Расонскія Рабінзоны. Як жывуць фермеры-пустэльнікі ў безыменным паселішчы
11.05.2015 12:28
—
Новости Общества
|
Былы жыхар вёскі Юховічы Расонскага раёна Юрый Байкоў 25 гадоў таму адправіўся на пастаяннае месца жыхарства ў лес, дзе яму выдзелілі зямлю пад фермерскую гаспадарку. Ён быў з тых першапраходцаў, якія не баяліся пачаць уласную справу на зямлі, піша .
![]() Юрый пасяліўся амаль на беларуска-расійскай мяжы — там, дзе рака Нішча раздзяляе дзве краіны. Гэта тэрыторыя былога хутара, ад якога засталася толькі назва — Ваўнейкі. Месца ціхае, прыгожае, грыбное, з трох бакоў падступае лес, а з чацвёртага — хуткая чыстая рака, за якой зноў лес. Але гэта ўжо землі Себежскага раёна суседняй краіны. ![]() Да бліжэйшай беларускай вёскі ад хутара не болей за 15 кіламетраў, патрапіць сюды можна адной дарогай і толькі ў сухое лета. Байкоў падлічыў, колькі сродкаў яму трэба на будоўлю, колькі зможа здаць дзяржаве тон малака, мяса, хлеба, бульбы, перамераў выдзелены яму калгасам участак і забіў першы калок будучай гаспадаркі. У першае лета фермер і ягоная жонка Тамара прыгналі свой статак — 5 кароў, узвялі першую пабудову — хату два на чатыры метры. На другое лета ў Ваўнейках ужо было некалькі гаспадарчых пабудоў, лазня. Ад таго часу на карце краіны павінна была з'явіцца назва новага населенага пункта. Аднак не з'явілася. ![]() — За два першыя гады ў новым месцы наш дойны статак павялічыўся да 15 галоў, і нам прыйшлося вывозіць праз раку на кірмаш у расійскі Себеж штораз па 80 літраў малака, столькі ж тварагу, добра разыходзіліся масла і смятана, — прыгадвае Юрый. — Мы спадзяваліся атрымаць ад дзяржавы крэдыт на развіццё гаспадаркі, але марна. А тут і развал Савецкага Саюза падаспеў, а потым дэфолт у Расіі здарыўся. Адно найшло на другое. Вазіць на кірмаш у суседнюю дзяржаву прадукцыю нам стала нявыгадна. Але мы не разгубіліся і перайшлі на агародніцтва. Фермеры-пустэльнікі працягваюць жыць удалечыні ад людзей, у сваёй першай хатцы. Іх нічым не здзівіць, не напалохаць. І шмат ім не трэба. Яны прывыклі абыходзіцца без электрычнасці, гатуюць ежу на маленькай цаглянай пліце, якая служыць для абагрэву памяшкання. Ваду носяць з Нішчы. У натуральнай гаспадарцы ёсць конь, карова і цялушка, а таксама авечкі, трусы, куры, качкі, гусі. На хутары растуць бульба, капуста, садовыя суніцы. Радыска ў парнічку з'яўляецца ўжо напрыканцы сакавіка, агурочкі — у красавіку. З бліжэйшай расійскай вёскі Даласцы прыходзіць дачка Тамары і частку зеляніны адносіць на продаж. ![]() Дзікія звяры — госці тут нярэдкія. То ліса зазірне, то ваўкі зарэжуць авечку. Але, як кажуць, ваўкоў баяцца — у лес не хадзіць. Многія адкрываюць для сябе гэты лясны куток выпадкова: турысты-байдарачнікі, абмінаючы хутар па рацэ, выходзяць на бераг, каб паглядзець на натуральны аграхутар і яго незвычайных гаспадароў. Дабіраюцца сюды таксама рыбакі і грыбнікі. Цяпер тэрыторыя безыменнага і незарэгістраванага паселішча ўваходзіць у заказнік "Чырвоны Бор", і неаднойчы гаспадары-рабінзоны сустракалі тут айчынных і замежных паляўнічых. ![]() У апошні прыезд у Ваўнейкі я застаў на месцы толькі аднаго гаспадара: Тамара, у якой у апошні час пагоршылася здароўе, упаў зрок, паехала да дачкі. Юрый займаўся сваёй прывычнай справай па гаспадарцы: разносіў корм жывёлам, збіраў яйкі з-пад нясушак, насіў ваду ў хату, сек дровы, распальваў у печы і гатаваў вячэру. Я запытаў, ці няма ў яго планаў вярнуцца ў вёску. — Каб мне тут не падабалася, даўно з'ехаў бы, а за ўвесь час ніколі не пашкадаваў, што зрабіў такі выбар. Гэта наша зямля, нельга, каб яна прападала, пуставала, — адказаў гаспадар. Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
Юрый і яго жонка прывыклі абыходзіцца без электрычнасці, ваду носяць з рэчкі.
|
|