Загадкі легендарнага Су. 21.by

Загадкі легендарнага Су

31.05.2014 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Працяг. Пачатак у нумары за 29 мая

І ЎСЁ ж зорны час канструктара пачаўся ў іншую вайну, «халодную». Амерыканцы дэманстравалі новыя рэактыўныя самалёты — Ф-101, Ф-102, пра якія заявілі, што яны лепшыя ў свеце і Саветам ніколі ў жыцці не толькі не дагнаць, але і зрабіць нешта падобнае. Трэба было даць належны адказ. І ён быў дадзены Сухім: рэактыўны знішчальнік Су-7 меў не проста звышгукавую хуткасць, а дзве хуткасці гуку!

Каментатар Бі-бі-сі вымушан быў сказаць: «Гэта па меншай меры на 45 міль у гадзіну перавышае рэкордную хуткасць, устаноўленую некалькі дзён таму  амерыканскім знішчальнікам-бамбардзіроўш- чыкам. Няма ніякіх высноў сумнявацца ў заяве рускіх, асабліва калі ўлічыць, што назіральнікі з Захаду бачылі два тыпы савецкіх самалётаў, здольных устанавіць такую хуткасць».

Адразу ўслед за Су-7 заяўляюць права на жыццё сухаўскія знішчальнік-бамбардзіроўшчык Су-7Б і перахватчык з трохкутнікавым крылом Т-3. Яны займаюць асноўнае месца ў Ваенна-Паветраных Сілах СССР.

Адкрыццяў будзе яшчэ шмат. У 1959 годзе на самалёце Т-431 Сухога лётчык Уладзімір Ільюшын паставіць сусветны рэкорд вышыні — 28852 метры. Праз год лётчык-выпрабавальнік Барыс Адрыянаў на самалёце Т-405 установіць абсалютны сусветны рэкорд хуткасці палёту на стакіламетровым замкнёным маршруце, роўным 2092 кіламетры ў гадзіну. У гэтым жа годзе КБ Сухога дабудуе знішчальнік-перахватчык, які мог развіваць хуткасць палёту да 3000 кіламетраў у гадзіну!

САМАЛЁТЫ Сухога — гэта нешта на мяжы фантастыкі або нават па-за ёй. Мяркуйце самі. Ці можа звышгукавы шматтонны самалёт узляцець са звычайнага роўнага поля. Не. А ў Сухога ўзляталі і садзіліся. Вось як апісвае гэты сапраўды фантастычны момант Лідзія Кузьміна ў кнізе «Генеральны канструктар — Павел Сухі»: «У архіве канструктарскага бюро ёсць кінафільм, прысвечаны эксплуатацыі самалётаў Су-7Б з грунтавых аэрадромаў. Найбольш уражвае адзін фрагмент. На грунтавым аэрадроме безнадзейна забуксаваў аўтамабіль-запраўшчык, вызваляць яго з гразі давялося магутнаму трактару С-80. А ў гэты час самалёт Су-7Б, узнімаючы пры сваім руху фантаны гразі, аб’язджае тэхніку, якая загрузла, і ўзлятае...»

Або такое. Заглух у палёце рухавік. Тут нават на лёгкім самалёце з прапелерам не заўсёды сплануеш і нармальна прызямлішся. А на рэактыўным? І ўсё ж лётчыкі-выпрабавальнікі неаднойчы садзілі самалёты Сухога з рухавіком, што заглух, дацягвалі да аэрадрома, калі было зрасходавана гаручае. Адзін эпізод наогул ўражвае. Лётчык паведамляе, што не працуе рухавік. Паступае каманда з зямлі: «Скачы!» Пілот паспяхова катапультуецца. Прызямляецца без лётчыка і самалёт. Ніводнага пашкоджання.

Тлумачылася ўсё проста: Сухі, як ніхто іншы, дасканала валодаў пытаннямі аэрадынамікі. Лётчык-касманаўт Георгій Берагавы прыгадвае такі эпізод:

— На адным з самалётаў была выяўлена з’ява «рыскання» — няўстойлівасць па курсу. Спачатку не ўдавалася паставіць дакладны дыягназ. На працяглыя даследванні не было часу. Цэлы дзень Павел Восіпавіч правёў на аэрадроме, хадзіў каля самалётаў, прыглядаўся, вывучаў... Пад вечар была аддадзена каманда: змяніць спалучэнне фюзеляжа з крылом, зрабіць абцякальнік другой формы. Гэта рашэнне было прынята на падставе бліскучай інтуіцыі. Практыка пацвердзіла правільнасць каструктарскай думкі. Здаралася, што ён прымаў рашэнні па тых ці іншых праблемах, якія, здавалася б, супярэчылі агульнапрынятым уяўленням, былі незразумелыя нават для спецыялістаў. Але мінаў час, і ўсе пераконваліся, што ідэя канструктара правільная. Усіх, хто працаваў з ім, уражвала гэтая здольнасць прадбачання.

ТАКІ ў яго быў творчы почырк, такі характар! Пра яго гаварылі: «Сухі ёсць сухі. Але так гаварылі людзі, якія ці то ўпершыню сустракаліся з ім, ці то ўкладвалі ў слова «сухі» зусім іншы, супрацьлеглы сэнс.

Так, ён сапраўды быў стрыманы. Занадта стрыманы. Калі яго самалёты білі сусветныя рэкорды, калі супрацоўнікі і рабочыя крычалі «ўра», ён нават не ўсміхаўся. Калегі накіроўваліся ў рэстаран адзначаць перамогу, а ён — на трамвайны прыпынак і ехаў дадому.

Быў вельмі сціплы. Аднойчы папрасіў, каб яму ў машыну падабралі бак, які ўжо выкарыстоўваўся. Падумалі супрацоўнікі, як гэта Генеральнаму канструктару ды шукаць старызну. Зварылі новы. Павел Восіпавіч прыняў «падарунак», але папрасіў рахунак і аплаціў са сваёй кішэні.

Адзін з бліжэйшых паплечнікаў Сухога, Мікалай Зырын, успамінае:

— Як правіла, Павел Восіпавіч у цэха хадзіў адзін, без суправаджаючых. Цікавіўся, як вырабляюцца асобныя агрэгаты, вузлы. Гутарыў з рабочымі, майстрамі. Затым праглядваў пошту, тэхнічныя часопісы на англійскай, нямецкай, французскай мовах. За 30—40 хвілін да абеду адпачываў. Абедаў у адзін і той жа час: 13.30. Тэхнічныя нарады, як правіла, праводзіў пасля абеду. На прыём да яго можна было зайсці ў любы час.

Дачка Сухога, Ірына Васкрасенская, расказвала наступнае:

— Бацька быў адзіным сынам у сям’і. Былі ў яго яшчэ чатыры сястры. Пад уплывам кніг Сянкевіча скакаў са страхі з парасонам. З літаратуры перавагу аддаваў класіцы. Тры тамы «Вайны і міру» Л. Талстога прачытаў за дзесяць дзён. Чытаў творы англійскіх і французскіх класікаў у арыгінале. У маладосці меў цудоўны голас. Любіў Чайкоўскага, Штраўса. З мастакоў — Куінджы, Рэпіна. Толькі ў 30 гадоў скончыў МВТУ, як нарадзілася я.

Тут жа варта было б прыгадаць успаміны пра Паўла Восіпавіча  і канструктара авіярухавікоў Архіпа Міхайлавіча Люльку. Але гэты чалавек настолькі значны ў лёсе Сухога і яго самалётаў, што раскажам асобна.

Свой першы рэактыўны самалёт Сухі пачаў канструяваць адразу пасля вайны. Усё ішло добра. Вось толькі не было свайго айчыннага рухавіка. І на самалёт вымушаны былі ставіць трафейныя ЮМО-004 і БМВ-003 з нямецкага Ме-262.

Павел Восіпавіч быў незадаволены іх цягай. Займаўся гэтым пытаннем асабіста і павялічыў магутнасць ажно на трыццаць працэнтаў. І ўсё ж для яго самалётаў, цяперашніх і будучых, гэтага было недастаткова. Без свайго, айчыннага, рухавіка яны не змогуць лятаць так, як ён хоча: хутчэй і вышэй за ўсіх на свеце.

Дапамог яму Архіп Міхайлавіч Люлька. Менавіта ён сканструяваў першы айчынны турбарэактыўны рухавік ТР-1, цяга якога значна пераўзыходзіла замежныя.

З таго часу пачалося плённае супрацоўніцтва двух геніяльных людзей планеты: беларуса — авіяканструктара Паўла Сухога і ўкраінца — стваральніка рухавікоў Архіпа Люлькі. Абодва будуць удастоены самых высокіх узнагарод СССР.

НАПЭЎНА, людзі старэйшага пакалення памятаюць, а маладзейшыя ведаюць з фільма «Утаймаванне агню», як на Маскву падчас Першамайскага параду 1960 года ляцеў амерыканскі самалёт-шпіён У-2. Ляцеў на недасягальнай для нашых самалётаў вышыні і яго збілі як быццам бы толькі ракетай з зямлі. Першай. Пра што і далажылі Хрушчову.

Пілот самалёта-шпіёна Гары Паўэрс між тым сказаў свайму бацьку пры сустрэчы:

— Не вер, бацька, што мяне збіла ракета. Мяне збіў самалёт. Я яго бачыў на свае вочы.

Тады на гэтае паведамленне не звярнулі ніякай увагі. Ці не пажадалі звярнуць. І толькі праз трыццаць гадоў у часопісе «Авиация и космонавтика», газетах «Красная звезда» и «Совершенно секретно» знайшлося пацверджанне словам амерыканскага пілота. Больш таго, адшукаўся і лётчык Ігар Менцюкоў, які даў інтэрв’ю газеце «Труд», дзе заявіў, што гэта ён на Су-9 збіў амерыканскага шпіёна. Вось яго аповед. Пададзена ў скарачэнні.

— ...На Захад, у беларускі горад Баранавічы, я павінен быў перагнаць з Сібіры новенькі Су-9, звышгукавы, вышынны, звышдалёкі знішчальнік-перахватчык. Перагнаць і прыступіць да баявога дзяжурства. Прыняў я самалёт «нулявы», як цяпер модна гаварыць. І, канешне, без боекамплекта — чатырох ракет класа «паветра — паветра». Вечарам, напярэдадні Першамая, прызямліўся на прамежкавым аэрадроме пад Свярдлоўскам. Трэба было дазаправіцца, пачакаць ціхаходны самалёт-транспартнік, які ляцеў услед за мной з тэхсаставам і абсталяваннем.

Раніцай будзіць мяне дзяжурны, я імчуся па тэрміновым выкліку на аэрадром. Там мяне ўжо чакаюць на тэлефоне з Навасібірска. А з трубкі загад: «Гатоўнасць нумар адзін». Я кідаюся да Су-9, займаю месца ў кабіне. І на сувязь са мной выходзіць камандуючы Свярдлоўскай ваеннай акругі генерал Воўк. Ён паведамляе загад «Дракона»: знішчыць любой цаной рэальную вышынную цэль. «Дракон» перадаў: «Тараніць». «Дракон» — гэта пазыўны галоўнакамандуючага авіяцыі супрацьпаветранай абароны краіны генерала, а потым маршала Савіцкага. Савіцкі ведаў, што я без боекамплекта. А пры таране шанцаў выжыць не было. Я меў права адмовіцца: не вайна ж, у рэшце рэшт, каб пад танкі без зброі кідацца. Але я не ведаў, з чым ён ляціць. А раптам з бомбай? Адно маё жыццё ці сотні тысяч?

Вырашыў і сказаў: «Наводзьце. Адзіная просьба — паклапаціцеся пра жонку і маці. Жонка ў гэты час чакала дзіця. Мне адказалі: «Усё будзе зроблена». А далей ужо было не да лірыкі. Далей пайшло, паехала...

Я яшчэ курсантам памятаў: трэба трымаць максімальную хуткасць ці каля яе. А ў Су-9 хуткасныя магчымасці на тыя часы былі небывалыя, ды і я ўлегцы — без ракет. Плюс тэмпературны рэжым падыходзячы. Таму я і падняўся на 20 кіламетраў.

Ён (самалёт-шпіён) пайшоў у разварот, навошта — ніхто не зразумеў. Адным словам, чую ў навушніках: цэль — у правым развароце. Шукаю вачыма — яго не бачу. Збліжэнне ідзе хуткасцю 550 метраў у секунду. І я праскочыў крыху вышэй яго.

Сам Паўэрс падчас следства і на судзе гаварыў, што пачуў удар. І перад ім паляцела аранжавае полымя. Такі ўдар вы, напэўна, самі не раз чулі падчас палётаў звышгукавых самалётаў. Калі шыбы ў вокнах дамоў дрыжаць. А полымя — гэта ён выхлапное сопла майго рухавіка ўбачыў. Адным словам, самалёт Паўэрса трапіў у струмень майго Су-9. У ім патокі паветра сцябаюць з хуткасцю да 180 метраў у секунду плюс круцільны момант — вось яго і стала круціць, крылы абламаліся. Ён пачаў падаць. Калі б у яго У-2 трапіла ракета, на зямлю б шчэпкі ляцелі. І лётчык жывым бы не застаўся, загінуў бы разам з самалётам. А Паўэрс на судзе ніяк не мог растлумачыць, што ўсё ж здарылася з яго самалётам. Выбуху не было, толькі ўсё скрыгатала, калі распадаўся на часткі яго У-2.

Чаму Паўэрса запісалі на рахунак ракетчыкаў? Усё да банальнага проста. Сітуацыя вельмі ўдала ўкладвалася ў хрушчоўскую ілжывую ідэю, што пры наяўнасці ракет авіяцыя не патрэбна ці патрэбна дзеля парадаў і ганаровых эскортаў. Таму факт, што Паўэрс прызямліўся ў зоне дзеяння дывізіёна капітана Воранава, растлумачылі на карысць тэорыі Мікіты Сяргеевіча. А тады сам Воранаў не ведаў, як дакласці. Калгаснікі прынялі Паўэрса за касманаўта, прывезлі яго да ракетчыкаў, а тыя ведалі, што не збівалі. Паўгадзіны трымаў Воранаў «паўзу», гэта вядомы факт. І тады толькі далажыў. Але, калі спецыялісты зразумелі, што ракетчыкі ні пры чым, ніхто не асмеліўся сказаць пра гэта Хрушчову. Так нарадзілася легенда пра «збітага» ракетчыкамі Паўэрса.

Уладзімір САУЛІЧ, «СГ»

(Заканчэнне ў наступным нумары.)

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Працяг. Пачатак у нумары за 29 маяІ ЎСЁ ж зорны час канструктара пачаўся ў іншую вайну, «халодную». Амерыканцы дэманстравалі новыя рэактыўныя самалёты — Ф-101,...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика