Александр Лукашанец: Беларуская мова павінна стаць сродкам зносін для эліты. 21.by

Александр Лукашанец: Беларуская мова павінна стаць сродкам зносін для эліты

07.10.2014 14:38 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

Беларуская мова ўсім сваім існаваннем на працягу ХХ стагоддзя дэманструе сваю жыццёвасць і высокую ступень выжывальнасці. Нягледзячы на прагнозы некаторых спецыялістаў, што к канцу ХХ стагоддзя беларуская мова знікне як сродак зносін, у ХХІ стагоддзі беларуская мова тым не менш застаецца важнай часткай моўнай прасторы беларускага грамадства і нават праяўляе тэндэнцыю да пранікнення ў новыя, актуальныя для жыцця сучаснага беларускага соцыуму, сферы.





"Ежедневник" сустрэўся с Аляксандрам Лукашанцам, дырэктарам філіяла "Інстытут мовы і літаратуры імя Якуба Коласа і Янкі Купады" Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі і пагутарыў пра лёс беларускай мовы.
 
– Аляксандр Аляксандравіч, існуе меркаванне, што беларуская мова – візітная картка апазіцыі. Як вы да гэтага ставіцеся?

– Сапраўды, такі стэрэатып існуе, і я стаўлюся да яго адмоўна, як і наогул да любых стэрэатыпаў, звязаных з проціпастаўленнем грамадства па адносінах да дзяржаўных моў краіны.
 
У нашай моўнай сітуацыі яшчэ ў 60-я гады мінулага стагоддзя сфарміраваўся стэрэатып: руская мова – гарадская, беларуская – вясковая; руская мова – сучасная гарадская культура, беларуская мова – традыцыйная народная культура і г.д. Калі ў 90-я гады ХХ стагоддзя беларуская мова была выкарыстана як разменная карта ў палітычных мэтах, з"явіўся новы стэрэатып: той, хто размаўляе па-беларуску, падтрымлівае апазіцыю, той, хто размаўляе па-руску, падтрымлівае існуючую ўладу. Гэты стэрэатып быў створаны штучна і з"яўляецца вельмі шкодным. Ад яго, па маім меркаванні, неабходна тэрмінова пазбаўляцца. Сёння беларуская мова як важнейшы атрыбут нашай дзяржаўнасці павінна стаць сродкам кансалідацыі беларускага грамадства, а не яго канфрантацыі.
 
– У ліпені Аляксандр Лукашэнка на ўрачыстым сходзе, прысвечаным 70-й гадавіне вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, гаварыў па-беларуску. Пасля ў СМІ гэтая падзея вельмі шырока абмяркоўвалася. Як гэтае выступленне Прэзідэнта краіны можа паўплываць на моўную сітуацыю?

– Гэта абсалютна нармальная сітуацыя, калі Кіраўнік дзяржавы публічна карыстаецца дзяржаўнай беларускай мовай. Як гарант Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ён тым самым дэманструе паважлівыя адносіны да мовы тытульнай нацыі краіны ў адпаведнасці з сутнасцю дзяржаўнага двухмоўя. І не трэба рабіць з гэтай падзеі ажыятажу. Наадварот, публічнае выкарыстанне беларускай мовы прадстаўнікамі вышэйшых органаў дзяржаўнага кіравання павінна стаць нормай нашага жыцця. Я памятаю выпадак, калі ў 2009 годзе Прэзідэнт уручаў дымломы акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў НАН Беларусі. Падчас гутаркі з тымі, хто гаварыў па-руску, ён размаўляў па-руску. Калі ж да яго звярнуліся па-беларуску, Прэзідэнт таксама перайшоў на беларускую мову. Такім чынам, ён у адпаведнасці з Канстытуцыяй забяспечыў права кожнаму прысутнаму гаварыць на любой дзяржаўнай мове. Я лічу, што менавіта такія моўныя паводзіны з боку службовых асоб павінны стаць нормай , бо адпавядаюць сутнасці дзяржаўнага двухмоўя.
 
Я больш дзесяці гадоў удзельнічаю ў Днях беларускага пісьменства, якія штогод праводзяцца ў пачатку верасня. За гэты час я заўважыў адну заканамернасць: падчас урачыстага адкрыцця свята усе прадстаўнікі вышэйшых органаў дзяржаўнага кіравання, пачынаючы з прэм'ер-міністра, гавораць, як правіла, па-беларуску. І толькі афіцыйныя асобы раённага ўзроўню аддаюць перавагу рускай мове. Я думаю, што пачынаць "прывіваць" беларускую мову трэба менавіта з гэтага ўзроўню. Прыклад службовых асоб вышэйшых эшалонаў улады стаў бы добрым стымулам у гэтых адносінах. Па маіх назіраннях многія прадстаўнікі беларускай палітычнай эліты дасканала валодаюць беларускай мовай і пры неабходнасці карыстаюцца ёю публічна. Добрам пацвярджэннем гэтага служыць ХV Міжнародны з'езд славістаў, які адбыўся ў жніўні мінулага года ў Мінску. Пры яго адкрыцці з прамовамі па-беларуску выступілі і Першы намеснік Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандр Радзькоў, і Старшыня Прэзідыума НАН Беларусі Уладзімір Гусакоў, і Міністр адукацыі Сяргей Маскевіч, і Міністр культуры Барыс Святлоў, і прадстаўнікі Праваслаўнай і Каталіцкай цэркваў Беларусі. Трэба толькі, каб беларуская мова ў афіцыйных сферах гучала рэгулярна. Ад гэтага выйграе ўсё наша грамадства.
 
– Але ў нашай краіне можна часта сутыкнуцца з сітуацыяй, калі адзін чалавек звяртаецца да другога па-беларуску, а той яму адказвае па-руску.

– Гэта таксама абсалютна звычайная з'ява для сітуацыі двухмоўя, асабліва блізкароднаснага дзяржаўнага. У дадзеным выпадку спрацоўваюць стэрэатыпы моўных паводзін. Чалавек прывык у пэўных сітуацыях гаварыць па-руску, хаця і ведае беларускую мову. Ён можа размаўляць па-беларуску, але адразу псіхалагічна цяжка пераступіць моўны бар'ер.
 
Яшчэ адзін важны момант, які таксама тлумачыць такую сітуацыю: гэта праблема моўнай кампетэнцыі. Для таго, каб свабодна гаварыць на абедзвюх дзяржаўных мовах, трэба добра імі валодаць. Але ў гэтых адносінах для нашага грамадства характэрны цікавы парадокс: недастатковая моўная кампетэнцыя асобы адначасова суправаджаецца завышанымі патрабаваннямі да ўласнай культуры маўлення. Вельмі часта мы сутыкаемся з сітуацыямі, калі чалавек, трапляючы ў беларускамоўнае асяроддзе, пачынае размову фразай: "Прабачце, можна я буду гаварыць па-руску, каб не рабіць памылак па-беларуску?" Таму сёння павінна вітацца любое беларускае маўленне, нават з адхіленнямі ад літаратурнай нормы. Толькі моўная практыка спрыяе павышэнню узровеню валодання мовай. Вялікую ролю ў гэтым таксама можа адыграць стварэнне адпаведнага моўнага асяроддзя. Чым часцей мы будзем чуць беларускую мову ад іншых, тым лягчэй будзе перайсці на яе самім.
 
Акрамя таго, неабходна добра ўсведамляць, што сёння ўяўляе сабой нацыянальная беларуская мова. Зноў жа, калі мы гаворым пра праблемы з выкарыстаннем беларускай мовы, то маем, перш за ўсё, беларускую літаратурную мову. І калі сцвярджаюць, што па-беларуску мала хто гаворыць, то маюць на ўвазе менавіта яе літаратурную разнавіднасць. Але ж беларуская мова не зводзіцца сёння толькі да літаратурнай мовы. Ёсць яшчэ і народныя гаворкі, "тарашкевіца", сацыяльныя і прафесійныя жаргоны, тая ж беларускамоўная трасянка, якая ў пэўнай ступені замяняе гарадское прастамоўе. Усё гэта – беларуская мова, а выкарыстанне ў маўленні ўсіх разнавіднасцей нацыянальнай мовы садзейнічае пашырэнню беларускамоўнага фону і беларускамоўнага асяроддзя.
 
– Паводле перапісу насельніцтва 2009 года 70% беларусаў лічаць за лепшае размаўляць па-руску. Ці можна казаць пра трывожныя перадумовы для перспектыў беларускай мовы?

– Перапісы насельніцтва высвятляюць выкарыстанне мовы, перш за ўсё, дома, у побытавай сферы. Але гэта не заўсёды рэальна адлюстроўвае выкарыстанне беларускай мовы ў сучаснай камунікатыўнай прасторы. Вельмі часта людзі карыстаюцца беларускай мовай у розных сферах сваёй прафесійнай і грамадскай дзейнасці, але дома размаўляюць па-руску. Гэты момант таксама трэба ўлічваць.
 
Калі гаварыць пра перспектывы беларускай мовы ў ХХІ стагоддзі, то я стаўлюся да іх са стрыманым аптымізмам. Зразумела, што ў бліжэйшай перспектыве беларуская мова застанецца толькі кампанентам двухмоўнай сітуацыі ў краіне. Аднак, нягледзячы на істотныя праблемы з выкарыстаннем беларускай мовы ў важнейшых сферах афіцыйнага ўжытку, можна гаварыць пра тое, што істотна змяняюцца сацыяльная лакалізацыя беларускай мовы і адносіны да яе. Зараз становіцца прэстыжным размаўляць на беларускай мове ў асяроддзі гарадской высокаінтэлектуальнай эліты. А гэта самым непасрэдным чынам працуе і на павышэнне яе грамадскага прэстыжу.
Нягледзячы на існуючыя праблемы, наша мова захоўвае сваю жыццёвасць і выжывальнасць. Вельмі цікавы факт яе сённяшняга існавання – беларуская мова інтэнсіўна пранікае ў тыя сферы ўжытку, дзе яе не было яшчэ два-тры дзесяцігоддзі назад. Напрыклад, канфесійная сфера. Дваццаць гадоў назад беларускай мовы не было ні ў касцёле, ні ў праваслаўнай царкве. Сёння ж яна рэгулярна выкарыстоўваецца ў практычным набажэнстве, з"яўляецца вялікая колькасць высакаякасных беларускамоўных рэлігійных тэкстаў, у тым ліку перакладаў Евангелля і Бібліі. Яшчэ адзін паказальны факт – паводле даследаванняў замежных лінгвістаў сёння беларуская мова ўваходзіць у 3% моў свету, якія актыўна выкарыстоўваюцца ў інтэрнэце. Пры гэтым беларуская мова ў інтэрнэце выкарыстоўваецца не толькі ў афіцыйных дакументах, але і на форумах. І гэта вельмі паказальна, таму што выкарыстанне мовы ў гэтым жанры сучаснай камунікацыі нікім не рэгламентуецца. І калі беларуская мова там прысутнічае, значыць, яна рэальна запатрабавана як сродак зносін.
 
– Як ставіцца да таго, што беларускую мову часам адносяць да ліку тых, якія паступова знікаюць з ужытку, паміраюць?

– Я лічу такія выказванні неабгрунтаванымі, палітычна і ідэалагічна ангажаванымі і нават шкоднымі. Яшчэ рана "плакаць", што беларуская мова памірае, бо сёння – гэта адна з буйнейшых моў свету, высокаразвітая літаратурная мова, якая здольна паспяхова абслугоўваць усе камунікатыўныя патрэбы сучаснага грамадства. Яна можа свабодна і бесперашкодна выкарыстоўвацца ў любых сферах зносін сучаснага грамадства – ад побытавай да сферы высокіх навуковых тэхналогій. Слоўнікавы склад беларускай мовы, яе правапісныя нормы дазваляюць выкарыстоўваць пісьмовую і вусную мову ва ўсіх без выключэння сферах, што і прадугледжвае яе высокі заканадаўчы статус дзяржаўнай мовы нашай краіны.
 
Аляксандр Лукашанец – беларускі мовазнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі. Аўтар каля 300 навуковых прац, у тым ліку 12 манаграфій, 4 слоўнікаў. Адзін з асноўных распрацоўшчыкаў Закона Рэспублікі Беларусь "Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі".
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Павінна стаць правілам, што кожная службовая асоба добра валодае дзяржаўнай беларускай мовай. Чым вышэй пасада службовай асобы, тым больш абавязковай павінна быць...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика