Нямала літоўцаў пры канцы 19-га стагодзьдзя ў пошуках лепшай долі перабраліся ў Беларусь. Іхняя тутэйшая гісторыя даследаваная мала. Вёскі, у якіх разам зь беларусамі жылі і літоўцы, пакрысе знікаюць. Дажываюць свой век там адны старыя.
130 год таму больш за тысячу літоўцаў перабраліся на Магілёўшчыну. Бальшыня асела на Мсціслаўшчыне. Сяліліся хутарамі. Рупліва захоўвалі мову і традыцыі. Падчас савецкай калектывізацыі літоўцаў сагналі ў вёскі. Адна зь іх — Малькаўка.
Цяперашняя Малькаўка — гэта дзясятак сядзібаў, раскіданых па вялікім некалі паселішчы. Вясковыя вуліцы бяз хат са зьдзічэлымі садамі пакрысе зарастаюць кустоўем. Навокал бярозавыя гаі.
Ад Малькаўкі да Мсціслава тры дзясяткі кіламетраў. Да абласнога цэнтру — семдзесят.
Літоўцаў у вёсцы засталося трое. Адна зь іх, Бірута Ануфрыеўна, пагадзілася апавесці, як тут жылі літоўцы, ды завесці на могілкі. Дарогаю да іх яна паказвае, дзе раней жылі тутэйшыя літоўцы.
У гаворцы праважатай больш беларускага складніку, чым расейскага.
Пытаюся, як з'явіліся ў тутэйшых мясцінах яе суайчыннікі:
«Тутэйшы пан некалі прадаваў зямлю нядорага. Літоўцы даведаліся і яе купілі», — каротка адказвае малькаўская літоўка.
Бірута Ануфрыеўна нарадзілася ў Малькаўцы, як і яе маці. Бабулю прывезлі бацькі зь Літвы ў 12 год. Продкі жанчыны, як і ўсе тутэйшыя літоўцы, да калектывізацыі мелі свой хутар. У трыццатыя гады аднасёлаў сагналі ў адну вёску.
«Было тут літоўцаў пад 500 чалавек. А ў калектывізацыю троху разбегліся. А потым былі рэпрэсіі. Тут усяго было…», — кажа жанчына.
Цяпер ад былых літоўскіх хутароў няма ні знаку. Навокал толькі ўзараныя калгасныя палі. Бірута Ануфрыеўна рукою паказвае, дзе быў хутар ейнага дзеда. Кажа, стаяў ён на ўзгорку, і адтуль праглядаўся ўвесь тутэйшы краявід.
«Як іду ў грыбы ці ягады, дык зайду на той узгорак. Пастаю падумаю, — заўважае суразмоўніца. — Бацькі маёй мамы дужа рана памерлі. Цяжка працавалі. Цягнулі на сабе ўсё. І каровы былі, і коні. Бяз коней раней не пражыць — трэба было ўрабляць зямлю».
Як зазначае Бірута Ануфрыеўна, раней мясцовыя літоўцы жылі сваёй грамадой.
«Літовец трымаўся літоўца, — кажа яна. — Хлопцы бралі ў жонкі толькі літовак. Паміж сабою гаварылі толькі па-літоўску. У іх і малітоўнікі былі свае. Тут жа і школа была літоўская. Вучылі іх па-літоўску. Я дык гэтага не заспела. Я ў пяцідзясятым годзе толькі нарадзілася».
Здалёк на малькаўскіх могілках відаць два вялікія крыжы. Ля іх кветкі і лямпадкі. На адным пазначаная дата, калі ў мясцовым наваколлі аселі літоўцы — 1885 год. Гэты крыж усталяваны ў памяць пра тутэйшых літоўцаў.
Сёлета малькаўскія клады наведала ўрадавая дэлегацыя зь Літвы на чале з амбасадарам. У былыя часы, згадвае Бірута Ануфрыеўна, сюды прыязджала аўтобусамі нямала літоўцаў. Цяпер жа госці з гістарычнай радзімы бываюць тут радзей.
Могілкі дагледжаныя, аднак час робіць сваю справу. Тыя магілкі, што не прыглядаюцца, зарастаюць. Агароджа завальваецца. Надмагільныя крыжы пахіленыя.
Бальшыня пахаванняў літоўскія. На пазнейшых — надпісы на літоўскай мове, на ранейшых — па-расейску.
Бірута Ануфрыеўна кажа, што адведваюць магілы літоўцы на свае дні памінання памерлых, у прыватнасці, на Дзень усіх святых — 1 лістапада. Трымаюцца і даўніх тутэйшых памінальных традыцыяў. Прыходзяць і на Радаўніцу.
«Увесну на Радаўніцу прыходзім ды магілкі прыбіраем. А як жа — усе прыйдуць, а мая магілка ня будзе прыбраная, — кажа малькаўская літоўка. — Але тут выпіваюць, а ў нас не прынята піць на могілках. Прыйдзем адведаем, але не сядзім доўга».
Пахадзіўшы па могілках, ужо варочаючыся ў вёску, у Біруты Ануфрыеўны пытаюся, ці бывала яна на сваёй гістарычнай радзіме. Адказвае:
«Так. Пражыла ў Літве дзесяць год. Потым вярнулася, бо захварэла маці. Было гэта яшчэ ў савецкі час».
«Тады някепска жылося ў Літве, — згадвае жанчына. — Там усё было. Шмат беларусаў прыяжджала туды па прадукты. Там усяго было. І кілбасы былі розныя, і хлеб, і рыба. Ці шкадую, што прыехала? У шэсцьдзесят пяць гадоў не выпадае шкадаваць. Каб маладая была, дык можа і пашкадавала б, што не засталася».
Муж Біруты Ануфрыеўны Іван Аляксеевіч — з беларусаў. У Малькаўцы з 1980 гадоў. Згадвае: калі сюды прыехаў, дык людзей у вёсцы было нямала:
«Два статкі кароў было. А цяпер вазьміце па наваколлі — усё болей вёсак вымірае. Яшчэ як быў тут калгас, дык трымаліся людзі».
Пра тутэйшых літоўцаў Іван Аляксеевіч кажа:
«Паміж сабою яны па-літоўску гаварылі, і ў хатах таксама па-свойму. А ўжо ў калгасным калектыве — як усе. Раней жа сюды шмат прыязджала літоўцаў, і ксяндзы наведваліся. Але тут шмат было і мяшаных сем’яў. Шмат у Літву з'ехала».
Сын Біруты Ануфрыеўны і Івана Аляксеевіча, Аляксандр, — зь пятага пакалення малькаўскіх літоўцаў. Збірае звесткі пра гісторыю вёскі і яе жыхароў. У свой час меў магчымасць з'ехаць на гістарычную радзіму, але вырашыў застацца ў Беларусі.
«У мяне беларуская самасвядомасць, — кажа Аляксандр. — Беларусь — мая радзіма».
Аляксандр дапоўніў аповед сваёй маці пра з'яўленне на Мсціслаўшчыне літоўцаў і пра адметнасці іхнага жыцця:
«Пасля скасавання прыгону сяляне маглі набываць зямлю, — кажа ён. — У Малькаўцы быў маёнтак памешчыка Георгія Тэрміны — больш за дзве тысячы гектараў зямлі. Літоўцы ўзялі крэдыт у пазямельным банку і выкупілі гэтыя землі. Гэты былі прадпрымальныя сем’і. Тады людзі рызыкавалі, ехаўшы на новыя месцы. Яны везлі з сабою сваю мову, сваю гісторыю, сваю веру. Першы змяшаны шлюб, як казалі старыя малькаўцы, быў толькі пасля вайны».
«Тут было некалькі літоўскіх вёсак, — працягвае Аляксандр. — Малькаўка, Сафійск, Каралінаўка, Суслаўка, Літвінка. Тут быў цэлы літоўскі архіпелаг».
Літоўскім сялянам было цяжка напачатку, адзначае суразмоўца. Калі яны сюды прыехалі, дык тут была нераспрацаваная зямля. Трэба было раскарчоўваць.
«Дарэчы, калі прыехалі літоўцы сюды, быў лес, і пакідаюць пасля сябе лес. Ён сам засяваецца», — заўважае Аляксандр.
Суразмоўца паказаў журналістам малітоўнік сваіх продкаў, выдрукаваны ва Усходняй Прусіі, бо выдаваць літаратуру на літоўскай мове ў Расейскай імперыі забаранялі. Гаворачы пра старадрук, Аляксандр беражліва перагортваў старонку за старонкай. Паводле яго, такія малітоўнікі мела амаль кожная літоўская сям’я, якая перабралася ў новыя мясціны.
Аляксандр прыгадвае, што яшчэ ў ягоным маленстве старыя жыхары Малькаўкі гаварылі на літоўскай мове.
«Калі я быў малы, то ў вёсцы была крама. І ў яе заходзіш і чуеш літоўскую мову, — кажа малькавец. — Ідзеш па кароў, і старыя гавораць на літоўскай мове. Я скончыў школу ў 1997 годзе, і было тады ў Малькаўцы 30 хат. Пераважна там жылі літоўскія сем’і. А цяпер жа засталося восем хат».
Аляксандр зазначае, што стасункі літоўцаў з жыхарамі беларускіх вёсак былі бесканфліктныя. Ужываліся яны добра і з габрэямі:
«Трэба прызнаць, што беларускі народ — народ талерантны. Мо вы ведаеце, непадалёк ад Малькаўкі — мястэчка Расна. Там жылі пераважна габрэі. У Расне быў касцёл і царква. Літоўцы з Малькаўкі хадзілі маліцца ў гэты касцёл Найсвяцейшага Сэрца Езуса. Вось паглядзіце: габрэі, літоўскія хутары ды беларускія вёскі. І ўсе суіснавалі мірна. Вядома ж, былі бытавыя канфлікты».
На пытанне, ці адбывалася ўзаемапранікненне беларушчыны ў літоўскую мову і наадварот, Аляксандр адказвае станоўча:
«Напрыклад, малькаўцы казалі «ручнікас» на беларускі ручнік. Бабуля расказвала: калі збіраліся на вячоркі, то на іх прыходзілі і беларусы, і яны запаміналі літоўскія песні. Літоўцы таксама запаміналі беларускія».
Як кажа Аляксандр, у Літве была абароненая дысертацыя на тэму «Літоўская мова ў беларускім асяродзьдзі». Яе аўтарка, выхадзец з Малькаўкі, кандыдат філалагічных навук Марыя Сівіцкене ўзначаліла калектыў навукоўцаў, які напісаў кніжку пра мсціслаўскіх літоўцаў пад назваю «Святло малькаўскага бярэзніка».
Што да вывучэння гісторыі побыту літоуцаў у Беларусі, то беларускія навукоўцы гэтай тэмаю грунтоўна не займаліся, кажа суразмоўца. Гэтая гісторыя застаецца мала даследаванай.
Пры канцы 19-га стагоддзя ў межах цяперашняга Мсціслаўскага і Чавускага раёнаў асела больш за тысячу літоўцаў. Бальшыня зь іх пасля калектывізацыі, сталінскіх рэпрэсіяў і Другой сусветнай вайны перабраліся на сваю гістарычную радзіму.