Дома сумна. Падарожжа дваццатае. Юрга — Рудня Стаўбунская. 21.by

Дома сумна. Падарожжа дваццатае. Юрга — Рудня Стаўбунская

19.07.2014 13:04 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:




Што такое жыццё? Гэта манітор камп'ютара? Гэта праца-канапа-сям'я-хоббі-ноч-праца-дзень-ноч-праца-пятніца-цыцкі-бухло? Ці ёсць жыццё за Мінскай кальцавой? А мы — ёсць? Хто мы, дзе мы, навошта мы? А дзе астатнія? І хто тыя астатнія, тыя дзевяць мільёнаў чатырыста шасцьдзесят пяць тысяч і яшчэ два чалавекі? Дзе яны пахаваліся? Мы ідзём шукаць!

Падарожжа першае. Івакі
Падарожжа другое. Кольна
Падарожжа трэцяе. Жалезнікі
Падарожжа чацвёртае. Дуравічы
Падарожжа пятае. Неглюбка
Падарожжа шостае. Зялёны Мох
Падарожжа сёмае. Гарохаў (Чэхі)
Падарожжа восьмае. Петрыкаў-Галубіца-Снядзін
Падарожжа дзевятае. Губарэвічы
Падарожжа дзесятае. Любоў і Верны
Падарожжа адзінаццатае. Епіфань і Каралін
Падарожжа дванаццатае. Вулкан
Падарожжа трынаццатае (шчаслівае). Грушачка
Падарожжа чатырнаццатае. На Веткаўшчыну, дзе стралу хаваюць
Падарожжа пятнаццатае. Аціркі
Падарожжа шаснаццатае. Юравічы
Падарожжа сямнаццатае. Стрэнькі
Падарожжа васемнаццатае. Міхалёўка-Новы год
Падарожжа дзевятнаццатае. Тэльман



Юрга — вёска ў некалькі занядбаных хат і дзве жывыя душы ў Веткаўскім раёне, 35 км ад райцэнтру. Раптам захочацца вам у Юргу — едзьце аўтобусам да Колбаўкі, а там пешшу кіламетры чатыры праз лес і поле.







Вас сустрэне руды сабачка Кузя, які вартуе ўваход і ўезд у вёску. І на яго брэх абавязкова выйдуць гаспадары пасёлку — Алена Аляксееўна Луферава ды яе пляменнік Пётр Луткоў. Ёй — за 80, яму — за 50.






















Алена Аляксееўна ўсё жыццё батрачыла на ферме, за працадні ды капейкі. Там жа паклала здароўе, «сарвала дыскі на пазваночніку», таму зараз ходзіць, прыгнуўшыся да зямлі. Але працягвае аддана працаваць — садзіць бульбу, гарод, поліць гэта ўсё і даглядае. За некалькі дзён да нашага візіту пенсіянерка трымала яшчэ і парсюка, ды якраз прыхварэў. Ці чума тая напала на яго, афрыканская, якая ідзе з Расіі, ці так што — а прыйшлося забіваць, хоць і сярод ліпеньскай спёкі.

Нягледзячы на тэмпературу паветра каля 30 з плюсам у гэты дзень, жыхарку-гаспадыню Юргі мы засталі на гародзе — палола бульбу. Зняможана прысела ў разору разам з верным гаспадарам Кузем і распавядала пра сваё жыццё. Маладосць, вайна, голад, немцы, якія спалілі вёску, пайшла замуж, пайшлі дзеці, працавала на ферме.



У вёсцы зусім іншы рытм жыцця. Людзі не спяшаюцца нікуды, не мітусяцца як апараныя, таму, напэўна, і паспяваюць усё зрабіць так, як ім трэба і калі трэба.



















Алена Аляксееўна не вывучала ва ўніверсітэтах курсы філасофіі, тэалогіі і псіхалогіі, не вучылася дзэну і медытацыі, але глыбокай мудрасці, светлых адносінаў да жыцця і насельнікаў Зямлі, жыццяздольнасці і радасці ад існавання ў Сусвеце можна ў яе павучыцца іншым.

Ні слова наракання на нялёгкі лёс, ні слова папрокаў у адрас каго бы там ні было, ні слова агрэсіі ці злосці, ці крыўды. Усе жыццёвыя складанасці, успаміны пра цяжкую працу за «палачкі», голад, мужа-аматара выпіць і пабіцца — з лагоднай усмешкай на вуснах, з прабачэннем ў сэрцы, адкрытым на ўсё, што дае жыццё.

«Мне цяжка. Але б яшчэ пажыць, га? Прапаноўваюць усё мне ў дом састарэлых. Што я там буду рабіць — у вакно сядзець пазіраць? Не, не хачу», — разважае пенсіянерка.

Сын яе жыве ў Сімферопалі ці недзе там побач. Ад Алены Аляксеўны мы пачулі, што «Крым зараз ужо ж пад нас адышоў». «Пад нас, пад Беларусь адышоў, яны ж там так хацелі, каб пад нас адысці», — патлумачыла нам старая.

Яе адзіны аднавясковец і пляменнік жыве тут ужо колькі год і пераязджаць нікуды не збіраецца.

«Што значыць сумна ці не сумна? Нічога мне тут не сумна, прывык. Вунь неяк ногі адмарозіў, пальцы адрэзалі, дык хаджу амаль толькі на пятках, але хаджу сам. Калі чалавек хворы, дык яму ўсё роўна — сумна ці не сумна», — разважае Пётр.

Ён садзіць тытунь, а потым круціць з яго сабе цыгарэты. Аўталаўка прыязджае ў вёску раз на тыдзень. «Раней два разы ездзіла, ды мы сказалі — не трэба, што нам там набываць, грошай у нас мала», — кажа мужчына.

Ён таксама ні на што не скардзіцца і не наракае. Але пра падзеі на Украіне выказаўся лаканічна. «А пастраляць іх усіх трэба, усіх — кіраўнікоў, хто ва ўладзе. А потым новых паставіць — такіх, каб вайны не было», — адрэзаў Пётр.

«Можа, што варта і ў Беларусі змяніць?», — асцярожна пытаемся мы. «А што можна ў Беларусі змяніць? Тут ужо нічога змяніць нельга», — лічыць вясковец.

Юрга нас сустракала вясковымі могілкамі. Заўважылі, што крыжы на іх —нязвыклыя нейкія, з дахамі, як драўлянымі, так і ручнікамі аздобленымі. Да некаторых крыжоў на магілах прымацаваны абразы. «Гэта каб нябожчыкі падымаліся і маліліся, для таго і абразы у іх на магілах», — распавяла Алена Аляксееўна.



















Пётр пайшоў на гарод палоць тытунь, яго цётка — бульбу. Мы пайшлі праз лес і поле ў іншую вёску — Рудню Стаўбунскую.







Тут спрадвеку жылі каталікі. І выжылі. Хоць гарэла вёска і ў 19-м стагоддзі, і ў вайну. Жылі тут спрадвеку і зараз Гулевічы. Франі Іванаўне Гулевіч — 92 гады. Уявіце, як дзіўна было пачуць у некалькіх кіламетраў ад расійскай мяжы, на спрэс, лічы, «праваслаўнай» тэрыторыі, спевы і малітвы на польскай (ну хай не літаратурнай) мове. Напрыклад, пра «Маці Чэнстахоўскую, слічну пані Яснагурскую», якую заклікаюць колькі ўжо гадоў-дзесяцігоддзяў і стагоддзе нават каталікі з Палесся радкамі з песні «Забяры нас да сябе»!



На пачатку 19-га стагоддзя ў вёсцы жылі 95% каталікоў. Зараз жа, кажуць мясцовыя — 80%. Але жыве цяпер у вёсцы стала толькі каля дзесяці чалавек. У савецкі ж час маліцца Богу, а тым больш «каталіцкаму», было нельга, але мясцовыя збіраліся таемна, маліліся і спявалі, хрысцілі дзяцей.

Закранулі іх і рэпрэсіі. Мясцовы краязнаўца Уладзімір Цейкін пісаў, што хапалі тут каталікоў у 1937 годзе, расстрэльвалі, абвінавачвалі ў шпіянажы на карысць Польшчы, агітацыі супраць савецкай улады і так далей. Толькі з Рудні Стаўбунскай вывезлі «чорныя вораны» 30 мужчын, 17 з якіх расстралялі. А ўсяго з сямі каталіцкіх вёсак на Веткаўшчыне, па некаторых дадзеных, рэпрэсаваны 152 чалавекі, 46 з якіх расстраляны.






















Напрыканцы падарожжа зазірнулі мы ў Колбаўку. Галоўная навіна вёскі — афрыканская чума свіней, якая ідзе з Расіі. Людзі кажуць, што пачалася гэта пошасць з Верашчакаў (вёска на тэрыторыі РФ).

«Некалькі свіней у вёсцы здохлі. Ім пачынае балець галава, яны той галавой круцяць, да зямлі яе схіляюць — і ўсё. Вырашылі пабіць свіней, а што чакаць? Пакуль прыйдуць і за ногі выцягнуць з хлеву? Шкада, а што рабіць? Канечне, летам свіней не б'юць, спёка, куды яго дзяваць, а пакідаць не пакінеш. У нашай вёсцы ўсё — усіх свіней выбілі, учора — апошняга. Так і ў суседніх», — распавялі мясцовыя. Зараз адно козы вунь засталіся.







Што за пошасць на гэтых людзей? Хіба мала было ўсім гора тут з радыяцыяй? Яшчэ і на свіней нейкая зараза прыйшла. Праўда, кіраўніцтва мясцовае кажа, што гэта не афрыканская чума, і дыягназ такі не пацверджаны ў забітых, спаленых і закапаных кабанах.

Але што зараз вяскоўцам — ці афрыканская чума то была, ці «класічная» — свіней не вернеш.






Алена ГЕРМАНОВІЧ

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юрга — вёска ў некалькі занядбаных хат і дзве жывыя душы ў Веткаўскім раёне...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика