. Яны так сябе шкадуюць, што плакаць гатовыя ад рання да змяркання. А я толькі крыху ачомалася, паглядзела на свет божы, у палату зазірае дзядзька Вова - трэнер майго сына Уладзімір Дзям"янцаў, ну і я ў яго займалася пэўны час: "Што, ляжыш? Можа падсабіць?". "Не-не, я сама". "Правільна: падымайся - і ідзі". Дзядзьку Вову пераймае медсястра: што тут адбываецца? Ён у адказ - падымаемся і радуемся жыццю!.. А я сапраўды падымаюся, іду і больш не кладуся, усё. Гэты бар'ер - не магу, ай, баліць - быў адразу ўзяты. Дзядзька Вова навучыў дыхаць: калі будуць рабіць перавязкі, а гэта балюча, старайся так уцягваць у сябе паветра, каб аж свістала. Дапамагло сапраўды. Можа я больш сябе пераконваю, але гэта звыклыя прыёмы ўшу. Наш дзядзька Вова прайшоў Аўганістан і шмат якія рэчы ўмее прымяняць на практыцы. Пра яго дзеці кажуць: трэнер наставіць палец, і ты павалішся. Абсалютна перакананыя, што так і будзе. ".

Суразмоўніца ўпэўненая, што адзін з асноўных фактараў супрацьстаяння любой хваробе - падумаць пра тое, што камусьці ў пэўных сітуацыях было нашмат складаней:

"Гэта цяжкая і вельмі страшная хвароба. У чым жа тады гумар, іранічнае стаўленне? Хораша пераконваў Эдуард Лінкевіч: вы ж дзіця нараджалі, ну што вам можа быць страшна, чаго вы яшчэ баіцёся? Мне цікава было б паслухаць, што ён мужчынам казаў у гэты момант. Але сутнасна гэта так. Мой дзед прайшоў Другую ўсясветную вайну, мой прадзед служыў у царскай арміі. Я абсалютна мірны чалавек і проста не ўяўляю, як можна скакаць, сячы альбо бегчы на нейкія пазіцыі, кідаць гранаты - мне страшна. Але людзі гэта пераносілі. Што я такога не магу вытрываць, каб не пераадолець свае страхі? Па-мойму, ім было цяжэй. Бабуля перажыла вайну, знакамітую партызанскую блакаду 1943 году. Бабуля, мая мама і мамін брат уцякалі ўтрох на саначках. Жах! Адна з самых халодных зімаў ХХ стагоддзя, мароз мінус 30 градусаў. Вось гэта было страшна. А легчы на аперацыю, калі табе маску наклалі, калі лекар за табой ходзіць, калі медсястра глядзіць? Мне пашанцавала, у мяне сапраўды быў вельмі добры персанал. Можа ён ва ўсіх такі, іншая рэч, як да яго ставішся. Мы часцяком жартавалі, нават дзяжурны лекар неяк сказаў: да вас заўсёды вельмі прыемна заходзіць, вы ўсе такія... жывыя! ".

У 2005 годзе, пасля апошняга курсу хіміятэрапіі, Жана вышыла двух анёлаў, якія сімвалізавалі заканчэнне ракавай гісторыі. Яны і цяпер вартуюць спакой яе сям'і - як сімвал таго, што старое ніколі не паўторыцца:

"Найперш, у мяне была задача як мага хутчэй выбрацца са сваёй прыгоды - маё дзіцё яшчэ было школьнікам, Браніслаў вучыўся ў 9-м класе. А другая задача - стаць на ногі так, каб ужо ня падаць. Альбо падаць і найхутка падымацца. І вось гэтыя дзве задачы трэба вырашаць любым коштам, нягледзячы на тое, што мала грошай, няма ніякай пэўнасці і г.д. Балазе, тады яшчэ нашы лекі, так званыя яды, якія выдаваліся на "хімію", былі бясплатныя. Мне сказалі, што зараз за гэта трэба плаціць. Але чалавек у гэтым стане кожную капейчыну беражэ проста таму, што яму садавіна патрэбна, ніводзін яблык ня лішні. Яшчэ калі ты ведаеш, што цябе хтосьці чакае і камусьці вельмі трэба, каб ты вярнуўся, то гэта выцягвае. Каштоўнай была падтрымка Валянціны Іванаўны Гаявой, мастацкага кіраўніка "Харошак", Валерыя Мікалаевіча Раеўскага - на той час ён узначальваў Купалаўскі тэатр, рэжысёра Зміцера Бейнарта-Саладухі і майго суседа - вядомага артыста Аляксандра Кашперава. Акрамя трэнера і сяброў да мяне ў шпіталь кожны дзень прыходзіў сын, прыносіў то яблычак, то памідорку, а то і вараныя яйкі! Грошы на нейкі час я пакінула, але ён тады проста яшчэ ня ўсё ўмеў. Ягоны клопат быў вясёлы, ўсмешлівы і... пранізлівы, кранальны. Сын годна пражыў гэты жыццёвы скрут, нават навучыўся гатаваць. Дарэчы, цяпер, у свае 24 гады, Браніслаў выдатна гатуе, спраўны кухар!".

Жана Лашкевіч ня стала афармляць інваліднасць, паколькі ў такім разе рызыкавала застацца без працы. І літаральна са шпітальнага ложка зноў вярнулася ў кадр:

"Для мяне тая эпапея цягнулася больш за год. Звычайна яна цягнецца менш, таму што людзям патрэбны бальнічны, а бальнічны калі лекар адкрывае, яму трэба, каб у пэўныя прызначаныя дні чалавек усё прайшоў, адлежаў і выходзіў на працу. У мяне такога абмежавання ці такой умовы не было. Здымачная група паставілася да мяне настолькі ашчадліва і, я б сказала, з такой любоўю, што я магла сабе дазволіць недазвольнае. Укол альбо пігулкі - і пасля вылежацца тры ці чатыры дні. Можна было пільна зважаць на агульны стан здароўя, доўжыць перапынкі паміж курсамі хіміятэрапіі. Гэта магутная падтрымка. Таму што ты ня ходзіш па сцяне, у цябе ня скачуць зайчыкі ў вачах і ты можаш ачомацца, апратацца, вызваліць галаву для таго, каб напісаць тэкст за кадр і г.д. Ведаеце, я да такой ступені знахабілася, што часам, калі падціскала, спакойна станавілася ў кадр! Аператар ладзіў камеру і лагодна пабуркваў: маўляў, а мы з іншага боку зойдзем. Тады я не магла яшчэ нічога падкласці на рану, бо з пратэзам надарылася цэлая важданіна".

Яшчэ за перабудовачным часам, як і многія савецкія жанчыны, Жана Лашкевіч адкрыла для сябе часопіс "Burda". Старонкі з моднымі выкрайкамі сталі яе спадарожніцамі на ўсё далейшае жыццё. Таленавітай швачкай была і маці, а дачка разам з прыгожымі рэчамі вось ужо дзясятак гадоў сама сабе шые… пратэзы:

"Я не задаволеная перадусім коштам нашых пратэзаў, таму шыю сабе іх сама. Я ж рукадзельніца, што тут шыць? У мяне ёсць таварышкі па няшчасці, дык адна прапанавала: зрабі майстар-клас, навучы іншых. Гэты цэлюлоід альбо пластык, які нам прапануюць, каштуе нейкіх атамных грошай. Я, праўда, яго так і не даўмелася, таму што, шчыра кажучы, грошай шкада, я столькі не зарабляю".

Карэспандэнт: "Маеце на ўвазе, што дарагі пратэз менавіта беларускі?".

"Замежных я не ніколі не бачыла, таму гаворка менавіта пра беларускі. Ну, як? У мяне няма групы інваліднасці, я яе свядома не брала, каб не згубіць працу - вы ж ведаеце, як у нас бяруць на працу інвалідаў. А калі ў цябе няма групы, так званы пратэз можна набыць толькі за грошы. І вось колькі вядзецца мая гісторыя - ад 2004 году - кожныя два-тры гады я настройвалася, што вось-вось куплю. Была набрала ўжо колькі трэба грошай і нарэшце вырашылася. Але называюць новую суму! І мне становіцца шкада. Верагодна, я шараговая жмінда-скупянда, але лепш пайду на кніжны рынак і накупляю сабе часопісаў і кніжак па вязанні ды вышыванні на гэтую суму. Тым больш, зараз усё дастаткова проста: ёсць усе неабходныя матэрыялы, сінтыпон, паралонавыя тонкія падплечнікі. Усім гэтым можна абысціся, зрабіць сабе цалкам якасную рэч і не дурыць галаву. Прабачце, але гэта жыццё".

Многія з тых, хто перахварэў на рак, адзначаюць: цяжкая хвароба зьмяняе чалавека. Зьмянілася і Жана Лашкевіч. Па словах суразмоўніцы, у яе зьявілася цярпеньне, трываньне, разважлівасць, чаго дагэтуль бракавала. Да таго ж, яна цьвёрда трымаецца перакананьня: асноўны сэнс жыцьця - гэта дом:

"Ёсць розныя тлумачэнні. Адны лічаць, што хвароба - гэта насланьнё, сурокі. Іншыя лічаць, што гэта пакаранне. Ёсць меркаванне, што гэта выпрабаванне. З імі можна пагаджацца, можна не пагаджацца. У маім выпадку, напэўна, гэта было выпрабаванне - для таго, каб я магла якасна памяняцца. Я памянялася, і сапраўды якасна. Я стала рабіць рэчы, якія да гэтага часу былі ў жыцці на 10-м плане, дзесьці далёка-далёка, што называецца, "потым, калі-небудзь". Потым, калі-небудзь - гэта дом, яго нельга адкласці. Ня можна адкласці вышыванне сурвэтак, вязанне шкарпэтак, шытво якіх-небудзь лапак для патэльні. Таму што гэта дом, нешта тое, што трымае чалавека ў жыцці. Асабіста мяне ў жыцці трымае дом. У нас зараз з сынам такія дачыненні, як калісьці былі з мамай. Мы з ім больш паплечнікі, сябры, таварышы. Часам яму кажу: чаму ў цябе ў пакоі не прыбрана:? Ён адказвае: "Не прыбрана? Мама, тут усё як мае быць!". На гэтым непаразуменні сканчваюцца. Увогуле цяжка на гэты конт нешта казаць, але праўда - я моцна змянілася. Навучылася цярпець, трываць, чакаць; доўга, старанна, падрабязна працаваць. Не адкладаючы справы на апошнія дні - ёсць такая студэнцкая звычка шмат у каго. Дык вось, я яе пазбылася, хоць і з вялікай цяжкасцю. Ня толькі не адкладаць на заўтра, а не адкладаць нават на вечар тое, што можна зрабіць з раніцы. Вось прыкладна такая гісторыя…".

Адолеўшы цяжкую хваробу, вось ужо дзесяць гадоў Жана Лашкевіч зноў жыве паўнавартасным жыццём. Найперш аддае сябе сям'і, дому і роднаму Тэатру юнага гледача, любімага не адным пакаленнем маленькіх і дарослых беларусаў.

Чытайце таксама:

Жыццё пасля раку: "Я мусіў памерці тры гады таму"
Жыццё пасля раку: "Каханне - гэта лекі, лепшых за якія яшчэ не прыдумала медыцына"
Жыццё пасля раку: "Сваю шпітальную эпапею лічу своеасаблівым трамплінам у дарослае жыццё"
Жыццё пасля раку. Наталля Саматыя: "Боль забываецца"
Жыццё пасля раку. Барыс Шаравар. 15 гадоў без анкалагічнага рэцыдыву
Жыццё пасля раку. Галіна Старповіч: Муж ня даў мне памерці
Жыццё пасля раку. Анатоль Глушчанка на пенсіі за 7 гадоў перажыў дзве анкалагічныя аперацыі
Жыццё пасля раку. Люк Олнат: Я намагаўся быць шчырым і пісаць у сваім блогу пра "цёмныя" пачуцці

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
10 гадоў таму драматург, сцэнарыст, тэатральны крытык Жана Лашкевіч перажыла анкалагічную аперацыю. Лічыць, што хвароба паспрыяла якасным зменам у яе жыцці. Што...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика