Дзякуй за подзвіг, дзякуй за мір. 21.by

Дзякуй за подзвіг, дзякуй за мір

13.06.2014 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Кожная памятная дата для ветэранаў Вялікай Айчыннай сёння — як рубеж ці вышыня, якую абавязкова трэба ўзяць. Аднак сіл, каб прыйсці на ўрачыстае ўручэнне медалёў «70 год вызвалення Рэспублiкi Беларусь ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў», на жаль, хапае не ўсім. Таму сацыяльныя службы Магілёва стварылі спецыяльныя мабільныя групы, якія кожны дзень выязджаюць, каб павіншаваць былых салдат, партызан, вязняў канцлагераў са слаўнай датай.

Карэспандэнт «Р» далучылася да адной з іх.

Першымі для нас адчыняюцца дзверы кватэры Ганны Шамаль. Пенсіянерка беражліва бярэ медаль у рукі, выцірае няпрошаныя слёзы. Прадстаўнік Магілёўскага камісарыята Сяргей Хортаў прымацоўвае медаль да параднага пінжака, а загадчыца аддзялення цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельні¬цтва адміністрацыі Ленінскага раёна Магілёва Кацярына Марозава дапамагае Ганне Кузьмінічне яго апрануць. Для яе, прызнаецца ветэран, наш прыход — сапраўднае свята. На вуліцы практычна не бывае — не слухаюцца ногі, а добрыя людзі з добрай весткай — што можа быць лепш?

Ганна Кузьмінічна ведае сапраўдную цану Перамогі. Як баец знакамітай 277-й партызанскай брыгады Ігната Ізоха ляснымі сцежкамі прайшла тысячы кіламетраў, страціла многіх таварышаў. У вызваленні Клічава ў прыватнасці і роднай Беларусі ў цэлым ёсць і яе асабісты ўклад.

Праз колькі часу мы ўжо стукаемся ў дзверы Алены Шолатавай. Яна амаль не ўстае з канапы, не бачыць. Размаўляць Алене Іванаўне таксама цяжка, але яна знаходзіць шчырыя словы, каб падзякаваць уладам і сацыяльнай службе Ленінскага раёна за павагу. Калі табе дзевяноста гадоў і здароўе не самае лепшае, без падтрымкі родных, дзяржавы, кажа, было б вельмі цяжка. Сёння вырашаць бытавыя праблемы ветэрану дапамагае ўнучка Каця, якая жыве з бабуляй.

У час такіх візітаў, па словах Кацярыны Марозавай, здараюцца незвычайныя гісторыі. Вось, напрыклад, не так даўно сацыяльныя работнікі былі ў стогадовага, невідушчага ўжо інва¬ліда Вялікай Айчыннай Канстанціна Цярэшчанкі. І вось яго дачка расказвае: Канстанцін Сямёнавіч сярод ночы прачнуўся і нешта намацвае пад падушкай. Дачка, ведаючы, што бацька згубіў зрок, запытала: што здарылася? Аказваецца, ён ва сне ўбачыў, што яму ўручылі медаль, і захацеў зноў патрымаць яго ў руках.

…За паўдня мы наведалі шасцярых ветэранаў і вязняў вайны. А ўсяго на «рахунку» супрацоўнікаў сацыяльнай службы Ленінскага раёна каля пяці¬дзесяці такіх сустрэч. Нефармальна падышлі яны і да арганізацыі ўрачыстасцей у адміністрацыі, Доме ветэранаў. Праведзена чарговае абследаванне жылля ветэранаў. У выніку некаторыя кватэры вырашана адрамантаваць, устанавіць пажарныя апавяшчальнікі. Дапамагаюць уладам у гэтай добрай справе многія прадпрыемствы і арганізацыі горада.

Напярэдадні Дня Незалежнасці Беларусі юбілейныя ўзнагароды атрымаюць звыш 1600 магіляўчан. У час уручэння медалёў у Магілёўскім гарадскім выканаўчым камітэце старшыня гарвыканкама Уладзімір Цумараў падкрэсліў, што іх можна лічыць баявымі, бо такога гонару ўдастоены тыя, хто многае зрабіў, каб сёння над намі было мірнае неба, а моладзь не ведала гукаў гарматных стрэлаў.

За гэта вялікае дзякуй ветэранам і нізкі паклон.

На здымку: Ганна ШАМАЛЬ з Кацярынай МАРОЗАВАЙ і Сяргеем ХОРТАВЫМ.

Фота: Святлана МАРКАВА

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Магілёве ветэранаў віншуюць спецыяльныя мабільныя групы
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика