"Хочацца, каб дачка размаўляла па-беларуску, а не на трасянцы". Чаму ў Берасці адзін беларускамоўны клас?
21.05.2014 15:10
—
Новости Общества
|
Адзін беларускамоўны клас на 300 тысяч жыхароў. Хто вінаваты: пасіўныя бацькі ці чыноўнікі-русафілы?
Бацькі шасцігадовай Камілы Ляўчук хочуць вучыць дачку на роднай мове. Але ў 300-тысячным Берасці гэта няпроста. На ўвесь горад ёсць толькі адзін клас з беларускай мовай выкладання і толькі ў пачатковай школе (дзе дзеці вучацца з 1 па 4 клас). Яшчэ адзін адчыняць толькі ў тым выпадку, калі знойдзецца пяць ахвотных пайсці вучыцца на роднай мове - такія ўмовы адукацыі па-беларуску паставілі берасцейскія чыноўнікі. "Хочацца, каб нашая дачка размаўляла па-беларуску, а не на трасянцы", - кажа маці шасцігадовай Камілы. Разам з мужам жанчына прыняла няпростае рашэнне аддаць дачку ў клас з беларускай мовай навучання. Аказалася, што аднаго патрыятычнага парыву недастаткова. З усяго гораду ледзь набраўся адзін беларускамоўны клас. Каб з'явіўся яшчэ адзін, трэба знайсці мінімум пяць ахвотных, патлумачылі сям'і Леўчукоў мясцовыя чыноўнікі. "Мне такі парадак не падабаецца, - кажа маці Камілы Мілана. - Ёсць жа Канстытуцыя, у якой замацаванае права дзіцяці вучыцца па-беларуску незалежна ад таго, колькі дзяцей у класе". Чыноўнікі з аддзелу адукацыі фактычна перакладаюць сваю працу на бацькоў, якія не мусяць займацца камплектаваннем класаў і шукаць ахвотных вучыць сваіх дзяцей у беларускамоўным класе. Але калі бацькі самі не будуць гэтым займацца, то чыноўнікі пагатоў гэтага не зробяць. Шэраг берасцейцаў неаднаразова прапаноўвалі мясцоваму аддзелу адукацыі ўвесці адзіную форму заявы для прыёму ў садок ці школу, каб у бацькоў была магчымасць абіраць мову навучання: беларуская або руская. Але чыноўнікі спасылаюцца на нежаданне браць удзел у моўнай прапагандзе. "Мы не будзем займацца прапагандай якой-кольвек мовы", - тлумачыць сваю пазіцыю кіраўнік адзелу адукацыі Маскоўскага раёну Берасця. "Яны займаюцца прапагандаю расейскамоўнай адукацыі", - упэўненая маці Камілы. - Калі ты хочаш навучацца ў Беларусі па-расейску, то тут няма праблемаў. Пытанне развязваецца за пяць хвілінаў. Хіба гэта не дыскрымінацыя? Застаецца толькі спадзявацца, што знойдуцца людзі, якія пажадаюць вучыць сваіх дзяцей на роднай мове. Інакш дачку прымусяць вучыцца па-расейску, - з пэўнаю доляю пакоры кажа маці Камілы, але не губляе надзеі: - Адзін раз ужо атрымалася". Тры гады таму дзякуючы намаганням бацькоў у 34-й пачатковай школе адкрыўся клас з беларускай мовай навучання. Праз год дзеці пяройдуць у сярэднія класы ў іншай школе, беларускамоўны клас будзе расфармаваны і ў Берасці застануцца толькі класы з рускай мовай навучання. Аддаць сваіх дзетак у беларускамоўны клас і пры гэтым захаваць яго вельмі проста - дастаткова цягам лета прыйсці ў школу № 34 і напісаць заяву. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Аддаць сваіх дзетак у беларускамоўны клас і пры гэтым захаваць яго вельмі проста - дастаткова цягам лета прыйсці ў школу № 34 і напісаць заяву.
|
|