Грамадскі актывіст, былы палітвязень, лідар моладзевага крыла "Змена" Павал Вінаградаў сёння днём, 13 сакавіка, пайшоў адзначыцца ў інспекцыю Маскоўскага р-на (ён знаходзіцца пад наглядам). З ім быў і яго паплечнік Аляксандр Арцыбашыў. А потым сувязь з імі абарвалася на некалькі гадзінаў.
На тэлефанаванні хлопцы доўгі час не адказвалі.
Увечары Вінаградава знайшлі ў сумнавядомым цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Арцыбашыва доўгі час не маглі знайсці, урэшце яго таксама прывезлі на Акрэсціна.
Машыну, на якой былі хлапцы, жонка Вінаградава Святлана знайшла на штраф-стаянцы.
У пятніцу, 14 сакавіка, суд у судзе Маскоўскага р-на.
Ніякай акцыі ў той дзень хлопцы не планавалі. Таксама часам затрыманні ў Мінску практыкуюцца напярэдадні нейкіх грамадска значных акцый, або прыезду ў Мінску ВІПаў з блізкага Усходу (Расіі).
Паўла пасля 15-суткавага арышту, 12 кастрычніка 2013 г., каб паплечнікі не сустрэлі, міліцыя з Акрэсціна вывезла аж пад Нацыянальны аэрапорт. На фота - Павел і яго жонка Святлана.
Нагадаем, што Павел Вінаградаў быў фігурантам крымінальнай справы аб масавых беспарадках 19 снежня 2010 г. і быў асуджаны на чатыры гады зняволення ў калоніі строгага рэжыму. У верасні 2011 г. ён быў вызвалены на аснове ўказу Лукашэнкі, хоць сам памілавання не прасіў.
З 10 красавіка 2012 г. да Паўла быў прыменены рэжым прэвентыўнага нагляду на два гады.
Ён павінен быць дома пасля 20:00 і да 7:00, яму забаронена пакідаць сталіцу без дазволу міліцыі.
Больш жорсткі рэжым матывавалі тым, што Павел не кінуў грамадскай дзейнасці, некалькі разоў прыцягваўся да адм. адказнасці (праводзіў некалькі гучных акцый, а тэрмін адбытых на Акрэсціна сутак набліжаецца ўжо да 100).