Іосіф Сярэдзіч: "Народная Воля" патрэбная ўсім. Яна чысцільшчык. 21.by

Іосіф Сярэдзіч: "Народная Воля" патрэбная ўсім. Яна чысцільшчык

11.07.2015 06:04 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

11 ліпеня незалежная газета "Народная воля" адзначае 20-годдзе. Свабодная інфармацыя - галоўная ідэя, якая цягам двух дзесяцігоддзяў аб"ядноўвае творчы калектыў і чытачоў газеты. Яе нязменны галоўны рэдактар Іосіф Сярэдзіч напярэдадні юбілею раскрыў журналістам "Радыё Свабода" сакрэты даўгалецця  выдання.

Газета безліч разоў зазнавала жорсткія рэпрэсіі, давялося друкавацца ў эміграцыі - Смаленску і Вільні, шмат разоў выданне штрафавалі на салідныя сумы, выкідвалі з "Белсаюздруку", выносілі ёй папярэджанні. Але насуперак усяму газета выжыла.




- Некалі вы пажартавалі, што "Народная Воля" будзе выходзіць, нават калі давядзецца дастаўляць яе ў Беларусь паветранымі шарамі. Газета тады выходзіла ў эміграцыі - у Смаленску і ў Вільні...


- Так, нават дамоўленасць была. Гэта не жарт. У Вільні культывуецца паветраплаванне. Я з адной кампаніяй дамовіўся, што калі зусім нам перакрыюць кісларод, мы сапраўды пойдзем на гэты надзвычайны крок. І няхай бы на сенажацях, на гародах народ збіраў "Народную Волю" ад Астраўца да Мінску. Да Мінску дакладна маглі б далятаць тыражы, а можа, і да Магілёўшчыны. Гэты праект сур"ёзны быў, і дамоўленасць 100-працэнтовая.

"Тут не трэба быць разумнікам. Трэба быць вялікім вар"ятам"

- Ва ўмовах Беларусі 20 гадоў для газеты - гэта вельмі сур"ёзны ўзрост. Ніхто не дажыў да такога: ні "Свабода", ні "Навіны", ні "БДГ", ні "Имя", ні "Згода". Хтосьці перайшоў у інтэрнэт... Як удалося выжыць?

- Цяжкае пытанне. Не хочацца ўзгадваць калегаў, якія спынілі выпуск газетаў, кожны з іх заслугоўвае добрага слова. А чаму выжыла "Народная Воля"? Па-першае, "Народную Волю" падтрымлівае велічэзная колькасць людзей па ўсёй краіне. Па-другое, тут сабраўся цудоўны калектыў прафесіяналаў і самаадданых людзей, якія ўперліся і сказалі: "Пакуль мы жывыя, мы будзем выпускаць газету". Паўтаруся: мы выжылі, нягледзячы на жорсткія рэпрэсіі, толькі таму, што тут незвычайныя людзі сабраліся. Пачынаючы ад галоўнага рэдактара. Я не скажу, што тут трэба быць вялікім разумнікам. Тут трэба быць у першую чаргу вялікім вар"ятам. І я, напэўна, падлягаю пэўнай дыягностыцы. Ну што ж зробіш: такім я нарадзіўся, так я выхаваны. Мне прапаноўвалі ўлады і пасады - пасля той жа "Народнай газеты", якая мела тыраж 700 тысяч. Але я адказаў, што нічога іншага рабіць ня буду, толькі буду служыць сваёй прафесіі.

Мне самому не верыцца, што мы ўсё ж такі вытрымалі. Чаго толькі ўлады не рабілі, каб загубіць газету, спыніць яе выхад! Не выходзіць рэпрэсіўнымі мэтадамі - падключаюць "Белсаюздрук", кіраўніком якога тады быў Міхаіл Падгайны. Дасылае нам паперку: "У сувязі з тым, што ў сродках масавай інфармацыі друкуюцца матэрыялы, якія шкодзяць дзяржаўным інтарэсам, ад сённяшняга дня "Белсаюздрук" спыняе дамову з УП "Народная Воля". Я еду да яго і кажу: "Вар"ят, а якое дачыненьне мае "Народная Воля" да таго, што ў нейкіх СМІ штосьці друкуецца? Як можна напісаць паперку так, што "Народная Воля" нідзе не фігуруе, а пакаранне менавіта ёй?". Я кажу: "Ты хуценька гэтую тэлеграму адклікай, і давай дамовімся. "Выплюнулі" цябе з Міністэрства інфармацыі, "выплюнуць" і з "Белсаюздруку". Захавай свой мужчынскі гонар. Давай заключым мужчынскае пагадненне: калі раптам вытураць адсюль, прыходзіш да мяне ў "Народную Волю", будзем нешта рабіць. 85-90% майго заробку ты будзеш мець". Падгайны кажа: "Дай мне пару гадзін падумаць". Заходжу да яго праз дзве гадзіны: "Не, стары, нічога не атрымаецца. Вы заслугоўваеце, каб мы з вамі дамову скасавалі. Гэта наша права". Не было ж нагоды, быў проста званок зверху. І нас прыбралі з шапікаў. Толькі ў Мінску 7 тысяч асобнікаў распаўсюджваліся праз шапікі. Плюс уся Беларусь. Хацелі перакрыць нам кісларод фінансава. І што?

Два гады таму на парозе майго кабінету з'яўляецца Падгайны. Я кажу: "Ах ты падонак, ты яшчэ набраўся нахабства і да мяне прыйшоў? Вон адсюль!". Ён як дунуў! Я яшчэ хацеў пару "добрых" слоў дадаць яму ў калідоры, але яго як ветрам здула! Ці Ўладзімір Русакевіч, мой зямляк, які быў міністрам інфармацыі і пісаў папярэджанні рэгулярна. І дзе яны цяпер?

"Я ў адной руцэ трымаю пугу, а ў другой - пернік"

- У журналісцкім асяроддзі жартуюць (а мужчыны-кіраўнікі, думаю, зайздросцяць), што вы сабралі вакол сябе прыгажунь. Тры намесніцы - Святлана Калінкіна, Марына Коктыш, Марыя Эйсмант. Алена Малочка, Люба Лунёва, Марыя Малевіч - усе разумніцы, прыгажуні. Па якіх крытэрыях адбіраеце журналістаў? Чаму яны ад вас яшчэ не разбегліся? Кажуць жа, што вы - мужык з характарам?

- Пачну з канцоўкі вашага пытання. За 20 гадоў я не падпісаў ніводнага загаду аб звальненні чалавека з маёй ініцыятывы.

- То бок даводзілі іх да таго, што яны самі пісалі заявы?

- Пісалі з розных прычын. Мы з вядомым публіцыстам, пісьменнікам Анатолем Казловічам, пачынаючы яшчэ з "Народнай газеты", разоў 5 разыходзіліся і сыходзіліся. Дарэчы, у майго настаўніка, колішняга рэдактара "СБ", было такое непісанае правіла: сыходзіш з рэдакцыі - развітваешся на векі вечныя. Я ўсё "ўсмактаў" ад гэтага свайго настаўніка, але гэтае правіла праігнараваў. Не хоча чалавек са мной сёння працаваць - свабодны, рыба шукае, дзе глыбей, а чалавек - дзе лепей. Праз год вярнуўся - калі ласка. Але ў нас не было за гэтыя 20 гадоў ніводнага выпадку, каб хто даносы пісаў, кляўзы. Усё вырашаецца адкрыта, свабодна, публічна. Так, я чалавек з характарам, патрабавальны, рэзкі, але я ў адной руцэ трымаю пугу, а ў другой - пернік. Магу бутэльку адкрыць яшчэ...

У мяне касцяк калектыву працэнтаў на 80 - гэта тыя людзі, якія працуюць з першых дзён. Прыйшла малалетка Марына Коктыш, студэнтачка яшчэ, а сёння яна - зорка. Альбо Марыя Станіславаўна Эйсмант, якая пару месяцаў папрацавала ў шматтыражцы і прыйшла ў "Волю". А сёння яна - маэстра, вядомая грамадскасці ўсёй краіны. І галоўнае - яны не здрадзілі газеце, сталі прафэсіяналамі. Хоць і лбы разбівалі...

"А ты звальняй Калінкіну і Коктыш, і ўсе праблемы знікнуць"

- З творчымі людзьмі вельмі цяжка працаваць. Як удаецца дасягаць кампрамісу з калегамі, якімі, як мне падаецца, кіраваць цяжка - што ні імя, то зорка, але зорка з характарам. Спрачаецеся, сварыцеся?

- Ніколі. Вось 10 гадоў ужо працуе Святлана Калінкіна, мэтар у журналістыцы, яна мае права ўжо за пояс заткнуць і таго ж рэдактара, але ў нас не было ні разу ніякіх канфліктаў.




- А вы яе правіце?

- Калі трэба, уношу нязначныя праўкі. Але не было такога выпадку, каб птушка такога высокага палёту сказала, што яна не згодная. Наадварот, дзякуе. З другога боку, я разумею, што нельга наступаць на горла такому прафэсіяналу, як Калінкіна. Я не маю маральнага права. Таму, калі было пастаўлена пытанне ў адной канфліктнай сітуацыі ад уладаў: "А ты звальняй Калінкіну і Коктыш, і ўсе праблемы знікнуць" - я паслаў далёка чалавека, які распіваў са мной каньяк (за яго кошт, дарэчы) і сказаў: "Я людзьмі ніколі не гандляваў, і перадай тым людзям, што ніколі да гэтага не дайду. Закрывайце газету, мы знойдзем выйсце".

- А былі моманты самацэнзуры, калі тая ж Калінкіна ці Эйсмант напісалі занадта востра, а вы пабаяліся дражніць гусей і прыбралі пару абзацаў?

- Я не прыпомню такіх прынцыповых рэчаў. Магу часам падказаць супрацоўнікам, што, маўляў, гэтую "вадзічку" трэба выліць, кранік адкрыць, прыбраць абзац. Але каб цэнзар у маёй асобе прысутнічаў - не было такога. У нас ёсць крытэр: усё можна, што не забаронена законам. У нас няма асобаў, якіх мы баімся крытыкаваць, але крытыка павінна быць аб’ектыўная, справядлівая і доказная.

"Я б мог рэанімаваць многіх журналістаў, якія сёння незапатрабаваныя"

- Калі б у вас былі неабмежаваныя фінансавыя магчымасці, ці ёсць журналісты, якіх вы б хацелі да свайго зорнага калектыву далучыць?

- Канечне! Была б магчымасць, газета б выдавалася не на васьмі старонках, а на сарака васьмі. І, вядома, трэба было б умацоўваць калектыў. У краіне ёсць здольныя журналісты. Іншая справа - шмат каго з іх сістэма загубіла. Іх трэба па-новаму адкрываць. Нават тая ж Алена Малочка сёння, якая мае і вопыт, і стаж, - гэта ж не тая Малочка, якая сядзела ў асобным кабінэце ў "СБ" у Паўла Якубовіча. Яна вымушана тут круціцца, эксклюзіў шукаць, глыбей глядзець на працэсы, тэматыку.

Мне здаецца, я б мог рэанімаваць многіх журналістаў, якія сёння незапатрабаваныя. Больш за тое, многія з іх ужо забальзамаваныя. Іх трэба разбальзамаваць, рэанімаваць, запусціць на поўны ход, і гэтыя людзі яшчэ б сказалі сваё слова. І ў дзяржаўных газетах ёсць людзі, якія трымаюць пяро няблага, але ў іх - межы і цэнзура. Дарэчы, цікавая рэч: мне сёння пераслаў Павал Якубовіч ліст, які прыйшоў у "Советскую Белоруссию", і напісаў: "Дазваляю вам апублікаваць зварот Ступаковых".

- То бок "СБ" перанакіроўвае звароты грамадзян у "Народную Волю"? А якія ў вас адносіны з Якубовічам? Вы ж некалі працавалі разам...

- Чыста чалавечыя - нармальныя адносіны. Я не лічу, што паміж намі нейкая варожасць. Я ў кожным чалавеку цаню перш за ўсё прафесіяналізм. І гэтага нельга адняць у Паўла Ізотавіча. А вось якую пазіцыю ён займае - гэта на ягоным сумленні. Мы рэдка сустракаемся, але не пераходзім на другі бок вуліцы. Можам і чарку падняць. Я не лезу ў ягоную кухню, ён не перашкаджае мне рабіць маю справу.

- Напачатку 90-х вы заснавалі "Народную газету", орган Вярхоўнага Савету, наклад якой быў 700 тысяч. Дарэчы, гэта была адзіная рэдакцыя, якая месцілася тады ў Доме Ўраду! Вялікі калектыў быў. Цяпер "Народная Воля" ў даволі сціплых умовах, і калектыў разы ў тры меншы. Але газету робіце...

- Што ў нас не атрымалася да канца (я думаю, мы ўсё ж такі будзем вяртацца да гэтага) - не спраўдзілася наша задума выдаваць штодзённую газету, 5 разоў на тыдзень. Мы спрабавалі вярнуцца да гэтага праекту нават тады, калі газета друкавалася ў Смаленску. Калі вярнуліся з эміграцыі, усё ж такі вырашылі, што кожны дзень складана, невядомы, няпэўны наш лёс, таму выходзім на васьмі палосах двойчы на тыдзень. Але спадзяюся, што ў наступным годзе мы парадуем чытачоў вяртаннем да нашага першапачатковага праекту - газета будзе выдавацца 5 разоў на тыдзень.




"Мы прыносім больш карысці ўладам, чым усе дзяржаўныя газеты разам узятыя"

- Зараз - век гаджэтаў, інтэрнэту. На Захадзе газеты друкаваныя перастаюць выходзіць, застаюцца толькі ў інтэрнэце. Не пагражае гэта "Народнай Волі"? Не апасаецеся, што гэта напаткае хутка і Беларусь і незапатрабаванай стане друкаваная газэта?

- Не пагражае. Ніколі аналітыка - глыбокая, усебаковая, прафесійная - не знікне са старонак сур’ёзных газет. У той жа час вы можаце ўявіць, каб грунтоўная аналітыка добра чыталася на сайтах? Гэта немагчыма. Там у аснове ляжыць блогерства, міні-публіцыстыка, але не разгорнутая, з веданнем справы аналітыка. Так, тэндэнцыя сыходу ў інтэрнэт ёсць і на Захадзе, і ў Амерыцы. Але застанецца столькі сапраўды прафесійных газэт, наколькі ў іх будуць мець патрэбу чытачы.

Сёння "Народная Воля" станоўча адрозніваецца ад любой дзяржаўнай газеты, і не таму, што мы даем негатыўную інфармацыю, крытыкуем улады. А таму, што мы тым жа ўладам, той жа апазыцыі падказваем шмат якія рэчы. Сёння наша газета прыносіць больш карысці нават для нашай апанэнцкай улады, чым усе дзяржаўныя газеты разам узятыя.




- Давайце пафантазіруем. Некалі наклад "Народнай газеты" быў 700 тысяч. Цяпер, нават пры ўсім адміністрацыйным рэсурсе і прымусовай падпісцы, наклад "СБ" значна меншы. Калі б у вас была магчымасць выдаваць "Народную Волю" 700-тысячным накладам, мы б жылі ў іншай краіне?

- Я вазьму крыху шырэй. Сённяшнія ўлады перад гісторыяй будуць некалі адказваць не за тое, што яны спазніліся з рэформамі, што яны жывуць дагэтуль калгасамі, саўгасамі, калектыўнай уласнасцю. Не. Перад гісторыяй яны некалі адкажуць за расчалавечванне чалавека. Чаму цяпер тыраж у нас 26 тысяч, іншы раз 40 тысяч? Таму што за 20 гадоў адбылося запалохванне людзей! Самае страшнае - што і ўлады не хочуць, каб людзі станавіліся грамадзянамі. Няхай лепш застаюцца вінцікамі, болцікамі. І вось гэтае расчалавечванне прывяло да таго, што з задавальненнем бяруць газету бясплатна, на вуліцы, але калі кажаш: ідзі на пошту, падпішыся - баяцца: а раптам возьмуць на заметку, занясуць у нейкі спіс?

Дарогу ў рэдакцыю ведаюць тысячы людзей. У нас у прыёмнай больш наведнікаў, чым у прыёмнай адміністрацыі прэзідэнта. Там яны атрымліваюць ад варот паварот, па горачцы спускаюцца да нас. Запытваюся: "Вы з'яўляецеся нашымі падпісчыкамі?" Адказваюць: "Не". - "А як даведаліся, што ёсць „Народная Воля?“" - "Дык усе ж ведаюць!".

А калі вернецца нармальная сітуацыя ў краіне, калі людзі будуць адчуваць сябе вольнымі, свабоднымі грамадзянамі, яны ж не пойдуць падпісвацца на "Советскую Белоруссию", яны падпішуцца на "Народную Волю". Нават паводле сацыялагічных апытанняў, кожны экзэмпляр газеты праходзіць праз 7-10 чалавек. То бок як мінімум 300 тысяч чалавек нас чытае. Я сёння з адным высокім дзяржаўным чыноўнікам сустракаўся, і ён падцвердзіў: "Тваю газету мы ўсе чытаем". Я кажу: "Дык, можа, я для адміністрацыі прэзідэнта яе выдаю?".

"Мы былі ў спісе на знішчэнне"

- З СМІ, якія не даспадобы, у Беларусі распраўляюцца лёгка. Хацелі б расправіцца - даўно б прыхлопнулі: праз суды, праз тры папярэджанні Мінінфарму закрылі б. Чаму вас дагэтуль церпяць? Вы патрэбны чыноўнікам?

- Каб расправіцца - трэба было б забіць галоўнага рэдактара і яго бліжэйшае атачэнне. Калі б забілі мяне, Калінкіна б выдавала газету. Забілі б Калінкіну - Коктыш, Эйсмант выдавалі б. Улады спазніліся. Так, мы былі ў спісе на знішчэнне - некаторыя з нас. Не буду сёння падрабязнасці распавядаць. Але прайшоў час "эскадронаў смерці". Ён не даў вынікаў. Нельга займацца сёння, калі на двары ўжо не сярэднявечча, а ХХІ стагодзьдзе, такімі рэчамі.

Я вельмі задаволены, што нарэшце ўсе - і апазыцыя, і ўлада - зразумелі, што такая газета патрэбна ўсім. Яна чысцільшчык.

(Працяг інтэрв'ю галоўнага рэдактара "Народнай Волі" Іосіфа Сярэдзіча - у суботу на сайце "Радыё Свабода").
 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
11 ліпеня газета "Народная воля" адзначае 20-годдзе. Яе нязменны галоўны рэдактар раскрыў сакрэты даўгалецця выдання.
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика