Магілёўцы TUT: сёняшні горад даспадобы людзям са спажывецкім падыходам да культуры
16.04.2015 10:12
—
Новости Общества
|
Вольны журналіст і этнограф Марыя Лук'янава - выкладчык на бясплатных курсах беларускай мовы "Мова нанова-Магілёў". Марыя цікавіцца традыцыйнай культурай, візульнай этнаграфіяй і вуснай гісторыяй, ездзіць у экспедыцыі. Гэтым яна займаецца ў вольны час. Магіляўчанка марыць аб падарожжах, новых прафесійных праектах, цікавых знаёмствах. А яшчэ яна марыць не страціць здольнасць марыць. "Магілёў - добры горад для жыцця, прынамсі, калі вымяраць праз нейкія фармальныя крытэры, - лічыць Марыя. - Ён досыць вялікі, але не надта шумны. Калі казаць пра інфраструктуру, то тут ёсць усё неабходнае. Падаецца, усё нармальна. Але чалавека трымае на пэўным месцы не колькасць гандлёвых цэнтраў ці статус "культурнай сталіцы". Галоўным ўсё ж з'яўляецца іншае: наяўнасць працы, якае дазваляе рэалізваць усё лепшае, што чалавек у сабе мае, ды годны заробак. Таксама жытло і сям'я. А яшчэ - камфортны асяродак". - Якія падзеі ў Магілёве больш за ўсё запомніліся за апошні тыдзень? - На тыдні ў Магілёве ідзе "Cinema Perpetuum Mobile 2015" - фестываль кароткаметражных фільмаў. Для аматараў кіно гэта сапраўдная радасць. На жаль, больш узгадаць нічога і не магу. Але, па-праўдзе, не моцна сачу за падзеямі - хутчэй, манітору тое, што будзе цікава менавіта мне. - Якое самае любімае месца ў горадзе? - Цяжка сказаць. Мне падабаецца гуляць па гістарычным цэнтры - тут ёсць некалькі файных дворыкаў і закуточкаў. Падабаецца ўвечары на плошчы Славы назіраць захад сонца. Люблю Дубравенку і Менжынку з яе драўлянай забудовай. Там адчуваецца хада часу. - Чаго Вам у Магілёве не хапае больш за ўсё? - Пакуль што працы. Усё астатняе - суб'ектыўна і адносна. - Што ў горадзе не падабаецца ці проста раздражняе? - Калі развіваць думку аб суб'ектыўных крытэрах "камфортнасці горада", трэ сказаць, што з працай і заробкамі ў нас апошнім часам бяда. З жытлом і сям'ёй - як каму пашанцавала. Наяўнасць камфортнага асяродку - таксама досыць суб'ектыўная рэч. Але тым не менш, мне здаецца, што цяперашні Магілёў больш даспадобы людзям са спажывецкім падыходам да культуры, бо сапраўдных праяў творчай смеласці ды ініцыятывы досыць мала. Мабыць, таму вялікая частка майго "камфортнага" асяродку цяпер знаходзіцца ў Мінску. Там сітуацыя пачала мяняцца. Таму казаць, што Магілёў - гарад маёй мары, зусім не выпадае. Але ж мне падабаецца, што тут багата файных і таленавітых людзей. Праўда, і яны ўсё часцей задумваюцца аб пошуках лепшай долі ў сталіцы ці, наогул, у іншай краіне. - Што б Вы змянілі ў горадзе ў першую чаргу? - Нават і ня ведаю. Гэта ж цэлая сістэма: змяніўшы адзін дробны складнік, агулам амаль нічога не зменіцца. А не падабаецца шмат чаго: п'яныя людзі, колькасць смецця ў зонах адпачынку, гарадскія святы з гарэлкай, пасіўнасць і панурасць людзей. Але ўсё пералічанае - вынік. Аб прычынах казаць не бяруся.
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Вольны журналіст і этнограф Марыя Лук'янава расказала аб сваім бачанні Магілёва. |
|