Як пракуроры перавыхоўвалі гультаёў у віцебскіх прытонах
27.02.2015 13:30
—
Новости Общества
|
Карэспандэнт "Звязды" стаў "запрошаным выхавальнікам" для тых, хто п'е і не хоча працаваць. Адбылося гэта падчас рэйду, які ў Віцебску правялі супрацоўнікі пракуратуры і міліцыі.
"Чысты-С" на траіхГэты рэйд — не паказуха для прадстаўніка СМІ, а планавае мерапрыемства, запэўніў памочнік пракурора Віцебска Аляксей Лысакоў. Праблемныя грамадзяне стаяць на ўліку ў аддзелах міліцыі. Таму ў любы момант у госці да выпівох і гультаёў могуць завітаць людзі ў форме. Паралельна правяраецца: можа, скралі нешта або яшчэ неяк парушылі закон…У двухпавярховага дома № 27 на вуліцы Міра - дрэнная рэпутацыя. Тут не адзін прытон. Уваходзім у кватэру, у якой дрэнна пахне, мала святла. На канапе мужчына "пад мухай". Колькі яму гадоў, адразу і не вызначыш. Недалёка стаяла дужа агрэсіўная дама, таксама нецвярозая. Усё пыталася: што міліцыянерам, пракурорам тут трэба. Ды яшчэ і журналіста з сабой прывялі! Навошта? — Працаваў у "Віцебскіх цепласетках" электрагазазваршчыкам… Гады тры ўжо беспрацоўны. Сам звольніўся. Кватэра мая, а жанчына гэтая — сяброўка. Як зарабляю на выпіўку і закуску? Дапамагаем дворнікам прыбіраць участкі, а яны і дзякуюць, — спрабуе адказваць на пытанні гаспадар. Яго "сяброўка" абураецца і перашкаджае нармальна пагаварыць. Мужчына патлумачыў, што не можа знайсці працу, бо… пашпарта няма. Маўляў, грошай не хапае, каб яго аформіць. Рамонт не робіць, бо дом хутка пад знос пойдзе. Чаму раней не рабіў? Дык навошта. Выпіўка — вось на што трэба траціцца! А калі дом знясуць праз шмат гадоў? Так і будзе антысанітарыя ў кватэры? Аўтар гэтых радкоў адчуў сябе сапраўдным "выхавальнікам". Упэўніваў, што калі не можаш піць, дык і не трэба. Праз гарэлку можна стаць інвалідам і памерці. А няўжо не хочацца нармальнага жыцця? Няўжо не дакучылі тыя ж міліцыянеры? Мо нешта і "дайшло" да мужчыны і ягонай сяброўкі… Пакуль размаўлялі, у кватэру зайшоў незнаёмец. Сказаў, што часова жыве тут, бо дома не можа. — Мамка на мяне кватэру перапісала, а бацька супраць. З-за гэтага ўвесь сыр-бор. Судзіцца я не буду. Тут пакуль жыву. Там зарэгістраваны, а начую пару месяцаў ужо ў Алега, — расказвае мужчына. Паскардзіўся, што на агародніннай базе працуе, а там грошай не плацяць, а даюць буракі і моркву. Маўляў, даводзіцца самому рэалізоўваць. Што дзіўна, ён прынёс з крамы прадукты, а бутэлькі няма! Але вопытных праваахоўнікаў не падманеш. У кішэні мужчыны быў касметычны сродак ("Чысты-С") на аснове спірту, які прадаецца ў ларках. — 10 тысяч рублёў адзін флакон каштуе. Два флакончыкі хопіць… З вадкасці гэтай 400 грамаў "гарэлкі" можна зрабіць — і нармальна на траіх, — тлумачыць госць. Міліцыянер зрабіў прысутным апошняе папярэджанне. Калі не возьмуцца за розум, не зменяць лад жыцця, будуць прымацца меры. У суседнім пад'ездзе зайшлі ў яшчэ адну кватэру. Там жанчына была цвярозай… Як растлумачыў старшы ўчастковы Кастрычніцкага РАУС Віцебска Аляксандр Слёзкін, у гэтай кватэры стала больш-менш спакойна, бо асноўны парушальнік парадку з'ехаў у Расію на заробкі. Наўрад ці ён там "завязаў" са спіртным. І каму патрэбны такі работнік? Напэўна, на некваліфікаваную працу і такія патрэбныя. Уразілі непрыстойныя надпісы ды малюнкі на сцяне аднаго з пакояў. 14 гадоў без святлаПерад паездкай да наступнага гультая ўчастковы папярэдзіў, што ёсць яшчэ час перадумаць. Можа, не трэба? На месцы аказалася, што міліцыянер не пужаў.У прыватным сектары гэты дом адразу кідаецца ў вочы. На вуліцы - хлам. Заходзім унутр. Цёмна — 34-гадовы гаспадар жыве без асвятлення ўжо гадоў 14! — Я звыклы. А што? Ну, без святла. Як? Нармальна. Ці падабаецца так жыць? Ну… — гаворыць мужчына. Ён часцей паўтараў мае пытанні або маўчаў. Здзівіла, што на стале побач з ложкам ляжала кніга. "Інтэлектуал" сказаў, што чытае, пакуль сонечны дзень… Распавёў, што вучыўся ў школе-інтэрнаце. І больш нідзе, няма спецыяльнасці. — Халтурыў на ўсялякіх работах. На будоўлі, так! Я наогул ні аднаго дня на дзяржаву не працаваў. Так, надакучыла, — груба адказваў ён. Міліцыянер, пракурорскія работнікі і я ўпэўнівалі мужчыну ў тым, што яшчэ няпозна змяніць жыццё. Не цяжка ж хворы, з рукамі і галавой. Якія праблемы? Гаспадар прызнаўся, што ёсць сяброўка, але цяпер яна ў лячэбна-працоўным прафілакторыі. Сам туды не хоча. Ці ёсць у яго жаданне працаваць? Можа, пашпарту няма? — Пашпарт ёсць, прапіска… Жыву на якія грошы? Ну, суседзям дапамагу па гаспадарцы, яны і не даюць памерці, — неахвотна адказвае мужчына. У поўнай цемры ён, курыльшчык, у нецвярозым стане можа лёгка запаліць хату. Вядома, пажарныя ў курсе. Штрафаваць? А дзе ён грошы возьме, каб штраф аплаціць? Ды і што з яго ўзяць? Разам з людзьмі ў форме спрабаваў даказаць, што жыць так, як ён, больш нельга. Можа, калі зменіць лад жыцця, і татам стаць, нават шматдзетным… Але з-за дрэннага паху і цемры доўга гутарыць не хацелася. Вада камень точыцьПапрасіў маіх "гідаў" пракаментаваць, наколькі такія рэйды па прытонах даюць станоўчы вынік.— Прытонаў засталося мала. У гэтым годзе толькі наш участак № 6 накіраваў у ЛПП пяць чалавек, якія злоўжываюць алкаголем, адзін асуджаны, і прыкладна 20 чалавекам вынеслі афіцыйнае папярэджанне… Пад наглядам на прафілактычным уліку ў Кастрычніцкім раёне - каля тысячы чалавек: раней судзімыя, сямейна-бытавыя скандалісты і асобы, якія злоўжываюць спіртным, — паведаміў Аляксандр Слёзкін. — Гэтых людзей, якіх вы бачылі, і такіх, як яны, выклікаюць і на пасяджэнні саветаў прафілактыкі. Стараемся калегіяльна высвятляць праблемы людзей і дапамагаем. Тым, хто не можа працаўладкавацца, прапануем працу, каго трэба, кадзіруем… Прыкладна 40% бяруцца за галаву. Калі, напрыклад, на пасяджэнні савета было 10 чалавек, то ў наступны раз могуць, напрыклад, 5-6 з'явіцца. Астатнія або ўжо працуюць, або ў прафілакторый на лячэнне і выпраўленне накіравалі, — растлумачыў старшы памочнік пракурора Віцебскай вобласці па наглядзе за выкананнем заканадаўства аб прафілактыцы злачынстваў і іншых правапарушэнняў Віталь Сузанскі. Вядома, вада камень точыць. Калі хоць адзін з тых, у каго пабывалі, кіне піць, ужо добра! Ведаю некалькі выпадкаў, калі выпівохі завязалі са спіртным. Дарэчы, яны не знаходзіліся на ўліку ў міліцыі. Самі пажадалі і змянілі сваё жыццё. А кінеш піць — новыя прыярытэты з'явяцца. Адзін знаёмы купіў машыну, другі ажаніўся… І людзям, з якімі пазнаёміўся падчас рэйду, упэўнены, пад сілу завязаць таксама. Было б жаданне. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У адным з дамоў сустрэў 34-гадовы мужчына. У ягонай хаце няма святла ўжо гадоў 14!
|
|