На месцы самалёта, які дыслакаваўся на тэрыторыі БарДУ, застаўся толькі пастамент.
Бурныя абмеркаванні інцыдэнту ў сацыяльных сетках прыцягнулі ўвагу журналістаў "ІР". Тэлефоны ў следчым аддзеле маўчаць - у пошуках ісціны самі рушым на месца…
Ужо здалёк бачна, што пастамент, дзе звычайна стаяў самалёт, і сапраўды зараз пусты.
Супрацоўнікі і студэнты БарДУ губляліся ў здагадках:
- Я так думаю, што дэкану не падабаецца авіятэхніка. Таму самалёт знялі, а на яго месца паставяць машыну, - кажа Іна.
- Ну, магчыма, проста нехта ўзяў яго палётаць, а потым верне. Не трэба так хвалявацца, - супакойвае Ігар.
- У краіны цяжкае матэрыяльнае становішча, таму, як мне здаецца, яго прадалі, - робіць выснову Зміцер.
З'яўляюцца і іншыя згадкі, кшталту таго, што самалёт маглі ўкрасці сілы НАТА - каб даведацца аб нашых сакрэтных тэхналогіях, якія апошнім часам зрабілі значны крок наперад. Пракаментаваць такую выснову просім загадчыка кафедры тэорыі дзяржавы і права:
- Не! Ведаеце, я лічу, што ён нікому болей не патрэбны, акрамя нашага ўніверсітэта. Мая думка, што яго, хутчэй за ўсё, знялі на рэканструкцыю, - адказвае Юрый Вячаслававіч.
Спяшаемся праверыць новую версію ў тэхнічнага персаналу:
- Сапраўды, гэты самалёт трымаўся на саплях апошнім часам. Яго яшчэ ў мінулым лістападзе забралі на рэканструкцыю, пэўна самі ваенныя. Але людзі не адразу заўважылі і зараз пытаюцца, - адзначае супрацоўнік БарДУ Ірына, пералістваючы журнал падзей.
Ніякага крыміналу ў справе не адшукалася - самалёт пасля рамонту вернецца на сваё былое месца. Нагадаем, што памятны знак у выглядзе самалёта быў усталяваны ў гонар 50-годдзя стварэння 203-га гвардзейскага палка цяжкіх бамбавікоў далёкай авіяцыі, які дыслакаваўся ў гэтым месцы з 1951 па 1994 год.