Забягалаўка ці сімвал эпохі? Якім было кафэ "Батлейка" ў гродзенскім Тэатры лялек. 21.by

Забягалаўка ці сімвал эпохі? Якім было кафэ "Батлейка" ў гродзенскім Тэатры лялек

26.11.2015 12:16 — Новости Общества |  
Размер текста:
A
A
A

Источник материала:

У Тэатры лялек у Гродне адкрылася ўласная кавярня «Шэкспір». Але гэта не першае такое месца ў будынку. У 90-х там працавала «Батлейка», якая стала своеасаблівым сімвалам часу, пiша "Твой стыль". Кафэ наведвала гарадзенская, нацыянальная і замежная творчая эліта. Разам з Міколам Тарандам, былым дырэктарам установы, мы ўзгадваем, якім было гэта месца і чаму яно зачынілася.


Мiкола Тарандам (пасярэдзіне)

«У „Батлейцы“ стваралася свая атмасфера»

Кавярня знаходзілася ў будынку Тэатра лялек з вясны 1992-га па апошні дзень 1998-га года. Пасля на тым жа месцы паўстала «Чэбурэчная», але праіснавала яна нядоўга.


У звычайным рэжыме кафэ працавала з 17.00 да 23.00, але былі часы, калі адкрываліся і ў 12.00 — калі даводзілася абслугоўваць гледачоў ранішніх дзіцячых спектаклей. Іншым разам працавалі да позняй ночы: у кавярні замаўлялі дні народзін, дні студэнта, школьныя выпускныя. Тут адпачывалі пасля шэсцяў і мітынгаў.


Вось пасля такіх мітынгаў можна было зайсці адпачыць у «Батлейку»

«У нас стваралася свая атмасфера», — кажа Мікола. Кафэ збірала прыхільнікаў беларускай культуры, творцаў і артыстаў, гісторыкаў. У «Батлейцы» пабывалі знакамітыя беларускія музыкі: гурты «Мроя», «Уліс», Кася Камоцкая, Віктар Шалкевіч, Андрэй Мельнікаў, Зміцер Сідаровіч, Валер Жамойцін, Зміцер Бартосік, Эдуард Акуліч, Ларыса Грыбалёва. Завітвалі аматары гістарычнай рэканструкцыі з Гродна і Мінску. Кафэ наведалі беларускія паэты і пісьменнікі: Рыгор Барадулін, Генадзь Бураўкін, Данута Бічэль-Загнетава, Вячаслаў Ракіцкі, Юрка Голуб, Уладзімір Арлоў, Міхась Скобла, Вольга Іпатава, Аляксей Пяткевіч, Ігар Жук, Вітаўт Чаропка, Лявон Баршчэўскі і іншыя.


Лявон Вольскі разлівае піва

Частымі гасцямі былі гісторыкі Алесь Краўцэвіч, Алесь Госцеў, Генадзь Семянчук, Зміцер Яцкевіч, Мікола Нікалаеў. Часткова таму, што сустрэчы і імпрэзы клуба «Паходня» з 1996 года праводзілі акурат тут. «Думаю, кавярня падабалася і артыстам тэатраў імя Янкі Купалы, «Вольнай сцэны», «Дзе-Я?» [сёння — Новы драматычны тэатр Мінска], — кажа Мікола. Аўтографы і пажаданні ён збіраў у адмысловыя нататнікі і альбомы, якіх у яго тры.

Гэтак, свае аўтографы пакінулі для «Батлейкі» кінарэжысёр Віктар Дашук, вядучы «Тэлесябрыны» Данат Яканюк, рэдактар часопіса «Беларус» з ЗША Янка Запруднік, кіраўнік Беларускага інстытуту навукі і мастацтва з Нью-Ёрку Вітаўт Кіпель, выдавец беларуска-англійскіх кніг з Вялікабрытаніі Вера Рыч, двойчы, у 1993 і 1996 годзе, кавярню наведаў археолаг і палітык Зянон Пазняк. Адпачывалі ў кавярні Аляксандр Варламаў, супермадэль Беларусі Алена Бушуева, Mister Olimp Мінска'97 Андрэй Мяжэнны.

«Батлейцы» прысвячалі свае вершы паэты Юры Гумянюк, Алесь Чобат, Валянцін Дубатоўка, старэйшы выкладчык горада Апанас Цыхун, паэтка Ірына Багдановіч.

Унікальная кава па-ірландску і простыя закускі

Аснову алкагольных напояў складала піва айчыннай вытворчасці. Яго прывозілі ў драўляных бочках з Лідскага і Гарадзенскага піўзаводаў. Акрамя піва ў меню прысутнічалі віно, чын-чын і амарэта.


Справа — Слава Корань, гурт Ulis

У «Батлейцы» можна было пакаштаваць унікальную для Гродна каву па-ірландску. Яе рэцэпт да непрыстойнасці просты: 25 грам гарэлкі і 25 грам згушчонкі залівалі кавай па-турэцку, прыгатаванай у турцы на жвіры. Мікола кажа, што рабіць яе паспявалі і чэргі перад барнай стойкай асабліва не збіраліся. Цяпер у гарадзенскіх кавярнях каву на пяску не гатуюць наогул.

Меню, кажа Мікола, было вельмі простым. Бутэрброды з калбасой і сырам, сасіскі - тое, што зараз называюць фастфудам. Прычына такой аднастайнасці - маленькая кухня і адсутнасць у ёй абсталявання. За час працы перагарэла шмат кавамолак, электрычных пліт, на якіх гатавалі каву па-турэцку, духавых шафаў. Калі ў кафэ бывалі банкеты, дык ежу, тую ж пальцам пханую каўбасу, наогул гатавалі дома. У «Батлейцы» адзначаў юбілей Аляксандр Мілінкевіч, а журналістка Ніна Палуцкая і яе каманда — трэці дзень нараджэння незалежнага радыё НБК. У хуткім часе пасля святкавання радыё закрылі.


Імправізаваная кухня

На сцяне — лялькі і нацыяльны сцяг

На сценах у «Батлейцы» віселі лялькі са спектакляў - рыцар і яго кабета, а таксама Адам і Ева. Замест фіранкі на вакне вісеў вялікі нацыянальны беларускі сцяг, пашыты яшчэ да 100-х угодкаў з дня народзін Максіма Багдановіча, якія адзначаліся ў тэатры ў 1991 годзе. Пасля непатрэбны сцяг дырэктар тэатру Мікалай Бардыга ахвяраваў кавярні, дзе ён і правісеў яшчэ два гады. У 1996 годзе сцяг папрасілі прыбраць.



























































Інтэр'ер быў вытрыманы ў карычневых і чырвоных адценнях. Дубовыя сталы засцілалі белымі ці ружовымі абрусамі. Вітрына ў куце за стойкай была ўпрыгожана ручнікамі, якія вышыла маці Міколы. Звычайна за шэсць сталоў змяшчалася 25 чалавек. Але потым цяжкія масіўныя крэслы замянілі на звычайныя, якія можна было лёгка перастаўляць і якіх змяшчалася больш. Такім чынам людзей у маленькую кавярню збіралася шмат, асабліва па вечарах. Пры патрэбе «Батлейка» карысталася суседнім фае тэатра — гэта тая зала, дзе зараз паказваюць камерныя спектаклі. Калі «Батлейка» зачынілася, уладальнікі «Чэбурэчнай» перарабілі інтэр'ер пад тыповую савецкую сталовую. Былыя кліенты перасталі туды наведвацца.

Беларускамоўнае меню і Таццяна Буланава з магнітафона

Меню ў «Батлейцы» было напісана ад рукі па беларуску. А вось бармэны беларускай мовай не заўсёды валодалі. Сярод іх сустракаліся будучыя грамадскія дзеячы: напрыклад, першым бармэнам быў Ігар Кузьмініч, калісьці адзіны беларускамоўны выкладчык на юрфаку ГрДУ, намеснік дэкана, зараз вядоўца «Мова Нанова Гародня». Яшчэ адзін з колішніх бармэнаў «Батлейкі» цяпер працуе бармэнам у Партугаліі.

Музыка грала не заўсёды беларуская: акрамя «Народнага альбому» і бардаў, кшталту Касі Камоцкай і Віктара Шалкевіча, у кафэ можна было пачуць і тагачасную папсу — Таццяну Булатаву і «На-На».


Другі злева — «беларускі салавей Амерыкі» Данчык, 1996 год

Пачатак і канец «Батлейкі»

Ідэя стварыць кафэ прыйшла ў 1989 годзе, калі на трэці гарадзенскі рок-фэстываль «Рок-Крок» прыехалі студэнты з Беларускага аб’яднання студэнтаў з Польшчы. Іх запрасілі сябры «Паходні». Да фэсту было шмат часу, а перакусіць не было дзе. Магчыма тады ў гасцей — Яраслава Зелянкевіча і Уладзіміра Паца — нарадзілася ідэя кавярні. Справу абмяркоўвалі цягам 1991 года, а восенню гарадзенцы зарэгістравалі малое прадпрыемства (была такая юрыдычная форма ў 90-я), старшынёй якога стаў Мікола.

Памяшканне знайшлося хутка, у Тэатры лялек акурат адбываўся рамонт, адміністрацыя дала згоду на адкрыццё кавярні, якая пачала працаваць вясной 1992 года. Назвалі «Батлейкай» менавіта таму, што знаходзілася яна ў тэатры.


Другі справа — Рыгор Барадулін, насупраць яго Міхась Скобла

«Калі б ведаў з чым давядзецца сутыкнуцца, то пэўна ж не звязваўся бы з такой безнадейнай справай», — разважае Мікола. У тыя часы ўсе законы працавалі супраць прадпрымальнікаў. Да таго ж трэба было папаўняць бюджэт маладой беларускай дзяржавы. «Бясконцыя праверкі шматлікіх інстанцый і штрафныя паборы не давалі падняцца. Мы працавалі без выхадных, бармэнам на зарплату неяк хапала, а вось дырэктару і бухгалтару даводзілася па некалькі месяцаў быць без зарплаты», — узгадвае Мікола.

Па працягласці існавання «Батлейка» перажыла некалькі гарадзенскіх кафэ, нават пачала зводзіць канцы з канцамі фінансава, але беларускасць, прыцягальнасць для дэмакратычных сіл, магчыма, паўплывалі на рашэнне абласных уладаў зачыніць кавярню, забараніўшы арэнду памяшкання. У дзень, калі «Батлейка» вызваляла яго, туды ўжо прыехалі іншыя ўладальнікі.

Спробы адрадзіць кавярню былі. Абсталяванне перавезлі ў суседні ГДК, дзе ўжо не працавалі «777», год плацілі арэнду, але так і не прайшлі ўсе інстанцыі каб адчыніцца.

Сёння месцам, дзе могуць збірацца прыхільнікі беларускай культуры, можа стаць «Крама Ц», дзе можна пакаштаваць смачную каву і набыць беларускія нацыянальныя сувеніры, лічыць Мікола.

***

Да закрыцця кавярні Юрый Гумянюк напісаў верш.

Разьвітальная для «Батлейкі»

Пабачыш сонца, бы яешню на патэльнi, —
вантроба скурчыцца, а страўнiк забуркоча.
Яна шчэ сьвецiць — лямпка ля гандэльнi —
ня згасьне, нат калi заплюшчыш вочы.


Па сходах крокаў пяць — i ты на месцы,
ва ўтульнай яме, што кавярняй называюць.
Азадкам уваб’еш ў падлогу крэсла,
ледзь пазяхнеш — табе гарэлку налiваюць


сябры-зайздросьнiкi, лiсьлiвыя знаёмцы,
зь якiмi ўчора пiў, а заўтра не пазнаеш.
Адно запомнiцца мiгценьне лямпкi-сонца,
што ў покуцi забросьнелай канае.


Да пабачэньня, любая «Бардэлька»! —
прытулак родны хiжых абармотаў!
Пах кетчупа на змучаных сардэльках
ня выцiсьне належнае згрызоты.

19 кастрычнiка 1998

 

 
 
Чтобы разместить новость на сайте или в блоге скопируйте код:
На вашем ресурсе это будет выглядеть так
У Тэатры лялек у Гродне адкрылася ўласная кавярня "Шэкспір". Але гэта не першае такое месца ў будынку. У 90-х там працавала "Батлейка", якая стала своеасаблівым...
 
 
 

РЕКЛАМА

Архив (Новости Общества)

РЕКЛАМА


Яндекс.Метрика